Вы тут

У рэжым анлайн. Беларускія фільмы на інтэрнэт-пляцоўках


Сёння, калі ў свеце складаная эпідэміялагічная сітуацыя, многія сэрвісы ідуць карыстальнікам насустрач і прадастаўляюць свабодны доступ да вялікай колькасці інфармацыі і забаў. Некаторыя беларускія фільмы таксама з’яўляюцца анлайн, а таму прапануем вам падборку карцін, якія варта паглядзець.


Кадр з фільма «Балота Ельня»

Рэжысёрку Дар’ю Жук у нашай краіне ўжо мала хто не ведае. Некаторыя маладыя беларускія рэжысёры лічаць, што Дар’я намінацыяй свайго фільма «Хрусталь» на Оскар расчыніла акно ў Еўропу на сусветныя кінафестывалі. Калі «Хрусталь» для вас — ужо пройдзены этап, звярніце ўвагу на дыпломную кароткаметражную работу Дар’і «Сапраўдная амерыканка» (у інтэрнэце шукайце «The Real American»).

Фільм «Заўтра» — незалежная безбюджэтная карціна Юліі Шатун, высока ацэненая і прызнаная беларускай кінасуполкай. У гэтым фільме кожны зможа знайсці нешта знаёмае, з жыцця, і абыякавым пасля прагляду не застанецца.

«Summa» — прыгожая і па форме, і  па змесце гісторыя пра сяброўства пажылога польскага мастака Анджэя Струмілы і маладой беларускай мастачкі Марыі. Такім фільмам мы абавязаны майстру беларускай дакументалістыкі Андрэю Куцілу. На жаль, 9 красавіка герой фільма — мастак Анджэй Струміла — памёр. У памяць пра яго праваўладальнікі прынялі рашэнне выкласці фільм Summa ў адкрыты доступ.

Калі хочацца яшчэ дакументальнага кіно, то, думаем, наступны фільм вас таксама зацікавіць. 9 красавіка адбылася анлайн-прэм’ера прыгожага дакументальнага фільма «Балота Ельня», які быў створаны музычным YouТubeпраектам KURS:RA сумесна з камандай KROK FILMS. Дзіўнае месца Беларусі — балота Ельня — налічвае 9 тысяч гадоў. Яно займае 200 кв. км і служыць домам для 130 відаў птушак. Усё гэта гучыць уражліва, а выглядае яшчэ больш неверагодна.

Не можам не параіць жыццесцвярджальную дакументальную гісторыю віцебскай каманды невідушчых футбалістаў і іх трэнера. Рэжысёр Вольга Абрамчык пры падтрымцы тэлеканала «Настоящее время» зняла фільм «Трэнер. Гульня ў цемры» пра людзей, якія, старанна працуючы над сабой, перамагаюць абставіны і страхі, асвойваюць навык, знаходзячы ўпэўненасць у сабе, а затым пацвярджаюць статус чэмпіёнаў Беларусі па міні-футболе катэгорыі B1 (футбол у цемры). А ва ўсім гэтым ім дапамагае іх трэнер і сябар Алег Кірылаў.

Наступны фільм — з катэгорыі «Не для ўсіх». Не кожны глядач ацэніць шумную VHS-плёнку, праходкі, знятыя адным дублем і працягласцю пяць хвілін. Фільм «Сашына пекла» Мікіты Лаўрэцкага ўжо паказвалі на фестывалях у Гётэборгу, «Лістапад», ММКФ.

Кароткаметражны фільм Улады Сяньковай «From A Great Height» — змрочнае кіно ў халодных тонах на такую ж змрочную тэму: непрыманне і непрыняцце бежанцаў, людзей у складанай жыццёвай сітуацыі нікому не патрэбных.

Кадр з фільма «Заўтра»

Напрыканцы распавядзём пра фільм рэжысёра Максіма Шведа, які можна аднесці да катэгорыі «Падумаць». Фільм «І шчасце» — пра хлопчыка з аўтызмам. Думаем, пасля прагляду карціны кожны сам задасць сабе патрэбныя пытанні і  пастараецца на іх сумленна адказаць. Можа, з такіх размоў з сабой і пачынаюцца змены.

Максім Швед лічыць, што цяпер — час глядзець беларускае кіно, таму што яно блізкімі нам вобразамі можа расказаць гісторыі, якія дапамогуць даць адказы на злабадзённыя пытанні. Падтрымліваем Максіма і спадзяёмся, што вы ўжо шукаеце ў сетцы ўпадабаны беларускі фільм.

Наталля ВАВІЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.