Вы тут

Дзеці і мова: захапляльна, дасціпна


Кожны памятае са школы «залатое» правіла роднай мовы: як чуеш, так і пішаш. Ці заўжды гэта так, можна даведацца з кніжак Сяргея Зелянко, што пабачылі свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў серыі для дзяцей «Таямніцы беларускай мовы».


Пасябруй з… ваўкалакам!

Ці здагадваўся хто пра тое, што ваўкалакі сустракаюцца не толькі ў паданнях ды страшных гісторыях? Выданне пад назвай «Літары-пярэваратні: аканне і яканне» распавядае пра асаблівасці роднай мовы, якія надаюць ёй асаблівую мілагучнасць. А па мілагучнасці беларуская з’яўляецца адной з самых прыемных для ўспрымання на слых сярод моў свету — другой пасля італьянскай. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі ЮНЕСКА.

Расповед злучае веды ў галінах філалогіі і гісторыі. Так, пачынаецца ён са згадкі пра выбітнага князя Усяслава Полацкага, збудаваны ім Сафійскі сабор, летапісную «Аповесць мінулых часоў». Аўтар прыводзіць пераказаны Янкам Купалам урывак са старажытнага твора, дзе ўтрымліваюцца звесткі пра звышнатуральныя здольнасці Чарадзея. Потым з уладара-«ваўкалака» пераходзіць да апісання адпаведнай з’явы ў мове. Асацыяцыя са старадаўняй таямніцай адмысловая! Менавіта яна і дапаможа дзіцяці лёгка запомніць, што пад націскам трэба пісаць «о» альбо «э», а не пад націскам — «а».

На асацыятыўным прынцыпе завучвання і грунтуецца афармленне выданняў Сяргея Зелянко. Асіміляцыя гукаў, падоўжаныя зычныя, адкрыты склад, наяўнасць паўгалоснага гука «ў» — азнаямленне з уласцівасцямі роднай мовы падаецца ў аздобе малюнкаў, прыгожых і запамінальных.

Асобны раздзел засяроджвае ўвагу на выключэннях з  агульнага правіла: ужыванні «э» пасля шыпячых, пасля зычных «р», «д», «т» і цвёрдага «ц», на напісанні запазычаных, а таксама складаных слоў; на выпадках ужывання ненаціскнога «о».

Ледзь не першае правіла з тых, якія дзеці праходзяць на ўроках, — гэта напісанне «я» замест «е» ў першым пераднаціскным складзе. Але чаму тады «кефір», «герой», «Херсон», «Герасім», «зернеўборачны»? Як у тым разабрацца, дапаможа даступна выкладзены матэрыял кніжкі.

Асабліва цікава дзіцяці будзе выканаць адмысловыя заданні на старонках кнігі. Матэрыял пры гэтым, новы ці вывучаны раней, замацуецца лепш. Напрыклад, каб запоўніць крыжаванкі, трэба згадаць, што такое сінонімы і антонімы. Як па-іншаму можна назваць ікону альбо знайсці супрацьлегласць для слова «цяжар»? Нават калі і ўзнікне складанасць, на апошніх старонках змешчаны адказы.

Ёсць пад вокладкай выдання для дзяцей звесткі, з якімі цікава азнаёміцца і даросламу. Наўрад ці хто калісьці задумваўся над статыстыкай: колькі разоў сустракаецца літара «А» ў аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне Караля Стаха»? А ў перакладзе твора на рускую мову, зробленым Пятром Жаўняровічам? Сяргей Зелянко падлічыў і прывёў дадзеныя ў тэксце.

Літара, вартая помніка

У падарожжа ў свет спецыфічных графічных знакаў, з якіх складаюцца словы, запрашае кніга «Знаёмыя незнаёмцы: сакрэты літар». На яе старонках дзіця знойдзе шмат адметнай інфармацыі з гісторыі з’яўлення літар, іх напісання і ўжывання. Чаму ў беларускім алфавіце 32 літары, а ў рускім і ўкраінскім — 33? У сербскім і балгарскім — 30, а ў македонскім — 31 літара?

Якая літара яшчэ некалькі гадоў таму магла пачынаць словы, а цяпер адпаведным законам ёй гэта забараняецца? Якія літары раней пазначалі лікі і як імі запісаць лічбу? Пра гэтыя цікавосткі  — чарговы дасціпны расповед Сяргея Зелянко.

Наколькі мудрагеліста выглядалі літары глаголіцы, вынайдзеныя Кірылам і Мяфодзіем! «Юс малы», «Юс вялікі», «Ётаваны юс малы», «Ётаваны юс вялікі», «Іжыца», — выявамі знакаў можна любавацца бясконца. Яны запрашаюць згубіцца ў мностве сваіх кругляшоў, трохкутнікаў, завіткоў, гіпнатызуюць, заварожваюць!.. Але міжволі думаеш: нам пашанцавала, што літары, якімі карыстаемся, значна прасцейшыя і з выгляду, і па назвах!

Украінская, македонская і грэчаская азбукі; наўгародская берасцяная грамата ХІ стагоддзя; старонка «Буквара» Спірыдона Собаля 1636 года, другога ў свеце падобнага кшталту выдання; старонка Бібліі Францыска Скарыны ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу — усё працуе на ідэю кнігі, сутнасць якой — захапіць дзіця гісторыяй узнікнення пісьма, пазнаёміць з багатым светам літар.

Дарэчы, хаця выданні серыі і разлічаны на дзяцей, дарослыя (калі яны не філолагі) таксама даведаюцца нешта новае. Ці ўсе ў курсе, хто і калі прапанаваў выкарыстоўваць літару «Ў» для пазначэння адпаведнага гука ў беларускіх тэкстах? А як называецца рысачка над «Ў» і «Й»? А якая літара самая адметная ў беларускай азбуцы, прычым яе няма ў алфавітах суседзяў, украінцаў і рускіх, чые азбукі блізкія да нашай?

Адзін з фактаў, якія ўражваюць у аўтарскім тэксце, — у фрагменце дыялогу. Другая частка яго на першы погляд можа падацца бяссэнсіцай, а між тым ужытыя ў ім адналітарныя словы пазначаюць геаграфічныя назвы і прозвішчы:

«— Я б з’ездзіў у Берлін, Лондан і Парыж з Андрэем, Марусяй і Соняй!

— А я б — у І, О і Э з І, О і Э!»

Можна не сумнявацца: тое, што пададзена ў гульнявой форме, запомніцца найлепш!

Перагарнуўшы апошнюю старонку, адчуваеш сябе як дзіця, якое клапатліва ўзялі за ручку і правялі знаёмым маршрутам, паказаўшы тое, што раней заставалася па-за ўвагай.

Іншаземцы, якія сталі сваімі

Пра шляхі, якімі трапляюць у беларускую мову словы з іншых моў, блізкіх і  далёкіх краін, распавядае выданне «Словы родныя няродныя: запазычаная лексіка». З яго старонак вучні даведаюцца пра навукі этымалогія і анамастыка, а таксама тое, па якіх прыкметах можна пазнаць запазычаныя словы і што яны абазначаюць. Аўтар распавядае аб такіх паняццях, як інтэрнацыяналізмы, пурызм, нагадвае, у якіх выпадках пасля галосных пішацца звычайнае «у», а не нескладовае. А яшчэ пра тое, у каго з  беларускіх класікаў псеўданімам было імя арабскага паходжання; з якой мовы да нас трапіла найбольш слоў; што абазначаюць разнастайныя культурныя і мастацкія паняцці; як называецца самая распаўсюджаная мова свету і як называецца слова, што пры маўленні парушае яго чысціню. Адказы на гэтыя пытанні, пададзеныя захапляльна і  недакучліва, — пад вокладкай кніжкі Сяргея Зелянко.

Падобным па фармаце і  афармленні да папярэдніх выданняў падаецца і тое, што выйшла ў серыі «Маленькі прафесар» (толькі крыху меншага аб’ёму і без практычных заданняў). Адрасавана яно дзецям малодшага ўзросту, якія вучацца чытаць альбо толькі навучыліся. У кніжачцы «Пра літары карацелькі для беларусаў маленькіх» дзіця знаёміцца з алфавітам праз вясёлыя вершыкі-двухрадкоўі. У творах — шмат самабытных слоўцаў. Ілюстраваныя яны прыгожымі сюжэтнымі малюнкамі.

Выданні аўтарства Сяргея Зелянко вызначаюцца ўвагай да свету дзіцяці, веданнем яго псіхалогіі, пазнавальных і эстэтычных запатрабаванняў, светабачання. I гэта не здзіўляе: аўтар — сам бацька, і ўсе яго творы для маленькай чытацкай аўдыторыі праходзяць «апрабацыю» на яго дзецях. Аўтар гэтых радкоў мела магчымасць на досведзе ўласнага чытання малым пераканацца, наколькі даходліва выкладзены матэрыял. У другой з кніжачак, якую вывучалі разам з дзіцём малодшага школьнага ўзросту, сустрэлася слова «агрэст». Пытаюся: «А ці правільна мы паставілі націск: “агрЭст”?» Прагучаў адказ: «Правільна, бо ўчора мы чыталі: “э” пішацца пад націскам!» Ці не самая высокая адзнака з вуснаў таго, каму і адрасаваны выданні серыі?

Тадора ШПІЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».