Вы тут

Узнаўляючы эпоху


 

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ўпершыню прадстаўляе значны комплекс графічных работ са свайго збору, які прысвечаны адзінай тэме — Беларусі 1920—1930-х гадоў. У выданні «І рай і боль на песеннай Зямлі... Беларусь вачыма мастакоў 1920—1930-х гадоў», што пабачыла свет сёлета ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», — этнічныя тыпы жыхароў, вясковыя і гарадскія краявіды, помнікі традыцыйнага народнага мастацтва, рамёстваў і дойлідства. Прадмова і ўкладанне Наталлі Мартынавай, вядучага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.


Творы мастакоў таго часу, што ўвайшлі ў зборнік, маюць каштоўнасць не толькі мастацкую, але і навуковую, паколькі большасць мастакоў удзельнічала ў краязнаўчым руху. Менавіта падчас шматлікіх этнаграфічных, фальклорных, археалагічных экспедыцый яны рабілі замалёўкі. Але, з’яўляючыся замалёўшчыкамі ў вандроўках, яны таксама праводзілі і асобныя экспедыцыі мастакоў, у якіх бралі ўдзел і  прафесіяналы, і аматары. Графіка падзялялася на навукова-краязнаўчую і мастацка-краязнаўчую.

У кнізе, змест якой складаюць раздзелы «Асобы», «Краявіды», «Традыцыйная культура», «Геаграфічны паказальнік», «Персаналіі» і «Спіс скарачэнняў», прадстаўлены графічныя лісты мастакоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Краіна да 1939 года была падзелена дзяржаўнай граніцай, але народ ад гэтага не падзяліўся. Поруч з творамі прызнаных майстроў Савецкай Беларусі Аркадзя Астаповіча, Анатоля Тычыны, Мікалая Дучыца, Меера Аксельрода, Аскара Марыкса, Мендзеля Горшмана ёсць у альбоме творы мастакоў Заходняй Беларусі — Язэпа Драздовіча, Пятра Сергіевіча, Ніны Сасноўскай, Леапольда Родзевіча. Так, выданне прапануе творы з  альбома Язэпа Драздовіча «Палессе. Піншчына». Сярод адметных работ — «Капліца ў  Падгацці», «Кірмаш у Пінску», «Стажок. Вёска Плешчыцы» 1926 года.

Лёс некаторых мастакоў цесна звязаны з гісторыяй Нацыянальнага гістарычнага музея: Янкель Кругер, Міхаіл Філіповіч і Гаўрыла Віер у 1920—1930-я гады былі яго супрацоўнікамі. Напрыклад, апошні пакінуў партрэты загадчыка гаспадаркі і прыбіральшчыцы музея. Янкель Кругер у 1921 годзе як супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея (тагачасная назва НГМ) удзельнічаў у навуковай экспедыцыі ў Слуцк, падчас якой былі напісаны яго акварэлі з выявамі храмаў горада.

Значную частку альбома складаюць творы графікаў Віцебска, унікальнага мастацкімі традыцыямі. У 1920—1930-я гады ў зборы БДМ сфарміраваўся вялікі комплекс твораў віцебскіх мастакоў, вядомых майстроў і студэнтаў Беларускага мастацкага тэхнікума (першая навучальная ўстанова краіны, дзе рыхтавалі прафесійных мастакоў): Саламона Юдовіна, Міхаіла Эндэ, Льва Зевіна, Рамана Семашкевіча, Іосіфа Сонкіна, Сцяпана Андруховіча, Льва Лейтмана, Хаіма Ліўшыца. Унікальныя старонкі выдання «І рай і боль на песеннай Зямлі... Беларусь вачыма мастакоў 1920—1930-х гадоў» — замалёўкі ліштваў вокнаў і аздаблення дахаў драўляных дамоў Віцебска, Глуска, Бабруйска, Жлобіна аўтарства Мікалая Пашкевіча, выпускніка гэтага самага тэхнікума. Аўтар на кожным малюнку пакінуў дакладны адрас. Гэта  — прыклад навуковай графікі. Насамрэч, драўляная забудова хутчэй за іншыя віды архітэктуры знікае ў часе. Між тым графічныя лісты Мікалая Пашкевіча ўзнаўляюць выгляд амаль 50 вуліц даваеннага Віцебска.

Дарэчы, укладальніца зборніка адзначае, што творы з гэтага комплексу часткова былі прэзентаваны ў залах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Выстаўка «Захаванне і вывучэнне этнаграфічнай спадчыны супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея ў 1920-я гады» прысвячалася тэме сумесных даследаванняў музейшчыкаў і Інстытута беларускай культуры. Выстаўка «І рай і боль на песеннай Зямлі» ў свой час пазнаёміла наведвальнікаў з той часткай калекцыі графікі музея, якая была сфарміравана ў 1920—1930-я гады. А зараз і  выдатны альбом зможа перанесці ў той час, вяртаючы нас да страчанага і невядомага.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».