Вы тут

Легенда Купалаўскага. Цікавыя факты з жыцця Генадзя Аўсяннікава


Народнаму артысту Беларусі і СССР Генадзю Аўсяннікаву — 85. Больш чым шэсць дзясяткаў гадоў ён іграе на сцэне Купалаўскага тэатра. Дакладней не іграе, а жыве. І таму яго вельмі любяць, таму ў свае гады акцёр па-ранейшаму запатрабаваны.


Пошукі выбару

Нарадзіўся Генадзь Сцяпанавіч у 1935 годзе на Магілёўшчыне. Калі яму было ўсяго некалькі месяцаў, памёр бацька. Скончыўшы сем класаў, хлопец паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум, а праз год забраў дакументы і падаўся ў  Рыгу ў мараходнае вучылішча. Але і там затрымаўся толькі на паўгода. Вярнуўся ў Бялынічы, дзе вырашыў давучыцца ў дзесяцігодцы. Школа ў райцэнтры славілася мастацкай самадзейнасцю і драмгуртком.

— У школе была настаўніца нямецкай мовы Мар’я Мікалаеўна Геда, якая кіравала драмгуртком, — успамінае Генадзь Аўсяннікаў. — Яна мяне нейкім чынам падштурхнула, падказала. А паколькі да таго часу я ўжо стаў знакамітым артыстам гарадскога пасёлка Бялынічы (мы з сябрам Шурам Тыліным былі і канферансье, і ва ўсіх святах удзельнічалі), вырашыў паспрабаваць — падацца ў Мінск. А чаму не? Раз усе кажуць, што таленавітыя, можа, і атрымаецца.

Студэнцтва

У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут Генадзь Сцяпанавіч паступіў у 1953 годзе без асаблівых складанасцей, нягледзячы на высокі конкурс. Даслаў дакументы, атрымаў выклік. Кансультацыю праводзіў вядомы акцёр Дзмітрый Арлоў. На экзаменах чытаў вершы, а потым атрымаў запрашэнне з’явіцца на заняткі. Генадзю Аўсяннікаву пашчасціла трапіць на курс легендарнага педагога, народнага артыста БССР, прафесара Канстанціна Саннікава, які адразу заўважыў харызму і здольнасці студэнта.

Студэнцкае сяброўства захоўваецца на ўсё жыццё. Дабро не забываецца. Дапамагалі адно аднаму ў цяжкіх сітуацыях. Калі Генадзь Аўсяннікаў стаў вядомым купалаўцам, ён разам з яшчэ некалькімі акцёрамі атрымаў добры пакой у велізарнай камунальнай кватэры ў цэнтры Мінска. А пазней аддаў яго сябру.

— У студэнцкія гады мы жылі ў адным пакоі інтэрната. Два комікі. Пастаянна разгадвалі крыжаванкі, — расказвае Генадзь Сцяпанавіч. — Я часам «тармазіў». Жэня Шабан ведаў больш. Ён лічыўся яшчэ і моднікам. У яго былі сваякі ў Вільні. Усё ж такі амаль замежжа. Перападалі ад радні добрыя пінжакі. Я іх потым за Жэнькам даношваў. Пакой аддаў і аддаў. Яму больш патрэбна. У Мінску я быў свой, меў шмат сяброў, а ён прыехаў з Віцебска. Яму трэба было яшчэ ўваходзіць у тэатральнае асяроддзе.

Купалаўскі

У 1957-м акцёр скончыў інстытут і быў прыняты ў Купалаўскі тэатр. Разам з ім у найлепшую трупу краіны былі залічаны Віктар Тарасаў, Галіна Талкачова і Марыя Захарэвіч (у будучыні ўсе народныя артысты Беларусі).

Зрэшты, на сцэну Купалаўскага Генадзь Сцяпанавіч выйшаў яшчэ студэнтам — у масоўцы легендарнага спектакля «Паўлінка». Пазней яго настаўнік Канстанцін Саннікаў увёў у свой спектакль «Канстанцін Заслонаў».

Акцёр і ролі

Слава і прызнанне прыйшлі да акцёра не адразу: шмат гадоў яму давялося адольваць «школу масавых сцэн». Кожны вечар выходзіў на сцэну, быў Легенда Купалаўскага Цікавыя факты з жыцця Генадзя Аўсяннікава заняты амаль ва ўсіх спектаклях. Да яго з павагай ставіліся калегі, любілі гледачы, ён атрымліваў падзякі, прэміі ад адміністрацыі тэатра, яго адзначалі крытыкі як цікавага і абаяльнага майстра эпізоду. Персанаж Аўсяннікава ў  спектаклі «Яшчэ раз пра каханне» па п’есе Эдварда Радзінскага быў бліскучы і запамінальны. Важнай на той перыяд стала роля Джыпа ў спектаклі «Што той салдат, што гэты» Бертольта Брэхта. Роля зусім маленькая, але акцёр праявіў вынаходлівасць, фантазію, што ў  выніку ўвасобілася ў вобразе жорсткага і бяздушнага персанажа. Шмат гадоў гэты спектакль не сыходзіў са сцэны, у ім мяняліся выканаўцы, але ролю Джыпа нязменна іграў Генадзь Аўсяннікаў, пастаянна напаўняючы яе новымі дэталямі.

У Купалаўскім Аўсяннікаў выканаў дзясяткі разнастайных роляў.

— Тэатр — жывое мастацтва. Калі я  прымушу вас нават не паплакаць, а хаця б затуманю вочы, значыць, нешта адбылося, мэта дасягнута, — упэўнены акцёр. — Але так, каб на працягу ўсёй п’есы людзі перажывалі разам з героямі, плакалі і смяяліся, самі адчуваючы сябе на сцэне, бывае вельмі рэдка. Для мяне такія спектаклі — «Трыбунал» і «Страсці па Аўдзею». Там у фінале расстрэльваюць усю сям’ю. Як можна стрымаць слёзы? Пасля дудараўскага «Вечара» да мяне падышла адна жанчына: «Дзякуй вам. Я  адразу пабегла бацькам тэлефанаваць». І я яе разумею: там фінальны маналог вельмі моцна чапляе.

Розныя амплуа

Працу ў тэатры акцёр сумяшчаў з працай на тэлебачанні, у студыі радыётэатра, у тэлевізійных пастаноўках. Імя Генадзя Аўсяннікава добра ведаюць і аматары кіно. Ён здымаўся ў такіх вядомых кінастужках, як «Доўгія вёрсты вайны», «Апошняе лета дзяцінства», «Полымя», «Дунечка» і іншых. Яго голас ведаюць нават дзеці: у дзіцячых перадачах Аўсяннікаў выконваў ролю... гарохавага супу. Таксама ён агучваў мультфільмы, сярод апошніх — «Зімоўе звяроў», «Як Несцерка небыліцы расказваў», «Прыгоды Несцеркі».

— Радыё — мой другі дом. Там у мяне было шмат роляў. Нават крокі Леніна агучваў. Імкліва так прайшоў, а Павел Сцяпанавіч Малчанаў голасам Уладзіміра Ільіча: «Таварышы!..» У іншым спектаклі я іграў каменны вугаль, а  Станюта — рыдлёўку. І ўсіх п’яных сантэхнікаў іграў. Але былі і сур’ёзныя работы.

У 1970-я і 1980-я гады беларускае тэлебачанне часта выпускала тэлефільмы і тэлеспектаклі. Аўсяннікаў нярэдка стаў з’яўляцца на экране. Ён зняўся ў 84 кінафільмах, але наўрад ці яго запомнілі як кінаакцёра. А  шкада. Ніхто не раскручваў тады таленавітага, самабытнага, ні на кога не падобнага тэатральнага артыста, як у свой час гэта рабілі з  І.  Смактуноўскім, А. Далем, А. Барысавым, А.  Басілашвілі і дзясяткамі іншых.

У Генадзя Сцяпанавіча не было ніякага жадання рабіць кар’еру. Прасіць не ўмеў. Задавольваўся тым, што прапаноўвалі. Для некаторых артыстаў зорны час надыходзіць рана і  гэтак жа хутка канчаецца.

Макаёнкавец

Асоба Генадзя Аўсяннікава заўсёды трапляла ў рэзананс з яго сцэнічнымі героямі. Здавалася, што роля напісана драматургам толькі для яго. Больш за ўсё хадзіла легенд пра тое, што выключна для яго пісаў п’есы Андрэй Макаёнак.

Артысту часта казалі: «Пачакай, твой час прыйдзе». І ён прыйшоў разам з п’есамі Андрэя Макаёнка.

Усё пачалося з Цярэшкі Калабка ў  «Трыбунале», гэткага роднага брата знакамітага Васіля Цёркіна. Асаблівасць таленту Макаёнка і Аўсяннікава  — уменне ўспамінаць аб трагічным не толькі са смуткам, але і з гумарам — сакавітым, здаровым, народным. Аўсяннікаў агучыў, ачалавечыў, ажывіў найлепшыя літаратурныя вобразы, напісаныя Андрэем Макаёнкам. Ён зрабіў Калабка нацыянальным героем. Потым іграў мудрага дзеда Цыбульку ў «Таблетцы пад язык».

— З Макаёнкам мне, вядома, пашанцавала, — расказвае артыст. — Што праўда, то праўда: усе яркія ролі ў яго п’есах былі мае. Але наконт шанцавання — гэта яшчэ як паглядзець. А можа, так і павінна было здарыцца. Беларускіх мужыкоў, натуру народную, я  ж  па-сапраўднаму люблю. А ў Макаёнка быццам бы за звычайнымі дыялогамі — такія характары: з крывёю, з мясам! Казалі, што Макаёнак пісаў пад маю творчую індывідуальнасць. Але я не думаю, што, сядаючы за стол, ён казаў сабе: «Ану дай напішу п’есу гэтаму акцёру». Хоць я сыграў ва ўсіх, акрамя першай і апошняй. Менавіта ў створаных Андрэем Ягоравічам характарах ёсць нешта адэкватнае маёй творчай індывідуальнасці. Мне так здаецца. Таму і кажуць пра мяне часам: «Ён нейкі макаёнкаўскі». І я ганаруся гэтым.

Калі Андрэй Макаёнак узяўся пісаць сваю самую складаную філасофскую п’есу «Святая прастата», ён, ствараючы біблейскага старца, разлічваў на артыста Аўсяннікава. Так за параўнальна кароткі час хітраваты брыгадзір Калабок набыў мудрасць усёведнага вясковага дзеда Цыбулькі і ператварыўся ў Старца, які вырашыў, што ён прэзідэнт. Простае сялянскае ўменне паразважаць пра грошы і ўладу прайшло праз усе тры п’есы і тры спектаклі. Іх пастаноўшчык рэжысёр Валерый Раеўскі называў артыста трагікомікам і сцвярджаў, што Аўсяннікаў заўсёды суаўтар.

«Шляхціц Завальня»

Так артыст прыйшоў да свайго монаспектакля «Шляхціц Завальня». Рэжысёр Уладзімір Савіцкі ўбачыў у простых гісторыях Яна Баршчэўскага мудры сэнс і ўгаварыў Аўсяннікава сыграць спектакль. Лепшую кандыдатуру знайсці было цяжка. Асоба з яркім беларускім характарам. Твары герояў Аўсяннікава заўсёды прыгожыя і чыстыя. Праўда, іх азарае асаблівая хітраватая загадкавая ўсмешка, як прыкмета менавіта гэтага артыста. Па-навуковаму гэта называецца дарам натуральнасці і прыроднай арганічнасці. А па-жыццёваму можна зразумець так: артыст прымае на сябе нашу аддачу, стомленасць, страхі, няшчасці, памылкі, веру. Пражывае іх на сцэне, прапускае праз сябе і вяртае ў выглядзе радасці і надзеі.

У спектаклі ўсё супала ў дзіўнай прастаце: змест, выкананне, афармленне. Некалькі плеценых кошыкаў са збожжам. Свечкі. Апавядальнік па-гаспадарску правярае тое, што вырашчана і намалочана. Ураджай у засеках. Прыйшоў час зімовага адпачынку ад сялянскіх клопатаў. А значыць, будуць вяселлі, ігрышчы, апавяданні, песні. Спакой, моц, упэўненасць чалавека, якога прадстаўляе гледачу Аўсяннікаў, найлепшым чынам падмацоўваецца выкананнем народных песень этна-трыа «Троіца». Голас Івана Кірчука становіцца на імгненне голасам і сутнасцю Генадзя Сцяпанавіча. Збожжа пускае парасткі і карані. Парасткі бачныя. Карані адчуваюцца. Простыя сімфанічныя формы сялянскага побыту, гарлавы спеў, тэксты з гумарам. Магутная беларуская глеба прарастае пад сонцам таленту.

Юбілейны год

Генадзь Сцяпанавіч заўсёды жартуе, за кулісамі раздае пацалункі дзяўчатам, а калі нават злуецца, то так, што не страшна. На кожнае пытанне пра тэатр, спектаклі, гастролі ў яго ёсць свая байка. Што і казаць, апошні з магікан, ён заспеў усіх вядучых артыстаў першага пакалення купалаўцаў: Глебава, Платонава, Рахленку... Галоўнае — ні пра кога ніколі не сказаў дрэннага: ні тады, яшчэ ў савецкія часы, калі гэта віталася на парткамах і мастацкіх саветах, ні цяпер, у статусе двойчы народнага артыста. Сёння акцёр прызнаецца, што не адчувае ўзросту. Дае сабе максімум 79. У Генадзя Аўсяннікава неверагоднае пачуццё гумару. З ім побач усім лёгка. Зараз акцёр заняты ў пастаноўцы «спектакля без слоў» пра Марка Шагала, прэм’ера якога адбудзецца ў хуткім часе.


Дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка пра Генадзя Аўсяннікава:

— У кожнай краіны і кожнай нацыі ёсць постаці, якія з’яўляюцца арыенцірамі для руху наперад. Немагчыма сабе ўявіць беларускую культуру без Асобы Генадзя Аўсяннікава.

Служэнне мастацтву Генадзя Аўсяннікава — фактычна эпохастваральная з’ява ў  развіцці тэатральнай школы Беларусі. Яго творчасць — гэта «залаты фонд беларускай нацыі», ён зорка на Алімпе беларускай культуры, якая асвятляе шлях іншым у майстэрства.

Калісьці сказаў шаноўнаму Генадзю Сцяпанавічу, што шмат у чым ён нагадвае мне майго бацьку: мовай, рукамі, позіркам, сівізной... І гэтае адчуванне не пакідае мяне, а толькі ўзрастае падчас, на жаль, кароткіх, але ж гутарак.

Мне пашчасціла яшчэ і таму, што Генадзя Сцяпанавіча ведаю не толькі як Майстра, але і як чалавека па-за кулісамі, у якім сканцэнтраваны годнасць і ўнутраная прыгажосць.

Генадзь Аўсяннікаў — чалавек-з’ява, не толькі сцэнічная, але і, што нашмат важней, Чалавек з вялікай літары

Вікторыя АСКЕРА

Фота з архіва Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра Янкі Купалы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».