Вы тут

Нелегальнае паступленне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў знізілася


Эпідсітуацыя, звязаная з пандэміяй каранавіруса ў свеце, паўплывала на распаўсюджанне наркотыкаў у нашай краіне. У сувязі з часовым закрыццём граніц з суседнімі і іншымі дзяржавамі, нелегальнае паступленне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў знізілася. Інтэрнэт-магазіны ў выніку рэалізуюць іх меншымі дозамі за большыя грошы, а таксама перакупляюць адзін у аднаго. У выніку з пачатку года захоўваецца дынаміка скарачэння нарказлачынстваў на 30 %. Пры гэтым, па ацэначных звестках, колькасць асоб, уцягнутых у наркаманію, складае каля 88 тысяч чалавек.


Колькасць нарказлачынстваў змяншаецца

Наркотыкі па-ранейшаму распаўсюджваюцца пераважна бескантактным спосабам — пры дапамозе закладак, а рэклама «працуе» ў розных месенджарах і сацыяльных сетках.

— Статыстыка сведчыць пра пэўную стабілізацыю наркасітуацыі ў краіне. Амаль на палову менш выяўлена злачынстваў з удзелам непаўналетніх. Устаноўлена 14 падлеткаў, якія іх здзейснілі. Сярод іх зніжаецца і колькасць перадазіровак: за чатыры месяцы гэтага года ўстаноўлены толькі адзін такі факт. Апошні выпадак смерці непаўналетняга ад наркотыкаў зарэгістраваны ў краіне ў 2014 годзе, — расказвае начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Сільвестровіч.

Змяншаецца і колькасць нарказлачынстваў, учыненых раней судзімымі. Але, нягледзячы на стабілізацыю сітуацыі, наркапагрозы ў краіне захоўваюцца. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць колькасць перадазіровак. Летась іх лічба вырасла на 16,5 %, зафіксаваны 381 такі выпадак. Назіраецца і павелічэнне колькасці перадазіровак, якія заканчваюцца смерцю. Больш чым у палове выпадкаў гэта адбывалася ў выніку злоўжывання метадонам. У першым квартале гэтага года колькасць перадазіровак працягвала расці, зафіксавана 127 такіх фактаў.

— Мы аналізуем кожны выпадак перадазіроўкі. Відавочна, што наркаспажыўцы не паспяваюць за змяненнем кан'юнктуры наркарынку. У кожнага свая гранічная доза, якая не прывядзе да перадазіроўкі і смерці. Аднак наркаспажыўцы не ўлічваюць той факт, што апошнім часам на беларускі рынак паступае больш чысты метадон, таму перадазіроўкі здараюцца часцей, — тлумачыць Алег Сільвестровіч.

Пры гэтам суразмоўца падкрэслівае, што доля смерцяў ад перадазіроўкі, прычынай якіх паслужыў менавіта метадон, павялічылася з 50 % да 70 %. Ва ўсіх выпадках наркотык набываўся бескантактным спосабам з выкарыстаннем інтэрнэту.

«Партрэт» загінулых у выніку перадазіроўкі такі: гэта асобы ва ўзросце ад 30 да 38 гадоў, нарказалежныя са стажам, раней судзімыя (у тым ліку па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса), якія стаялі на ўліку ва ўрача-нарколага і накіроўваліся на прымусовае лячэнне. Разам з тым каля паловы памерлых мелі шэраг спадарожных хвароб, якія паўплывалі на смяротны сыход.

Сёлета праваахоўнікі выявілі 13 памяшканняў, спецыяльна абсталяваных для вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін. Паколькі асноўнай крыніцай наркотыкаў на нашым рынку застаюцца нелегальныя пастаўкі з-за мяжы, у 2020 годзе выяўлена і ліквідавана 14 каналаў пастаўкі, а таксама іх транзітных перавозак. Накіравана патрабаванне аб абмежаванні доступу да 198 сайтаў, спынена дзейнасць шасці інтэрнэт-магазінаў.

МУС удзельнічае ў распрацоўцы сайта kіds.pomogut.by, які плануецца ўкараніць у адукацыйны працэс па ўсёй краіне, далучылася да праекта прадстаўніцтва дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, які датычыцца бяспекі дзяцей у інтэрнэце і прадугледжвае правядзенне серыі вэбінараў для дзяцей розных узростаў і бацькоў. Таксама вядзецца стварэнне цэнтраў прафілактыкі: ужо працуюць цэнтр нагляднай прафілактыкі ў Брэсце і кабінет прафілактыкі наркаманіі ў Віцебску. Арганізацыя падобных антынаркатычных пляцовак запланавана па ўсёй краіне.

Задача — дапамагчы

Пры гэтым, нягледзячы на неспрыяльную эпідэміялагічную сітуацыю з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, аказанне амбулаторнай і стацыянарнай дапамогі нарказалежным у Беларусі не перапынялася. Пра гэта паведаміў галоўны ўрач Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» Аляксей Аляксандраў. У краіне функцыянуе сем аддзяленняў для лячэння нарказалежных на 270 месцаў.

— Мы адаптаваліся і ў адрозненне ад іншых краін працягваем дапамагаць нашым пацыентам. У нас не зафіксавана ніводнага выпадку, калі аказанне дапамогі прывяло да інфіцыравання каранавірусам. За чатыры месяцы гэтага года ў нас нават крыху павялічылася колькасць людзей, якія звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Адна з прычын — закрыццё граніц і тое, што наркотыкаў на нашым рынку стала меней, — адзначае Аляксей Аляксандраў.

Калі ў пачатку года колькасць пацыентаў, якія атрымлівалі метадонавую дапамогу, складала 690, то сёння іх ужо 750 па ўсёй краіне. Гэта таксама адна з мер прафілактыкі перадазіровак нелегальным метадонам.

— Мы адрэагавалі і на сітуацыю з амністыяй, бо разумеем: калі мы не прапануем адэкватную дапамогу, гэтыя людзі вернуцца да наркаспажывання. Таму з 1 студзеня мы спрасцілі атрыманне медыцынскай, псіхалагічнай, сацыяльнай дапамогі асобам, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Напрыклад, калі ў чалавека няма пашпарта, але ёсць дакумент аб спыненні выканання пакарання, ён ідзе на першачарговы прыём без чаргі. Другая катэгорыя, на якую мы звярнулі ўвагу, — гэта жанчыны. Наркаспажыванне адбіваецца не толькі на іх, але і на іх дзецях і блізкіх. Таму разам з грамадскімі арганізацыямі мы запусцілі праект дапамогі нарказалежным жанчынам, які прадугледжвае іх суправаджэнне спецыялістамі ад моманту цяжарнасці да паўналецця іх дзяцей, — расказвае медык.

Такая праграма — адзінае выйсце

Намеснік галоўнага ўрача па амбулаторным раздзеле работы Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г. Мінска Жанна Істоміна паведаміла, што ў Мінску пад назіраннем медыкаў знаходзіцца каля 5 тысяч чалавек, у тым ліку 3 тысячы з іх маюць залежнасць. Дыспансер аказвае ім усе віды дапамогі, тут працуюць тры праграмы рэабілітацыі. Адна з іх, «Вясёлка», — для тых, хто жадае прайсці лячэнне ананімна. Яно ў такім выпадку платнае. Для пацыентаў, што знаходзяцца на дыспансерным уліку, распрацаваны праграмы рэабілітацыі «Крок» і «Формула жыцця». Акрамя таго, працуе і праграма замяшчальнай метадонавай тэрапіі.

— У Мінску нашы кабінеты размешчаны па 15 адрасах. Не ўсім мясцовым жыхарам падабаецца суседства з імі. Так, нашы пацыенты часам вельмі шумныя. Але людзі чамусьці думаюць, што яны небяспечныя. Мы атрымліваем скаргі, што яны нібыта раскідваюць шпрыцы, здзяйсняюць правапарушэнні. Гэта часта не пацвярджаецца. Насамрэч для нашых пацыентаў названая праграма — адзінае выйсце. На сёння ў ёй 176 чалавек. Яны працуюць, ствараюць сем'і, у іх нараджаюцца дзеці. Такі праект — вялікі ўнёсак у зніжэнне шкоды. Напрыклад, у нас 80 чалавек з ВІЧ. Дзякуючы праграме яны атрымліваюць не толькі метадонавую тэрапію, але і антырэтравірусную, што дазваляе не перайсці ў стадыю захворвання, — аргументуе Жанна Істоміна.

Лячэнне дазваляе пазбавіцца ад нарказалежнасці і пражыць даволі доўгае жыццё. На сёння аднаму з найстарэйшых былых нарказалежных з працяглым стажам 70 гадоў. Ён жыве ў Светлагорску, горадзе, які пасля распаду СССР стаў адным з эпіцэнтраў распаўсюджвання наркотыкаў. Мужчыну ўдалося справіцца з залежнасцю, ён стварыў сям'ю, а сёння мае ўнукаў і нават праўнука.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?