Вы тут

На якiя мэты iдуць прэмii Магiлёўскага аблсавета за перамогу ў спаборнiцтвах сярод органаў мясцовага самакiравання


Знамянальна, што сёлета Кiраўскi раён зноў на лiдарскiх пазiцыях. Праўда, летась перамогу святкаваў Добасненскi сельсавет, а гэтым разам  — Скрыплiцкi. Разам з пераходзячым сцягам аблсавета дэпутатаў ён атрымаў 500 базавых велiчынь. Па 400 i 300 базавых адпаведна ўручылi старшыням Семукацкага сельсавета, што ў Магiлёўскiм раёне, i Мiхееўскага, што ў Дрыбiнскiм. Добрая падтрымка для руплiвых гаспадароў!


Перамога  — справа агульная

Старшыня Скрыплiцкага сельсавета Жанна Рышкевiч прызнаецца, што мiнулы год быў вельмi прадукцыйны. А ўлiчваючы, што i ў iншых раёнах працавалi з не меншым iмпэтам, было асаблiва прыемна трапiць у лiдары. Жанна Мiхайлаўна адзначае, што перамога  — гэта агульная заслуга, адзнака работы не толькi сельсавета, а ўсёй раённай улады, суб'ектаў гаспадарання i, вядома, насельнiцтва. Вельмi дапамаглi сельгасарганiзацыя «Нiва-Барсукi», якую ўзначальвае Iван Рыняк, i «Барчыцы-Агра» пад кiраўнiцтвам Уладзiмiра Ядчанкі. З iх удзелам былi праведзены вялiкiя работы па добраўпарадкаваннi населеных пунктаў, зносе 28 старых дамоў i ўцягваннi зямель у гаспадарчую дзейнасць. Барчыцкi ВПК «Дзiцячы сад — сярэдняя школа», якiм кiруе Святлана Акулiч, дапамог залажыць аж тры паркi ў аграгарадках Скрыплiца, Барчыцы i вёсцы Капусцiна. Удзельнiчалi i дзецi, i дарослыя. Настаўнiца школы i дэпутат сельсавета Алена Трушкiна праводзiла iнфармацыйную работу з насельнiцтвам, заклiкала наводзiць парадак на падворках. Актыўны ўдзел у добраўпарадкаваннi заўсёды бярэ скрыплiцкi яслi-сад, якi ўзначальвае Марына Чыкулаева.

Не засталося ўбаку аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту i iнвалiдаў, якое знаходзiцца ў вёсцы Хвайнiца. Дырэктар установы Анатоль Рышкевiч i яго калектыў дапамаглi наводзiць парадак у тамтэйшым парку. З удзелам старэйшыны вёскi Кацярыны Буднiцкай высаджвалi клёны i бярозкi на месцы знесенага дома.

Жыхары Скрыплiцы, Барчыц, Капусцiна, Глыбокавiч сабралi шмат грошай  — каля чатырох тысяч рублёў — на агароджы i спiлоўку аварыйных дрэў. Пад'ём энтузiязму назiраўся сярод жыхароў вёскi Капусцiна: калi сельсавет пачаў мяняць агароджу ўздоўж вулiцы, людзi самi без спецыяльнага запрашэння далучылiся да справы  — адны рамантавалi i фарбавалi свае старыя платы, другiя ставiлi новыя.

Барацьба з пажарамi i крадзяжамi

Пры падвядзеннi вынiкаў дзейнасцi сельсавета заўсёды ўлiчваецца паказчык па прафiлактыцы правапарушэнняў. Дык вось па Скрыплiцы летась iх стала менш на чатыры. Жанна Рышкевiч лiчыць, што гэта вынiк работы грамадскага пункта аховы правапарадку, якi дзейнiчае на базе сельвыканкама. Гэта цяпер каранавiрус перашкаджае праводзiць пасяджэннi, а летась яны адбывалiся як мiнiмум раз на месяц. Прапрацоўвалi нядобранадзейных грамадзян, схiльных да злачынстваў, прычым не фармальна. Напрыклад, сельсавет разам з участковым распрацаваў памяткi, як захаваць сваю маёмасць ад крадзяжоў, i распаўсюдзiў iх праз пошту i сацыяльную службу сярод пажылых людзей  — яны часцей за ўсё становяцца ахвярамi. Пазалетась былi праблемы з гвалтам у сем'ях. Тлумачальная работа, здаецца, дапамагла: летась такiх злачынстваў наогул не было. Аналагiчна працавалi над прадухiленнем пажараў. Летась быў толькi адзiн  — згарэла гаспадарчая пабудова. I назiральная камiсiя  — а яна ў раёне апошнiя чатыры гады ўваходзiць у тройку лiдараў  — цяпер больш дэталёва аглядае электраправодку i стан не толькi дамоў, але i гаспадарчых пабудоў i лазняў.

 — Мы шчыльна папрацавалi i па добраўпарадкаваннi, i па прафiлактыцы, i па пасадцы новых насаджэнняў,  — пералiчвае Жанна Рышкевiч.  — Раней эколагi папiкалi, што мы добра зносiм дрэвы i нiчога не саджаем наўзамен. Летась мы пасадзiлi каля 300 дрэў  — у парках, на ўчастках, дзе раней стаялi пустыя дамы. Работа вялiкая, i на ўсё патрэбны грошы. I дапамога ў выглядзе 500 базавых, якую мы атрымалi, вельмi дарэчы. Мы набылi бензакосы, новую бензапiлу, прычэп да аўтамабiля, купiлi аргтэхнiку i камп'ютар. Гэта дапаможа зрабiць работу сельсавета больш мабiльнай. Мы працуем з сiстэмай ЛАIС (лакальная аўтаматызаваная iнфармацыйная сiстэма.  — «МС».) органаў мясцовага кiравання i самакiравання першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню, робiм шмат аперацый, якiя звязаны з рэспублiканскай базай. Стары камп'ютар ужо не цягнуў той аб'ём iнфармацыi, якi нам патрэбны. I цяпер гэта праблема вырашана.

Грошы на развiццё

Дыплом II ступенi i ўзнагароду ў памеры 400 базавых велiчынь атрымаў Семукацкi сельсавет Магiлёўскага раёна пад старшынствам Тамары Укружскай. Мы ўжо неаднаразова пiсалi, як актыўна працуе тут насельнiцтва пад кiраўнiцтвам няўрымслiвай старшынi. Тамара Пятроўна кажа, што на пачатку 2019 года яна настройвала людзей на перамогу: казала, што, калi плённа папрацаваць, можна будзе атрымаць адчувальную дапамогу. Жыхары яе падтрымалi  — i мэта дасягнутая. За прэмiю ўжо куплены дзве каруселi для аграгарадкоў Семукачы i Вялiкiя Бялевiчы, набытыя прыгожыя кветачнiцы i шмат iншых неабходных рэчаў, на якiя раней не было грошай.

Па-гаспадарску распарадзiўся прэмiяй Вiктар Жук, якi ўзначальвае Мiхееўскi сельсавет дэпутатаў Дрыбiнскага раёна. Менавiта гэтаму сельсавету дасталiся трэцяе месца i ўзнагарода ў памеры 300 базавых велiчынь.

 — На абласным узроўнi сельсавет падняўся на такую высокую прыступку ўпершыню, хоць на раённым заўсёды быў калi не ў лiдарах, то ў прызёрах дакладна,  — кажа Вiктар Рыгоравiч.  — Гэтым разам пашчасцiла двойчы: першае месца на раёне i трэцяе на вобласцi. Грошы вельмi спатрэбяцца для вырашэння пытанняў па добраўпарадкаваннi i ўмацаваннi матэрыяльна-тэхнiчнай базы. У планах  — закупiць дадаткова пажарныя апавяшчальнiкi i сiлкаванне для iх, каб потым прапанаваць насельнiцтву для падмены. I трэба будзе заахвоцiць назiральную камiсiю за добрую прафiлактычную работу.

У асабiстым залiку

Сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання дыплом I ступенi, пераходзячы вымпел i ўзнагароду ў памеры 50 базавых велiчынь атрымала старшыня мiкразоны № 2 «Савецкая» з Крычава Валянцiна Бачкова. Дарэчы, мiкразона два гады таму заняла ў абласных спаборнiцтвах другое месца.

 — У нас быў вопыт, i мы працавалi на перамогу,  — кажа Валянцiна Мiкалаеўна.  — Летась мы вельмi шмат чаго зрабiлi. Добраўпарадкавалi дзiцячы сквер па вулiцы Савецкай, саджалi кветнiкi, праводзiлi суботнiкi, мянялi агароджу, арганiзоўвалi святы двара. Натуральна, усё гэта з дапамогай раённай улады, у прыватнасцi, райсавета дэпутатаў.

У планах на гэты год  — працягнуць работы па добраўпарадкаваннi тэрыторыi мiкразоны, правесцi касметычны рамонт дзiцячай пляцоўкi, зрабiць iнфармацыйныя матэрыялы, арганiзаваць для дзяцей летнiя мерапрыемствы. I ўзнагарода за леташнiя вынiкi вельмi дапаможа зрабiць гэта больш якасна i хутка.

Стараста вёскi Усполле Ходасаўскага сельсавета Мсцiслаўскага раёна Лiдзiя Iльянава, якая атрымала 40 базавых велiчынь за другое месца ў спаборнiцтвах, паведамiла, што пэўная сума пойдзе на набыццё бензапiлы для сельсавета, яшчэ частку грошай плануецца пусцiць на выраб металiчнай альтанкi ў вясковым парку.

 — Гэта вельмi прыгожае месца, i там часта гуляюць дзецi  — будзем ствараць для iх умовы,  — расказала Лiдзiя Нiчыпараўна.  — Нашы жыхары заўсёды з задавальненнем удзельнiчаюць у добрых справах, не шкадуюць грошай на добраўпарадкаванне вёскi. Цяпер вось акультурваем мясцовую крынiцу.

Дыплом III ступенi i 30 базавых велiчынь атрымаў за актыўную работу старэйшына дома № 12 па вулiцы Савецкай у Кiраўску Вiктар Каляснёў. Дарэчы, Вiктар Рыгоравiч на гэтай пасадзе ўжо 10 гадоў. Згадвае, што калi на сходзе выбiралi старэйшыну, нiхто не жадаў браць на сябе такую адказнасць. А вось ён сам сябе вылучыў  — пры ўмове, што яго будуць слухацца. I жыхары робяць гэта. У доме 60 кватэр, i амаль у кожнай гатовы падтрымаць свайго клапатлiвага лiдара. Летась, напрыклад, сабралi грошы i пафарбавалi ў пад'ездах вокны i падаконнiкi, адрамантавалi ў двары лаўкi, зрабiлi з дапамогай райвыканкама дзiцячую пляцоўку. Цяпер сабралi грошы, каб павялiчыць прыдамавую аўтапаркоўку. А вось за прызавы фонд Вiктар Рыгоравiч прапануе адрамантаваць сцены ў першым i пятым пад'ездах  — яны патрабуюць абнаўлення.

За палову крока ад перамогi былi Падсолтаўскi сельскi Савет дэпутатаў Мсцiслаўскага раёна (старшыня  — Аксана Лiсоўская), а таксама стараста вёсак Канцы i Малiнаўка Бацвiнаўскага сельсавета Крычаўскага раёна Галiна Краснова i стараста аграгарадка Андраны Ракшынскага сельсавета Мсцiслаўскага раёна Дзмiтрый Новiк. Iх работу па выкананнi летась паказчыкаў i ўмоў спаборнiцтва сярод органаў мясцовага самакiравання адзначылi падзячнымi лiстамi Магiлёўскага абласнога Савета дэпутатаў. Гэта таксама стымул, каб выйсцi ў лiдары.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота з архiва Скрыплiцкага сельсавета

Загаловак у газеце: Стымул для актыўных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.