Вы тут

Пашырэнне цi ўшчыльненне? Як стварыць камфортнае асяродзе ў гарадах


Такiм пытаннем задаюцца многiя ўрбанiсты, разважаючы, як палепшыць жыллёвае асяроддзе i пры гэтым дапамагчы гораду захаваць цi набыць сучаснае, прыгожае i зялёнае аблiчча. Праект «Зялёныя гарады» распрацоўвае планы зялёнага горадабудаўнiцтва i ўстойлiвага развiцця праз трансфармацыю iснуючай забудовы ў цэнтрах гарадоў i рэалiзацыю праектаў па энергаэфектыўнасцi. Рэгiянальныя дакументы па ўстойлiвай гарадской мабiльнасцi былi распрацаваны для Полацка i Наваполацка, а таксама iншых беларускiх гарадоў, якiя пажадалi далучыцца да праекта. А ў Брэсце ўвогуле залажылi iдэi зялёнага горадабудаўнiцтва ў генеральны план развiцця.


Паўднёвая сталiца Беларусi

Павышэнне эфектыўнасцi выкарыстання тэрытарыяльных рэсурсаў, комплекснае развiццё асяродка жыццядзейнасцi, транспарт, гарманiчнае развiццё архiтэктуры i рацыянальнае выкарыстанне спадчыны. Усё гэта — асноўныя кiрункi горадабудаўнiчай палiтыкi Брэста згодна з канцэпцыяй «Стратэгiя прасторавага развiцця Брэста — 2050».

Генеральны план Брэста 2019 года — гэта трансфармацыя генплана 2003-га, калi былi распрацаваны планы развiцця ўсiх абласных гарадоў краiны. У 2012-м планавалася iх карэкцiраваць, аднак нiводзiн з дакументаў не зацвердзiлi, бо ўсе яны выходзiлi за межы горада i закраналi сельскагаспадарчыя землi. Менавiта гэта выратавала гарады ад празмернага пашырэння i вывела на шлях тэндэнцый еўрапейскага i сусветнага горадабудаўнiцтва, якое арыентуецца на кампактныя гарады.

У стратэгii прасторавага развiцця вызначылi дзесяць стратэгiчных вектараў. Кампактны горад: Брэст i прыгарад. Зялёны каркас воднага дыяметра. Гарадская мабiльнасць: транспартныя перасадачныя вузлы. Грамадскiя прасторы. Жылыя раёны: перабудаванне iснуючых i стварэнне новых. Гiстарычны цэнтр: цытадэль i гiсторыка-культурныя каштоўнасцi. Зона росту (тэхнапарк). Гарадская забудова: дамiнанта i сiлуэт горада. Гарадскi асяродак: дыферэнцыяцыя, любiмыя мясцiны, унiверсальны i экалагiчны дызайн, рэклама. Iнтэграваны горад: канцэпцыя сiмбiя-сiцi.

— Горад цяпер напалову пакрыты дэталёвымi планамi, — расказвае Мiкалай УЛАСЮК, галоўны архiтэктар Брэста, начальнiк упраўлення архiтэктуры i горадабудаўнiцтва Брэсцкага гарвыканкама. — Нам удалося распрацаваць i канцэпцыю прасторавага развiцця паралельна з генпланам горада, i канцэпцыю сiмбiя-сiцi, створаную сумесна з праектам «Зялёныя гарады», якая датычыцца тэмы паспяховага кiравання горадам, яго рэсурсамi. У дэталёвым плане гiстарычнага цэнтра, зацверджаным летась, мы ўпершыню змаглi абазначыць стратэгiю развiцця цэнтральнай часткi горада для трох яго частак: крэпасць, сам цэнтр i тэрыторыя эспланады, якая мела стратэгiчнае значэнне i не забудоўвалася, а сёння трансфармуецца ў грамадскую зону.

Сядзiбы супраць «шматкватэрнiкаў»

Кожны праект па ўшчыльненнi забудовы выносiцца на грамадскае абмеркаванне, у жыхароў пытаюцца, якiм яны хочуць бачыць горад. Высветлiлася, што не ўсе гатовыя да такога пытання.

У горадзе больш за 5000 чалавек аддае перавагу прыватным сядзiбам, а не шматкватэрнай забудове. Аднак участкi прадаюцца толькi з аукцыёну. А праекты прыгараднай зоны пад таўн-хаусы распрацоўваюцца па-за межамi Брэста.

— У прыярытэце комплексная забудоўля. Калi будавалi Заходнi абход да 1000-годдзя горада, збудавалi для перасяленцаў вулiцу Высокаўскую. Ва ўсiх былi празрыстыя агароджы, якiя цяпер «адзяваюць» у глухi металапрофiль. Гэта менталiтэт нашых людзей: iм далi добрую архiтэктуру, а ў галовах жыхароў пакуль зусiм iншы вобраз, — кажа архiтэктар.

Разам з тым падчас ушчыльнення ўзнiкае мноства акалiчнасцяў, i нечым неабходна ахвяраваць, заўважае Мiкалай Уласюк:

— Усе гарадскiя рэсурсы накшталт транспарту, ЖКГ, энергетыкi, архiтэктуры маюць свае ведамствы i падпарадкоўваюцца iм, пры гэтым часта канфлiктуюць. Вырашаючы адну задачу, не вырашаем iншую. Напрыклад, для рэалiзацыi праекта рэканструкцыi цепласеткi на адной з цэнтральных вулiц неабходна спiлаваць каля сарака 40-гадовых лiп. Што важней — падключыць людзям бесперабойную энергасiстэму цi высечы цэлую вулiцу дрэў? I гэта пастаянны канфлiкт.

Яшчэ адзiн прыклад — праспект у цэнтральнай частцы Брэста, дзе ўвесь час здараюцца аварыi. Каб зменшыць iх колькасць, ДАI прапануе паставiць турнiкетныя агароджы, закрыць пешаходныя пераходы, што вядуць ад прыпынку да царквы, i зрабiць дадатковую паласу павароту за кошт зялёнай зоны. Такiм чынам, з аднаго боку, ДАI вырашае важную задачу бяспекi, а з другога — пагаршаецца пешаходная даступнасць цэнтра горада i памяншаецца азеляненне тэрыторыi. Даводзiцца шукаць кампрамiс, зыходзячы з прыярытэтаў улады i сiстэм жыццезабеспячэння горада.

— У гарвыканкаме была створана рабочая група са спецыялiстаў розных кiрункаў: водазабеспячэння, гарадской мабiльнасцi, энергii i клiмату, адходаў, ландшафту. Кожная група выдала свае прапановы. Многiя рэчы былi занадта рэвалюцыйныя, i горадабудаўнiкi не адважылiся агучыць iх у генплане. Аднак яны засталiся ў стратэгii на будучыню, — дадаў спецыялiст.

Рэцэпт гарадскога аблiчча

Каб мець добрую транспартную даступнасць загараднай забудовы, прапануецца сiстэма гарадской мабiльнасцi з транспартна-перасадачнымi вузламi. Магчыма таксама рэалiзацыя iдэi зялёнага каркаса горада, каб паркi развiвалiся не iзалявана, а як частка цэлага.

— У горадзе iснуюць тры колы, адно з якiх, малое, мае веласцежкi i месцы для прабежак, знаходзiцца ў цэнтральнай частцы (набярэжная, гарадскi сад, бульвар Касманаўтаў, крэпасць, парк, вулiца Мiцкевiча). Сярэдняе складаецца з фартоў i фрагментаў фартыфiкацыi, якiя разглядаюцца як патэнцыйныя паркi i рэкрэацыйныя зоны ў жылых раёнах, — расказаў Мiкалай Уласюк. — Трэцяе кола, знешняе, што iдзе вакол Паўночнага абходу Брэста, фактычна трэба проста захаваць. Праз колы праходзiць водна-зялёны дыяметр ракi Мухавец, якая яднае гэтыя зялёныя калiдоры.

Брэндам горада можа стаць iдэя «Брэст — зялёныя вароты ў Беларусь» або «Брэст — паўднёвая сталiца Беларусi». Горад знаходзiцца ў шостай зоне, як Адэса, Кракаў, Прага, i гэты патэнцыял можна i трэба выкарыстоўваць.

— Ужо высаджаны алеі платанаў, цюльпанавых дрэў. На набярэжнай насадзiлi каля сотнi магнолiй. А сярод хвойных выбiралi пароды з доўгiмi iголкамi, каб стварыць уражанне, што ты ў Сочы, — пажартаваў архiтэктар. — Многiя рэцэпты вельмi падобныя для ўсiх савецкiх гарадоў. Аднак важна не забывацца на iх дух.

Пачалi праектаваць новыя дэталёвыя планы жылых раёнаў. У тэорыi застаецца пакуль iдэя стварэння новага жылога модуля, план якога быў распрацаваны яшчэ ў 2012-м. Аднак урбанiсты не трацяць надзею на яе рэалiзацыю.

— Гэта нешта накшталт сiстэмы ўзамен мiкрараёнаў. Тут квартальная забудова прадстаўлена разам з сацыяльнай структурай. Дамы-пяцiпавярховiкi — пераважна з падземнымi стаянкамi. Сiстэму энергаэфектыўнага жылога модуля мы таксама трымаем у галаве. Гэта цэлы квартал, а то i раён з арыентацыяй дамоў па баках свету, аднаўляльнымi крынiцамi энергii, экатранспартам, — падзялiўся планамi архiтэктар. — Цяпер мы працуем над грамадскiмi прасторамi. Удвая павялiчылi Набярэжную. Вулiца Пушкiнская стане пешаходнай. На месцы былога аўтавакзала хочам стварыць грамадскую тэрыторыю.

Iрына СIДАРОК

Фота аўтара

Прэв'ю: yandex.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».