Вы тут

Пасля карнавалу. Што адбываецца ў Бразіліі?


Дырэктар праграмы СААЗ па надзвычайных сітуацыях у галіне аховы здароўя Майк Раян назваў Паўднёвую Амерыку «новым эпіцэнтрам» пандэміі каранавіруса, а Бразілію «найбольш пацярпелай краінай». Пры гэтым эксперт звярнуў асаблівую ўвагу на рэгіён Амазонія, дзе шчыльнасць заражэння і смяротнасць ад COVІD-19 з’яўляюцца найвышэйшымі ў краіне. Бразілія выйшла на другое месца ў свеце па колькасці заражаных, і тэмпы прыросту застаюцца надзвычай высокія. Як вядома, найбольш пацярпелыя еўрапейскія дзяржавы — Вялікабрытанію, Іспанію і Італію — лацінаамерыканская краіна абышла літаральна за тыдзень. Паводле афіцыйнай статыстыкі, паказчык зарэгістраваных выпадкаў захворвання перавысіў 400 тысяч, да якіх штодня дадаецца каля 20 тысяч новых. Як Бразілія ператварылася ў сусветны ачаг пандэміі і калі здолее выкараскацца з цяжкай сітуацыі?


Шпіталь на стадыёне

Бразілія стала першай краінай у Паўднёвай Амерыцы, дзе з’явіўся COVІD-19. Крыху больш чым тры месяцы таму — 26 лютага, акурат на наступны дзень пасля заканчэння сусветна вядомага карнавалу, які суправаджаўся масавымі гуляннямі па ўсёй краіне, міністр аховы здароўя краіны сабраў прэс-канферэнцыю, дзе было абвешчана пра першага хворага на каранавірус. Як і ў многіх іншых дзяржавах, так званы нулявы пацыент прывёз інфекцыю з-за мяжы, вярнуўшыся ў Сан-Паўлу з рабочай паездкі ў Італію. Сёння гэты мегаполіс, у агламерацыі якога жыве звыш 21 мільёна чалавек, стаў эпіцэнтрам распаўсюджвання каранавіруса ў найбуйнейшай дзяржаве Паўднёвай Амерыкі (па колькасці насельніцтва — 211 мільёнаў чалавек — Бразілія на шостым месцы ў свеце і на пятым — па тэрыторыі).

Паколькі Бразілія з’яўляецца федэратыўнай рэспублікай, улады штатаў маюць паўнамоцтвы ўводзіць свае каранцінныя меры. Галоўнымі асяродкамі распаўсюджвання COVІD-19 сталі пяць штатаў — апроч Сан-Паўлу, гэта Рыа-дэ-Жанейра, Сеара, Пернамбуку і Aмазонас. На іх прыпадае больш за 80 працэнтаў смерцяў, як вынікае з падлікаў экспертаў Універсітэцкага каледжа Лондана. «Мы прайграём бітву з вірусам — такая рэальнасць», — з горыччу заўважыў дырэктар каранавіруснага цэнтра горада Сан-Паўлу Дымас Ковас. Сістэма аховы здароўя ў найбуйнейшым мегаполісе Бразіліі працуе на мяжы сваіх магчымасцяў. У палатах інтэнсіўнай тэрапіі з-за масавага паступлення хворых COVID-19 свабодных месцаў практычна не засталося, заявіў мэр Сан-Паўлу Бруну Ковас. Гарадскія бальніцы таксама перапоўненыя.

У Рыа-дэ-Жанейра таксама адчуваецца недахоп ложкаў у рэанімацыях. Акрамя таго, буйны ачаг паўстаў у глыбіні паўднёва-амерыканскага кантынента ў сталіцы штата Амазонас — горадзе Манаус, што ў басейне Амазонкі. Там падобная сітуацыя — бальніцы перапоўненыя, а памерлых даводзілася хаваць у агульных магілах. Сітуацыю пагаршае клімат: у сярэдзіне чэрвеня ў Бразіліі пачнецца зіма. Дабрачынныя арганізацыі збіраюць цёплую вопратку, медыкаменты, ежу для бяздомных, але наўрад ці гэтага хопіць на ўсіх.

Легендарны стадыён «Маракана» ў Рыа, дамашняя арэна зборнай Бразіліі, — цяпер палявы шпіталь для цяжкахворых. Гэтак сама як і былы нацыянальны стадыён «Пакаэмбу» ў Сан-Паўлу — часовыя бальніцы разгорнутыя проста на футбольных палях.

Крызіс стагоддзя

Сродкаў у краіны становіцца ўсё менш. Бразільскі рэал страціў больш за траціна свайго кошту да долара, стаўшы сярод валют краін, якія развіваюцца, валютай з найгоршымі паказчыкамі. З пачатку года каціроўкі кампаній іShares MSCІ Brazіl знізіліся амаль на 50 працэнтаў. Паводле звестак Эканамічнай камісіі ААН для Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, сёлета рэгіён перажыве найгоршы эканамічны спад у гісторыі. ВУП знізіцца на 5,3 працэнта.

Паводле ацэнак Міжнароднай арганізацыі працы, за мінулы месяц у выніку пандэміі 14 мільёнаў работнікаў у рэгіёне ўжо пазбавіліся рабочых месцаў.

Эксперты ўсё часцей параўноўваюць цяперашнюю сітуацыю з пасляваеннай, таму такія лідары, як старшыня ўрада Іспаніі Педра Санчас і яго мексіканскі калега Андрэс Мануэль Лопес Абрадор, папрасілі стварыць для рэгіёна свой уласны, сучасны «план Маршала». Бразілія таксама рыхтуецца да самага значнага эканамічнага крызісу ў сваёй гісторыі. Паводле ацэнак урада, ВУП знізіцца на 4,7 працэнта (у МВФ лічаць, што падзенне будзе яшчэ мацнейшае) — апошні раз падобная сітуацыя склалася ў далёкім 1901-м. А ўзровень беспрацоўя ў Бразіліі можа да канца года падняцца з бягучых 12,2 працэнта амаль да 19. Пасля фінансавага крызісу 2008—2009 гадоў урад Кітая выдзеліў вялікую колькасць сродкаў на стымуляванне эканомікі, і гэта дапамагло краінам, у якіх Кітай купляе сыравіну, напрыклад, Бразіліі, Аргенціне, Чылі. Але гэтым разам такая магчымасць наўрад ці надарыцца.

Фавелы і індзейцы

Як заўважыў aіf.ru дырэктар Навуковага інфармацыйнага цэнтра па прафілактыцы і лячэнні вірусных інфекцый Георгій Вікулаў, рэзкі скачок захворвальнасці COVІD-19 у Бразіліі можа быць звязаны з недаацэнкай уладамі сітуацыі, якая складвалася, і, як вынік, недастатковым узроўнем супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Адна з прычын хуткага распаўсюджвання каранавіруса — вялікая шчыльнасць насельніцтва ў краіне (па звестках на 2018 год яна складала 23,6 жыхара на квадратны кіламетр).

Сур’ёзную праблему ўяўляюць і гарадскія трушчобы, якія называюць фавеламі. Па інфармацыі англійскага медыцынскага часопіса The Lancet, тут жыве каля 13 мільёнаў бразільцаў. У жыхароў фавел праблемы з доступам да чыстай вады, а ў пакоі звычайна знаходзіцца не менш за трох чалавек. У такіх умовах выконваць рэкамендацыі па гігіене і сацыяльнай дыстанцыі проста немагчыма. «Многія людзі дакладна не разумеюць, што адбываецца», — расказаў кіраўнік суполкі «Райскага горада» — другой найбуйнейшай фавелы Сан-Паўлу. Паводле яго слоў, мясцовым жыхарам удалося сабраць грошы на 3 прыватныя машыны хуткай дапамогі і 8 урачоў, што цяпер змагаюцца з інфекцыяй, якая ахапіла трушчобы.

Праблемы датычацца і карэннага насельніцтва краіны — індзейцаў. Першы выпадак захворвання ў адным з бразільскіх плямён выявілі ў красавіку. Тады адзначалася, што індзейцы могуць наогул вымерці ад каранавіруса, бо ўразлівыя да завезеных у абшчыны звонку хвароб. Да сярэдзіны мая каранавірус ахапіў 38 плямён. У адным з іх ад COVІD-19 памёр правадыр. Прадстаўнікі грамадскай арганізацыі «Аб’яднанне карэнных народаў Бразіліі» (APІB) заяўляюць, што ўзровень смяротнасці сярод індзейцаў у два разы вышэйшы, чым сярод астатняга насельніцтва. «Мы лечымся дамашнімі сродкамі, па рэцэптах, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Мы навучыліся змагацца ў адзіночку», — сказаў правадыр аднаго з плямён Андрэ Маўэ. Зразумела, што ў выпадку з каранавірусам такая схема не спрацуе.

Людзі, якія жывуць у аддаленых раёнах краіны, не маюць элементарных санітарных і медыцынскіх устаноў, а найбліжэйшыя бальніцы з аддзяленнямі інтэнсіўнай тэрапіі размешчаны на адлегласці да 1000 кіламетраў ад некаторых вёсак. Паводле статыстыкі, COVІD-19 цяпер актыўна пранікае менавіта ў невялікія населеныя пункты.

Кавалак айсберга

Як заявіў The Fіnancіal Tіmes бразільскі эпідэміёлаг, дырэктар Міжнароднага цэнтра даўгалецця Алешандру Калаше, улічваючы эпідэмію ў фавелах, жыхары якіх не маюць магчымасці звярнуцца па дапамогу, рэальная колькасць захварэлых і памерлых у Бразіліі можа быць значна вышэйшая. Пра гэта, дарэчы, сведчаць і вынікі даследавання Федэральнага ўніверсітэта горада Пелотас у штаце Рыў-Грандзі-ду-Сул, што на поўдні Бразіліі, якое праводзілася пры фінансавай падтрымцы міністэрства аховы здароўя. У тэсціраванні ўзяло ўдзел каля 25 тысяч чалавек з 133 муніцыпалітэтаў па ўсёй краіне.

Вынікі даследавання паказалі, што прыблізна 1,4 працэнта насельніцтва Бразіліі (каля 3 мільёнаў чалавек) могуць быць хворыя на COVІD-19. «Такім чынам, паводле ацэнак даследавання, на кожны пацверджаны выпадак у гэтых гарадах існуе сем рэальных выпадкаў сярод насельніцтва, — адзначаецца ў высновах даследавання. — Пацверджаныя выпадкі, якія паказаны ў афіцыйнай статыстыцы, уяўляюць сабой толькі верхнюю частку айсберга, чыя большая частка знаходзіцца пад вадой».

У даследаванні прыводзяцца звесткі па ўсіх гарадах, дзе праводзілася тэсціраванне. Самы вялікі паказчык зафіксаваны ў невялікім горадзе Брэвес штата Пара на поўначы Бразіліі, дзе жыве крыху больш за 100 тысяч чалавек. Там каранавірус выяўлены ў 24 працэнтаў насельніцтва. А ў самым сэрцы Амазонкі — горадзе Тэфе — хворы аказаўся кожны пяты яго жыхар.

Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару назваў эпідэмію «галоўным выклікам пакалення». Пры гэтым, на яго думку, эканамічны ўрон найбольш небяспечны. З Балсанару адкрыта канфліктуюць губернатары і іншыя чыноўнікі. Па словах супрацоўніка медыцынскай школы ўніверсітэта Сан-Паўлу Дамінга Алвеса, палітычныя войны сімвалізуюць агульны падыход да барацьбы з COVІD-19 у краіне. «У Бразіліі няма ніякага плана», — адзначыў The Sun вучоны.

Каранавірус стаў каталізатарам, што справакаваў рэзкую палярызацыю палітычнага жыцця краіны. Сітуацыя «абярнулася расколам унутры краіны ў момант моцнай сацыяльна-эканамічнай напружанасці», растлумачыў Кевін Іверс, віцэ-прэзідэнт кансалтынгавай кампаніі DCІ Group, якая працуе з хэджавымі фондамі, што інвестуюць у краіну. Група бразільскіх вайскоўцаў у адстаўцы напісала адкрыты ліст, у якім папярэдзіла, што супрацьстаянне розных галін улады пры самым горшым развіцці падзей можа прывесці да грамадзянскай вайны.

Самі бразільцы перажываюць тое, што адбываецца, па меры сваіх фінансавых магчымасцяў і палітычных пераваг. Прычым дазволіць сабе заставацца дома могуць далёка не ўсе жыхары краіны, дзе па стане на люты ў нефармальным сектары было занята звыш 40 працэнтаў працаздольнага насельніцтва (у 11 з 27 суб’ектаў федэрацыі гэты паказчык перавысіў 50 %), а беспрацоўнымі па выніках першага квартала аказаліся 12,6 мільёна чалавек. Нездарма мэр аднаго з найбольш пацярпелых гарадоў — Манауса — Артур Ньета заўважыў, што ўвядзенне поўнага лакдаўна абернецца хаосам і бунтамі.

Эксперты чакаюць, што ў найбліжэйшы час эпідэмія толькі наросціць абароты. Паводле прагнозу міністэрства аховы здароўя, сітуацыя з каранавірусам можа стабілізавацца да ліпеня, а памяншэнне колькасці тых, хто захварэў, адбудзецца ў верасні. Зрэшты, як усё адбудзецца насамрэч, пакажа час.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.