Вы тут

Мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах адзначае 50-годдзе


У Беларусі і за яе межамі вядома некалькі значных месцаў, якія звязаны з творчасцю Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі. Сёлета адно з іх — Мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах — адзначае 50-годдзе. Дата знакавая як для ўстановы, так і для жыхароў гарадка.


Вітольд Бялыніцкі-Біруля з жонкай Аленай і мастаком Антонам Бархатковым, 1947 г Фота прадастаўлена Мастацкім музеем імя В. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах

Аснову экспазіцыі музея, які адкрыўся ў  1970 годзе, склалі экспанаты, перададзеныя ў дар удавой мастака Аленай Бялыніцкай-Біруляй. Свой унёсак зрабілі Нацыянальны мастацкі музей, Магілёўскі краязнаўчы музей, мясцовыя мастакі, а таксама прыватныя асобы, якія дарылі работы беларускіх мастакоў, графікаў і скульптараў.

З’явіўся музей у Бялынічах невыпадкова. Адсюль, з мястэчка Крынкі, родам жывапісец, народны мастак Беларусі і Расіі, чые работы выстаўлены ў Траццякоўскай галерэі. Маёнтак Крынкі размяшчаўся за кіламетраў дваццаць ад Бялынічаў на маляўнічым беразе ракі Друць. На жаль, да нашых дзён не захаваўся. Але на яго месцы ўдзячныя нашчадкі ўсталявалі помнік вядомаму земляку-пейзажысту. Сюды на Міжнародны пленэр па жывапісе «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве» прыязджаюць майстры пэндзля з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Казахстана, Кітая, Ізраіля.

Бюст Вітольда Каэтанавіча ёсць і ў саміх Бялынічах каля будынка раённага мастацкага музея. У  экспазіцыі музея, фонды якога налічваюць больш за 600 палотнаў, творы не толькі Бялыніцкага-Бірулі, але і іншых вядомых жывапісцаў. Напрыклад, Антона Бархаткова.

— У 1943-м малады мастак, партызан Антон Бархаткоў адправіўся ў Траццякоўскую галерэю па заданні  — арганізаваць выстаўку маладых беларускіх мастакоў, — расказвае навуковы супрацоўнік музея Алена Куранок. — І там адбылася іх сустрэча з Бялыніцкім-Бірулем. Вітольд Каэтанавіч, даведаўшыся, што Бархаткоў з Беларусі, ды да таго ж з Магілёўшчыны (ён нарадзіўся ў Касцюковіцкім раёне), вельмі ўзрадаваўся. І ўзяў Антона да сябе вучнем. Яны сябравалі ўсё жыццё, Бархаткоў не раз бываў на дачы ў Вітольда Каэтанавіча. У гонар настаўніка назваў Вітольдам аднаго са сваіх сыноў. Цяпер Бархатковы — гэта ўжо цэлая дынастыя мастакоў. Майстры пэндзля — сыны Антона Стэфановіча — Вітольд і Ігар, нявестка Алена.

Значнае месца ў калекцыі займаюць графічныя работы Ларысы Журавовіч, члена Беларускага саюза мастакоў, якая родам з гэтых мясцін. Галоўная тэма работ Ларысы (у музеі знаходзіцца 34 яе графічныя лісты) — сельскае жыццё. Яна тонка перадае побыт беларусаў, яго прастату і шматграннасць.

Прадстаўлены і работы беларускага графіка Сямёна Геруса. Іх у музеі 19: партрэты рабочых і сялян, паэтаў, краявіды. Графічныя творы выкананы ў розных тэхніках: літаграфія, лінагравюра, афорт, акварэль, гуаш.

У калекцыі «Скульптура» — работы народных мастакоў Беларусі. Напрыклад, работы Заіра Азгура (бюст Бялыніцкага-Бірулі), Льва Гумілеўскага і Сяргея Селіханава. У калекцыю «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» ўваходзяць прадметы ткацтва: пакрывалы, абрусы, ручнікі з элементамі вышыўкі і  карункамі, вырабленыя мясцовымі народнымі майстрамі.

Экспазіцыя «Фотадакументы» сфарміравана ў 1972 годзе, калі супрацоўнікі музея перадалі ва ўласную ўстанову 27 чорна-белых здымкаў з выявай унутранага інтэр’ера і самога дома-дачы «Чайка» БялыніцкагаБірулі. Але ў музеі захоўваюцца не толькі прадметы мастацтва. Сярод «Пісьмовых крыніц» — рукапісы, маркі, канверты, паштоўкі, афішы, кнігі з аўтографамі, буклеты. А яшчэ — два лісты Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, напісаныя сябру.

Супрацоўнікі музея захоўваюць таксама пасланне нашчадкам, якое пакінуў выхадзец Бялынічаў ветэран Другой сусветнай вайны Яўсей Блізнякоў. Ён завяшчаў прачытаць гэты ліст 1 жніўня 2020-га.

 Пастаянная экспазіцыя музея дае ўяўленне пра жыццё і творчасць мастака. Музейная прастора фарміруе ў гледача разуменне характэрных асаблівасцей мастацкага почырку майстра, асноўных этапаў яго жыцця, якія прыпалі на дзве эпохі — Расійскую імперыю і СССР. Прадстаўлены і жывапісныя творы В. К. Бялыніцкага-Бірулі — вялікія палотны і эцюды, асабістыя рэчы мастака, якія знаходзіліся раней на яго дачы «Чайка» ў Цвярской губерні і ў маскоўскім доме.

«Зімні сон»

Найлепшыя работы мастак напісаў, жывучы ў Расіі, але ён усё роўна лічыў сябе беларусам: «Я — беларус... Як часта людзі вядомыя ці то саромеюцца, ці то проста не лічаць патрэбным згадаць, якога яны родуплемені, з якіх краёў і наваколля».

Вытокі таленту Бялыніцкага-Бірулі, безумоўна, у роднай Беларусі, яе прыродзе, адметная прыгажосць якой, немудрагелістасць матываў, мяккія спакойныя фарбы назаўсёды ўвайшлі ў душу мастака і вызначылі своеасаблівасць яго мастацтва, увесь эмацыянальны лад яго твораў. Пэндзлю Бялыніцкага-Бірулі належаць па-майстэрску напісаныя краявіды зімы, лета, залатой восені. Але больш за ўсё аўтара хвалявала вясновая прырода, яе абуджэнне ад зімовай спячкі, першая зеляніна і росквіт. Звяртаючыся да пэўнага пейзажнага сюжэта, майстар імкнуўся перш за ўсё перадаць стан прыроды, які залежыць ад пары года, часу сутак, сонечнага святла, перадаць тыя эмоцыі, якія адчувае чалавек, маючы зносіны з прыродай.

Вітольд Бялыніцкі-Біруля — адзін са стваральнікаў жанру мемарыяльнага пейзажу. У яго работах — выявы памятных месцаў, звязаных з жыццём вядомых дзеячаў рускай гісторыі і культуры Льва Талстога, Аляксандра Пушкіна, Пятра Чайкоўскага і іншых.

Паэтычнасць і лірызм карцін, музычнасць іх жывапіснага рашэння сугучныя адухоўленай паэзіі Пушкіна і музыцы Чайкоўскага. 1947 год быў асабліва значным у творчай біяграфіі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі: яму прысвоілі званне народнага мастака РСФСР (званне народнага мастака БССР ён атрымаў у 1944 г.), яго абралі членам Акадэміі мастацтваў СССР. Важнай падзеяй года быў прыезд Вітольда Каэтанавіча ў Беларусь упершыню за шмат гадоў. З мая і да сярэдзіны чэрвеня мастак жыў і працаваў у ваколіцах Мінска. Тут ён напісаў некалькі дзясяткаў эцюдаў, што сталі асновай цыкла карцін, прысвечаных Беларусі, эмацыянальны змест якіх падпарадкаваны галоўнай думцы аўтара: жыццё святкуе, яно перамагло смерць, разбурэнні.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Жывапісны дом

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».