Вы тут

Аляксандр Дзямідаў: Цана поспеху — крытыка


Жывапісныя кампазіцыі вядомага беларуска­ га мастака Аляксандра Дзямідава транслююць ідэю спакойнай прыгажосці і сузіральнасці. Яркія кветкі, дзяўчаты, загадкавыя сады, фан­ тастычныя звяры — вось вобразы, якія выка­ рыстоўвае мастак. Карціны Аляксандра Дзя­ мідава — адлюстраванне гармоніі пластычнымі сродкамі. Свой казачны свет творца захоўвае на працягу жыцця. Пра добрае мастацтва і працаздольнасць мастак пагутарыў з карэспандэнтам «ЛіМа»:


З асабістага архіва мастака

— Аляксандр, ваша творчасць асацыіруецца са святам, казкай... Вы часта паўтараеце персанажаў...

— Да мяне прыходзяць знаёмыя і пытаюцца: «Саша, чаму ў цябе ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі падобныя на брата і сястру?» Калі ўспомніць мае работы, напрыклад, 2002 года, там прадстаўлена адна трактоўка, а тое, як я раблю цяпер, — іншая, нават стылістычна. Я мяняюся як чалавек, мяняюцца мае жаданні і бачанне як мастака. З’яўляюцца колеравыя перавагі. Раней для мяне было нармальным напісаць бірузовы твар. Калі працаваў на Кіпры, заўважыў, што твары атрымаліся чырвоныя, быў здзіўлены: усё да такой ступені кантрасна, нават занадта. На выстаўках у Літве і Эстоніі маю творчасць не ўспрынялі. Таму, калі кажуць, што карціны шмат у чым падобныя, я не згодны. Як агульнае, зборнае, мой пасыл такі: чалавеку павінна быць утульна з работай (гэта для мяне прынцыпова), неабходна узаемадзеянне паміж творам і гледачом. З-за насычанасці дабром, цеплыней, неагрэсіўнасцю, магчыма, і ствараецца ўражанне, што карціны ўсе крыху падобныя. Але я імкнуся ўвасобіць зборны вобраз дабра: добрыя людзі, кветкі, звяры, якія не зусім звяры. Мае каты не зусім каты, рыбы з чалавечымі вачыма, як працяг, як цень чалавека, абярэг. Мяне заўсёды расчульвала, калі ідзе дзіця і побач з  ім  — такога ж памеру сабака — незразумела нават, хто большы: сабака альбо малы. Такія жыццёвыя сюжэты і фарміруюць мае вобразы. Некалькі гадоў таму я адкрываў выстаўку ў Віцебску, дзе прадставіў рэтраспектыву сваей творчасці: работы з 2002-га па 2017-ы. Калі паглядзець усе творы за пятнаццаць гадоў, можна заўважыць розніцу: і па колеры, і па тэматыцы, але галоўнае — не раблю агрэсіўнага мастацтва.

— Вы не ствараеце агрэсіўнае мастацтва, бо лічыце, што ў жыцці і без таго хапае негатыву, каб яшчэ адлюстроўваць яго ў творчасці?

— Разумееце, дабру не трэба нічога даказваць, яно само па сабе, а агрэсія ў тым і заключаецца, што яе даказваюць. Як правіла, гледачы запамінаюць адмоўнага героя. Менавіта таму з агрэсіўным мастацтвам прасцей атрымаць прызнанне, яно прадугледжвае неверагодны эфект. Але мне няпроста ўспрымаць такія тэмы.

— Пра ваша асабістае жыццё вядома няшмат, асабліва пра дзіцячыя гады. Раскажаце, як прыйшлі да жывапісу, чым вас прыцягнула мастацтва?

— У дзяцінстве я любіў ляпіць з пластыліну. (Папсаваў усе палавікі!) Пасля на змену прыйшлі дрот, дрэва, рабіў чалавечкаў. Мама, якая заўважыла цягу ствараць, аддала мяне ў студыю. Бліскучымі талентамі я не вылучаўся, быў звычайным хлопчыкам. У той перыяд назапашваў жаданне. Праяўляліся здольнасці, але я быў вельмі няўседлівы. Калі дома яшчэ мог на нечым засяродзіцца, то ў студыі гэта рассейвалася. Наогул, усё, што тычылася адукацыі, давалася мне з вялікай цяжкасцю. Гэта працягвалася вельмі доўга. Таму дзякуй маме за яе цярпенне: яна хітрыкамі, тлумачэннямі спрабавала мяне ўтрымаць.

Творцы выбіраюць сабе героя. Для мяне гэта быў сусед па лецішчы. Ён рэзаў па дрэве, рабіў сам мэблю, займаўся садам, у яго быў сабака, яшчэ ён  — выдатны апавядальнік. Гэта ўсё мяне чапляла. Дзякуючы гэтаму чалавеку ўва мне адбылася метамарфоза. Калі я вучыўся на другім курсе, ён мне даў кніжку пра мардоўскага мастака Сцяпана Эрзю. Кніжка была вельмі цікавая, уразіла. Дзякуючы ёй маё стаўленне да жыцця змянілася, пачаў захапляцца іншымі кнігамі.

Я паступіў ва ўніверсітэт на мастацкае афармленне, але гэтая спецыяльнасць мне не падабалася. Любові фармальна да кампазіцыі не было, хоць веды давалі выдатныя (карыстаюся імі да гэтага часу). У 1989 годзе паступіў у інстытут, у тым жа годзе пачаў удзельнічаць у маладзёжных выстаўках. У 1994 годзе адбылася мая першая персанальная выстаўка. У верасні 1995-га, пасля заканчэння інстытута, я адправіўся ў Брусель на выстаўку, дзе былі прадстаўлены мае творы. Павінен быў прыйсці Чынгіз Айтматаў. У мяне была работа «Белы параход», хацеў з пісьменнікам каля яе сфатаграфавацца. Не атрымалася, бо Айтматаў захварэў, а праз два гады ён памёр.

«Па вуліцы».

— Аляксандр, вы залежыце ад меркавання гледача або больш абапіраецеся на ўласнае «я»?

— З аднаго боку не, з другога — залежу. Мастаком рухае самалюбства, дзякуючы якому ён і рэалізоўваецца. Гэта як чалавеку з маленькага горада, які прыехаў у мегаполіс: трэба даказваць, што ён можа. Закон жыцця. Маё мастацтва даспадобы далёка не кожнаму, і дзякуй Богу. Было б горш, калі б падабалася ўсім. Чым лепшы твор, тым больш крытыкі. У цэлым цана поспеху — гэта крытыка. Але, тым не менш, не варта да яе ставіцца хваравіта — няхай пакажуць, што могуць зрабіць лепш.

— Лічыце сябе паспяховым мастаком?

— Як творчы чалавек я рэалізаваўся. Мне, вядома ж, хацелася б большага. Але казаць, што не дасягнуў пэўных вяршынь, не магу. Мяне многія гледачы памятаюць па работах, якія выстаўляў у 1994 годзе. Тады ж не было ніякай рэкламы. Ды і наогул, некаторыя карціны капіруюць. Даходзіла да смешнага: аднойчы з майго каталога быў узяты тытульны твор, і на яго замовілі копію. Нават людзі, якія мяне ведаюць, замаўляюць копіі ў іншых мастакоў, таму што танней. Гэта не радуе, але паўплываць на працэс не так і лёгка.

— Ці выстаўляеце свае творы на продаж?

— Так, гэтым і жыву. Аднак ёсць невялікая калекцыя работ, якія пакідаю сабе. Тут справа і ў светапоглядзе, і ў тэхніцы, тэмы цяпер новыя. Часам, вядома, вяртаюся да старых, але, як тады, больш не працую: па-іншаму адлюстроўваю людзей, неба, краявіды. Часам кажуць, што мае работы сумныя, што казка — гэта знешняя форма, а за ёй — думка невясёлага мастака. Камусьці даспадобы мая тэхніка, але не падабаецца, як я пішу людзей. Але і тут глядач у нечым мае рацыю, бо пра густы не спрачаюцца.

— На з’ездзе Саюза мастакоў абмяркоўвалі праблему: сёння многія творцы, асабліва маладыя, з’язджаюць з краіны. Як вынік — было прапанавана не ўлічваць адукацыю. На вашу думку, ці абавязкова мастаку атрымліваць адпаведную адукацыю і наколькі яна дапамагла вам?

— Мастаку адукацыя абавязкова. Пытанне толькі ў тым, якая адукацыя. Я лічу, што ўсё павінна крыху змяніцца: як раней, напрыклад, хадзілі да майстра вучні. Мне адукацыя сапраўды дапамагае, асабліва тое, што далі некаторыя выкладчыкі. Многія мастакі з’язджаюць жа не па славу, а проста мяняюць прафесію. На жаль, у нас няма традыцыі мець карціну дома, не кажучы ўжо пра скульптуры. Сёння канстатуюць, што нешта падобнае з’яўляецца, але ў працэнтных адносінах гэта нуль. У нас вельмі шмат таленавітых мастакоў. Беларуская зямля сапраўды нараджае таленты, але часам яны губляюцца з-за сістэмных фактараў. Любая традыцыя для мастацтва вельмі важная. А ў нашым грамадстве дарыць карціны нават на святы непрымальна. Гэта хутчэй прэцэдэнт, чым традыцыйная частка мастацтва.

«Кветкі»

— Існуе меркаванне, што творцу любой сферы мастацтва неабходна натхненне. У чым сакрэт вашага натхнення?

— Я працую кожны дзень. Гэта як у журналістаў: ні дня без радка. Хацелася б, вядома, працаваць больш. Бываюць дні, калі робіш падрыхтоўчую працу, напрыклад, нацягваеш палотны. Гэта доўгі працэс. Але, як кажа Уладзімір Савіч, нават калі ты пачысціў палітру, то ўжо дакрануўся да мастацтва. Твор і ёсць натхненне. Працаваць трэба пастаянна, таму што навык сыходзіць. Гэта толькі здаецца, што заўтра, праз месяц зробіш, але ўнутраны палёт губляецца. Мастацтва як спорт: трэба пастаянна трэніравацца — інакш усё дарэмна, пасля ні добрая памяць, ні ідэя не дапамогуць.

— Ведаю, што вы можаце зрабіць твор на заказ, аднак не працуеце з натурай…

— Выконваючы працу на заказ, улічваю пажаданні па колеры, але не зраблю дакладна так, як хоча чалавек, зраблю, як уяўляю сам. Я ствараю сваё: кветкі, людзі, перажытыя мною падзеі. З натуры не пішу. Раней спрабаваў. Я выкарыстоўваю ўражанне, усё астатняе — мая выдумка.

— Вашы творы вельмі метафарычныя. Ці важна, каб глядач разгадаў, зразумеў ідэю?

— Мне прынцыпова, каб я змог раскрыць яе ў працы. Глядач усё роўна бачыць не тое, што паказвае аўтар, і гэта нармальна, бо погляд свежы. Я напісаў карціну, далей яна жыве асобным жыццём. У кожнай работы свой лёс, які залежыць і ад ідэі, і ад гісторыі стварэння, і нават ад месца сярод іншых твораў. Напрыклад, адну маю добрую карціну чамусьці на кожнай выстаўцы спрабуюць схаваць у куток.

— Ці абапіраліся калі-небудзь на творчасць іншых мастакоў?

— Канечне. У кожны перыяд творчасці былі свае фаварыты. Аднак па-ранейшаму мне вельмі па душы мастакі, якія працавалі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Шмат у чым я прытрымліваюся традыцый гэтага перыяду мастацтва. Мне падабаецца і тагачаснае стаўленне да творчасці, і сама форма мастацтва: яна для мяне абсалютна арганічная. Вельмі люблю постімпрэсіяністаў. Наогул, важна глядзець на арыгінальныя карціны, таму што часам рэпрадукцыі спараджаюць вялікае расчараванне.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.