Вы тут

Ала Сташкевіч: «Наша спадчына — каштоўнасць для ўсёй Еўропы»


Існуе меркаванне, што менавіта нематэрыяльная культурная спадчына з’яўляецца падмуркам нацыянальнай ідэнтычнасці. Абрадавыя практыкі, спевы, аўтэнтычныя рамёствы, атрыманыя ад продкаў і рупліва захаваныя, адрозніваюць нас ад іншых нацый, дазваляюць казаць: беларусы — народ са сваёй унікальнай гісторыяй і традыцыяй.

Якія аб’екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў увайшлі ў спісы ЮНЕСКА? Якім чынам вызначаюцца найбольш адметныя праявы нашага нематэрыяльнага мастацтва, вартыя ўвекавечання? Што трэба рабіць, каб іх захаваць? Сёння наша гутарка — з членам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях ЮНЕСКА, дырэктарам Фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» Алай СТАШКЕВІЧ.


Ала Барысаўна, вы прыклалі нямала намаганняў, каб абрад «Юраўскі карагод» быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Напрыканцы мінулага года гэта адбылося. Ад чаго трэба ахоўваць абрад, хіба яму штосьці пагражае?

— Пачну з таго, што ў Канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) існуюць тры спісы: Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова; Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва; Рэгістр найлепшых практык па ахове НКС. Канвенцыя не дае інструкцый, як правільна спадчыну захоўваць, але праз Рэгістр мы можам даведацца пра вялікую працу, якую робяць дзеля гэтага іншыя краіны, і штосьці адтуль запазычыць. Бо там сабраны найлепшы вопыт для пераймання, які спатрэбіцца нам дзеля стварэння ўласнай культурнай палітыкі па захаванні спадчыны.

Зразумела, што архітэктурны аб’ект можна закансерваваць і забяспечыць яму захаванасць на сотні гадоў. А якім чынам захаваць спадчыну, звязаную з духоўнымі практыкамі?

Нематэрыяльная культурная спадчына — не толькі фальклор, як многія думаюць. Сюды адносяцца традыцыйныя веды і практыкі, а таксама многія іншыя праявы творчасці чалавека — тое, што насамрэч вельмі ўразлівае. Іх існаванне залежыць ад многіх рызык, сярод якіх — стандартызацыя жыцця, панаванне маскультуры, дэмаграфічныя і эканамічныя праблемы.

Часам элементы нематэрыяльнай спадчыны маюць невялікі дыяпазон распаўсюджвання — у межах адной вёскі ці адной сацыяльнай групы. Захаванне спадчыны залежыць найперш ад яе носьбітаў — супольнасцей, груп і асобных людзей, якія перадаюць з пакалення ў пакаленне свае веды, чым захоўваюць іх. Аднак намаганняў саміх носьбітаў, калі гэта невялікая супольнасць, не заўсёды хапае.

Калі нематэрыяльная практыка досыць распаўсюджаная, напрыклад, у межах цэлай нацыі ці нават некалькіх блізкіх народаў, то відавочна, што яна і болей устойлівая. Такія элементы, як правіла, дзяржавы-ўдзельнікі ЮНЕСКА намінуюць у Рэпрэзентатыўны спіс НКС чалавецтва. На першы план тут выходзіць імкненне краін не толькі захаваць сваю спадчыну, але і распаўсюдзіць інфармацыю, зацвердзіць праявы сваёй ідэнтычнасці на міжнародным узроўні. Напрыклад, для Беларусі перспектыўнымі элементамі для намінацыі менавіта ў гэты спіс могуць быць такія, як «Мастацтва саломапляцення», «Выцінанка», «Культура дуды», «Батлейка» і інш.

— З «Юраўскім карагодам» сітуацыя цалкам іншая?

— Менавіта. Пагост — невялікая вёска, там існуюць пэўныя дэмаграфічныя, сацыяльна-эканамічныя пагрозы. Праз уключэнне абраду ў адпаведны спіс ЮНЕСКА мы спадзяёмся аб’яднаць намаганні розных людзей, у тым ліку міжнароднай супольнасці, каб выпрацаваць план захавання гэтай спадчыны. Каб не толькі самі носьбіты традыцыі, але і мясцовыя ўлады, і прадстаўнікі адукацыі зірнулі на гэта як на праблему. Цяпер страчаны традыцыйны механізм перадачы з пакалення ў пакаленне.

У Пагосце жывуць у асноўным пажылыя людзі, школы там няма, але ж ёсць школы ў суседніх вёсках, ёсць паблізу Тураў. Можна распрацаваць шэраг мерапрыемстваў, каб забяспечыць пераемнасць традыцыі.

Для спадчыны, якой патрабуецца ахова, ЮНЕСКА вылучае фінансавую дапамогу. Яна невялікая, каля 80 тысяч долараў, і не вырашыць усе праблемы вёскі. Грошы могуць пайсці на стварэнне цэнтра супольнасці пры мясцовым клубе, на падтрымку саміх носьбітаў, на даследаванні і экспедыцыі — варта вывучыць, наколькі распаўсюджаны абрад, ці можна выявіць у рэгіёне яшчэ нейкія элементы.

Але дапамога ЮНЕСКА — заўсёды драйвер, прыклад, каб далучыліся іншыя, у тым ліку бізнес, бо ў Пагосце можна і варта стварыць інфраструктуру для ўстойлівага культурнага турызму. Гэта дапаможа вёсцы, а ў мясцовых жыхароў з’явіцца магчымасць зарабіць. То-бок не толькі турыстычныя арганізацыі, але жыхары, самі носьбіты традыцыі, павінны мець прыбытак.

— Часам вы папярэджваеце пра небяспеку некантралюемага турызму...

— Безумоўна, план захавання НКС павінен уключаць і распрацоўку этычнага кодэкса альбо пратакола супольнасці, у якім прапісана, што можна, а што нельга рабіць наведнікам. Часам даволі кепска паводзіць сябе прэса: з камерамі ўрываюцца ў абрадавае кола. Трэба памятаць, што носьбіты традыцыі — не артысты, абрад — жывая тканіна культуры.

Тое ж тычыцца і турыстычных арганізацый. Вёска Пагост маленькая, там няма адпаведнай інфраструктуры, і калі вы плануеце нейкія туры, дык мусіце рабіць гэта з вялікай павагай да людзей, якія там жывуць. Трэба дамаўляцца з імі, а не эксплуатаваць іх прыязнасць. Варта звярнуць увагу на такую катэгорыю турыстаў, як «сіці-брэйкеры», — гэта маладыя людзі, якія наведваюць пэўнае месца, прачытаўшы пра яго ў інтэрнэце. Ёсць турысты-індывідуалы, якія хочуць «to live as locals» — пажыць, як мясцовае насельніцтва. Для такіх катэгорый турыстаў трэба ствараць цэлую праграму, дзе будзе пазначана, акрамя ўсяго астатняга, дзе спыніцца на начлег, да каго звярнуцца і г. д.

Калі будзе створаны цэнтр супольнасці, для турыстаў можна было б запланаваць сустрэчу з носьбітамі абраду, каб вывучыць з імі песні. У Рэгістры найлепшых практык ЮНЕСКА прапісана мноства такіх інтэрактыўных адукацыйных форм узаемадзеяння. Турысты не павінны быць толькі спажыўцамі — яны могуць і самі паўдзельнічаць у традыцыі. Такой практыкі ў нас няма, трэба вучыцца гэтаму і ў нейкім сэнсе мяняць свой менталітэт.

А ў чым адметнасць менавіта «Юраўскага карагода»?

— Культуру часта параўноўваюць з мазаікай, і гэтае параўнанне правільнае. Але лепей параўноўваць яе з ракой: ручаі розных культур уліваюцца ў агульную плынь, і тады рака паўнаводная, а як толькі знікае нават маленькая культура, рака драбнее.

Напрыклад, ёсць у Спісе ЮНЕСКА абрад вяртання мужнасці хлопчыкам, яго практыкуе адно афрыканскае племя — усяго 26 чалавек. Для міжнароднай супольнасці важна яго захаваць, бо гэта — часцінка вялікай культурнай плыні. Такія жывыя асяродкі і ствараюць разнастайнасць свету, не дазваляюць усяму ператварыцца ў спажывецкую маскультуру.

Вясенні абрад Юр’я вёскі Пагост якраз сярод такіх жывых плыней. Гэта старажытны еўрапейскі абрад, звязаны з хрысціянскай традыцыяй святкаванняў у гонар святога Георгія. Юр’еўскія святы характэрныя для ўсіх еўрапейцаў, асабліва для славян. У Спісе ЮНЕСКА ёсць варыянты Юр’еўскага карагода з Македоніі, Сербіі, Славакіі. Наш абрад адметны тым, што ў Беларусі захаваўся сімбіоз архаічных і хрысціянскіх элементаў. Абрад вёскі Пагост — адзін з найбольш старажытных варыянтаў святкавання Юр’я. Ён уяўляе каштоўнасць не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы, і яскрава сведчыць, што мы — еўрапейская нацыя, частка агульнага еўрапейскага культурнага кантэксту.

Ці можна чакаць праз гэта пашырэння еўрапейскага турызму ў рэгіёне?

— У Савеце Еўропы ёсць культурна-турыстычная праграма, якая называецца «Культурныя маршруты Еўропы». Яна спрыяе развіццю адукацыйнага, інтэлектуальнага турызму. Многія краіны заяўляюць там свае маршруты. Беларусь сёлета ўступае ў гэтую праграму, пакуль што ў якасці назіральніка.

Праз нашу краіну пралягае ледзь не палова ўсіх зарэгістраваных маршрутаў, у тым ліку маршрут, які называецца «Геаргіянскі шлях». Ён акумулюе аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, якія звязаны са святкаваннямі ў гонар святога Георгія. Трэба думаць, і мы падключымся да еўрапейскага «Геаргіянскага шляху», адным з пунктаў якога магла б стаць Пагост, і не толькі. І гэта будзе на карысць усяго Тураўскага рэгіёна, дзе можна было б распрацаваць адпаведныя маршруты.

Можна меркаваць, прывабнасць нашай краіны для замежных турыстаў не абмяжуецца святкаваннем Юр’я, бо ў спісе ЮНЕСКА — Будслаўскі фэст, абрад «Калядныя цары»...

— А зараз у лісце чакання яшчэ адзін файл, які мы падалі разам з Польшчай — культура бортніцтва. Ён будзе разгледжаны сёлета. Безумоўна, ёсць пэўныя аспекты, назавём іх інфармацыйнымі маркерамі, па якіх спажывец культуры, турыст альбо проста госць мяркуе пра краіну, шукае звесткі пра тое, што ён можа ў ёй наведаць. І такімі выразнымі маркерамі з’яўляюцца аб’екты культурнай спадчыны, у тым ліку нематэрыяльнай. ЮНЕСКА ў гэтым сэнсе не толькі спрыяе распазнаванню гэтых маркераў, але надае ім, так бы мовіць, аўтарытэтнасці.

Тым не менш, Беларусь сёння слаба прадстаўлена ў сучасных міжнародных, найперш еўрапейскіх, трэвэл-мэсэнджэрах, якімі зараз шырока карыстаюцца падарожнікі, асабліва моладзь.

Працэс інвентарызацыі «жывой спадчыны Беларусі» вядзецца, на сёння ў ім больш за 100 элементаў нематэрыяльнай культуры. Што, на вашу думку, трэба неадкладна зрабіць, каб гэты спіс больш актыўна папаўняўся?

— З 2014 года ў Рэспубліцы Беларусь створана досыць устойлівая сістэма інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Працэс пабудаваны інакш, чым з матэрыяльнымі аб’ектамі. Ён рухаецца знізу, непасрэдна ад носьбітаў гэтай спадчыны — супольнасцей, груп, асобных людзей. Эксперты — навукоўцы, даследчыкі — удзельнічаюць у працэсе ацэнкі і даюць сваё экспертнае заключэнне ў дачыненні да прадстаўленых дакументаў.

Аднак далей пачынаюцца пытанні, звязаныя непасрэдна з захаваннем нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Нам трэба стварыць прававую аснову, а таксама зацвердзіць пэўныя этычныя нормы для абароны правоў носьбітаў НКС. Нельга дапускаць праяў іх эксплуатацыі, а ў дачыненні да саміх элементаў спадчыны — фалькларызацыі і страты кантэксту. Бо часта фальклорныя гурты альбо рамеснікі, без якіх не абыходзіцца аніводны фестываль, не маюць кампесацыі за працу.

Ці звязаныя традыцыйныя культурныя, рамесніцкія практыкі з экалогіяй, біяразнастайнасцю?

— Безумоўна. Вучоныя кажуць: калі знікне бортніцтва, знікне больш за 20 відаў розных раслін! Дзякуючы бортнікам мы захоўваем пэўных раслін і жывёл, падтрымліваем экалагічную раўнавагу. На мой погляд, усе нацыянальныя паркі і прыродныя запаведнікі сёння павінны развіваць гэты старажытны від традыцыйных промыслаў, спрыяць яму. На сёння ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці больш за 200 чалавек займаюцца бортніцтвам. Неабходна ствараць усе ўмовы, каб яны працягвалі гэтую справу, забяспечыць абарону іх інтэлектуальных правоў, эканамічную і сацыяльную абароненасць, у тым ліку заканадаўча і адміністрацыйнымі метадамі.

Гэтыя ж меры варта было б распаўсюдзіць і на іншых носьбітаў традыцыйных ведаў.

 

Алена БРАВА

Фота: Альфрэд МІКУС,  БелТА


Інфармацыю пра наяўнасць часопіса "Алеся" у кіёску можна знайсці па нумарах: Брэст + 375 162 219838 Віцебск + 375 212 358437 Гомель + 375 232 558813 Гродна + 375 152 569508 Магілёў + 375 222 734102 Мінск і Мінская вобл. + 375 173 272542

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.