Вы тут

Ты ў сэрцах нашых, Беларусь!


Што ўспаміналі ветэраны з Еўпаторыі пра свае ваенныя дарогі, якія праходзілі па беларускай зямлі? Якімі ўбачылі мае сябры Беларусь летам 2007-га? Паслухаем іх — з удзячнасцю і павагай.


Ветэраны з Еўпаторыі пасля ваеннага парада ў Мінску. 3 ліпеня 2007 г

У мінулым нумары газеты (гл.: “Ветэраны родныя мае” — ГР, 15.05.2020) я пісала, як узнікла ў Еўпаторыі ўнікальная суполка ўдзельнікаў вайны, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І што незабыўнай ды яркай падзеяй у іх жыцці, да таго ж і другім днём нараджэння суполкі “Крым — Беларусь”, стала лета 2007‑га: мы з некаторымі з ветэранаў наведалі тады святочную краіну па запрашэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Пабывалі на парадзе ў Мінску, паўдзельнічалі ў іншых урачыстасцях з нагоды 63‑й гадавіны Вызвалення. Наведалі гістарычныя мясціны Мінска, Курган Славы, Мемарыяльны комплекс “Хатынь”, Гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Паводле матэрыялаў, што зберагаюцца ў маім архіве, і пішу нататкі.

Якімі мы былі ў 2007‑м — тое відаць на здымку, што на 1‑й старонцы ў мінулым нумары газеты. Сфатаграфаваліся пасля сустрэчы еўпатарыйскіх гасцей з ветэранскім актывам беларускай сталіцы: на ганку дзяржустановы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна горада Мінска”. Спасылацца ж я буду далей на ўспаміны Валянціны Кулеш, Міхаіла Коршыкава, Мікалая Кобеца — прывяду фрагменты з яго кнігі.

Кавалерыстка Валянціна Кулеш

Пасля паездкі ў Беларусь Валянціна Міхайлаўна дзялілася ў Еўпаторыі ўспамінамі пра тое, як аказалася на беларускай зямлі ў ваенную пару. Былі сустрэчы, выступленні ў бібліятэках горада, перад вучнямі ў школах, на радыё. Для сябе занатавала я некаторыя факты.

“Вось прыехала я з Крыма на гэтую зямлю — і многія падзеі вайны ўскалыхнуліся ў памяці. З якой радасцю сустракалі ў 1944‑м беларусы нас, воінаў-вызваліцеляў! Я тады ваявала ў гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі. Добра помніцца, як дывізія наша ў складзе 2‑га Беларускага фронту прымала ўдзел у вызваленні горада Гродна. У мяне быў конь па мянушцы Смелы, карычневай масці, з зорачкай на лбе. А коні нашыя, дарэчы, вельмі стойка выносілі ўсе нягоды франтавога жыцця. Вось і мой: колькі разоў выручаў мяне з бяды! Уявіце сабе, ён адчуваў замаскіраваныя міны! Ён заўсёды адчуваў набліжэнне бамбавікоў, прычым адрозніваў іх па гуку — і аберагаў, як мог, мяне ад такіх непрыемнасцяў.

Калі пасля цяжкіх баёў нашу частку вывелі на адпачынак, то я цяжка захварэла на тыф. А паколькі ў шпіталь няпроста было дабрацца, то пакінулі мяне на гаспадароў-беларусаў, якія жылі ў хатцы пры лесе. Імёны іх запомніла на ўсё жыццё: дзед Каленік і баба Леся. Яны й выратавалі мяне. Адпойвалі гаючай травой, журавінавым настоем. Калі я пайшла на папраўку, то не ведала, чым іх аддзячыць. А ў той час вельмі цяжка было ў людзей з соллю. Дык прывезла я ім у падарунак поўную торбу! А жыхары вёсачкі, запомнілася мне, тут жа падзялілі тую соль паміж сабой. Вось так па-людску, як родныя ўсе там жылі. А ўвогуле хачу адзначыць, што сустракалі нас, чырвонаармейцаў, на беларускай зямлі — як самых блізкіх людзей. Бо ўсе ж вельмі нацярпеліся гора за гады акупацыі”.

Цяпер Валянціна Міхайлаўна цяжка хварэе, перажыла інсульт. Вялікі дзякуй ёй за тое, што ўдзельнічала ў вызваленні нашай роднай Беларусі! Мяркую, недзе ў адной з беларускіх вёсак пад Гродна людзі старэйшага веку па гэты час згадваюць кавалерыстку Валянціну — шчодрую дзяўчыну. Бо дабрыня, удзячнасць, чалавечнасць у высокай цане ў любым часе. А у пару ваенную, пасляваенную — тым больш.

Разведчык Міхаіл Коршыкаў

На згаданым здымку, на ганку ў Мінску, Міхаіл Коршыкаў стаіць з кнігай у першым радзе, крайні справа. Помніцца, на той сустрэчы й крымчанам давалі слова. Міхаіл Іванавіч расказаў вось што.

“Нарадзіўся я ў Паволжы 4 кастрычніка 1926 года. Пасля сямі класаў паступіў у сельскагаспадарчую школу-тэхнікум, ды закончыць вучобу там не ўдалося. У кастрычніку 43‑га ў школу прыехалі камандзіры Чырвонай арміі. Адбіралі моцных, невялікага росту хлопцаў, якія валодалі нямецкай мовай. І я па тых параметрах падышоў. Мяне накіравалі ў вучэбны полк Прыволжскай ваеннай акругі — у спецпадраздзяленне, дзе рыхтавалі разведчыкаў. Вучылі стральбе з вінтоўкі, аўтамата, пісталета, ручнога і станковага кулямётаў, мініраванню і падрыўной справе. Знаёмілі з рознай айчыннай і замежнай тэхнікай, стралковай зброяй. Пасля вучобы нас размеркавалі па партызанскіх атрадах. Мне прыйшлося дэсантавацца пад Даманава (цяпер — аграгарадок у Івацэвіцкім раёне Брэстчыны.— Рэд.), хадзілі ў лясах пад Баранавічамі, бываў пад Лідай, Навагрудкам, Ваўкавыскам ды ў іншых раёнах Беларусі.

Маладых разведчыкаў пераапраналі ў тыповую вопратку беларускіх дзяцей. Мне давалі добра навостраную сякеру й пілу, каляску з вяроўкай — і я станавіўся гэткім дрывасекам. А баявая задача была: прарвацца туды, дзе канцэнтраваліся фашысцкія часткі, асабліва танкавыя ці артылерыйскія. Пры сустрэчы з нямецкімі салдатамі мы выказвалі захапленне й радасць, крычалі гучна: “Масква — капут!”. І ў той жа час уважліва прыглядаліся: дзе, колькі, якой тэхнікі. Прыслухоўваліся, пра што гавораць салдаты і афіцэры. Пра ўсё, што ўбачылі ды пачулі, дакладвалі па вяртанні камандзірам партызанскіх атрадаў. І, як правіла, пасля нашых дакладаў па месцах, дзе былі варожыя войскі, ноччу наносіўся артылерыйскі ўдар ці быў налёт савецкіх самалётаў. Мне ў такіх рэйдах давялося паўдзельнічаць больш за 10 разоў. Таксама ўдзельнічаў у захопе старастаў-здраднікаў, якія асабліва выслужваліся перад фашыстамі. А на пачатку чэрвеня 1944‑га, калі вызвалялі Беларусь, нас адправілі па воінскіх баявых падраздзяленнях”.

На сустрэчы ў Мінску Міхаіл Іванавіч таксама расказаў аб працы Савета ветэранаў у Еўпаторыі. Выказаў агульнае меркаванне крымчан: што мы высока ацанілі працу ў Беларусі па аказанні сацдапамогі ўдзельнікам баявых дзеянняў, пенсіянерам. У краіне добра наладжана работа тэрытарыяльных цэнтраў, надаецца вялікая ўвага выхаванню моладзі. Да таго ж моладзевыя арганізацыі дапамагаюць ветэранам, у супрацы з імі. Калі мы пабылі на парадзе, то ўсе былі ў захапленні ад убачанага. Яшчэ раз пераканаліся: Беларусь граматна выбудоўвае сваё жыццё, у краіне ў сяброўстве жывуць людзі ўсіх нацыянальнасцяў.

У Дзень Перамогі спявалі птушкі

З успамінаў ветэрана Мікалая Кобеца, ягонай кнігі “Ветераны 51‑й Крымской армии” (2007) вынікаюць цікавыя падрабязнасці пра ўдзел у вызваленні Беларусі згаданага воінскага падраздзялення. Кніга выйшла праз некалькі месяцаў пасля нашай паездкі, заканчваецца артыкулам пра беларускія ўражанні Мікалая Міхайлавіча. Ветэран піша: “Сёння трэба аддаць належнае кіраўнікам Рэспублікі Беларусь і ўсяму беларускаму народу ў захаванні помнікаў на зямлі Беларусі ды ў Мінску. Першае, што кідаецца ў вочы: уся тэрыторыя краіны — у ідэальнай чысціні: памятныя мясціны й помнікі, асфальтаваныя дарогі… Дарэчы, усе ўчасткі апошніх маюць ясную, выразную разметку. Дарожныя знакі, паказальнікі, альтанкі на прыпынках, лаўка ды абавязкова побач з ёй урна — і ўсё пафарбаванае. Прыдарожныя палосы чыстыя, з падстрыжанай травой. За тры дні паездак па дарогах Беларусі мы не ўбачылі наўзбоч дарог ніводнае паперкі, поліэтыленавага пакета, бутэлек ды іншага смецця. (Праўду ж кажуць, што чыста там, дзе не смецяць). Тое ж можна сказаць і пра чыгунку. Толькі перасеклі мяжу ў цягніку, які рухаўся да Гомеля — і адразу ж убачылі падстрыжаны зялёны дыван, чысціню ў прычыгуначнай паласе. А дзе чысцяць яе ад лесу, то драўніна там акуратна складзена”.

Мікалай Міхайлавіч падае невялічкую гістарычную даведку пра Курган Славы. Ён узведзены за 26 кіламетраў на ўсход ад Мінска ў 1969‑м: у гонар 25‑й гадавіна Вызвалення Беларусі. Гэта 71‑метровае збудаванне з 4 штыкамі на вяршыні, скіраванымі ўверх. Штыкі сімвалізуюць чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. “Назіральная пляцоўка там — на вышыні 50 метраў. Да яе вядуць 250 прыступак, размешчаных па спіралі. А наваколле пры кургане — суцэльны зялёны дыван падстрыжанай травы, засеяныя палі ды прыгожыя абрысы шашэйных дарог”. І якраз на той пляцоўцы ветэран згадвае 1944‑ы: “У складзе 1‑га Прыбалтыйскага фронту наша Крымская 51‑я армія ўдзельнічала ў вызваленні Беларусі. Усё для нас пачалося пад Полацкам. Два тыдні мы днём і ноччу пераследавалі па Беларусі немцаў, якія адступалі, не даючы ворагу заняць абарону. Мы пераадольвалі пяскі, балоты. Выйшлі да мяжы Беларусі з Літвой, у кірунку Каўнаса. Мясцовыя жыхары сустракалі нас з радасцю, са слязамі на вачах. А чутка пра тое, што ў нашым войску ёсць вярблюды, бегла наперадзе нас. І беларусы пыталі заўсёды: дзе яны пройдуць, каб на іх можна было паглядзець? І сапраўды, у 321‑м артпалку 91‑й дывізіі было 3 вярблюды. Тая дывізія фармавалася ў прыкаспійскай Махачкале — сталіцы Дагестана”.

Абапёршыся на парэнчы назіральнай пляцоўкі Кургана Славы, Мікалай Кобец успамінаў і знакаміты “франтавы салют” у ноч з 2 на 3 мая 1945‑га. “Я ішоў тады са шпіталя, пасля ранення, у 194‑ы запасны армейскі полк. Група наша заначавала на сенавале. І раптам гадзіны ў дзве ночы — залпы з усіх відаў гармат, мінамётаў, і рэактыўных таксама. Стральба з кулямётаў, аўтаматаў, карабінаў… І так па ўсім шматкіламетровым фронце! Стралялі баявымі зарадамі ў бок немцаў. Ды так моцна, што ноч адступіла: стала светла. Гэта быў салют у гонар узяцця Берліна нашымі войскамі. Толькі раз такое й было. А ў ноч з 8 на 9 мая паступіў загад, і нашу роту апоўначы тэрмінова на машынах развезлі па пастах. Я аказаўся на апошнім: разам з сяржантам і камузвода. Месца тое бачу як сёння: ля скрыжавання шашэйнай дарогі Лібава — Рыга ды прасёлкавай. Маленькі домік. Вакол — кусты арэшніку. У 3 гадзіны я змяніў на пасту сяржанта. Світала. Цішыня. Лісточкі не зварухнуцца. І заспявалі птушкі. Іх было шмат і спявалі яны на розныя галасы. Мы ўтрох стаялі каля хаткі, заслухаўшыся казачным спевам. Ішоў час, а мы моўчкі ўсміхаліся адзін аднаму й слухалі. Бо нейкая чароўная сіла тых гукаў надавала ўсім прыўзняты настрой. Нам было лёгка й радасна. Станавілася ўсё святлей і святлей, хоць сонца яшчэ не ўзышло. І раптам з боку Лібавы (цяпер Ліепая.— Рэд.) пачуўся гул. Гэта шмат сотняў салдат ішлі строем. Той шум парушаў цішыню й спевы птушак. Мы выйшлі на шашу. З-за кустоў на павароце выйшла калона войск. Усе ішлі строем, нага ў нагу. Наперадзе — наш салдат невысокага росту, з аўтаматам на грудзях. За ім, метрах у дзесяці ззаду, ішла нямецкая частка. Наперадзе ішоў камандзір часткі: у парадным мундзіры, пры ўсіх рэгаліях, за ім — яго салдаты. А з другога боку па шашы на машыне “Віліс” прыбыў наш палкоўнік і два афіцэры. Нямецкі камандзір аддаў рапарт палкоўніку Чырвонай арміі аб капітуляцыі часткі, здачы яе ў палон. Там жа, на паляне, немцы пакідалі сваю зброю ў агульную кучу. Нам было загадана скіроўваць іх па прасёлкавай дарозе. Узышло сонца. Тады я ўбачыў за кустамі, метраў за 100–120 ад шашы, вышкі ды плот з калючым дротам. Гэта быў лагер, дзе немцы трымалі нашых савецкіх грамадзян. І вось цяпер мы накіроўвалі ў яго немцаў. Так я сустрэў 9 мая, Дзень Перамогі. А той незвычайны спеў птушак памятаю й сёння”.

Вось такія яны, мае ветэраны. Людзі мужныя, цвёрдыя — і ў той жа час такія рамантычныя, тонкія душы. Паклон Вам! І вялікі дзякуй за Перамогу!

Дзіна Шаўчэнка, г. Еўпаторыя 

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».