Вы тут

Усё больш фільмаў «Дау» можна ўбачыць на адмысловай інтэрнэт-платформе


Хачу нагадаць, што на сайце скандальнага праекта «Дау» адзін за адным з'яўляюцца створаныя ў сусвеце рэжысёра Ільі Хржаноўскага фільмы — розныя гісторыі, розныя героі, розныя ступені збянтэжанасці ад прагляду. Убачыць іх можна на платформе dau.com за тры долары кожны. Першыя былі выкладзены карціны «Дау. Наташа» і «Дау. Дэгенерацыя», што паказваліся на сёлетнім Берлінскім кінафестывалі, дзе «Дау. Наташа» да таго ж узяла «Сярэбранага мядзведзя» за аператарскую работу. Увогуле ж праект мае складацца з шаснаццаці фільмаў, некалькіх серыялаў і ўсяго, што застанецца ад сямісот знятых у Інстытуце гадзін матэрыялу. Пасля Берлінале мы ўжо расказвалі пра шакіруючую «Наташу», але нельга абмінуць увагай яшчэ адно рэзананснае дасягненне аўтараў — «Дау. Дэгенерацыя».


Гэта менавіта той фільм, у якім неанацыст Максім Марцінкевіч па мянушцы Цясак у сталоўцы на вачах у іншых дзеячаў Інстытута забівае свінню. Напраўду, нажом, нечакана. І менавіта той фільм, які Генеральная пракуратура Украіны правярае на прадмет гвалту над дзецьмі. У праціўнікаў Хржаноўскага і «Дау» невядома дзеля чаго забітая жывёла і ўдзел у здымках немаўлят сталі аднымі з галоўных прэтэнзій, а праект, трэба сказаць, выклікаў безліч прэтэнзій і дыскусій наконт апраўданасці метадаў, якімі тут стваралася кіно.

«Дау» здымаўся ў быццам узноўленай савецкай таталітарнай сістэме — у Харкаве быў узведзены так званы Інстытут, куды людзі запрашаліся без дакладнага сцэнарыя проста жыць. Мяркуецца, што адпаведная атмасфера прымушала іх размаўляць, дзейнічаць і адчуваць сябе так, а не інакш, з чаго ткалася ўнікальная тканіна «Дау» — абсалютна новая, нябачная дагэтуль эстэтыка.

Паводле сюжэта Інстытут знаходзіцца ў Маскве; у ім робяцца даследаванні і праводзяцца эксперыменты, у тым ліку над чалавекам; галоўнай асобай тут з'яўляецца геніяльны вучоны Дау — прататыпам яго быў Леў Ландау, — якога іграе славуты дырыжор Тэадор Курэнтзіс. Існуе Інстытут с 1938 да 1968 года, і шасцігадзінная «Дау. Дэгенерацыя» якраз расказвае пра яго апошнія тыдні ці, можа быць, месяцы.

Сярод створаных праектам «Дау» карцін, калі не глядзець іх усе, цалкам можна выбраць нешта на свой густ — калі «Наташа» проста-такі кроватачыць таталітарнай сістэмай, гвалтам і безвыходнасцю, то, напрыклад, «Тры дні» можна лічыць камедыяй, канешне, невідавочнай, у якой у госці да Дау прыязджае яго каханне маладосці, а з Крыма раптам вяртаецца жонка Нора.

«Дэгенерацыя» — відаць, адзін з найцяжэйшых фільмаў праекта, усё пра тую ж жорсткасць і бесчалавечнасць сістэмы, якія вымалёўваюцца перакрыжаваннем самых розных сцэн у самых розных лакацыях з самымі рознымі персанажамі. Экскурсіі ў Інстытут і да неактыўнага ўжо Дау, размовы і харасмент у кабінеце дырэктара, алкаголь і весялосць у буфеце, допыты ў мясцовым аддзяленні КДБ, каханне, секс і кухонныя вячоркі — усё гэта пад назвай «Дэгенерацыя» паказвае дажыванне Інстытута аж да самай яго ліквідацыі, што дзякуючы спосабу ліквідацыі стане для гледача асобным відовішчам.

У «Дэгенерацыі» ў Інстытуце адбываецца змена ўлады, і новым дырэктарам замест сладастраснага Аляксея Трыфанава становіцца Уладзімір Ажыпа — той самы, які здзяйсняў жорсткі допыт галоўнай гераіні ў «Дау. Наташа», што таксама выклікала абвінавачванні ў гвалце (яго не было). У Ажыпа мы бачым аднекуль знаёмы непрыемны тып знешне ветлівага і спакойнага чалавека, які ў сваім кабінеце раздае «таталітарныя» загады. Разам з ім у Інстытуце з'яўляецца група пэўным чынам настроеных спартсменаў на чале з Цесаком, што становіцца пачаткам канца.

Дарэчы, апроч Ажыпа ў «Дэгенерацыі» ёсць яшчэ адзін знаёмы па «Наташы» персанаж — Вольга, якая там была буфетчыцай, а тут з'яўляецца жонкай вучонага, прычым яго сапраўднай жонкай: Вольга Шкабарня і Дзмітрый Каледзін пазнаёміліся на здымачнай пляцоўцы і пажаніліся.

Дык вось, хоць нам і даводзіцца з сапраўднай агідай глядзець на тое, што адбываецца ў Інстытуце, — «Дау» ў выкліканні агіды надзвычай паспяховы — назва фільма не ўспрымаецца адназначна. Можна падумаць, што спакушэнне сакратарак, п'яныя гульні ў даміно на раздзяванне, вар'яцтва навуковых супрацоўнікаў і ёсць дэгенерацыя, але ў момант, калі з Інстытутам адбываюцца сур'ёзныя змены, узнікае пытанне, яны гэтае выраджэнне выправяць альбо справакуюць. Альбо дэгенерацыя папросту татальная. І галоўнае — ці мае прапанаванае відовішча нейкае дачыненне да сучаснасці.

Усё гэта — шэсць гадзін выпрабавання і адначасова ашаламляльнай мовы кіно, з якой можна, па-першае, атрымаць дагэтуль незнаёмы досвед прагляду, а па-другое, блізка падабрацца да чалавека і нашага мінулага. Тры долары за білет.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Шэсць гадзін з жыцця Інстытута

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?