Вы тут

​Загляне сонца і ў наша ваконца


Вандруючы па Беларусі, цікава разглядаць вокны вясковых хат. Простыя або аздобленыя мудрагелістымі аканіцамі і ліштвамі, яны — нібы вочы, якія ўважліва назіраюць за падарожнікамі. 

Акно — гэта не проста адтуліна ў сцяне, якая служыць для асвятлення, вентыляцыі і пранікнення ў пакой сонечных промняў. Яно сапраўды своеасаблівае «вока»* дома. З вуліцы не ўбачыш унутранага парадку жытла чалавека, і падарожніку, які знаходзіцца звонку, чужое дамашняе ўладкаванне ўяўляецца загадкавым. З хаты ж праз вокны добра відаць знешні свет. Мы назіраем, як дзень мяняе ноч, як за зімой надыходзіць вясна, як суседка ідзе да суседкі, нясучы нешта ў торбе, гуляюць дзеці і шмат-шмат чаго іншага цікавага... І валачобнікі пад вокнамі спяваюць свае песні, а падарожны чалавек драпае па вакне, калі просіцца на начлег. 

* У народзе вочы чалавека ў множным ліку часта называлі «вокнамі» і казалі: «Вокны мае бачаць блага».

Акно ў традыцыйнай культуры ўсходніх славян лічылася «вокам» хаты, якое, з аднаго боку, «глядзела ў той свет», з іншага — выступала ў якасці сакральнага канала сувязі з небам, таму вакол яго сфарміраваўся цэлы комплекс уяўленняў, рэгламентацый, абрадавых забарон і прадпісанняў. У народнай культуры значэнне акна суадносіцца з ідэяй уваходу, «пранікальнасці». І пранікальнасць гэтая магла быць як станоўчай, так і варожай. Заўважалі: калі ў хату праз акно ўляцела птушка, то гэта лічылася прадвесцем бяды; калі ж птушка стукалася дзюбай у шыбу — то чакай вестак. У некаторых мясцовасцях Беларусі існавала традыцыя выносіць памерлых нехрышчоных дзяцей і дарослых нябожчыкаў, якія памерлі ад «гарачкі» не праз дзверы, а праз акно. У выпадку смерці ў доме на падаконнік ставілі ваду, каб «душа абмылася», туды ж ставілі чарку з гарэлкай і хлебам для нябожчыка. А таксама там пакідалі частаванне Марозу, калі на Каляды яго клікалі есці куццю. 

А ежа, якая перадаецца праз акно, заўсёды мела сакральнае значэнне. Такі абмен дарункамі і пажаданнямі адбываўся яшчэ да нядаўняга часу паміж валачобнікамі і гаспадарамі хаты.

Археолаг Э. Зайкоўскі лічыць, што праз акно ажыццяўляецца сімвалічная сувязь са светам памерлых. У народзе верылі, што асабліва небяспечна пакідаць вокны адчыненымі і не перахрышчанымі нанач, таму што тады праз іх могуць ўвайсці нябожчыкі і нячысцікі і задушыць спячых. Праз акно ажыццяўляецца кантакт прадстаўнікоў розных сусветаў — як бы цяпер сказалі, вымярэнняў. У шматлікіх павер’ях акно ўспрымалася як выхад (шлях) для нячыстых духаў, смерці. Калі паміраў чалавек, на вокны вешалі белы ручнік. Тое самае рабілі і ў дні ўшанавання памерлых. Аднак калі чалавек паміраў цяжка, вокны абавязкова адчынялі, каб аблегчыць палёт душы небаракі.

Існаваў звычай: калі гаспадары назаўсёды або надоўга пакідалі хату, вокны абавязкова трэба было закрыць, як закрывалі вочы памерламу: іх забівалі шырокімі дошкамі крыж-накрыж. Такія дзеянні ахоўвалі хату ад таго, каб у ёй не пасялілася нячыстая сіла.

У культуры ўсходніх славян акно супрацьпастаўлялася дзвярам, яно існавала, каб «падмануць» нячыстую сілу, смерць, хваробы і г. д. Таму выхад з акна павінен быць заўсёды «чыстым»: пад вокнамі саджалі кветкі ці пахучыя кусты бэзу, ружаў, язміну, ладзілі адмысловы ўслон, але ніколі не было сметніка. Наогул, існавала павер’е, што пад вокнамі стаіць анёл, які ахоўвае хату і ўсіх яе жыхароў, таму праз акно катэгарычна забаранялася пляваць, выкідаць смецце, выліваць брудную ваду і г. д.

У глыбокай старажытнасці жытло будавалі практычна без вокнаў, якімі мы прывыклі бачыць іх цяпер. Раней гэта былі невялікія адтуліны, зробленыя ў двух сумежных вянцах сцяны, іх закрывалі драўлянай засаўкай, а пазней — шклом. Такія адтуліны называлі «валакавым акном», і нават цяпер уважлівы вандроўнік заўважыць гэтыя старажытныя акенцы ў сценах клецяў, хлявоў ці нават сенцах. 

Калі нарэшце ў хатах сталі рабіць вокны (па сведчанні навукоўцаў, гэта адбылося даволі позна), іх з’яўленне суправаджалася пэўным дыскамфортам ад адкрытасці дома знешняй небяспецы. Гэтая трывога выяўлялася ў падсвядомасці. Можа, таму ў народным сонніку пазначана, што бачыць у сне акно — да чакання перамен. «Акно расчыненае ўбачыць — падарунак будзе, прыбытак». «Акно з пабітымі шыбамі — страты, беднасць; з чыстымі і цэлымі — шчасце, жыццё».

З акном звязана і любоўная магія. Так на Каляды пры дапамозе солі, пастаўленай ноччу на падваконне, дзяўчына спрабавала даведацца аб будучым лёсе. Менавіта акно — адна з важных умоў любоўнага спаткання ў фальклоры, дэманстрацыі жанчынай сваёй прывабнасці.

Акно нават здольнае выконваць вашы жаданні. Адна мінчанка распавядала, як яна ў адкрытую фортку пэўны час вымаўляла просьбы аб атрыманні новай кватэры, надзеі на якую не было, і шчасліва яе атрымала. Праз акно маглі ажыццяўляцца і злачынныя планы, таму гаспадыні імкнуліся прадухіліць уздзеянне нядобрых, зайздросных позіркаў, паставіўшы на падаконне вазон з чырвоным мушкатам (герань, пеларгонія).

Колькасць вокнаў у сялянскай хаце практычна паўсюль была аднолькавай. Звычайна рабілі двое вокнаў у падоўжанай сцяне, што выходзіла на двор, і адно — у тарцовай, на галоўным фасадзе. Такое размяшчэнне вокнаў спрыяла стварэнню ў хаце покуці, або «краснага кута», у якім размяшчаліся абразы. Да ўсяго, у народзе быў пашыраны звычай мець у хаце менавіта трое вокнаў у гонар святой Тройцы. Чацвёртае акно у глухой сцяне паміж печчу і галоўным фасадам рабілі толькі ў асобных мясцовасцях. Часта на кухні акно ўстаўлялі насупраць вусця печы, што было зручна для гаспадыні, якая пачынала завіхацца каля яе з першымі промнямі сонца. 

  • Цікава, што ў некаторых мясцовасцях існавала правіла пытаць дазволу на павялічэнне колькасці вокнаў больш за тры як у святара, так і ў вясковага сходу. (Э. Зайкоўскі.) 

  • У другой палове ХІХст., калі пачала мяняцца планіроўка жылля і хату пачалі падзяляць на залу і спальню, у тарцовай сцяне, што выходзіла на вуліцу, рабілі па двое вокнаў. 

Месца вокнаў на фасадах, іх форма адыгрывалі і працягваюць адыгрываць значную ролю ў стварэнні мастацкага аблічча будынка. Аканіцы, надаконныя і падаконныя ліштвы — традыцыйны элемент аздобы хаты, які заўсёды адпавядае ў сваёй аздобе розным этнаграфічным рэгіёнам Беларусі. На жаль, у сувязі з новымі тэндэнцыямі вонкавага аздаблення вясковых хат сучаснымі матэрыяламі, замена старых рам адмысловай формы стандартнымі шклопакетамі ўсё часцей робіць беларускія вёскі аднатыпнымі. 

Звычайна ў канструкцыю акна ўваходзяць рамы, падаконнік, ліштвы і аканіцы. Рама звычайна мела 3-4-6 шыб, а пачынаючы з ХVІ-ХVІІ ст. у шляхецкіх сядзібах — да 30 і болей. Да ХІХ ст. замест шкла часта выкарыстоўвалі спецыяльна вырабленыя скуры, паперу, пухіры жывёл, палатно; зімою вокны мелі дубальты (падвойныя рамы), а знадворку, калі не было аканіц, іх прыкрывалі саламянымі матамі, каб лепш захоўваць цяпло ў хаце. Такімі матамі ўцяплялі і дзверы.

Драўляныя створкі для засцярогі вокнаў звонку («ставни») зачынялі кожны вечар, але з цягам часу яны страцілі сваю ўтылітарную функцыю. Разам з ліштвамі аканіцы сталі складаць дэкаратыўнае абрамленне акна і адпаведна аздабляцца.

Асабліва ўпрыгожваліся ліштвы — на іх можна сустрэць самыя разнастайныя ўзоры. Часта гэта кветкі і мудрагелістыя завіткі, але можна сустрэць і выявы зорак і сонца, птушак і цмокаў і іншае. Такая аздоба розніцца ў кожным этнарэгіёне Беларусі. Як і нацыянальны строй, ліштвы з’яўляюцца своеасаблівым пашпартам, унікальнай адметнасцю. 

Дбайна сачылі гаспадыні за чысцінёй шыб у вокнах. Іх мыццё было абавязковай справай перад Вялікаднем. Дарэчы гэта зрабіць і нам. Вядома, што цяпер у краме можна набыць разнастайныя сродкі для чысткі шкла, хтосьці ў ваду дадае гарэлку або кроплі аміяку і націрае шыбы да бляску старымі газетамі. Вокны чысцяць нават ільняным алеем і крапівой. 

А можа, камусьці спадабаюцца парады ад Ганны Цюндзявіцкай, якая сабрала вопыт гаспадарчай дзейнасці сялян пачатку ХІХ ст. у сваёй энцыклапедыі «Літоўская гаспадыня»:

Як захоўваць вокны светлымі і чыстымі.

Дзеля таго, каб шыбы не трацілі празрыстасці, не трэба іх ніколі мыць вадой, асабліва раніцай ці ўдзень, бо сонечныя промні ўздзейнічаюць на вільготнае шкло, надаюць яму мутны, зменены колер, што яго псуе. Варта рабіць гэта ўвечары, а зранку яшчэ раз выцерці шыбы сухой анучкай. Але непараўнальна лепш, пасыпаўшы суконку дробным мелам, выціраць іх насуха. Мел абавязкова трэба прасеяць, каб не пакідаў драпіны на шкле.

Штодзённа раніцай належыць выціраць з вокнаў вільгаць, якая асядае з паветра, тады яны заўсёды будуць чыстымі і светлымі... За мяжой, у вялікіх гарадах гэта робяць штодзённа, і там вокны чыстыя, як крышталь. 

Ліштва як здабытак народнай архітэктуры 

Паколькі акно магло стаць тым сімвалічным шляхам, па якім нячыстая сіла магла трапіць ва ўнутраную прастору хаты, вакол яго абараняла ліштва. Дэкаратыўнае аздабленне яе поўнілася сакральнымі элементамі традыцыйнага народнага арнаменту. На ноч вокны закрывалі аканіцамі.

  • Ліштва — накладное драўлянае аздабленне аконнага праёму, выконвала засцерагальна-магічныя і дэкаратыўна-мастацкія функцыі.

  • Аканіцы — «драўляныя павекі» вокнаў вясковай хаты, таксама важны элемент дэкаратыўнага аздаблення, які меў і сімвалічныя функцыі. Наглуха зачыненыя аканіцы на ўсіх вокнах азначалі «смерць» хаты — гэта значыць нежылы яе статус.

Галоўны прынцып народнага дойлідства — там было ўсё дэталёва прадумана, кожнае рашэнне рацыянальна абгрунтавана.

 

Этнограф Ларыса Мятлеўская

Выкарыстаны фотаздымкі, зробленыя ўдзельнікамі краязнаўчай групы «Ліштва»


Інфармацыю пра наяўнасць часопіса "Алеся" у кіёску можна знайсці па нумарах: Брэст + 375 162 219838 Віцебск + 375 212 358437 Гомель + 375 232 558813 Гродна + 375 152 569508 Магілёў + 375 222 734102 Мінск і Мінская вобл. + 375 173 272542

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».