Вы тут

Пра сімптомы пнеўманіі і работу інфекцыйных кабінетаў у паліклініках


У апошнія месяцы работа паліклінік істотна змянілася, што звязана з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. У прыватнасці, пацыенты з прастуднымі сімптомамі і тэмпературай цяпер не прыходзяць да ўчастковага ўрача, а накіроўваюцца праз асобны ўваход у інфекцыйны кабінет. Пра тое, як арганізавана яго работа, як выяўляюць пнеўманію і якія сімптомы яна мае, каму неабходна шпіталізацыя, а таксама пра адсутнасць страху заразіцца, расказала ўрач-інфекцыяніст 31-й гарадской паліклінікі Мінска Аліна САЧУК.


— Як апошнім часам змянілася работа інфекцыйнага кабінета?

— Цяпер ён прымае пацыентаў з тэмпературай. Нават калі яна не вельмі высокая ці проста ёсць сімптомы прастуды — закладзенасць носа, насмарк, болі ў горле, — такія людзі павінны звяртацца да ўрача, мінуючы асноўны паток пацыентаў — з асобнага ўваходу. Прыём вядзецца без амбулаторных картак, толькі з пашпартам. Гэта зроблена, каб абмежаваць рух па паліклініцы людзей з сімптомамі рэспіраторных інфекцый. Кабінет працуе з невялікімі перапынкамі (на 15 хвілін) для кварцавання. Таксама ёсць гадзіна перапынку паміж зменамі, калі ідзе прыборка.

Аглядамі, заборамі мазкоў у хворых на каранавірусную інфекцыю, якія лечацца дома, займаюцца выязныя брыгады. Цяпер у нас штодзень ездзяць тры такія брыгады — у розны час па зменах. Асобна вылучаецца брыгада для забору крыві на тэсціраванне. На сёння мы маем экспрэс-тэсты, гэта паскарае працэс атрымання выніку — у лабараторыі такі тэст выконваецца за некалькі хвілін.

— Куды звяртаюцца людзі з пнеўманіяй?

— У паліклініцы ў першую чаргу — у інфекцыйны кабінет. Калі праводзяцца агляд і рэнтгенаўскі здымак, выяўляецца пнеўманія і пры гэтым ёсць крытэрыі для шпіталізацыі, якія ў нас дакладна прапісаны, пацыент накіроўваецца ў стацыянар. Хворы можа і адмовіцца ад шпіталізацыі, у такім выпадку ён застаецца лячыцца дома. Тады мазок на каранавірусную інфекцыю бяруць спецыялісты інфекцыйнага кабінета.

— Каму неабходна шпіталізацыя?

— Як правіла, людзям старэйшага ўзросту, пацыентам, якія маюць спадарожныя захворванні, што могуць абцяжарыць цячэнне не толькі каранавіруснай інфекцыі, а і любой пнеўманіі. Здараюцца такія нетыповыя сітуацыі, калі пнеўманія працякае без яркай клінічнай карціны, у прыватнасці, без тэмпературы. У такім выпадку мы ўсё роўна бяром мазок на COVІD-19.

— Якія сімптомы ў пнеўманіі?

— Гэта тэмпература, прычым не заўсёды яна вельмі высокая — здараецца, працяглы час трымаецца каля 37 градусаў. Бывае і 37,5, 38, 39. Часам пацыенты скардзяцца, што доўга хварэлі, лячыліся самі, але стан не паляпшаецца, наадварот, становіцца горшы, непакоіць кашаль. Можа быць боль у баках — абодвух ці адным, пачуццё сцягнутасці, штосьці перашкаджае дыхаць. У асноўным, канешне, гэта павышаная тэмпература і кашаль.

— Колькі чалавек за змену цяпер даводзіцца прымаць?

— Бывае па-рознаму, заўсёды больш людзей пасля выхадных. У апошнія дні стала крыху менш зваротаў. Самы пік па захваральнасці ў нас звычайна ў лютым, сакавіку і пачатку красавіка. У гэты час шмат прастуд, грыпу і, адпаведна, пнеўманій — розных. Мы прымаем да 30—40 чалавек у адну ўрачэбную змену. З надыходам цяпла сітуацыя паляпшаецца. Але каля 20 пацыентаў за змену звяртаецца.

— На што ўплывае надыход цяпла?

— Менш становіцца прастудных захворванняў, бо людзі менш пераахалоджваюцца. Летам людзі нячаста хварэюць, бо пачынаецца сезон садавіны і агародніны, мы атрымліваем шмат вітамінаў, у тым ліку вітамін Д дзякуючы вялікай колькасці сонца. Арганізм іх назапашвае, і наш імунітэт становіцца мацнейшы. Вясной тыя запасы, якія мы атрымалі за лета і восень, заканчваюцца, мы пачынаем больш хварэць. Але не трэба забываць, што рэспіраторныя інфекцыі цыркулююць круглы год, гэтак жа як і грып. Дарэчы, ёсць меркаванне, што і каранавірусная інфекцыя не знікне, а стане адным з такіх сезонных рэспіраторных захворванняў. Таму ў любы час года варта максімальна сябе абараняць, у прыватнасці, ад грыпу — з дапамогай вакцыны. Гэта адзін з фактараў, здольных прадухіліць пнеўманію.

— Інфекцыяністы першыя сутыкнуліся з COVІD-19...

— У студзені—лютым усе мы толькі чулі пра яго. Першымі выпадкамі былі замежныя студэнты, якія прыязджалі з канікул, нашы студэнты, якія вучацца за мяжой, людзі, якія ездзяць за мяжу. У той час было да канца незразумела, як сябе ахоўваць. Сёння мы ведаем, што на прыёме пальчатак, маскі і экрана будзе дастаткова. А спачатку мы сапраўды не разумелі: гэта інфекцыя кшталту ліхаманкі Эбола з Афрыкі і варта надзяваць касцюм, ці ўсё ж не? Да таго ж пацыент, на жаль, не заўсёды паведамляе ўрачу поўную інфармацыю, у тым ліку пра тое, якія краіны наведваў. У гэтым заўсёды пытанне.

— Няўжо ў паліклініцы інфекцыяністу не патрэбна поўная ахова?

— Сапраўды, цяпер у нас не такая поўная экіпіроўка, якая яна можа быць. Цалкам абмундзіраванне выкарыстоўваюць выязныя брыгады. Зноў-такі, у стацыянарах у медперсаналу ахоўныя касцюмы. Мы не ў такім цесным кантакце з пацыентам і не аказваем такую дапамогу, як работнікі рэанімацыі, таму ў нас крыху іншыя правілы. Але ўсё роўна гэта ахоўны халат, маска або рэспіратар, экран ці акуляры.

— Ці быў страх заразіцца?

— Асабіста ў мяне — не. Я скончыла медыцынскі ўніверсітэт чатыры з паловай гады таму, інтэрнатуру праходзіла на базе мінскай інфекцыйнай бальніцы, дзе атрымала карысны вопыт. Пасля гэтага працую інфекцыяністам у паліклініцы. Страху не было ніколі — ні падчас інтэрнатуры, ні падчас работы ў паліклініцы.

Да таго ж ёсць куды больш небяспечныя інфекцыі, якія могуць наносіць істотную шкоду арганізму і нашмат хутчэй распаўсюджваюцца, маюць і большую лятальнасць, і вышэйшы працэнт ускладненняў. Зразумела, што каранавірусная інфекцыя да канца не вывучана, мы яшчэ шмат пра яе даведаемся. Але пакуль відавочна, што лятальнасць не настолькі высокая, як у такіх небяспечных хвароб, як чума ці халера.

— Апошнім часам здаецца, што многія з нас расслабіліся і перасталі насіць маскі нават у тым жа грамадскім транспарце. Дзе трэба насіць маску?

— Там, дзе шмат людзей. Канешне, у першую чаргу гэта грамадскі транспарт. У ім я параіла б і пальчаткі — гэта дадатковая ахова, бо мы нават не звяртаем увагу, як дакранаемся да свайго твару. Тут маска і пальчаткі маюць сэнс. Тое самае можна сказаць і пра магазіны. Калі мы ў пальчатках бяром прадукты, да якіх да нас дакраналіся іншыя, гэта прафілактыка не толькі каранавіруса, але і тых інфекцый, якія могуць перадавацца аналагічным шляхам. Надзяваць маску неабходна, калі хварэе хтосьці ў сям'і. Гэта важна найперш для таго, хто хварэе, калі ён наведвае памяшканні агульнага карыстання. Маска надзяваецца, каб абараніць сваіх блізкіх. На вуліцы, калі вы ідзяце не ў кампаніі, яна, канешне, не трэба.

— Ці патрэбна маска, калі ідзеш у паліклініку?

— Магчыма, у гэтым і ёсць сэнс. Нягледзячы на тое, што патокі пацыентаў максімальна размяжоўваюць, людзі могуць не заўважыць аб'яву, пайсці не туды — такое, на жаль, здараецца. Калі ёсць магчымасць, трэба захоўваць дыстанцыю, гэта таксама важная мера прафілактыкі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Да ўрача — з асобнага ўваходу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.