Вы тут

У Прэзідэнта абмеркавалі будаўніцтва пад Мінскам высокатэхналагічнай агравытворчасці


Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя рэалізуе маштабны экспартаарыентаваны і імпартазамяшчальны інвестыцыйны праект «Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу на 2016–2032 гады».


Мэта яго — арганізацыя глыбокай перапрацоўкі зерня па сучасных метадах біятэхналогіі з атрыманнем незаменных амінакіслот для вытворчасці і выхаду на мясцовы і экспартны рынкі высокапрадукцыйных, збалансаваных камбікормаў і прэміксаў. Праект рэалізуецца ў Пухавіцкім раёне, генеральны падрадчык — кітайская інжынірынгавая кампанія.

Указ Прэзідэнта аб арганізацыі высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу № 300 падпісаны 8 жніўня 2016 года.

«Прадпрыемства будзе засяроджана на высокаэфектыўным кармленні жывёлы, у выніку чаго мы атрымаем каласальны эфект у жывёлагадоўлі і сумежных галінах. Гэта прадпрыемства, якое мы будуем пад Мінскам, — суродзіч атамнай станцыі, першы блок якой мы ў найбліжэйшы час запускаем, суродзіч стварэнню высокадакладнай зброі ў Беларусі, гэта касмічныя праекты, якія мы ажыццявілі і працягваем працаваць. Гэта звязана з вышэйшымі тэхналогіямі. Гэта будучыня. Дадайце да гэтага яшчэ ІТ-парк і лічбавізацыю нашай краіны — не толькі эканомікі. Гэта будучыня нашай дзяржавы — як і любой іншай», — нагадаў Прэзідэнт удзельнікам нарады і заадно тым, хто «забыўся» на каласальныя, мільярдныя беларускія праекты па высокіх тэхналогіях.

Гэтыя праекты дазволяць — і ўжо дазваляюць зазірнуць у будучыню, працягнуў Аляксандр Лукашэнка. Хтосьці жадаў бы большага маштабу, але беларускі лідар звярнуў увагу, што рэалізацыя такіх праектаў патрабуе велізарных грошай.

«Дадзенае прадпрыемства не новае ў свеце, натуральна, не кожная краіна сабе можа дазволіць такое. У садружнасці з Кітайскай Народнай Рэспублікай, па дамоўленасці з Сі Цзіньпінам у свой час мы ажыццяўляем гэты праект. І, як я разумею, цягам гэтага і наступнага года мы ўжо здольныя асвоіць і запусціць гэту вытворчасць», — адзначыў Прэзідэнт.

Тэмай сённяшняй размовы стаў ход будаўніцтва прадпрыемства: кіраўніка дзяржавы цікавіць, на якім узроўні знаходзімся, якія пытанні патрабуюць вырашэння, перспектывы на найбліжэйшы час.

«Ні ў якім разе нельга выйсці за рамкі плануемых тэрмінаў. Трэба прадпрыемства пабудаваць своечасова, бо яно мусіць працаваць, прыносіць прыбытак. Грошы, якія мы пазычалі, натуральна, трэба будзе паступова вяртаць. Да 2032 года срок вялікі, я думаю, калі бізнес-план, які мы калісьці распрацоўвалі, ажыццявім, без праблем гэтыя грошы будуць вернутыя ў час Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Прынамсі, ніхто ніколі прэтэнзій да нас па гэтым пытанні не меў», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў паскорыць падрыхтоўку рашэнняў аб выдзяленні дадатковых сродкаў

Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Бельскі.

«Ёсць усе падставы меркаваць, што ў найбліжэйшы час будзе запушчаны першы этап вытворчасці камбікормаў. У наступным годзе з апярэджаннем прыкладна на восем месяцаў — другі этап, непасрэдна амінакіслот. Далей карпарацыя прыступае да рэалізацыі трэцяй чаргі праекта, новага этапу будаўніцтва», — сказаў Валерый Бельскі.

Для будаўніцтва ў Пухавіцкім раёне выдзелены зямельны ўчастак. На поўную магутнасць у адпаведнасці з Указам № 300 вытворчасць выйдзе ў наступным годзе.

Як праінфармаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, выручка ў найбліжэйшыя гады складзе прыкладна мільярд долараў.

Па яго словах, не менш за сорак працэнтаў прадукцыі другой чаргі праекта будзе экспартавацца. Дагэтуль Беларусь не вырабляе амінакіслоты, неабходныя, перш за ўсё, для развіцця свінаводства і птушкагадоўлі. БНБК закупляе лізін наўпрост з Кітаю танней, чым на сумежных рынках, сама мала на 400 долараў за тону. Высокатэхналагічная вытворчасць дазволіць замясціць гэты імпарт і пастаўляць амінакіслоты на экспарт.

Да новай для краіны галіны прыцягваюцца навуковыя, навучальныя арганізацыі. Кадры рыхтуюцца загадзя. Ужо сёння каля трохсот чалавек атрымалі прапановы аб працаўладкаванні. Сярэдні заробак на вытворчасці прадугледжваецца каля паўтары тысячы рублёў. Для супрацоўнікаў будуецца жыллё, паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Варвара МАРОЗАВА

Прэв'ю: bnbc.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.