Вы тут

Дзесяць дзён, якiя не змянiлi свет


Нататкi адпускнiка ў час пандэмii.


Першае, на што звяртаеш увагу ў вясковым адпачынку, — суцэльная цемра i пранiзлiвая цiшыня ўначы. Такое спалучэнне, здаецца, — самае што нi ёсць найлепшае для спакойнага моцнага сну. Але ж менавiта ад яго прывыкламу да iншага гараджанiну ў першую ноч зусiм не засынаецца. Доўга ўглядаешся ў тое месца, дзе ў хаце акно, — i нарэшце бачыш светлыя прамавугольнiкi шыбаў i фортак, якiя ў дзяцiнстве здавалiся нейкiм вялiзным тварам — лоб, вочы, шчокi... Прыслухоўваешся да цiшынi — i раптам чуеш, як нехта гучна гупае зверху аб падлогу, павольна i цяжка, моцна сапучы, пасоўваецца да твайго ложка (а гэта кошка саскочыла з шафы). Невыносна звонка цiкае гадзiннiк (маленькi будзiльнiк на серванце) — i ты не лянуешся, устаеш, iдзеш басанож па настылай падлозе, нясеш яго ў iншы пакой. Цiканне не змаўкае, але хоць становiцца цiшэйшым. Пад яго правальваешся ў сон, толькi ненадоўга — на свiтаннi, гадзiн у пяць, пачынае цiўкаць пад самымi вокнамi нейкая птушка, пранiзлiва-задзiрыста паўтараючы здзеклiва: «Спiцё? Спiцё? Спiцё?» А там i сонца пачынае бiць промнямi ў вокны, i ўжо немагчыма моцна заснуць, бо занадта вiдна...

Зрэшты, гэта толькi першую ноч. Пасля — вельмi хутка — прыходзiць адчуванне поўнага заспакаення i самае, напэўна, патрэбнае чалавеку веданне, якое гэта заспакаенне i нараджае: «Я — дома». Многiм з нас, якiя iнакш як у вандроўках па ўсiм свеце свой адпачынак i не ўяўлялi, а ў родных мясцiнах бывалi толькi на выхадныя, i то не заўжды, гэта веданне вярнула пандэмiя. Яшчэ адно пазiтыўнае адкрыццё сённяшнiх смутных часiн.

Пра пандэмiю ў вёсцы, канешне, чулi. Прыязджае ўжо ў пятнiцу вечарам цэлы натоўп мiнчукоў на дачы. Але казаць аб нейкiх там «масавых мерапрыемствах з удзелам вялiкай колькасцi людзей» не даводзiцца — усе корпаюцца на сваiх сядзiбах, робяць грады, ставяць парнiкi ды цяплiцы, спяшаюцца: сёлетнi халодны май збiў усе планы. Збiраецца народ толькi каля аўтакрамы, якая прыязджае ў вёску тройчы на тыдзень. Нярэдка са спазненнем — тут самы крайнi пункт у яе маршруце. Нядаўна дык i ўвогуле з'явiлася ледзь не на пяць гадзiн пазней. Людзей каля яе збiраецца даволi шмат, у чарзе некаторыя нават у масках, стараюцца вытрымлiваць дыстанцыю... Дыхтоўны будынак магазiна, якi адчынялi кожны год падчас дачнага сезона i якi прыносiў прыбытак значна большы, чым аўтакрама, сёлета стаiць зачынены. Нiбыта мясцовыя прадавачкi-пенсiянеркi адмовiлiся працаваць, i ў тым прычына. (Але ж, здаецца, гандлёвыя каледжы спраўна працуюць i выпускаюць маладых спецыялiстаў сотнямi. Няўжо нельга кагосьцi накiраваць папрацаваць летам у вясковую краму — найлепшая б практыка была. Чамусьцi гэта думка нiкому з раённых чыноўнiкаў у галаву не прыходзiць.)

Некаторым, каб не збiралiся нават каля крамы, прадукты прывозяць дзецi цi ўнукi з недалёкай сталiцы. Стараюцца берагчы старых: самi ў хату не заходзяць, пасядзяць з роднымi людзьмi на адлегласцi ў двары — а хочацца ж абняць мацi цi бацьку — ды паехалi назад. Праўда, у гэтых самых немаладых бацькоў паняцце бяспекi ў кожнага сваё. Адна бабуля акуратна працiрае антысептыкам усе прывезеныя прадукты перад тым, як паставiць у халадзiльнiк, з сынам i ўнукам гаворыць толькi па тэлефоне, з чужымi людзьмi — з глыбiнi двара. Iншая, толькi адправiўшы ў Мiнск дачку, якая нават з машыны выходзiла ў масцы, праз колькi хвiлiн ужо шыбуе да суседзяў-дачнiкаў, што таксама толькi сёння прыехалi з Мiнска з малымi дзецьмi. Падышла блiзенька, размаўляе даволi доўга, iдзе з маладой гаспадыняй участка глядзець градкi... Бачыла б дачка, як усе яе стараннi абаранiць ад заразы родных людзей зводзяцца на нiшто. Але ж хiба iм што давядзеш, гэтым нашым бабулям?

Але гэта так — выпадковыя назiраннi. Бо ўсё гэтай парой засяроджана на зямлi — ужо калi яна ў цябе ёсць i ты сюды прыехаў, трэба капаць, раўнаваць, садзiць, сеяць. Найлепшы, павiнна вам сказаць, рэлакс ад гарадской мiтуснi. Сёлета нават рашылi цяплiцу паставiць: сям'я вялiкая, часы зараз не самыя лёгкiя, хай будзе сваё. Нагадаваўшы расады на гарадскiх падваконнях, заказалi тую цяплiцу ў Мiнску з дастаўкай i мантажом. Дастаўка ехала роўна тыдзень. Мантажнiкi не з'явiлiся нi ў дагавораны дзень, нi назаўтра з ранiцы — праспалi. З'явiлiся блiжэй пад абед, прычым адзiн быў настолькi «стомлены» пасля ўчарашняга, што, пакалупаўшыся крыху ў рыштунку, праспаў увесь час у цяньку пад пiвонямi. Яго маладзейшы напарнiк адчуваў сябе няёмка, увесь час выбачаўся i, як вол, працаваў адзiн за дваiх (i трэба сказаць, добра працаваў). Што б я зрабiла ў Мiнску ў такой сiтуацыi? О, скандал быў бы знатны! А тут... Цяплiца стаiць? Стаiць. I, здаецца, надзейна. Дакументы падпiсалi, усё як паложана. Чаго хвалявацца, нервы рваць? Той жа, стомлены, нават пiвонi не памяў. Хай едуць людцы з богам. Тым больш — садзiць памiдоры ды перцы час. А калi на наступную ранiцу нi адно з пасаджаных калiў не будзе завялым — тут i найвялiкшая мне будзе радасць...

А як раскошна цвiтуць сёлета сады! А рапс за вёскай — жаўцюткая прастора аж да неба. (Можа, яны i кожны год так цвiтуць, але ж калi на тое можна было так спакойна, засяроджана, удумлiва паглядзець, ды яшчэ цягам некалькiх дзён.) I як хораша пачытаць дажджлiвым днём кнiжку — не на смартфоне i не памiж станцыямi метро, а звычайную, папяровую, уладкаваўшыся ва ўтульным, любiмым з дзяцiнстве крэсле. Я ўзяла з сабой сёмы том Караткевiча — той, дзе «Чорны замак...» i чытала запоем, нiбы першы раз, а ў печцы патрэсквалi дровы, кiдаючы аранжавыя водблiскi на старонкi... Амаль забытае адчуванне гармонii з сабой i з усiм навокал. Цi, калi хочаце, шчасце, якое вось так проста i незаўважна ахiне, i нiякая пандэмiя цi якая iншая навала менавiта ў гэта iмгненне яму не перашкода.

...У адной сацыяльнай рэкламе, якую часта круцяць па нашых каналах гучыць фраза: «Малая радзiма. Каб вярнуцца». Не зусiм так. Малая радзiма — каб быць. Самiм сабой, асаблiва калi вакол кажуць, што «свет ужо нiколi не будзе такi, як раней».

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.