Вы тут

Рух у патрэбным кірунку


Кажучы пра папулярызацыю чытання, нельга не звярнуць увагу і на тое, што многія літаратуразнаўцы, крытыкі, выкладчыкі і нават пісьменнікі час ад часу могуць прысароміць за густ, пра які, вядома, спрачацца не варта. Між тым некаторыя з іх заклікаюць наўпрост чытаць, а ўжо што — Альбера Камю ці Паўла Каэльа, Андрэя Платонава ці Дар’ю Данцову, Міхася Стральцова цi Наталлю Батракову — значэння не мае. Асабліва за гэтую ідэю змагаюцца школьныя настаўнікі, якія імкнуцца прывіць дзіцяці густ да літаратуры ледзь не любымі прымальнымі спосабамі. Але ці можа аматар філасофскага рамана атрымліваць асалоду ад не ў меру сентыментальнага апавядання ці ўдала закручанага дэтэктыва? Як паказвае практыка, гэта цалкам магчыма.


Час ад часу чалавеку незалежна ад літаратурных пераваг хочацца прачытаць нешта такое, што не прымусіць шалёна біцца сэрца ад адчування геніяльнасці напісанага і не змусіць каторы раз задумацца над сэнсам (ці бязглуздасцю — як каму падабаецца) жыцця. Раман Ліны Багданавай «Беласнегава і 27 гномаў», што летась пабачыў свет у выдавецтве «Беларусь», падыдзе для гэтай мэты як мага лепш. Выразная сюжэтная лінія, адсутнасць шматлікіх адступленняў-разважанняў, зразумелыя тэма і ідэя паспрыяюць ненапружанаму баўленню часу.

Перад чытачом — класічная гісторыя кахання з элементамі дэтэктыва. Спачатку аўтар знаёміць з героем, які і рухае сюжэт у патрэбным кірунку. Выступаючы ў ролі негатыўнага персанажа, Інакенцій Дрында (націск можна паставіць паводле свайго меркавання) увасабляе сабой ледзь не ўсе заганы, звязаныя з ідэяй капіталізму. Ацаніўшы перавагі жыцця і працы ў вёсцы, беспрынцыповы бізнесмен пераязджае ў мястэчка пад назвай Доўгая, каб развіваць сваю справу на іншым узроўні, пры больш спрыяльных умовах. Але ўжо на першай старонцы тэксту ён крыху шкадуе пра такі выбар, бо ў вёсцы без дзяўчат і рэстаранаў ды бараў рабіць няма чаго. Згадваючы нейкую Варвару, якую безнадзейна і безадказна кахае, Кеша задумваецца: «Нет, что ни говори, а давненько я в городе не бывал. Пора, брат, наведаться. Подыскать девочкуконфетку, оторваться по полной. И для души полезно, и для тела. А эту фифу мы ещё успеем к рукам прибрать. Не испортится… И не денется никуда». Відавочна, ад самага пачатку аўтар паміж радкоў зашыфроўвае сваё адназначнае пасланне: горад — зло, а вёска — дабро. Між тым Інакенцій Дрында адзіны з трох галоўных персанажаў, які пераехаў у вёску згодна з уласным жаданнем, а не вымушана. Да гэтай непрыкметнай дэталі вернемся крыху пазней. Увогуле ж, герой імкнецца жыць сённяшнім днём і жадае шмат зарабіць не толькі для сябе, але і для будучай сям’і, але паказаны як невялікага розуму чалавек — мара любога рэжысёра так званага мыла. Давялося б толькі прыбраць няўменне Кешы выказваць свае пачуцці і як вынік згадкі пра пастаяннае выкарыстанне ненарматыўнай лексікі.

Варвара, якую на працягу твора як толькі не называюць (у залежнасці ад адносін герояў), паўстае як недасяжная мара любога мужчыны. Разумнай, прыгожай і цнатлівавай ва ўсіх сэнсах (што красамоўна падкрэсліваецца) дзяўчыне ці зайздросцяць, ці ўсхваляюць яе, нібы начытаўшыся антычных панегірыкаў. Нягледзячы на тое, што сама Варвара Беласнегава з’яўляецца толькі ў 4-м раздзеле, згадкі, мроі, фантазіі пра яе працінаюць увесь твор. І адзінае, што персанажы твора могуць паставіць галоўнай гераіні ў папрок, — мадэльны рост. Жыхарка горада, Варвара Беласнегава пачала жыць у вёсцы толькі з прычыны моцнай алергіі на гарадскі смог, якая з’явілася ўвогуле знянацку. Пачаўшы сапраўды іншае жыццё, яна пасялілася ў бабулі і пачала працаваць настаўнікам фізічнай культуры ў школе і сацыяльным работнікам у інтэрнаце.

Апошнюю з галоўных роляў выконвае ўчастковы, якога панізілі ў званні і  накіравалі ў вёску ў якасці спагнання за тое, што, добрасумленна выконваючы працу, перайшоў дарогу нейкім уплывовым людзям. Ідэаліст, упэўнены ў сваіх здольнасцях, дзеля каханай дзяўчыны — гэта, вядома ж, Варвара — ён адступаецца ад сваіх прынцыпаў, затое дапамагае людзям. На жаль, у адрозненне ад негатыўнага персанажа, пра Уладзіміра з лёсавызначальным прозвішчам Варварын сказаць больш няма чаго.

Не будзе сэнсу чытаць дадзены твор, калі распавесці пра яго асноўны складнік — завязку і далейшае развіццё гісторыі. Але нельга не адзначыць нечаканы, сацыяльны, бок рамана «Беласнегава і 27 гномаў». Як ужо гаварылася, Беласнегава — сацыяльны работнік, «гномы» — жыхары аднаго з аддзяленняў інтэрната, з якімі яна працуе. Аўтар уздымае даволі складанае пытанне неўладкаванасці старэйшага пакалення і непатрэбнасці бацькам дзяцей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця, хоць нічога новага ў гэтай тэме не адкрывае. Так, у творы распавядаецца пра пляменніка Інакенція, Ягора, якога маці, знаходзячыся ў адчайным становішчы з-за хворага сына, аддала ў інтэрнат і з’ехала з кавалерам за мяжу. Дзядзька ж так-сяк наглядаў за ім. Але роля хлапчука на гэтым не заканчваецца і выклікае самыя супярэчлівыя пачуцці, бо дарослыя выкарыстоўваюць дзіця для дасягнення сваіх мэт. Іх дзеянні падаюцца ўвогуле не апраўданымі.

На мой погляд, выданне сапраўды знойдзе свайго чытача: у цэлым гэта лёгкае чытво, бо аўтар сканструявала твор такім чынам, што напружвацца ні на працягу чытання, ні пасля не патрабуецца. Ліна Багданава не хавае патрэбных ёй ідэй, а, наадварот, неаднаразова вылучае іх у тэксце. Так, тэма вёскі завяршаецца на тым, што станоўчыя героі застаюцца жыць тут назаўсёды, імкнучыся палепшыць умовы вакол сябе. Хоць сур’ёзных перадумоў, акрамя прыгажосці наваколля, здаецца, для гэтага не было, прынамсі, для Уладзіміра Варварына. Акрамя таго, аўтар да апошняга радка верная аптымістычнаму настрою: «Кажется, на этот раз повезло всем… Бывает и такое в жизни!» Спадзяёмся!

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?