Вы тут

Алена Медзякова: “Мы можам ганарыцца Раўбічамі без параўнання са Швейцарыяй”


Дачны сезон у нашым часопісе адкрываюць таленавіты рэжысёр Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Алена Медзякова і харызматычны дырыжор гэтага ж тэатра Іван Касцяхін. Разам яны – прыгожая сямейная пара. А едзем мы ў знакамітую вёску Раўбічы.

– Гэта лецішча маіх бацькоў, – распавядае Алена. – І яно з’явілася адносна нядаўна. Тут супалі ўсе пажаданні: недалёка ад Мінска, лес пачынаецца літаральна за запасной брамкай, участак большы за стандартныя шэсць сотак. Уся наша сям’я адразу проста закахалася ў гэтае месца!

– А я, калі можна так сказаць, дачнік са стажам, – кажа Іван. – Летнія вакацыі праводзіў у гасцях у бабулі ў Падмаскоўі. Дзед працаваў у Дзяржплане СССР, і яму належыла службовае лецішча. Гэта было маё самае любімае месца на свеце! Я яшчэ з таго пакалення дзяцей, якія дні напралёт гулялі на вуліцы ў футбол і “вайнушку”, каталіся на роварах, часам употай ад дарослых хадзілі па хісткім мосце праз велізарны яр на рэчку. Для мяне слова “лецішча” асацыюецца з дзяцінствам, адпачынкам. Неяк, гадоў праз дваццаць, ужо ў “дарослым жыцці”, я раптам сеў у Маскве ў прыгарадны аўтобус і прыехаў у той пасёлак.

Той жа нумар аўтобуса, тая ж вуліца, толькі дамы перабудаваныя, але мне ўсё роўна было прыемна там пахадзіць, успомніць дзяцінства.

– Лена, вашы бацькі разглядалі дачу як маленькую падсобную гаспадарку?

– Не, у гэтым не было неабходнасці. Праўда, ад ранейшых гаспадароў засталася вялікая цяпліца, і ў ёй вырошчвалі гародніну. Цяпер ужо не ўспомню, у якім годзе ў нас была сапраўдная зіма, дык вось цяпліца тады зламалася пад цяжарам снегу. Новую бацькі не сталі купляць, а павялічылі плошчу газона. Нас гэта толькі радуе, таму што хочацца, каб яны тут адпачывалі, а не займаліся агародам. Хоць некалькі невялікіх градак ёсць, на якіх вырошчваюць усялякую зеляніну – кроп, пятрушку, кінзу, базілік, але гэта не вельмі цяжка.

– Вы прыязджаеце ў госці ці ёсць нейкія пастаянныя абавязкі? Да таго ж загарадны дом звычайна патрабуе больш клопату, чым гарадская кватэра.

Іван, смеючыся: – Мой галоўны “абавязак” – прыехаць у сярэдзіне лета, каб сабраць чорныя парэчкі. Магу з’есці міску любімых ягад і не заўважыць. А што тычыцца клопату пра дом, то бацькі Алёнкі – інжынеры, і ў іх тут велізарнае поле для творчасці. Вельмі шмат цікавых рашэнняў яны прыдумалі! Дарэчы, я не распавёў пра свой больш позні дачны вопыт. У 90-я мой тата атрымаў участак пад лецішча каля Дзяржынска і вырашыў будаваць на ім каркасны дом, які, будучы інжынерам-будаўніком па адукацыі, і сам спраектаваў. Час быў цяжкі, наймаць рабочых не мелі магчымасці, таму будаваў тата, а я дапамагаў. З цеплынёй успамінаю той час: ён вучыў вадзіць машыну, працаваць з розным інструментам. З тых часоў у мяне няма страху ўзяць у рукі сякеру, пілу, гэбель. На жаль, тата рана пайшоў з жыцця, і тое лецішча, практычна дабудаванае, мы прадалі...

Немалаважна, як гаспадар ставіцца да таго, што на гэтым самым лецішчы, да прыкладу, трэба нешта паправіць. Мой цесць надзіва лёгкі і пазітыўны чалавек. Ён не будзе ўвесь тыдзень думаць: “У выхадныя прыйдзецца папрацаваць”, ён будзе думаць пра гэта як пра цікавую творчую задачу. Таму тут любая праца ў радасць. Хоць і нячаста, я таксама з задавальненнем яму дапамагаю.

Алена: – Нейкіх раз і назаўсёды ўстаноўленых абавязкаў няма. Мама вырошчвае шмат кветак, часам я дапамагаю даглядаць іх. Ураджаем ягад, садавіны таксама трэба неяк распарадзіцца: варыцца варэнне, замарожваюцца ягады – зімой муж вельмі любіць іх дадаць да сняданку.

– Як складваецца ваш ідэальны дзень на лецішчы?

Алена: – Вельмі любім гуляць па лесе. Гэта такая класная перазарадка!

Іван: – Лес тут цудоўны, мы можам блукаць гадзінамі, гэта добрае адключэнне ад працы, штодзённасці.

– А калі дрэннае надвор’е?

Іван: – На гэты выпадак ёсць камін. Мы тут аднойчы з сябрамі Новы год сустракалі. Неяк экспромтам атрымалася. Зіма тады была снежная, мы нават не змаглі пад’ехаць да ўчастка, машыны пакінулі і дабіраліся пешшу, патанаючы па калена ў снезе. У лес таксама пайшлі, там яго было яшчэ больш, вярнуліся гэткімі “снежнымі людзьмі”. Тым прыемней потым было грэцца ля жывога агню.

Алена: – Бацькі сюды перавезлі маю дзіцячую бібліятэку. Люблю ўладкавацца ў крэсле-качалцы, захінуцца ў плед, узяць у рукі кнігу, якую можна адкрыць на любой старонцы, і вярнуцца ў дзяцінства.

– Для вас лецішча – месца прыцягнення сям’і ці любіце тут прымаць гасцей?

Лена: – Часам запрашаем сяброў, але ўсё ж гэта больш месца сямейных пасядзелак. Тут усё неяк па-іншаму, няма гарадской мітусні. Мы збіраемся, дзелімся планамі, смажым шашлык. Ужо заўважалі, што адзін дзень такога адпачынку можна прыраўняць да трох. А паветра тут проста хочацца пакласці на талерку і есці!

– Цікавіцеся біятлонам?

Іван: – Так, некалькі разоў назіралі за спаборніцтвамі, якія праходзяць па суседстве з намі, у гарналыжным комплексе “Раўбічы”.

– У турыстычных даведніках Раўбічы называюць беларускай Швейцарыяй. Вы згодныя?

Алена: – Тут вельмі прыгожа! Узгорыстая мясцовасць, дзівосныя лясы, цудоўнае Дуброўскае вадасховішча, шматфункцыянальны спартыўны комплекс, які ў нас з’явіўся, як я чытала, гадоў на пятнаццаць раней, чым у Заходняй Еўропе аналагічнага ўзроўню. Мы проста можам ганарыцца нашымі Раўбічамі без параўнання са Швейцарыяй!

– Гэта досыць папулярнае месца адпачынку ў мінчан. Нехта сюды прыязджае на рыбалку, а некаторыя нават ставяць намёт на выходныя. Не турбуюць гэтыя людзі дачнікаў?

Алена: – Не, тут усім хапае месца.

Іван: – Яшчэ гадоў пяць таму некаторыя адпачывальнікі пакідалі пасля сябе смецце. Да гонару нашых грамадзян павінен сказаць – у апошнія гады намеціўся прагрэс у свядомасці. Мы гэта бачым, шпацыруючы па чыстым лесе. Па беразе возера можна смела прайсціся басанож.

– Ці ёсць у вас планы пабудаваць сваё лецішча? І якія будуць крытэрыі выбару месца для яго?

Іван: – Мы абмяркоўвалі гэтую тэму. Вядома, нам хочацца мець загарадны дом. Калі прыйдзе час, будзем выбіраць месца гэтак жа, як Алёнчыны бацькі: каб недалёка ад Мінска і выдатная прырода. Мару, што наш загарадны дом будзе і месцам адпачынку, і нашай творчай майстэрняй. Ведаеце, сапраўды нездарма ў свой час у пісьменнікаў, кампазітараў былі загарадныя дамы творчасці, лецішчы. Прырода неверагодна натхняе!

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Алены Медзяковай і Івана Касцяхіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».