Вы тут

Як дапамагчы сіротам... і не нашкодзіць


Тата Арцёма сышоў з сям'і, калі той яшчэ не хадзіў у школу. Мама засталася адна падымаць двух сыноў у камунальнай кватэры. Жылі вельмі цяжка. Калі Арцёму споўнілася 13, мама памерла. Хлопчык застаўся сіратой. Бабуля з дзядулем аформілі апеку, каб падлетка не забралі ў школу-інтэрнат. Арцём лічыць сябе шчасліўчыкам, бо яму ўдалося застацца ў сям'і, ён усведамляў і цаніў тое, што рабілі для яго родныя. Сёння ў мужчыны моцная сям'я: любімая жонка і пяцёра дзяцей. Аднаго са сваіх сыноў ён усынавіў восем гадоў таму.

Але гэта не адзінае дзіця, якому мужчына дапамог. Арцём ГАЛАВІЙ стварыў установу па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот «Ніткі сяброўства». Арганізацыя шукае для дзяцей, у якіх амаль не засталося шанцаў знайсці сям'ю, дарослых сяброў, што могуць і хочуць дапамагчы малым адаптавацца да жыцця ў «вялікім свеце», ды проста падтрымаць іх у цяжкія хвіліны. У нашай краіне такое сяброўства называецца патранатным выхаваннем. Дарослы чалавек з'яўляецца ў жыцці дзіцяці не раптам — яго рыхтуюць псіхолагі «Нітак сяброўства». З дзіцем знаёміцца чалавек ужо падрыхтаваны, які не перадумае сябраваць праз пэўны час, сутыкнуўшыся з цяжкасцямі і болем малога.


— Гісторыя стварэння арганізацыі моцна звязана з маім лёсам,— гаворыць Арцём. — Я вучыўся ў сувораўскім вучылішчы і ўжо тады зразумеў, наколькі важна мець дарослага чалавека, якому давяраеш, мець блізкія адносіны. Адразу пасля смерці мамы да мяне падышла яе сяброўка Вера і сказала, што мы, а гэта я і мой старэйшы брат, ёй неабыякавыя і што ў любы момант магу да яе звярнуцца ці проста прыехаць у госці. Я тады не надаў значэння гэтым словам, але ведаў, што такая магчымасць ёсць. У вучылішчы ж сутыкнуўся з сур'ёзным пачуццём адзіноты: бачыў, як да хлопцаў прыязджалі бацькі, якія падтрымлівалі сваіх дзяцей, падказвалі, што рабіць у пэўны момант, абаранялі, калі гэта было неабходна.

Мне таксама хацелася мець такіх людзей побач. Я стаў прыязджаць у госці да Веры. У яе была свая сям'я: муж і дзеці. У іх я ўбачыў і адчуў, што магчыма мець цёплыя адносіны ў сям'і. Памятаю, як вырашыў, што ў мяне будзе таксама свая добрая і моцная сям'я, марыў пра гэта і тады ўжо пачаў рыхтавацца: стараўся вучыцца, каб потым больш зарабляць, займаўся спортам, каб быць фізічна моцным, каб жонка адчувала сябе пад маёй абаронай... Са мной побач былі бабуля з дзядулем і Вера, якая падтрымлівала мяне ў маім рашэнні, накіроўвала ў патрэбным напрамку. Я і сапраўды ўдала ажаніўся.

У мяне нарадзіліся дзве дачкі, калі я вырашыў далучыцца да валанцёраў падчас нейкай акцыі. Памятаю, як мы набылі шмат кіндэр-сюрпрызаў дзецям-сіротам і нават пральную машыну для школы-інтэрната і паехалі. Мы выдатна правялі час: пазнаёміліся з хлопцамі і дзяўчатамі, пагулялі — усё было добра. Мяне пераклініла, калі мы ехалі назад у Мінск. Я зразумеў, што мог быць на іх месцы. Да мяне б прыехалі валанцёры на дзве гадзіны і потым зніклі з жыцця назаўсёды...

Дзеці пасля нашага ад'езду зноў вярнуліся да свайго дзетдомаўскага жыцця, да ўнутраных правілаў з іх праблемамі і радасцямі — яны нават не ўяўляюць, што іх чакае па-за сценамі гэтага часовага дома. Я ўспомніў, з якімі цяжкасцямі сутыкнуўся сам, як мне было адзінока... Згадаў Веру. Тады да мяне прыйшло ўсведамленне, што прыязджаць да дзяцей трэба не толькі падчас акцый, неабходна быць з імі побач, сябраваць і падтрымліваць рэгулярна, як гэта рабіла Вера. У хуткім часе я патрапіў у Кіеўскую школу, дзе займаліся тым, што рыхтавалі сяброў для сірот. Я працаваў з псіхолагамі і трэнерамі некалькі дзён. Яны змянілі маё жыццё. У Мінск прыехаў ужо з намерам стварыць пэўную каманду, якая будзе дапамагаць дзецям шукаць такіх сяброў.

— А навошта вучыць дарослых сябраваць? Ці магчыма ўвогуле кантраляваць такое сяброўства?

— З неразуменнем мы сутыкнуліся адразу. Людзі, якія займаюцца праблемамі сірот у нашай дзяржаве, сказалі, што больш за ўсё праблем у выпускнікоў школ-інтэрнатаў — з адаптацыяй у грамадстве, і настойліва прапанавалі нам займацца выпускнікамі. Мы па сутнасці гэта і рабілі, але ўбачылі, што многія праблемы можна было прадухіліць, калі б дзіця было меншае. Мы даведаліся, што шанцаў знайсці сям'ю больш у дзяцей да пяці гадоў. У разы скарачаецца гэтая магчымасць у тых, каму больш за пяць. Калі дзіцяці споўнілася дзесяць, то шанцаў амаль няма.

Мы вырашылі шукаць блізкіх дарослых тым, каму ад 10 да 15 гадоў. Гэта той узрост, калі дзіця яшчэ гатова слухаць дарослых. Вельмі доўга адстойвалі магчымасць працаваць з дзецьмі гэтага ўзросту ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама. Нас падтрымалі, але не адразу. Нам прыйшлося шмат папрацаваць у гэтым кірунку, што таксама правільна, бо людзі, адказныя за сірот, вельмі добра разумеюць: на коне жыццё чалавека, а не цацкі. Мы вывучылі заканадаўства і зразумелі, што такое сяброўства паміж пасталеўшымі дзецьмі і дарослымі называецца ў краіне патранатным выхаваннем.

— У адным з інтэрв'ю вы казалі, што сапраўдным сябрам, які прынясе карысць для сіраты, можа стаць толькі псіхалагічна моцны чалавек...

— Дзіця, якое аказалася ў інтэрнатнай установе, нягледзячы на  ўзрост, атрымала сур'ёзную псіхалагічную траўму, таму нясе ў сабе пэўны згустак праблем, цяжкасцяў, перажыванняў і болю. І менавіта з гэтым сутыкаецца чалавек, калі блізка знаёміцца з сіратой. Дарослы павінен быць псіхалагічна моцным, каб дапамагчы з усім гэтым справіцца дзіцяці і самому пры гэтым застацца «пры сваім розуме». Такі чалавек павінен своечасова і правільна зрэагаваць на тыя выклікі, з якімі ён сутыкнецца, размаўляючы з дзіцем. Тая жанчына, якая стала маім сябрам у дзяцінстве, не праходзіла ніякіх курсаў, але яна была моцная асоба, яе рэакцыі на мае паводзіны былі правільныя.

Любое няправільнае слова або дзеянне ў адносінах да сіраты могуць быць вельмі шкодныя, дзіця можа перастаць давяраць людзям і назаўсёды зачыніцца ад грамадства. Дарослы павінен трымаць у сваёй галаве мэту, з якой ён адважыўся дапамагчы дзіцяці. Гэты шлях не без перашкод. Калі ўсё атрымліваецца, то такія дзеці потым вельмі шануюць свайго сябра, бо разумеюць, што ён, нягледзячы на ўсе цяжкасці, не развярнуўся і не сышоў, а працягвае сябраваць.

Трэба разумець, што не кожны дарослы гатовы трываць, напрыклад, хлусню і крадзеж ад дзіцяці, якому вырашыў дапамагаць. А дзеці ў гэтым жывуць, гэта іх жыццё, і наша задача паказаць, што можна інакш. Вельмі цяжка малому растлумачыць, што дарослы не справіўся, перадумаў з ім сябраваць. Чалавек павінен быць моцны і ўпэўнены ў сваім рашэнні. Я веру, што кожнае дзіця ўнікальнае ў сваіх магчымасцях і намерах, і калі дапамагчы, раскрыць яго, то свет можа атрымаць такіх людзей, як Стыў Джобс, Како Шанэль ды ўвогуле проста добрага чалавека.

— Як адбываецца пошук і падрыхтоўка патранатных выхавальнікаў для дзяцей?

— Мы расказваем аб гэтым у сацыяльных сетках, ладзім розныя мерапрыемствы, каб людзі звярнулі ўвагу на праблемы дзяцей. У нас былі такія праекты, як «Каманда мары», калі мы запрашалі знакамітых людзей, якія маюць пэўны аўтарытэт у грамадстве, разам з дзецьмі-сіротамі сыграць у футбол. Тлумачылі, для чаго гэта робім. Нам вельмі важна прыцягнуць для выхавання хлопчыкаў мужчын, якія маглі б праз свой асабісты прыклад і сяброўства з дзіцем дапамагчы яму паверыць у свае сілы і натхніцца.

Дзякуючы гэтаму праекту каля сарака дзяцей з 11 да 16 гадоў знайшлі дарослых-сяброў, настаўнікаў. Былі і іншыя праекты, такія, як «Дружная кухня» для дзяцей і дарослых, якія любяць гатаваць ежу, «Кіламетры ніцяў сяброўства» — у ім удзельнічалі выхаванцы школ-інтэрнатаў і іх сябры, яны бегаюць доўгія дыстанцыі, каб прыцягнуць увагу людзей, якія хочуць дапамагчы дзецям. Пасля такіх праектаў да нас прыходзіць больш людзей, чым звычайна, каб даведацца аб законных і правільных магчымасцях дапамагчы сіраце.

— Ну вось прыцягнулі вы ўвагу, да вас прыйшлі людзі, і што далей?

— Спачатку мы праводзім інфармацыйную гадзіну. На яе звычайна прыходзяць чалавек 20. На зразумелай для людзей мове гаворым, як можна дапамагчы дзецям на самай справе. Расказваем аб тым, што ў ідэале дзяцей у школе-інтэрнаце не павінна быць, але калі няма магчымасці забраць дзіця назаўсёды, то можна паспрабаваць пасябраваць з адным дзіцем. Праўда, пасля нашай інфармацыйнай гадзіны, людзі адэкватна ацэньваюць свае рэсурсы і працэнтаў 40 сыходзяць увогуле.

З тымі, хто застаўся, пачынае працаваць псіхолаг — індывідуальна. Пасля гэтага некаторыя таксама сыходзяць. І толькі пасля работы з псіхолагам мы пачынаем рыхтаваць людзей, вучым адэкватна рэагаваць на паводзіны дзіцяці, тлумачым, як можна дапамагчы малому «стаць на ногі». Застаюцца толькі цвёрдыя ў сваім рашэнні, хто разумее, што жыццё дзіцяці — не жарт. Усіх дарослых мы потым суправаджаем, дапамагаем вырашаць праблемы з дзіцем, падтрымліваем псіхалагічна...

— А як жа дзеці? Яны могуць выбіраць дарослага?

— Так, у нас ёсць магчымасць мець зносіны з дзецьмі і падбіраць такім чынам для іх дарослых сяброў. Мы супрацоўнічаем з кіраўніцтвам школ-інтэрнатаў, і яны раяць нам дзяцей. І, вядома, мы прыслухоўваемся. Ведаем гісторыю дзіцяці, яго асаблівасці і слабасці. Дзіця можа пажадаць сябраваць з сямейнай парай, мужчынам ці жанчынай. Тое самае і пра патэнцыйнага выхавальніка. Псіхолагі дапамагаюць супаставіць інфармацыю пра дзіця і магчымасць канкрэтнага дарослага дапамагчы яму. Мы падбіраем іх так, каб у дарослага і дзіцяці былі агульныя інтарэсы і падобны тэмперамент. Многія дзеці, у якіх з'яўляецца сябар, нават паступаюць ва ўніверсітэты, а гэта для іх ужо вялікае дасягненне. Для іх увогуле дасягненне — проста захацець вучыцца.

— Ці бывае, што людзі праз пэўны час такога сяброўства вырашаюць спыніць зносіны з дзіцем?

— Я памятаю толькі адзін выпадак. Гэта была жанчына, якая пераязджала ў іншы горад і павінна была ў хуткім часе нарадзіць. Яна ацаніла ўласныя рэсурсы і сумленна расказала аб гэтым свайму падапечнаму. Яны не спынілі зносіны цалкам, жанчына падтрымлівала хлопца, праўда, не так актыўна, як гэта было напачатку... Але трагічных выпадкаў у нас няма. Людзі, якія рашаюцца пасябраваць з дзіцем, разумеюць, з якімі праблемамі сутыкнуцца, і гатовы да гэтага. Яны ўсведамляюць, што дапамагчы сіраце можна толькі сваёй увагай і асабістым прыкладам, а не кіндэр-сюрпрызам.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Кожнаму дзіцяці патрэбен свой дарослы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.