Вы тут

Жыровіцы: сіла, слава, прыгажосць


У хрысціянскім свеце адзначаецца 550-годдзе з часу з’яўлення цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці, а таксама 500-годдзе заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра


Жыровіцкі манастыр з вышыні птушынага палёту

Калі ў каго яшчэ ёсць сумненні ў вялікай сіле веры, малітвы, узвышаных думак і пачуццяў — то можа прыклад Жыровіцаў, спалучаных з імі з’яваў, фенаменаў, лёсаў людскіх будзе карысным, каб неяк больш гарманічна ўладкаваць свой светапогляд. А на жыццёвым шляху, вядома ж, кожнаму даводзіцца час ад часу асэнсоўваць пройдзенае, вызначаць арыенціры на будучыню. Што прыўносім у гэты свет? Якое нашае месца ў ім? Ці ў суладдзі з рознымі сферамі велічнай светабудовы вібруе ўнутры нас часцінка неспасцігальнага Жыцця? Насельнікі Жыровіцкага манастыра шукаюць адказы на гэтыя ды многія іншыя пытанні. Шматлікіх паломнікаў з усяго свету прыцягваюць у нябачнае сілавое поле, якому больш за паўтысячы гадоў, беларускія Жыровіцы.

Цяпер гэта — прыгожы аграгарадок у Слонімскім раёне Гродзеншчыны. І вядома ж, ягонай сарцавінай, галоўнай часцінкай ад часу заснавання манастыра з’яўляецца ўнікальная нацыянальная хрысціянская святыня: невялічкая ікона Жыровіцкай Божай Маці, якую прызналі цудатворнай праваслаўная й каталіцкая канфесіі. У нашым часе абраз шануецца як у Беларусі, так і за яе межамі.

Са знакавымі датамі беларускай гісторыі суайчыннікаў павіншаваў Прэзідэнт. “Нерукатворны абраз Найсвяцейшай Багародзіцы на гранітным камені з’яўляецца адной з галоўных праваслаўных святынь Беларусі, ушанаваных ва ўсім хрысціянскім свеце,— гаворыцца ў віншавальным пасланні.— Усведамляючы важнае значэнне духоўнага складніка ў фармаванні традыцый беларускага народа і захаванні яго культурнай спадчыны, дзяржава аказвае ўсялякую падтрымку ў аднаўленні Жыровіцкай абіцелі. Нястомныя малітоўныя працы яе насельнікаў абуджаюць у людзях дабрыню і любоў, надзею і міласэрнасць, аб’ядноўваюць перад тварам любых выпрабаванняў”. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што й надалей манастыр будзе заставацца вядучым цэнтрам праваслаўнай асветы, будзе падтрымліваць нацыянальныя традыцыі талерантнасці й верацярпімасці, спрыяць умацаванню этнаканфесійнай згоды й стабільнасці ў грамадстве. Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх пачынаннях у імя высокіх ідэалаў хрысціянства ды працвітання беларускага народа.

Хоць, вядома ж, запланаваныя на 20 мая ўрачыстыя імпрэзы ў Жыровіцах скарэктаваныя былі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса, ды жыццё пад знакам Жыровіцкага юбілею прадаўжаецца. У прыватнасці, у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выйшла энцыклапедыя “Жыровічы: пад святым Пакровам”. Карэспандэнту БелТА ў выдавецтве расказалі, што ўкладальнікам выступіў Аляксандр Слесараў. А ў падрыхтоўцы багата ілюстраванай энцыклапедыі паўдзельнічалі кандыдаты багаслоўя, дактары царкоўнай гісторыі ды гістарычных навук, кандыдаты мастацтвазнаўства.

Жыровіцкая ікона Божай Маці. Фота KRAISM.BY

Асноўная мова кнігі, якая выйшла накладам 1000 асобнікаў,— беларуская. А самыя значныя артыкулы прадстаўлены ў каляровым прэзентацыйным афармленні на беларускай, рускай ды англійскай мовах. У кнізе 232 старонкі, каля 200 артыкулаў і больш за 200 фотаздымкаў. Амаль усе артыкулы, большасць з якіх друкуюцца ўпершыню, дапоўнены спісам выкарыстанай літаратуры, што мае вялікую каштоўнасць для будучых даследчыкаў гісторыі й сучаснасці Жыровіцаў.

Яшчэ адзін цікавы праект падрыхтаваны да 500‑годдзя Жыровіцкага манастыра. Нацыянальная бібліятэка Беларусі 20 мая адкрыла доступ да відэаархіву найноўшых даследаванняў, прысвечаных Жыровіцам і беларускай кніжнасці. “Мы да юбілею падрыхтавалі свой падарунак,— патлумачыў намеснік дырэктара НББ, культуролаг Алесь Суша.— Якраз 20 мая для ўсіх ахвочых адкрыты анлайн-доступ да відэаархіву. А гэта відэазапісы выступленняў айчынных і замежных навукоўцаў, іх прэзентацыі, даклады, фотадакументы ды іншыя матэрыялы, якія раскрываюць невядомыя раней старонкі нашай агульнай мінуўшчыны”.

Аснова відэаархіву — матэрыялы ХVІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія былі прысвечаны 500‑годдзю заснавання Жыровіцкага манастыра й бібліятэкі. Чытанні прайшлі, удакладняе Алесь Суша, 15 мая 2020 года ў фармаце відэаканферэнцыі ў рэжыме рэальнага часу з магчымасцю шырокай камунікацыі: “На партале бібліятэкі зарэгістравалася больш за 100 дакладчыкаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі ды Украіны. Навукоўцы даслалі каля 60 артыкулаў, яны ўвойдуць у зборнік матэрыялаў канферэнцыі”. Сімвалічна, што сёлета Кнігазнаўчыя чытанні прысвечаны былі 500‑годдзю заснавання Жыровіцкага манастыра й бібліятэкі. Як вядома, манастыры здаўна былі цэнтрамі культуры й кніжнасці: у іх перапісваліся й друкаваліся кнігі, ствараліся першыя бібліятэкі, школы. Алесь Суша дадае: цягам пяці стагоддзяў і ў Жыровіцкім манастыры ствараліся ды зберагаліся лепшыя ўзоры кніжнай, мастацкай, музычнай культуры нашага народа, інтэлектуальныя помнікі, дзейнічалі навучальныя ўстановы для свецкіх і духоўных асоб. Відэаархіў з часам будзе папаўняцца.

Каштоўны падарунак да свята зрабілі расіяне: Жыровіцкі манастыр атрымаў у дар новыя 12 званоў (вага найбольшага — 4200 кілаграм), адлітыя ў Расіі, а таксама часовую й будучую званіцу. Такім чынам Пасольства Расіі ў Беларусі адгукнулася на зварот намесніка Жыровіцкага манастыра архіепіскапа Навагрудскага й Слонімскага Гурыя, забяспечыла ажыццяўленне задумы ў гонар юбілею. Званы адлілі на варонежскім “Колокололитейном Заводе Анисимова” ў красавіку. На вялікім звоне адлітыя словы: “Попечением Президента Российской Федерации Владимира Владимировича Путина, Президента Республики Беларусь Александра Григорьевича Лукашенко”. Званы выраблены дзякуючы фінансавай падтрымцы банка ВТБ (Беларусь) і ўрадаў Наўгародскай і Варонежскай абласцей. Іх дастаўку ў Беларусь ажыццявіла кампанія “Гефест”, а выдаткі па будаўніцтве званіцы возьме на сябе Свярдлоўская вобласць.

На сайце Пасольства Расіі ў Беларусі адзначаецца, што святкаванне 500‑годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра мае асаблівае значэнне для Рускай праваслаўнай царквы, Беларускага экзархата і праваслаўных хрысціян усяго свету.

Іван Іванаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.