Вы тут

Кіраўнік студыі «Gavarun.by» Адам Трыпутнік: Дзеці могуць шмат чаму навучыцца, гледзячы анімацыю


Студыя дыктарскага агучвання па-беларуску «Gavarun.by», якая займаецца лакалізацыяй (калі кантэнт не проста перакладаюць, а часткова перарабляюць) вядомых серыялаў і фільмаў, запусціла на YouTube канал для дзяцей «Гаварун — мультфільмы па-беларуску».

Стварылі гэты праект сужэнцы Адам Трыпутнік і Таша Мурзэнштольц з Мінска. За тры з паловай гады працы імі было адаптавана 74 стужкі, сярод якіх поўнаметражныя, кароткаметражныя фільмы, серыялы, дакументалкі, а таксама медыяролікі і аўдыякнігі.

Пра тое, якімі мэтамі і прынцыпамі кіраваліся арганізатары праекта пры выбары мульцікаў, а таксама пра найбліжэйшыя планы «Звязда» спытала ў кіраўніка студыі «Gavarun.by» Адама Трыпутніка.


— Што найперш было прычынай стварэння новага праекта — неабходнасць раздзяліць дарослы і дзіцячы кантэнт, які раней прысутнічаў на асноўным канале «Gavarun.by»?

— Раздзяленне матэрыялу на дарослы і дзіцячы — другасная прычына, галоўнае, што мы хацелі, — гэта запусціць сістэмны праект, які будзе рэгулярна генераваць дзіцячы кантэнт па-беларуску: мультфільмы, аўдыякнігі, песні і відэаролікі. Прычым у нас ёсць некалькі прынцыповых патрабаванняў: па-першае, гэта павінен быць свабодны доступ у патрэбны час і абароненасць ад непрыдатнага кантэнту і рэкламы. І, канешне, матэрыял мусіць спрыяць сацыяльнаму і пазнавальнаму развіццю, прывіваць агульначалавечыя маральныя каштоўнасці.

Мы лічым, што дзеці могуць шмат чаму навучыцца, гледзячы анімацыю. А чароўны свет, поўны цікавых гісторый і герояў, дапаможа малым не толькі ненавязліва пасябраваць з беларускай мовай, але і адначасова спасцігаць сапраўднае сяброўства, дабрыню і сумленнасць, атрымаць у даступнай форме веды пра наваколле. Але галоўная мэта — зацікаўленасць роднай мовай.

— Як абіраецца кантэнт для лакалізацыі? На які ўзрост разлічаны?

— Наша ідэя — адначасова выпускаць кантэнт для розных узроставых катэгорый, каб зацікавіць і самых маленькіх, і падлеткаў. Плюс мы прытрымліваемся палітыкі «Ютуба» адносна аўтарскіх правоў, таму працуем з матэрыялам, на які ёсць дазвол ад аўтараў на гэтай платформе.

Гэта даволі моцна абмяжоўвае даступныя для адаптацыі мультсерыялы, бо напрыклад, ліцэнзія на папулярную стужку ад «Дыснея» каштуе няўздымных для нас грошай. Тым часам мы адабралі каля 40 мультсерыялаў, да якіх можам зрабіць беларускую версію. Сярод іх хапае высокарэйтынгавых твораў, ёсць і сучасныя, і ўжо класічныя, знятыя па вядомых кнігах і коміксах. На новым канале ўжо 90 эпізодаў з 5 мультсерыялаў — «Мікі Маўс», «Хамф», «Папірус» і інш., агулам больш за 15 гадзін прагляду. У планах — яшчэ больш.

— Апроч таго, ёсць дзве аўдыякнігі, як, да прыкладу, «Казкі і краскі» Васіля Віткі. Гэта аб’ектыўна якасныя і карысныя відэа, але іх мала. Ці плануеце развіваць і гэты кірунак?

— Так, плануем. Увогуле, хацелася б рабіць больш свайго кантэнту, і мы плануем супрацу з рознымі таленавітымі творчымі людзьмі, а да аднаго праекта ўжо гатовы сцэнарый і ідзе падрыхтоўка. Мы на ўласным досведзе ведаем, як гэта патрэбна і актуальна: наш сын вельмі любіць слухаць аўдыяказкі перад сном. Але версіі кшталту «Казак і красак» патрабуюць часу і фінансавання. Якасную рэч складана зняць, не маючы прафесійнага абсталявання. Таму будуць і класічныя варыянты, з асноўнай увагай на аўдыяшэрагу.

— Вы асабліва падкрэсліваеце бяспечнасць канала для юных гледачоў. У апісанні пад усімі відэа ёсць вялікая спасылка, якая прапануе перайсці ў дадатак YouTube Kids, цалкам прысвечаны дзіцячаму кантэнту і, такім чынам, бяспечны. Я дзеля эксперымента зарэгістраваў там малога стрыечнага брата і не знайшоў праект «Гаварун — мультфільмы па-беларуску» нават па прамым запыце. Ці можна глядзець мультсерыялы з беларускай лакалізацыяй у гэтым дадатку?

— Спасылка на праграму YouTube Kids устаўляецца не намі, а дадаецца платформай, мы не можам дадаць ці прыбраць яе. Пэўна, гэта такая рэклама ад «Ютуба» свайго прадукту на тых каналах, што пазначылі сябе як дзіцячыя. Мы, калі шчыра, так і не зразумелі, як можна патрапіць туды.

У вас дзейнічае краўдфандынгавая кампанія на пляцоўцы Talaka.org. Ва ўмовах таго, што на дзіцячым канале адключаная рэклама і адсутнічае манетызацыя, ці будуць гэтыя сродкі адзінымі ў вашай працы над дзіцячым праектам?

— Манетызацыя пачынаецца пры сотнях тысяч праглядаў відэа, для беларускамоўных культурных каналаў гэта на сёння абсалютна недасяжныя паказчыкі. Мы разглядаем краўдфандынг як галоўны інструмент сувязі з мэтавай аўдыторыяй. Калі наш матэрыял не зацікавіць людзей, лагічна, што яны не будуць падтрымліваць нас праз краўд. Плюс да народнага фінансавання будзем шукаць партнёрскую і спонсарскую падтрымку сярод кампаній і арганізацый.

— Якая была рэакцыя гледачоў на з’яўленне новага канала? Вы атрымліваеце водгукі?

— Рэч у тым, што па новых правілах на «Ютубе» для дзіцячых каналаў з гэтага года адключаны каментарыі да відэа, таму са зваротнай сувяззю ёсць пэўныя перашкоды. Але праз нашы старонкі ў сацсетках («Укантакце» і Facebook. — Аўт.) мы атрымліваем паведамленні, што многія чакалі з’яўлення такога праекта. Канал за месяц набраў 260 падпісчыкаў і самае галоўнае — за 10 дзён краўд-праект сабраў 24 % патрэбнага на месяц фінансавання! Гэта яскрава паказвае запатрабаванасць.

Арсеній ЧУПРЫГІН

Фота дадзена героем

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.