Вы тут

Братэрства, гартаванае ў агні


Творы Васіля Быкава прэзентавалі ў Палтаве


Сёлетнія 75‑я ўгодкі Вялікай Перамогі над нямецкім фашызмам — гэта яшчэ й асаблівая ўвага да літаратуры, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. У беларускіх выдавецтвах пабачыў свет цэлы шэраг кніг на гэтую тэму. І за межамі Беларусі векапомная вайна — хвалюючая прастора, у якой па-ранейшаму ёсць месца для высокаякаснай мастацкай літаратуры.

Летась ва ўкраінскім выдавецтве “Знання” ў серыі “Галасы Еўропы” пабачылі свет тры тамы ваеннай прозы народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава: “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Знак бяды”. А нядаўна ў анлайн-рэжыме на кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педуніверсітэта імя У. Караленкі “Студэнцкі чытацкі клуб” правёў прэзентацыю гэтага трохтомнага збору. Вядоўцам віртуальнай сустрэчы прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава, класіка беларускай літаратуры, быў дацэнт кафедры журналістыкі Глеб Кудрашоў. Які сам, дарэчы, мае родавыя карані ў Беларусі.

“Ідэя такой віртуальнай сустрэчы зусім не выпадковая,— дзяліўся развагамі ў пярэдадзень прэзентацыі Глеб Кудрашоў.— Украінскі чытач добра ведае быкаўскую прозу: яна была ў перакладах Галіны Вігурскай. А ў новы трохтомнік увайшла яшчэ й перакладчыцкая праца Таццяны Кабржыцкай. Сама яна ўкраінка, даўно жыве й працуе ў Беларусі (жонка вядомага літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы. Пра ўнікальную сям’ю цікава пісаў наш калега Яўген Алейнік, “сын двух народаў”: украінскага й беларускага. (Гл. “Што прыцягвала ў Ракаў Уладзіміра Караткевіча, Сяргея Бадрова і Багдана Ступку” — Рэд.) Таццяна Вячаславаўна шмат робіць дзеля прадстаўлення беларускай літаратуры ва Украіне ды ўкраінскай у Беларусі. Дарэчы, Вігурская пераклала ў свой час на ўкраінскую мову й “Віленскіх камунараў” Максіма Гарэцкага, і “Трывожнае шчасце” Івана Шамякіна, і творы Івана Мележа, Янкі Брыля, Янкі Маўра, Барыса Сачанкі… Мяркую, наша анлайн-прэзентацыя стане нагодай пагаварыць увогуле пра беларуска-ўкраінскія літаратурныя стасункі, нагадаць студэнцкай моладзі пра багацце беларускага мастацкага слова”.

Нагадаем, што Глеб Кудрашоў — добра вядомы ў Беларусі ды Украіне даследчык беларуска-ўкраінскіх літаратурных, гуманітарных дачыненняў. І была ўжо выдадзена яго кніга пра адрасы мемарыялізацыі памяці Тараса Шаўчэнкі ў Беларусі. Цяпер жа ў Мінску ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” рыхтуецца выданне гэтай кнігі ў перакладзе на беларускую мову.

Мікола Раўнапольскі

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.