Вы тут

Сакрэты паспяховых вучняў


За час самаізаляцыі многім бацькам давялося паспрабаваць сябе ў ролі настаўнікаў, а магчыма, і зразумець, як даецца вучоба іх сынам і дочкам. Толькі не трэба наракаць, што дзіця не любіць, не хоча, не ўмее вучыцца, — самы час разабрацца, што не так з нашымі дзеткамі, а можа, з намі самімі.


Няпраўда, што дзеці не любяць вучыцца. Хто з нуля, ад нараджэння, засвойвае мову? Хто засыпае нас бясконцымі «чаму?», «што?» ды «як?». Хто назірае, капіруе, эксперыментуе? Да 10—12 гадоў у дзяцей ідзе фарміраванне левага паўшар'я мозга, якое адказвае за пазнавальныя здольнасці. І мы, дарослыя, павінны ведаць, як задаволіць патрэбы малога ў пазнанні свету.

Радасць адкрыццяў

Паспяховасць нашых сыноў і дочак можа сапраўды залежаць ад таго, што мы самі ў іх уклалі, прычым нават у вельмі далікатным узросце. Пры падрыхтоўцы да школы сёння многія бацькі стараюцца навучыць дзяцей чытаць і лічыць, але забываюцца пра самае галоўнае: паказаць дзіцяці, што вучыцца — гэта ЦІКАВА!

Падкажыце маленькаму чалавечку, як здабываць веды. Не пакідайце без увагі ніводнага яго «чаму?». Пакажыце, што на многія пытанні можна знайсці адказы ў кніжках ці інтэрнэце. Назірайце за раслінамі і жывёламі. Самі засыпайце дзіця пытаннямі. Навошта дзьмухаўцу парашуцікі? Чаму муха пацірае лапкі? Ці любяць прусакі агуркі? Чаму ў павука восем ног, а ў жука шэсць? Няхай малы выдае розныя версіі. Не абавязкова яны будуць правільныя. Галоўнае — ён вучыцца шукаць адказы, разважаць.

Не забывайце падаграваць гэты інтарэс да ведаў і надалей. Цікаўцеся, пра што новае сёння дзіця даведалася ў школе. Прызнайцеся, што вы, напрыклад, не ведалі, якая птушка першая вяртаецца з выраю. Здзіўляйцеся адкрыццям. Вось вы ў свае 30—40 гадоў першы раз чуеце, што некаторыя матылькі нічога не ядуць, бо ў іх няма рота і ім хапае таго, што яны наелі, пакуль былі вусенямі. Такі маленькі вучань, а ўжо столькі ведае!

Вучым вучыцца

Дзіця не можа запомніць нейкі вершык, замежныя словы, правілы? Прычын таму многа. Напрыклад, вучню пэўная інфармацыя нецікавая. Трэба пашукаць новыя падыходы, як яе падаць. Згадайце, як вы запомнілі колеры сонечнага спектра (мала хто не ведае прыём з паляўнічым і фазанам) альбо правіла пра бісектрысу (ну, там, дзе пацук бегае па вуглах і дзеліць іх напалову). Некалі настаўніца англійскай мовы навучыла мяне адрозніваць англійскія займеннікі: she (яна — ШЫшка) і he (ён — Хіповы хлопец). Цяпер з малым вучым англійскі алфавіт — дамовіліся, як не блытаць b і d: першая літарка — «пузатая».

Наш мозг працуе так, што інфармацыя, якая яму незразумелая, не замацоўваецца. Разбярыце ў вершыку невядомыя словы. Паспрабуйце ўявіць малюнак, пахі, эмоцыі, якія выклікае тэкст, — і вучыць вершык ці пісаць пераказ стане куды прасцей. І не забывайцеся на простае правіла «паўтарэнне — маці вучэння»: без гэтага ўжо ў першы дзень можна забыць 50—70 працэнтаў таго, што вывучалі. Нездарма прыдуманы хатнія заданні — іх лёгка рабіць, пакуль памятаеш свежанькія правілы. Псіхолагі рэкамендуюць прытрымлівацца такой схемы для паўтарэння: праз 20 хвілін — праз 2 гадзіны — праз дзень — праз тры дні — праз тыдзень. Тады інфармацыя захаваецца надоўга.

Важна не перабраць з часам заняткаў. Калі чалавек стаміўся, інфармацыя не будзе ўспрымацца. Максімальны час, які дзіця можа эфектыўна займацца пэўным відам дзейнасці, — 15—20 хвілін (а малыя і таго менш — каля пяці): далей трэба пераключыцца на іншы занятак. Ад цэлай гадзіны чытання будзе менш карысці, чым калі малы пачытае вам 2-3 разы на дзень па пяць хвілін. Лепш займацца менш, але часцей.

Як палюбіць чытанне?

Няпраўда, што раней дзеці больш чыталі. У любыя часы былі вучні, якія абажаюць чытво, і дзеці, якіх за кнігу не загнаць. Палюбіць малы чытанне або не, таксама залежыць ад бацькоў. Для большасці тых, хто толькі вучыцца злучаць склады, разбіраць словы, гэты працэс можа здацца складанай працай. Але ёсць пэўныя прыёмчыкі, як яго зрабіць больш лёгкім і прыемным. Займайцеся разам: мама чытае, а малы сочыць — вядзе па тэксце пальчыкам. Час ад часу рабіце паўзы і прапануйце яму асіліць асобныя словы. Дайце дзіцяці прачытаць першае слова ў сказе, пасля разам прачытайце першае і другое, далей ужо тры словы... і так пакуль не адужае ўвесь сказ.

Навучанне здасца лягчэйшым, калі працаваць з вядомымі дзіцяці казкамі (ці тэкстам, які напярэдадні прачыталі яму бацькі). Можаце папрасіць малога, каб падлічыў усе прадметы ці персанажаў, пакуль вы чытаеце гісторыю.

Добра трэніравацца на вершах — юны чытач зможа адгадваць рыфмаваныя радкі. І не забывайцеся пра казку на ноч. Яе, дарэчы, важна яшчэ ўмець прачытаць. Я, напрыклад, мяняю голас на рэпліцы кожнага персанажа — румзаю разам з пакрыўджаным зайкам, падлашчваюся з лісіцай-хітрыцай, муркочу з катком — залатым лабком, часам каментую паводзіны герояў, магу пакпіць з іх. Альбо мы разам з маім маленькім слухачом рагочам са звяроў, якіх напалохаў кот. І ўсё гэта для таго, каб дзіця не лічыла, што кніжкі — сумна і нудна. А можна ж яшчэ спыняцца на самым цікавым месцы, каб малы з нецярпеннем чакаў працягу! І не забудзьцеся запісаць дзіця ў бібліятэку — няхай яно само выбірае кніжкі, якія яго цікавяць. Дваіх маіх старэйшых дзяцей «падсадзілі» на чытанне менавіта бібліятэкары — усё ж умеюць яны падсунуць кожнаму маленькаму наведвальніку менавіта такую кніжку, ад якой малога пасля не адарваць.

Можна таксама абмеркаваць казку, паспрабаваць апісаць герояў, прыдумаць працяг ці новых персанажаў. Уменне ўяўляць сюжэт і герояў спатрэбіцца ў далейшым не толькі на ўроках чытання, але і на занятках па пісьме і матэматыцы. Дзіця павінна навучыцца працаваць з інфармацыяй, разумець тэкст, які чытае, уяўляць колькасць прадметаў ці ўмову задачы.

І не казкамі адзінымі можна займаць дзяцей. Сёння столькі шыкоўнай дзіцячай літаратуры! Ёсць энцыклапедыі, адаптаваныя нават пад самых маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Пакажыце ім, што чытанне — гэта ключык у вялікі захапляльны свет.

І будзьце гатовыя да сюрпрызаў. Вам толькі здаецца, што заняткі не даюць ніякіх вынікаў, — дзіця абавязкова возьме наступную вышыню. Проста ў прыродзе развіццё можа адбывацца скачкамі.

Адзінае — каб вы самі не перашкаджалі. Страх (напрыклад, што бацькі будуць злавацца ці што на наступны дзень настаўнік можа выклікаць да дошкі) таксама можа блакіраваць памяць. Не рабіце акцэнты на тым, што ў дзіцяці нешта не атрымліваецца. Наадварот — вядзіце дзённік поспеху. Можа, яно сёння напісала літаркі, раўнейшыя, чым учора, змагло рашыць больш задачак, разгадала складаны рэбус, яго пахваліў настаўнік? Дзяліцеся гэтымі поспехамі з усімі блізкімі. У дзіцяці, якое паверыць у свае магчымасці, будзе мяняцца стаўленне да вучобы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.