Вы тут

Яблычкі ад яблынькі...


У нашай сям'і ёсць гісторыя, якая з павучальных ператварылася ў смешную. Упершыню я пачула яе ад свякрухі. Мы разглядалі старыя фатаграфіі, і яна мне расказвала, як цяжка было гадаваць дзяцей адной... Аднойчы яна паслала майго мужа Сашу — тады дзесяцігадовага хлопчыка — па смятану, якую прадавалі на разліў. У яго быў выдатны настрой, ён хутка дабег да крамы, набыў смятаны, паклаў яе ў авоську і з прыскокам пабег назад. Каб было яшчэ весялей, стаў раскручваць авоську са слоікам «сонейкам».


Але здарылася неспадзяванае для дзіцяці і, у прынцыпе, відавочнае для дарослых. Слоік выслізнуў з авоські і гучна грукнуўся аб асфальт. Сашка ўспамінаў, як спрабаваў выратаваць смятану, якая па-здрадніцку расплывалася... Ён старанна сабраў рэшткі і склаў у авоську. Дадому ён ішоў як на кару, з жахам раз-пораз паглядваючы на сетку, з якой працягвала капаць смятана. Мама яго, вядома ж, сварылася — ёй было не да смеху.

У смешную гэта гісторыя ператварылася з-за нашай старэйшай дачкі Аляксандры. Ёй было каля 9 гадоў, калі мы ўпершыню знялі «пад дачу» домік у вёсцы. Паслала я яе па курыныя яйкі. Набыўшы іх, Аляксандра таксама шчаслівая бегла дадому, але сустрэла па дарозе пацешнага маленькага сабачку. Яна нічога лепш не прыдумала, як адбівацца ад шчанюка яйкамі. Ім абодвум было весела. Сцяміла дачка, што нарабіла, толькі пасля таго, як з пакета ўжо капала, а шчанюк з задавальненнем аблізваўся. Тады я не ведала, што рабіць,
ці то смяяцца, ці то сварыцца на дачку за глупства. З мужам жа ўвечары жартавалі: маўляў, яблык ад яблынькі недалёка падае.

А днямі знаёмая мне паабяцала прывезці з Расіі «ікееўскія» талеркі. Калі, нарэшце, прыбыў мой заказ, я паслала адзінаццацігадовага сына Мішу па доўгачаканы посуд — знаёмая жыла недалёка, у суседнім доме. Праз дзесяць хвілін мой мабільнік разываўся ад паведамленняў. Мне тэлефанавалі суседзі, а хтосьці нават здымаў на фота, як мой сын вязе талеркі. Міша склаў восем талерак у тоненькі пакет і павесіў яго на руль ровара. Хлопчык ён суровы, па тратуары ездзіць не прывык, таму абраў сабе шлях па купінах. Суседзі мае, гаспадынькі чуллівыя, якія выпадкова назіралі за гэтай карцінай, хапаліся за сэрца кожны раз, калі пакецік з грукатам гахаў аб раму ровара. Я ў жаху чакала сына.

— Вось твае талеркі, — закрычаў ён з парога.

Я падбегла, выхапіла пакет і стала разглядаць кожную талерку. Ні трэшчынкі! З палёгкай уздыхнула, але сыну прачытала лекцыю аб адказнасці.

— Цётка Каця сказала, што на наступным тыдні кубкі прывязуць, але я па іх ужо не пайду, — пакрыўджана сказаў Мішка.

— Мама, мама, а можна я схаджу? — умяшалася дзевяцігадовая Ульяна.

— І я, і я, і я з ёй! — пралепятала чатырохгадовая Малання.

Я паглядзела на дзяўчынак з лёгкім пачуццём трывогі за свае кубачкі.

— Разам пойдзем, — сказала ўслых упэўнена, разумеючы, што ад асінкі не народзяцца апельсінкі, і разлічваць на іншае, як паказвае досвед, не прыходзіцца.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?