Вы тут

Розум, пачуцці, абуджэнне


Гісторыя развіцця і сучасны стан беларускага акварэльнага мастацтва, яго тэндэнцыі, стылі, кірункі і асаблівасці, а таксама найлепшыя творы айчынных майстроў вадзянога жывапісу — менавіта пра гэта альбом «Акварэлія. Беларускі акварэльны жывапіс» («Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», Мінск, 2020 год). У выданні, падрыхтаваным мастакомакварэлістам, мастацтвазнаўцам, педагогам Уладзімірам Рынкевічам, прадстаўлена 300 твораў 65 вядучых айчынных акварэлістаў, непарыўна звязаных з Беларускім саюзам мастакоў.


Многія стагоддзі акварэль вабіць не толькі знаёмай і зразумелай прастатой вобразаў, але і пэўнай недагаворанасцю, таямнічай і шматзначнай. Як падкрэслівае Уладзімір Рынкевіч, няхай мастакі акварэлі і авалодваюць майстэрствам стварэння своеасаблівых, непаўторных выяў вадзянога жывапісу, але самі па сабе выразныя сродкі не гарантуюць нараджэння мастацкага вобраза: «Менавіта інтэлект і эмацыянальная энергетыка аўтара, матэрыялізаваныя ў спецыфічных прыёмах тэхнікі пісьма, каляровых спалучэннях на аркушы паперы, надаюць акварэльным выявам унікальны вобразны змест, здольны абуджаць розум і пачуцці».

Разуменне сутнасці катэгорый «сучаснае» і  «традыцыйнае» ў акварэлі дазваляе арыентавацца ў эвалюцыйным працэсе мастацтва. Але гэта тлумачыцца не толькі храналогіяй, але і паказчыкам стаўлення да пануючых у  сустветнай культуры актуальных кірункаў філасофіі мастацтва і стыляў. Сюды ж — магчымасць выкарыстання пры пісьме розных хімічных рэчываў, з-за чаго сярод мастакоўтрадыцыяналістаў і эксперыментатараў узнікаюць спрэчкі па пытанні «чысціні» акварэльнай тэхнікі. «Акварэлія» дае магчымасць чытачу-гледачу судакрануцца з кожным з трох соцень твораў і зразумець, ці вялікае яно, адрозненне светаі мастацтваўспрымання сучасных акварэлістаў ад бачання папярэднікаў, ці важна тое, што прафесіяналы размяжоўваюць на «традыцыю» і «эксперымент», ці здольна сённяшняя акварэль выклікаць пачуццё эстэтычнага задавальнення, што заўсёды суправаджае сапраўднае мастацтва. Прытым варта не забываць, што для мастака навакольны свет — гэта толькі нагода для раскрыцця ўласнага свету вобразаў.

Так, ілюстрацыйная частка кнігі складаецца з чатырох раздзелаў: «Фігуратыўна-рацыянальная вобразнасць», «Фігуратыўна-эмацыянальная вобразнасць», «Іншасказальная экспрэсіўная вобразнасць» і «Ад натуралізму да знакавасці». У  першай частцы змешчаны творы Гаўрылы Вашчанкі, Фёдара Кісялёва, Івана Сталярова, Мікалая Арасланава, Васіля Шаранговіча і іншых. Раздзел «Фігуратыўна-эмацыянальная вобразнасць» прадстаўляюць Георгій Паплаўскі, Мікалай Бушчык, Уладзімір Напрэенка, Фелікс Гумен, Сяргей Пісарэнка і іншыя. У  раздзел «Іншасказальная экспрэсіўная вобразнасць» увайшлі работы Рыгора Мяжуева, Зоі Луцэвіч, Мікалая Аўчыннікава, Піліпа Басалыгі, Аляксандра Квяткоўскага і  іншых акварэлістаў. Апошнюю частку альбома склалі малюнкі Веры Каўзановіч, Антаніны Фалей, Паўла Татарнікава, Дзмітрыя Сурыновіча, Андрэя Савіча ды іншых майстроў. Усе работы былі створаны на працягу апошніх трыццаці гадоў. Між тым многія творцы працуюць у розных тэхніках, таму адно і тое ж прозвішча можа сустракацца ў розных раздзелах. Да таго  ж любое раздзяленне, нягледзячы на лагічнасць і абгрунтаванасць, можна лічыць умоўным.

Адзначаецца, што прэзентацыйнае выданне можа прадстаўляць беларускае нацыянальнае мастацтва на міжнародным узроўні, а таксама паспяхова выкарыстоўвацца ў навучальных мэтах у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. Яго прызначэнне — стаць дапаможнікам для спецыялістаў і аматараў мастацтва. І ўсе шансы для гэтага ёсць.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СТРАЛЕЦ. Ад таго, як сплануеце тыдзень, залежыць, ці паспееце завяршыць важныя справы. 

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?