Вы тут

Як вяртаюцца iмёны дзякуючы беларускiм ваенным пошукавiкам


Шмат вайсковых таямнiц хавае беларуская зямля. Стагоддзя не праходзiла, каб яе не раздзiрала чарговая вайна, пакiдаючы за сабой сотнi тысяч ахвяр, а ў ХХ стагоддзi — i небяспечныя боепрыпасы, якiя i дагэтуль знаходзяцца дзясяткамi тысяч. Задача ж сучаснiкаў — па магчымасцi выцягнуць з нябыту прозвiшчы салдат i афiцэраў, у звестках пра якiх дагэтуль стаiць грыф «знік без вестак». Займаюцца гэтым беларускiя ваенныя пошукавiкi. Пра iх дзейнасць расказаў начальнiк упраўлення па ўвекавечаннi памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяр войнаў Узброеных сiл Беларусi палкоўнiк Сяргей Варановiч.


Пра гаспадара паведамiць медальён. Але не заўжды

— У нашай краiне палявыя пошукавыя работы, якiя звязаны з раскопкамi пахаванняў вайскоўцаў i ахвяр войнаў, можа праводзiць толькi асабовы склад 52-га асобнага спецыялiзаванага пошукавага батальёна, — заўважыў Сяргей Варановiч. — Пры ўзгадненнi з нашым упраўленнем удзельнiчаць у гэтай справе могуць таксама члены грамадскiх аб’яднанняў i звычайныя грамадзяне.

За мiнулае дзесяцiгоддзе нашы ваенныя пошукавiкi знайшлi i перадалi для перапахавання мясцовым органам улады парэшткi больш як 16 тысяч вайскоўцаў Чырвонай Армii, якiя загiнулi падчас Вялiкай Айчыннай вайны. Гэтая лiчба супастаўная з насельнiцтвам не самага малога раённага цэнтра. Пры гэтым летась з зямлi былi паднятыя парэшткі 640 ваяроў. Але гэтым задача пошукавiкаў не абмяжоўваецца. Пасля падняцця парэшткаў трэба высветлiць, каму яны належаць. А вось гэта справа ўжо больш складаная.

З агучаных вышэй лiчбаў мы змаглi iдэнтыфiкаваць 1263 загiнулых за мiнулыя дзесяць гадоў, у тым лiку летась — 122. Агульная лiчба на парадак меншая з аб’ектыўных прычын. На тое, як захавалiся парэшткі, якiя-небудзь прадметы, зброя i вайсковая амунiцыя, больш за ўсё ўплывае час. Усё-такi з часу апошнiх баёў на тэрыторыi Беларусi хутка мiне 76 гадоў. Сваё ўздзеянне аказваюць i глыбiня, на якой знойдзеныя парэшткі, і стан глебы, і наяўнасць грунтовых водаў... Што да асабiстых апазнавальных знакаў ваеннаслужачых, то вельмi важна, каб вечка футарала, у якiм захоўваўся медальён, было вельмi добра закручанае. Гэта спрыяе таму, каб папяровы ўкладыш не сатлеў i не згнiў пад уздзеяннем разнастайных прыродных з’яў. Ну i, натуральна, немалаважна тое, наколькi ахайна сам папяровы ўкладыш быў скручаны i пакладзены ў металiчную скрынку.

Напрыклад, на месцы пахавання астанкаў савецкiх ваеннапалонных у былым шталагу № 352 у сталiчнай Масюкоўшчыне былi знойдзеныя восем медальёнаў. Два ўкладышы ўдалося выцягнуць амаль без страты тэксту. А вось трэцi, на жаль, захаваўся толькi фрагментарна. Таму звесткi з яго прачытаць пакуль не ўдалося. Але мы не страчаем надзеi, што ў нас у рэшце рэшт атрымаецца разгадаць гэтую таямнiцу.

Але год ад году такiх знаходак, якiя дазваляюць высветлiць звесткi, становiцца ўсё меней. За апошнюю чвэрць стагоддзя было знойдзена ўсяго 76 узнагарод — медалёў i ордэнаў. Прычым летась — шэсць. Гэта былi па тры медалi «За адвагу» i «За баявыя заслугi». Па iх нумарах i ўдалося высветлiць, каму яны належалi. А вось медальён — не гарантыя стапрацэнтнай iдэнтыфiкацыi. Чамусьцi ўкладышы знаходзяцца толькi ў трацiне з 868 такiх знаходак. Ды i iх не заўсёды ўдаецца прачытаць. Напрыклад, летась 25 медальёнаў вярнулi з небыцця iмёны ўсяго васьмi чалавек. Хто яшчэ 17 — мы можам толькi здагадвацца... Рэдка, але ўдаецца адшукаць падпiсаныя прадметы — кацялкi, лыжкi, грабянцы. Але для нас, пошукавiкаў, важнае нават адно вернутае iмя. I нам вельмi важна, што хай нават праз столькi гадоў, але сваякi даведваюцца пра лёс сваiх блiзкiх...

77 гадоў невядомасцi

Пошук сваякоў — гэта працэс у кожным разе ўнiкальны. Можа прайсцi некалькi месяцаў, калi ўдасца высветлiць, дзе жывуць родныя i блiзкiя загiнулага воiна. Але здараецца i так, што адказаць на гэтае пытанне ўдаецца лiтаральна на наступны дзень.

У красавiку 2018 года блiзу вёскi Хамiчы Рагачоўскага раёна былi знойдзеныя парэшткі салдата Чырвонай Армii. Высветлiць яго асобу ўдалося вельмi лёгка — пры нябожчыку быў наглуха закрыты медальён, у якiм захаваўся ўкладыш. Ён належаў 21-гадоваму камандзiру аддзялення сяржанту Iвану Лямунову. Служыў ён у 61-й стралковай дывiзii, якая трапiла ў акружэнне ў жнiўнi 1941 года на паўднёвы ўсход ад Жлобiна. Выйсцi з яго ўдалося толькi асобным групам.

Звесткi пра сваякоў былi ўстаноўленыя праз суткi, — успамiнае Сяргей Варановiч. — Iван Лямуноў нарадзiўся ў вёсцы Забярэзнiк Хароўскага раёна Валагодскай вобласцi. Яго сястра — Лiзавета Пракоп’еўна — жыла ў пасёлку Хароўск. Парэшткi вайскоўца былi перададзены ў Расiю i ўрачыста пахаваныя на могiлках сяла Мiхайлаўскае — гэта цэнтр аднайменнага сельскага паселiшча, у склад якога ўваходзiў Забярэзнiк. Дзеяслоў тут ужыты ў мiнулым часе не памылкова — яшчэ па вынiках перапiсу 2002 года ў гэтай вёсцы не было нiводнага пастаяннага насельнiка.

Трэба зазначыць, што наша ўпраўленне i камандаванне 52-га пошукавага батальёна вось ужо 16 гадоў узаемадзейнiчаюць з прадстаўнiцтвам Народнага саюза Германii па доглядзе за ваеннымi магiламi ў нашай краiне. Мы прытрымлiваемся Жэнеўскiх канвенцый 1949 года i дапаўненняў да iх, i таму праводзiцца паступовая лакалiзацыя пахавання нямецкiх салдат. Парэшткі тых, хто служыў у вермахце, пераносяцца на двое зборных ваенных могiлак. Усё гэта — за кошт нямецкага боку.

Што да Расii, то наш 52-i пошукавы батальён супрацоўнiчае з аналагiчнай структурай ва Узброеных Сiлах нашай усходняй суседкi — 90-м пошукавым батальёнам. Штогод супрацоўнiцтва толькi ўмацоўваецца. А з 2015 года праводзяцца сумесныя палявыя пошукавыя работы. Напрыклад, летась пад Вiцебскам былi знойдзеныя i перапахаваныя парэшткі дваіх вайскоўцаў Чырвонай Армii, загiнулых у 1943 годзе.

— Наша зямля з часоў вайны хавае шмат зброi. У пачатку гэтага года начальнiк iнжынерных войскаў Узброеных Сiл — начальнiк упраўлення iнжынерных войскаў Генеральнага штаба УС палкоўнiк Андрэй Куракоў казаў, што летась Узброеныя Сiлы знiшчылi каля 11 тысяч выбухованебяспечных прадметаў. Як часта нашым пошукавiкам трапляюцца такiя небяспечныя знаходкi?

— За апошнiя дваццаць пяць гадоў воiны 52-га батальёна знайшлi каля дзевяці тысяч мiн, бомбаў i гранат. Прычым толькi летась iх колькасць зусiм крыху не дацягнула да тысячы. Абясшкоджваннем такiх знаходак займаюцца спецыяльныя групы размiнiравання. А вось зброя знаходзiцца куды радзей. З 1995 года было выяўлена i перададзена органам Мiнiстэрства ўнутраных спраў усяго 242 адзiнкi стралковай зброi i 138 фрагментаў, а таксама больш за 37 тысяч патронаў рознага калiбру.

Партал памяцi

— Як праходзiць работа з архiвамi?

— Так, даследаванне iнфармацыйных крынiц, у лiк якiх уваходзяць архiўныя матэрыялы, — гэта неад’емная частка нашай работы. Супрацоўнiкi нашага ўпраўлення i прадстаўнiкi 52-га батальёна пастаянна працуюць з дакументамi, якiя знаходзяцца ў Нацыянальным архiве Беларусi, а таксама ў абласных i занальных. Iншая справа, што з аб’ектыўных прычын асноўная маса неабходных дакументаў фiзiчна знаходзiцца ў Расii. Апошнi раз мы працавалi там грунтоўна ў 2007 годзе. Але цяпер у гэтым прамой неабходнасцi i няма дзякуючы развiццю iнтэрнэту. Цэнтральны архiў Мiнiстэрства абароны Расiйскай Федэрацыi размясцiў сайты абагульненых банкаў даных. Гэта «Мемарыял», «Подзвiг народа», «Памяць народа». Быў нават створаны адмысловы iнфармацыйны партал, прысвечаны памяцi загiнулых падчас Першай сусветнай вайны. У вольны доступ былi выкладзены архiўныя дакументы. Мы актыўна iмi карыстаемся для таго, каб удакладнiць iнфармацыю аб меркаваных няўлiчаных воiнскiх пахаваннях у нашай краiне i лёсах загiнулых.

— Атрымлiваецца, што iмёны вяртаюцца нават больш чым праз стагоддзе...

— Так, нам удалося высветлiць iмёны двух салдат Рускай iмператарскай армii, якiя загiнулi на нашых землях у 1916 годзе. Падчас пошукавых работ блiзу вёскi Манькавiчы знойдзеныя парэшткi 78 воiнаў. Ключ да iдэнтыфiкацыi далi дзве гiльзы з запiскамi. Мiж iншым, на той час iм было 102 гады. Нам удалося высветлiць, што яны належалi радавому Г. Зайцаву, якi нарадзiўся ў Вяцкай губернi, i унтэр-афiцэру Ф. Бальшакову, ураджэнцу Цвярской губернi. Дзякуючы дакументам Расiйскага дзяржаўнага ваенна-гiстарычнага архiва мы высветлiлi асобу яшчэ аднаго загiнулага салдата. Гэта быў выхадзец з Курскай губернi, радавы Г. Палякоў. А звесткi на iнфармацыйным партале «Памяцi герояў Вялiкай вайны 1914–1918 гадоў» раскрылi асобы яшчэ 34 загiнулых. Агулам жа за чвэрць стагоддзя пошукавiкi знайшлi парэшткі звыш 4 тысяч салдат Рускай iмператарскай армii.

Больш за тое, дагэтуль сустракаюцца знаходкi з часоў яшчэ даўнейшай вайны — 1812 года. Вайскоўцы знайшлi парэшткi 45 салдат Рускай армii i 442 — напалеонаўскай. Там жа з зямлi паднялi i фрагменты амунiцыi, гузiкi, ядры ад гармат. А аднойчы пры даследаваннi пахавання была знойдзена нават залатая манета намiналам у адзiн фрыдрыхсдор, адчаканеная ў 1777 годзе.

— Як вызначаецца месца будучых раскопак? З чаго пачынаецца пошук?

— У мiнулыя гады асноўнай крынiцай ведаў былi вiдавочцы ваенных падзей. Вось толькi сёння ўсiм з iх ужо далёка за 80. I год ад году iх, на жаль, становiцца меней з натуральных прычын. Але нярэдка iнфармацыя пра месцы, дзе былi пахаваныя чырвонаармейцы альбо забiтыя мiрныя жыхары, перадаецца з пакалення ў пакаленне. Таму калi вы валодаеце такiмi звесткамi, то звярнiцеся ў ваенны камiсарыят або райвыканкам. Там трэба будзе запоўнiць спецыяльны iнфармацыйны лiст. Пасля ўдакладнення дакумент трапляе ў 52-i асобны спецыялiзаваны пошукавы батальён. Па вынiках дасланых лiстоў з розных рэгiёнаў Беларусi i складаецца план работы на пошукавы перыяд. Ён доўжыцца з сярэдзiны красавiка да кастрычнiка. Пры гэтым перш чым пачынаць раскопкi, пошукавiкi мусяць атрымаць дазвол ад мясцовых распарадчых i выканаўчых органаў.

...Заўсёды цяжка ўспамiнаць правядзенне раскопак на пахаваннях савецкiх ваеннапалонных, якiя загiнулi ў нямецкiх лагерах. Нельга забыць запоўненыя парэшткамі траншэi i ямы. А вось з асобных знаходак, акрамя гiльзаў часоў Першай сусветнай вайны, запомнiлiся знойдзеныя ўзнагароды, па нумарах якiх i былi ўстаноўленыя звесткi аб iх уладальнiках. Напрыклад, у Калiнкавiцкiм раёне быў знойдзены ордэн Аляксандра Неўскага разам з парэшткамі дзядзькi Героя Савецкага Саюза, касманаўта i лётчыка-выпрабавальнiка Аляксандра Вiктарэнкi. А ў Бабруйску сем гадоў таму была знойдзеная яшчэ адна высокая ўзнагарода — ордэн Чырвонага Сцяга.

Валяр’ян ШКЛЕННIК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Падарожжа па Радзіме: дзе можа адпачыць беларус?

Падарожжа па Радзіме: дзе можа адпачыць беларус?

Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент. 

Грамадства

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».

Грамадства

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.