Вы тут

1941-ы. Подзвiг на подступах да Мiнска


«Калi б лiнiя Сталiна спынiла немцаў у 1941 годзе, пра яе складалi б вершы, ёй прысвячалi б песнi... А так пасля вайны пра яе амаль не згадвалi, хоць тут бiлiся да апошняга, гiнулi людзi. Хаця б на некалькi сутак яны затрымалi прасоўванне нямецкiх войскаў. Побач у лясочку ляжыць цэлы полк. На брацкай магiле нiводнага прозвiшча няма, а там больш за дзве тысячы чалавек, плюс мы падзахавалi яшчэ 70 фрагментаў тых, каго знайшлi на лiнii Сталiна, калi будавалi комплекс», — заўважае Аляксандр Мiхайлавiч Мятла, дырэктар дабрачыннага фонду «Памяць Афгана». Менавiта гэтая арганiзацыя 15 гадоў таму выступiла iнiцыятарам стварэння гiсторыка-культурнага комплекса «Лiнiя Сталiна» на базе Мiнскага ўмацаванага раёна. Iнiцыятыву падтрымаў Прэзiдэнт. За кароткi час удалося ператварыць парослы хмызняком пагорак у музей пад адкрытым небам. Акрамя вайскоўцаў, да будоўлi далучылiся грамадскiя арганiзацыi i прадпрыемствы.


Прэзентацыя новага выдання.

Мацней за сталь...

«Доўгачасовы сухапутны фронт» — сiстэма ўмацаваных раёнаў уздоўж старой гранiцы Савецкага Саюза, якая праходзiць ад Карэйскага перашыйка да ўзбярэжжа Чорнага мора. Назву «лiнiя Сталiна» яна атрымала ў Еўропе па аналогii з iншымi падобнымi збудаваннямi. За адзiнаццаць гадоў на ёй былi створаны 23 умацаваныя раёны, на кожным з якiх размяшчалiся жалезабетонныя доты.

Пра падзеi, якiя тут адбывалiся, i пра тое, як сёння ўшаноўваецца памяць герояў, раскажа новая кнiга «Лiнiя Сталiна», якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi».

«Нельга забывацца, што абарончыя збудаваннi пачалi ўзводзiцца ў 1928 годзе. У гэты час Савецкi Саюз не меў гранiцы з Германiяй. Уся iнфраструктура была разлiчана на польскую армiю, тактыку, артылерыю, — заўважае аўтар новага выдання Барыс Праказаў. — Але праходзiць час, i даводзiцца ваяваць з немцамi, у якiх усё па-iншаму. I тым не менш лiнiя Сталiна затрымала нямецкiя войскi на Мiнскiм умацаваным раёне на 4 днi, на Полацкiм на 20 дзён, на Кiеўскiм — на 60 дзён, на Наўгарод-Валынскiм — на 9 дзён i г. д. Калi ўсё скласцi, то толькi на лiнii Сталiна ва ўмацаваных раёнах вораг быў затрыманы на 107 дзён. Атрымлiваецца, лiнiя Сталiна, якая будавалася зусiм супраць iншага працiўнiка, усё ж зрабiла ўнёсак у Перамогу. Германiя не была гатова да зацяжной вайны, а планы на блiцкрыг не спраўдзiлiся. А сёння пра гэты фартыфiкацыйны аб'ект альбо зусiм не ведаюць, альбо адгукаюцца, што ён нiякай ролi не адыграў».

Сёння дзякуючы таму, што становяцца адкрытымi архiвы, мы можам даведацца пра раней невядомыя старонкi гiсторыi. Пра тое, як самааддана i бясстрашна змагалiся абаронцы Айчыны ў самым пачатку вайны, сведчаць запiсы ў журналах баявых дзеянняў нямецкiх танкавых дывiзiй. Толькi на знiшчэнне 26 бункераў у раёне Заслаўя iм давялося патрацiць два днi, прычым супрацiўленне ўсюды аказвалася па-рознаму. Адны гарнiзоны дотаў змагалiся да апошняга салдата, другiя зачынялi амбразуры пры першым выстрале прамой наводкай i ўзнiмалiся ў атаку. Некаторыя бункеры, якiя ўжо здавалiся знiшчанымi, раптам «уваскрасалi» i адкрывалi агонь ва ўпор.

Галоўнай задачай умацаваных раёнаў было менавiта стрымлiванне ворага, для таго каб у краiне магла быць праведзена ўсеагульная мабiлiзацыя. Так, Мiнскi ўмацаваны раён, якi ў 1928 годзе будаваўся супраць пяхоты i кавалерыi, павiнен быў затрымаць ворага на 10 дзён. Але ўсяго адной стралковай дывiзii, якая да таго ж не атрымлiвала боепрыпасаў, бо шляхi былi разбомбленыя, давялося супрацьстаяць тром нямецкiм танкавым. I абаронцы пратрымалiся чатыры днi!

«Мне пашчасцiла паразмаўляць з ветэранамi, якiя тут ваявалi, — дзелiцца дырэктар гiсторыка-культурнага комплекса «Лiнiя Сталiна» Аляксандр Аляксандравiч Мятла. — Яны згадвалi, што панiкi тады не было. На трэцi дзень адчуваўся недахоп боепрыпасаў. Танкi iдуць, а ў салдат няма чым iх знiшчаць. Не падвозiлася ежа. Пры той дэзарганiзацыi, страце сувязi камандзiры прынялi рашэнне адступаць».

Барыс Праказаў — аўтар кнiгi «Лiнiя Сталiна».

Пра тое, добра цi не ваявалi ў 1941 годзе, сведчыць статыстыка вермахта аб стратах. Аляксандр Аляксандравiч заўважыў, што Чырвоная Армiя ўзору 1941 года на адзiн мiльён чырвонаармейцаў у тыдзень «намалочвала» ворага значна больш, чым за такi ж час у пераможным 1943-м (трэба ўлiчыць таксама, што ў тым годзе было больш мабiлiзаваных i Чырвоная Армiя колькасцю пераўзыходзiла армiю вермахта). Значыць, i ў пачатку вайны рэгулярныя войскi выконвалi абавязак з гонарам i пры наяўнасцi боепрыпасаў наносiлi iстотныя страты ворагу. Iншая рэч, што прайгравалi стратэгiчна.

«Тэма пачатковага перыяду вайны — гэта вельмi трагiчная i адначасова гераiчная старонка гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, — заўважыў памочнiк мiнiстра абароны па iдэалагiчнай рабоце ва Узброеных Сiлах, генерал-маёр Леанiд Касiнскi. — Я не стаў бы меркаваць, цi выканалi сваю задачу тыя агнявыя пункты, што ўваходзiлi ў сiстэму фартыфiкацыйных збудаванняў, i цi правiльна яны былi пабудаваныя. I, напэўна, сёння гэта не так важна. Я хацеў бы падкрэслiць, што задачу выконвалi людзi, простыя салдаты i афiцэры, якiя там знаходзiлiся. I яны аказалiся мацнейшыя за сталь i бетон. Дзякуючы iх намаганням мы i перамаглi ў той страшнай вайне».

Паглыбленне ў гiсторыю

На жаль, пра подзвiгi, што здзяйснялiся ў 1941 годзе, незаслужана забываюць. Нават многiя воiнскiя часцi вядуць сваю гiсторыю толькi з тых гадоў, калi Чырвоная Армiя ўжо пачынала пераможны паход. Але дзякуючы ўсiм тым, хто трымаў абарону i гiнуў на палях у самым пачатку вайны, удалося выйграць час на падрыхтоўку да будучых пераможных баёў. Таму так важна данесцi праўду пра тыя суровыя гады да маладога пакалення, каб яно зразумела, што ахвяры не былi марныя.

Гiсторыка-культурны комплекс «Лiнiя Сталiна» прысвечаны не толькi тым, хто склаў тут галовы, але i ўсiм невядомым героям пачатку вайны, наогул подзвiгу вайскоўцаў, якiя выратавалi свет ад фашысцкай чумы.

Ваенна-гiстарычны клуб «Салдаты Перамогi».

Унiкальнасць гэтага аб'екта ў тым, што ён дае людзям магчымасць адчуць гiсторыю — дакрануцца да зброi, тэхнiкi тых часоў, паўдзельнiчаць у рэканструкцыi.

— «Лiнiя Сталiна» мае эксклюзiўнае права на пошук i падняцце старой ваеннай тэхнiкi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, — расказвае аўтар Барыс Праказаў. — I я ў сваёй кнiзе хацеў паказаць, як многа ў нас робiцца, колькi адноўлена тэхнiкi, зброi i артылерыi. Дзякуючы такой iнфраструктуры можна ладзiць шыкоўныя праекты, праводзiць гiстарычныя рэканструкцыi. Шмат тэхнiкi на хаду. Майстры iмiтуюць зварныя швы, таўшчыню бранi.

За кожным экспанатам стаiць свая гiсторыя. Напрыклад, танк БТ-7 паднялi са дна ракi, ён быў у выдатным стане. З балота выцягвалi i рэшткi КВ-1 — гэты танк быў узарваны. Тэхнiка была адноўлена да хадавога стану. Т-34 збiралi з арыгiнальных дэталяў ад розных танкаў гэтай мадэлi. Ёсць у музеi пад адкрытым небам i так званыя рэплiкi. Напрыклад, чэшскi танк зроблены на аснове цягача.

Адкрыты 30 чэрвеня 2005 года гiсторыка-музейны комплекс i сёння працягвае развiвацца. Работа па аднаўленнi тэхнiкi i абсталявання вядзецца пастаянна. Адна з апошнiх экспазiцый, якiя тут былi створаны, — «Наш бронецягнiк», прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусi. Рэстаўратары пабудавалi бронепаравоз, два броневагоны i зенiтную пляцоўку. Таксама iмi зроблены тры гарматныя вежы, пушкi i мiшэнi ў выглядзе нямецкай тэхнiкi.

У планах на будучыню — стварэнне музея, дзе можна было б пазнаёмiцца з прыкладамi фартыфiкацыi розных умацаваных раёнаў.

Комплекс робiць вельмi шмат для патрыятычнага выхавання моладзi. На святочныя мерапрыемствы сюды прыязджаюць тысячы людзей. Дзякуючы рэканструкцыям яны могуць назiраць за эпiзодамi вайны. У пастаноўках задзейнiчаны адзiн з найбуйнейшых у нашай краіне ваенна-гiстарычных клубаў «Салдаты Перамогi»: тут ёсць стралковыя часцi, артылерысты, танкiсты, связiсты, разведчыкi i санiтаркi.

«Часам нас вiнавацяць, маўляў, мы прапагандуем вайну. А гэта не так, мы яе ненавiдзiм i хочам паказаць, якая страшная, чорная, няўдзячная праца воiнаў», — заўважае Аляксандр Мiхайлавiч.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Паклонiмся забытым героям

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».