Вы тут

У Ратамцы адкрылася суперсучасная дашкольная ўстанова


У Дзень абароны дзяцей, 1 чэрвеня, у аграгарадку Ратамка Мiнскага раёна адкрыў свае дзверы для маленькiх наведвальнiкаў сучасны дзiцячы сад № 2. Пабудавала яго кампанiя «А-100».


Падчас урачыстай цырымонii сiмвалiчную стужку перарэзалi старшыня Мiнаблвыканкама Аляксандр Турчын, памочнiк Прэзiдэнта — iнспектар па Мiнскай вобласцi Iгар Яўсееў i старшыня назiральнага Савета групы кампанiй «А-100» Аляксандр Цэнтар.

Пасля ўрачыстасцяў загадчыца дашкольнай установы Таццяна Трыгубовiч запрасiла гасцей азнаёмiцца з умовамi, у якiх будуць жыць i выхоўвацца малыя. А гэтыя ўмовы сапраўды паспрыяюць духоўнаму, фiзiчнаму i эстэтычнаму развiццю выхаванцаў.

Ратамскi дзiцячы сад № 2 разлiчаны на 230 малых. Займацца яны будуць у дванаццацi групах у залежнасцi ад узросту. У тым лiку дзве групы прызначаны для дзяцей ад 2 да 3 гадоў.

У кожнай групы ёсць сваё асобнае памяшканне. Прадугледжаны таксама актавая i музычная залы, кабiнеты дэфектолага i псiхолага, рэсурсны цэнтр полiкультурнага выхавання, пункт карэкцыйна-педагагiчнай дапамогi, метадычны кабiнет, медыцынскi i харчавальны блокi. У спартыўнай зале ўсталявана спецыяльная сцяна для заняткаў альпiнiзмам.

Для дзяцей з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця створана безбар'ернае асяроддзе. Без перашкод перасоўвацца па будынку iм дапамогуць лiфт, шырокiя дзверы, поручнi i пандусы. Сiстэма вiдэаназiрання дазваляе кантраляваць усю тэрыторыю, якая прылягае да будынка. Яна, дарэчы, агароджана, а ўваход будзе ажыццяўляцца ў трох месцах праз спецыяльныя вiдэадамафоны.

Садок знаходзiцца ў раёне жылога квартала Пiрс, пабудаваным у прыбалтыйскiм стылi. Установу вылучаюць незвычайны фасад i ўнутранае афармленне, ярка выражаная марская стылiстыка. Водная тэма прысутнiчае i ў iнтэр'еры ўстановы. Пакоi для кожнай групы выкананы ў розных колеравых гамах: колеру марской хвалi, насычанага жоўтага сонечнага, светлага блакiтнага неба i колеру сiняга мора. На сценах намаляваны хвалi, пузыркi, падводныя героi, пляж, маякi, выратавальныя сродкi. Дзецi змогуць падарожнiчаць па моры, вывучаць яго флору i фаўну. А гэта, бясспрэчна, дапаможа развiваць нестандартнае творчае мысленне.

На вулiцы для дзяцей ёсць гульнявыя пляцоўкi з драўлянымi ценявымi навесамi, прарызiненае бяспечнае пакрыццё, невялiкiя градкi, дзе яны змогуць вырошчваць агароднiну або зелянiну.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота: mlyn.by

Загаловак у газеце: Садок колеру марской Хвалi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?