Вы тут

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды


Напярэдадні Дня аховы навакольнага асяроддзя міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык расказаў, для чаго патрэбны экалагічны рэйтынг развіцця рэгіёнаў, ці можна ў Беларусі выкарыстоўваць энергію нетраў і якія «зялёныя» кірункі становяцца нацыянальным прыярытэтам.

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. Невыпадкова ў шэраг складнікаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь уключана падтрыманне экалагічнай бяспекі — стану абароненасці навакольнага асяроддзя, жыцця і здароўя грамадзян ад розных пагроз, якія ідуць як ад прыроды, так і ад самога чалавека.

За апошнія гады ў Беларусі зменшыўся негатыўны ўплыў гаспадарчай дзейнасці на цэласнасць экалагічных сістэм, палепшылася экалагічная сітуацыя ў краіне, эканоміка пачала пераходзіць на «зялёныя» рэйкі. Але па-ранейшаму ў сферы аховы прыроды застаецца шмат пытанняў, вырашыць якія немагчыма без узаемадзеяння органаў улады, інстытутаў грамадзянскай супольнасці, дзелавых колаў.


Фота Яўгена Пясецкага

Уласныя рэсурсы — аснова развіцця

— Андрэй Паўлавіч, на пасяджэнні выніковай калегіі міністэрства вы казалі пра неабходнасць павышэння выкарыстання ўласнай мінеральнай сыравіны. Чаму гэты кірунак важна развіваць?

— Устойлівае развіццё эканомікі Беларусі немагчыма без збалансаванага выкарыстання і ўзнаўлення мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Пры гэтым важна змяншаць залежнасць ад імпарту мінеральнай сыравіны і павышаць экспартны патэнцыял уласных рэсурсаў. Гэта ў тым ліку дапамагае развіваць рэгіёны, павялічваць узровень і якасць жыцця насельніцтва.

На тэрыторыі нашай краіны сканцэнтраваны велізарныя запасы калійных і каменнай соляў, даламіту, мелу і мергельна-мелавых парод, сыравіны для вытворчасці будматэрыялаў, торфу, сапрапеляў, прэсных і мінеральных падземных вод і іншых. За апошнія тры гады ў работу перададзена каля ста новых радовішчаў карысных выкапняў: нафты, нафтавага спадарожнага газу, пясчана-жвірова-валуннага матэрыялу і пяску, торфу, сапрапелю, трэпелу. На базе радовішчаў рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты на суму каля 3,5 мільярда долараў ЗША.

Але, нягледзячы на штогадовае забеспячэнне прыросту запасаў карысных выкапняў розных відаў, не ўсе радовішчы сёння запатрабаваны ў некаторых галінах. Не цалкам выкарыстоўваюцца запасы калійных і каменнай соляў, даламіту, мелу і мергельна-мелавых парод, шкляных і сілікатных пяскоў, будаўнічага каменю, гліністай сыравіны, торфу, сапрапелю, прэсных і мінеральных падземных вод. Праз гэта краіна недаатрымлівае сродкі: плаціцца менш падатку за здабычу прыродных рэсурсаў; менш вяртаецца бюджэтных сродкаў, укладзеных дзяржавай у разведку гэтых радовішчаў; не скарачаецца імпарт карысных выкапняў, якія разведаны, але пакуль не распрацоўваюцца ў нашай краіне.

Таму розным ведамствам і органам улады важна сумесна працаваць над максімальным уцягваннем у гаспадарчы абарот разведаных карысных выкапняў, у тым ліку прыцягваць інвестараў.

Фота Анатоля Дрыбаса.

— На вуліцах Мінска і іншых гарадоў з’явіліся электробусы, развіваецца і пракат веласіпедаў, самакатаў. Выбіраючы такі транспарт, беларусы дапамагаюць скараціць шкодныя выкіды ў паветра. Якія яшчэ меры павінны прымацца па зніжэнні забруджвання «лёгкіх» нашых населеных пунктаў?

— Так, сапраўды, стварэнне «зялёных» транспартных сістэм дазваляе змяншаць выкіды забруджвальных рэчываў і парніковых газаў, пашыраць выкарыстанне новых відаў паліва.

Рэалізацыя прынятай у 2013 годзе Стратэгіі па зніжэнні шкоднага ўздзеяння транспарту на атмасфернае паветра Рэспублікі Беларусь да 2020 года дазволіла скараціць долю выкідаў з 68 % у 2013 годзе да 63 % у 2019-м.

У нашай краіне актыўна развіваецца пасажырскі электратранспарт: электробусы, тралейбусы, трамваі і электрацягнікі. Цяпер у краіне зарэгістравана каля 360 электрамабіляў, больш за 80 электробусаў і звыш 250 зарадных станцый. Развіццё электратранспарту становіцца нацыянальным прыярытэтам.

У 2019 годзе сумарны выкід забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ў параўнанні з 2016 годам зменшыўся на 1,1 %. Пры гэтым асноўнае зніжэнне выкідаў дасягнута за кошт іх скарачэння менавіта ад мабільных крыніц.

Вельмі важна таксама павялічваць патэнцыял выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ), у тым ліку энергіі біягазу, натуральнага руху водных патокаў, біямасы, цяпла зямлі і іншых. У 2019 годзе выдадзены сертыфікаты аб пацвярджэнні паходжання энергіі па 11 зноў створаных устаноўках па выкарыстанні АКЭ агульнай сумарнай магутнасцю 83,101 МВт. Уведзены ў эксплуатацыю тры ветраэнергетычныя ўстаноўкі сумарнай магутнасцю 7,75 МВт.

З ліпеня 2019-га да студзеня 2020 года Мінпрыроды забяспечыла 40 горных адводаў для выкарыстання петрагеатэрмальных рэсурсаў у мэтах цеплазабеспячэння гандлёвых аб’ектаў і АЗС. Такі кірунак неабходна развіваць, бо гэты від энергіі экалагічна чысты і безадходны.

Перспектыўны напрамак таксама — распрацоўка планаў устойлівай гарадской мабільнасці. Гэтыя планы ўключаюць мерапрыемствы па комплексным развіцці грамадскага і веласіпеднага транспарту, стварэнні ў цэнтрах гарадоў тэрыторый і прастораў, дзе перавага руху будзе аддадзена пешаходам, і шмат іншага. Цяпер Мінпрыроды сумесна з Праграмай развіцця ААН рэалізуе праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Беларусь: падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі», у рамках якога распрацоўваюцца планы ўстойлівай гарадской мабільнасці для 12 гарадоў.

Парадак пачынаецца з малога

— З мэтай стымулявання навядзення парадку на месцах вы прапануеце ўкараніць рэйтынг экалагічнага развіцця па рэгіёнах Беларусі. Чаму важна ўключаць экалагічны складнік у ацэнку дзейнасці рэгіёнаў?

— Так, гэтая тэма цяпер для нас актуальная. Экалагічны рэйтынг развіцця — не толькі навядзенне парадку на зямлі, а хутчэй комплексны падыход, пры якім будзе праводзіцца параўнальная ацэнка па рэгіёнах, гарадах па трох кірунках:

  • стан навакольнага асяроддзя (атмасфернае паветра, водныя рэсурсы, вада, глеба, біяразнастайнасць, ААПТ, доля зялёнай і воднай паверхняў і іншае),
  • дзейнасць у рэгіёне па скарачэнні экалагічнай нагрузкі: узровень інвестыцый у ахову навакольнага асяроддзя; гадавое спажыванне энергіі; працэнт энергіі, якая атрымліваецца з аднаўляльных крыніц энергіі, цвёрдых камунальных адходаў; выкарыстанне грамадскага транспарту; колькасць мадэрнізаваных прадпрыемстваў, экалагічных тэхналогій; энергаэфектыўны жыллёвы сектар; колькасць прыродаахоўных бізнес-праектаў і г. д.;
  • —дзейнасць па павышэнні экалагічнай культуры: экалагічная адукацыя, падтрымка здаровага спосабу жыцця, працягласць веласіпедных маршрутаў, грамадская прастора для адпачынку на адкрытым паветры, зялёныя зоны, працэнт азелянення, даступнасць экалагічнай інфармацыі, якасць паслуг у сферы прыродакарыстання; колькасць праектаў, у якіх грамадзяне бралі грамадскі ўдзел; распрацоўка стратэгій, праграм, планаў павышэння ўстойлівасці да змены клімату.

Адказ на пытанне, чаму важна ўключаць экалагічны складнік у ацэнку дзейнасці рэгіёнаў, дае само вызначэнне ўстойлівага развіцця. Яго базай з’яўляецца гарманічнае спалучэнне прыярытэтаў трыяды: эканоміка, прырода, грамадства.

У 2020 годзе праводзіцца навукова-даследчая работа «Распрацоўка экалагічнага рэйтынга развіцця рэгіёнаў Беларусі і метадалогіі яго фарміравання». Мы плануем узяць найлепшае з міжнароднага досведу і адаптаваць да ўмоў нашай краіны.

— Хто больш дапускае правапарушэнняў у прыродаахоўнай сферы — грамадзяне ці юрыдычныя асобы? Наколькі ў цэлым эфектыўная кантрольная дзейнасць Мінпрыроды?

— Кантрольная дзейнасць Мінпрыроды накіравана ў першую чаргу на прадухіленне, а затым ужо выяўленне і стрыманне парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Таму інспектары аховы прыроды ў сваёй рабоце робяць акцэнт на меры прафілактычнага і папераджальнага характару (маніторынгі, мерапрыемствы тэхнічнага, тэхналагічнага, праверачнага характару, накіраванне рэкамендацый і патрабаванняў па ліквідацыі і недапушчэнні недахопаў).

У 2019 годзе органы Мінпрыроды правялі больш за 17 тысяч такіх мерапрыемстваў і выявілі каля 38 тысяч парушэнняў і недахопаў прыродаахоўнага заканадаўства. Таксама падчас 335 выбарачных праверак суб’ектаў гаспадарання выяўлена больш за дзве тысячы парушэнняў.

Пра тое, хто больш парушае, сведчыць статыстыка. У 2019 годзе гэта былі 20 850 юрыдычных, 5081 службовая, 1119 фізічных асоб.

Па-ранейшаму найбольшая колькасць правапарушэнняў — у галіне абыходжання з адходамі. Напрыклад, было выяўлена 2,5 тысячы фактаў захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў і прыцягнута да адказнасці 959 вінаватых асоб.

Што датычыцца нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю, то з больш чым 900 такіх фактаў, выяўленых летась, большая частка зафіксавана ў галіне аховы і выкарыстання аб’ектаў расліннага свету (незаконнае выдаленне, выключэнне, знішчэнне, пашкоджанне дрэў ці кустоў да ступені спынення росту).

Важна разумець: калі суб’екты гаспадарання будуць выконваць прыродаахоўнае заканадаўства, прадухіляць шкодныя наступствы сваёй дзейнасці на навакольнае асяроддзе і беражліва адносіцца да прыродных багаццяў, то і экалагічнае становішча ў краіне таксама будзе спрыяльнае.

Змяняецца клімат — час мяняцца самім

— Тэма Сусветнага дня навакольнага асяроддзя ў 2020 годзе прысвечана захаванню біяразнастайнасці. Вырашэннем якіх праблем у гэтай галіне сёння займаецца Мінпрыроды?

— Каб эфектыўна ахоўваць біялагічную і ландшафтную разнастайнасць, у нашай краіне створана і дзейнічае сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ). У межах ААПТ жыве каля 80 % відаў рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, дзікарослых раслін і каля 90 % відаў дзікіх жывёл.

На 1 студзеня 2020 года ў краіне функцыянуе 1297 ААПТ на плошчы 1870,1 тысячы гектараў (адзін запаведнік, чатыры нацыянальныя паркі, 381 заказнік, 911 помнікаў прыроды). З 2016 да 2019 года плошча ААПТ павялічылася на 71,4 тысячы гектараў і дасягнула 9 % ад агульнай плошчы краіны.

Важна разумець, што прыроднае асяроддзе змяняецца — гэта звязана як з інтэнсіфікацыяй гаспадарчай дзейнасці, так і са зменай клімату. Таму і сістэму ААПТ трэба развіваць і ўдасканальваць, зразумела, з улікам захавання экалагічных сістэм і прыродных кампанентаў, важных для падтрымання біялагічнай разнастайнасці і фарміравання нацыянальнай экалагічнай сеткі. Напрыклад, варта прасоўваць экалагічны турызм на ААПТ.

Калі казаць пра рэдкія віды, то мерапрыемствы па ахове, стабілізацыі і павелічэнні колькасці відаў дзікіх жывёл, якія знікаюць на глабальным узроўні, таксама даюць добрыя вынікі.

Напрыклад, колькасць еўрапейскага зубра ў Беларусі ўвесь час расце — за 29 гадоў яна павялічылася больш чым у 6,2 раза і па стане на 1 сакавіка 2020 года складае 2043 асобіны. У нашай краіне створана 10 мікрапапуляцый зубра. У 2018—2019 гадах пачала фарміравацца 11-я Дзятлаўская мікрапапуляцыя, якая ўжо дала першае патомства. Сёння Беларусь займае першае месца ў свеце па колькасці зуброў, што жывуць вольна, пры гэтым доля пагалоўя віду складае 35 % ад сусветнай колькасці і гарантуе доўгатэрміновае выжыванне яго беларускай папуляцыі.

Займаецца Мінпрыроды і пытаннямі мінімізацыі негатыўнага ўплыву інвазійных чужародных відаў дзікарослых раслін на экалагічныя сістэмы. Нам неабходна і далей скарачаць плошчы, занятыя пад такія расліны, як баршчэўнік Сасноўскага і сумнік канадскі, — сёлета гэтыя работы будуць праведзены на 4615,7 і 2848,0 гектара адпаведна.

Важна таксама ўцягваць у гаспадарчы абарот біялагічныя рэсурсы. Толькі за мінулы год Беларусь экспартавала больш за 23 тысячы тон прадукцыі расліннага свету (свежыя плады, ягады і прадукты іх перапрацоўкі) і грыбоў коштам каля 60 мільёнаў долараў ЗША. Растуць нарыхтоўкі вінаграднага смаўжа, даўгапалага рака, лічынак хіранамід. Паступленні валютных сродкаў ад экспарту вінаграднага смаўжа за апошнія пяць гадоў склалі каля 4 мільёнаў долараў.

— Як у Беларусі выконваецца План мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення?

— Скіраванасць Рэспублікі Беларусь на ўстойлівае развіццё немагчымая без вырашэння праблемы змены клімату. Па Парыжскім пагадненні наша краіна ўзяла на сябе абавязацельствы да 2030 года зменшыць выкіды парніковых газаў на 28 % у параўнанні з 1990-м. Па ацэначных звестках, за 2019 год выкіды скараціліся ўжо не менш чым на 30 %. Таму мы маем намер павялічыць свае нацыянальныя абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў да 2030 года не менш чым на 35 % у параўнанні з 1990 годам выключна за кошт уласных рэсурсаў.

Беларусь мае адзін з самых высокіх паказчыкаў лясістасці ў Еўропе (39,8 % тэрыторыі) і вялікія плошчы неасушаных балот (каля 7 % тэрыторыі), якія звязваюць і выводзяць з атмасферы вуглякіслы газ.

Паводле ацэнак вучоных, у лясным фондзе краіны назапашана 3,5 мільярда тон вугляроду, з якіх тры чвэрці прадстаўлена арганічным вугляродам глебы, у тым ліку больш за 60 % — вугляродам торфу. У балотах акумуляваны 0,5 мільярда тон вугляроду, а захаваныя ў натуральным стане балоты штогод выводзяць з атмасферы каля 900 тысяч тон дыяксіду вугляроду і выдзяляюць у атмасферу 630 тысяч тон кіслароду.

Важным крокам у справе змякчэння наступстваў ад змены клімату стала прыняцце летась Закона «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў».

Беларусь — адзін з сусветных лідараў па аднаўленні парушаных балотных экасістэм. Такія мерапрыемствы ўжо праведзены на тэрыторыі звыш 60 тысяч гектараў.

У 2020 годзе ў рамках праекта ПРААН/ГЭФ «Ветландс» працягваюцца работы па экалагічнай рэабілітацыі тарфянікаў у Смаргонскім, Вілейскім, Шаркаўшчынскім, Мёрскім, Лідскім раёнах. У другой фазе праекта ўрада Рэспублікі Карэя і Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем «Аднаўленне асушаных тарфянікаў у Беларусі» будуць паўторна забалочаны тарфянікі ў Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах плошчай не менш за дзве тысячы гектараў.

У развіццё нацыянальнага Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Парыжскага пагаднення наша краіна працуе не толькі над зніжэннем выкідаў парніковых газаў, але і над мерамі па адаптацыі і павелічэнні паглынання гэтых газаў.

Напрыклад, Міністэрствам лясной гаспадаркі зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па павелічэнні абсорбцыі паглынальнікамі парніковых газаў на перыяд да 2030 года, Стратэгія адаптацыі лясной гаспадаркі Беларусі да змены клімату да 2050 года і Нацыянальны план дзеянняў па адаптацыі лясной гаспадаркі Беларусі да змены клімату да 2030 года. Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання сумесна з НАН Беларусі распрацавана і зацверджана Стратэгія адаптацыі сельскай гаспадаркі да змены клімату да 2050 года. Шэраг гарадоў і раёнаў прынялі планы па змякчэнні наступстваў змены клімату і адаптацыі да змен клімату на мясцовым узроўні.

Для рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення і Мэт устойлівага развіцця ў краіне распрацоўваецца Стратэгія нізкавугляроднага развіцця на перыяд да 2050 года. Яна будзе прадугледжваць шырэйшае выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля, развіццё электратранспарту, укараненне ў эканоміку нізкавугляродных і безвугляродных тэхналогій.

Аднак неабходна прымаць да ўвагі, што добрасумленнага выканання Беларуссю павышаных абавязацельстваў, узятых на сябе ў рамках рэалізацыі Парыжскага пагаднення, недастаткова для пераадолення з’яў, выкліканых зменай клімату ў рэгіянальным і глабальным маштабах. Неабходна кансалідацыя намаганняў усіх дзяржаў, а таксама справядлівае размеркаванне тэхнічнай і экспертнай дапамогі краінам, здольным прымаць максімальна эфектыўныя меры ў гэтай сферы.

Супрацоўніцтва на карысць прыродзе

— Раскажыце, калі ласка, пра міжнародныя кантакты ведамства.

— Актыўнае супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя наладжана ў рамках СНД, ЕАЭС, Саюзнай дзяржавы. Адзін з ключавых партнёраў Беларусі ў гэтай сферы — Еўрапейскі саюз.

Вучоныя і спецыялісты Беларусі і краін-суседак праводзяць сумесныя даследаванні ў галіне трансгранічнага забруджвання паветра, аховы водна-балотных угоддзяў, барацьбы з апустыньваннем і дэградацыяй зямель, міграцыі дзікіх жывёл, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў трансгранічных рэк, развіцця экатурызму і ў іншых важных кірунках прыродаахоўнай дзейнасці.

Штогод рэалізуецца шэраг праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў галіне захавання біяразнастайнасці, аднаўлення водна-балотных экасістэм і ўстойлівага кіравання прэснаводнымі экасістэмамі, развіцця электрамабільнага транспарту і нацыянальнай сеткі зарадных станцый, а таксама ветраэнергетыкі, экалагічнага турызму і іншага. Толькі ў 2019 годзе ў рамках рэалізацыі дзевяці праектаў было прыцягнута 28,8 мільёна долараў ЗША і 5,4 мільёна еўра сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Нам цікавы сучасны досвед і найлепшыя практыкі па шэрагу кірункаў палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, а таксама абыходжання з прамысловымі і бытавымі адходамі, павышэння энергаэфектыўнасці. Гэта дае магчымасць выбіраць найбольш эфектыўныя інструменты рэалізацыі нацыянальнай палітыкі. У сваю чаргу, мы таксама прадставілі партнёрам нашы напрацоўкі па рэалізацыі палітыкі ў галіне захавання біяразнастайнасці, аховы трансгранічных водных рэсурсаў, развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.

Развіваючыся, прамысловасць часта негатыўна ўплывае на навакольнае асяроддзе. Але адначасова з гэтым ва ўсім свеце імкнуцца пераходзіць на «зялёныя» тэхналогіі. Я думаю, што сітуацыя стабілізуецца праз некалькі гадоў і мы прыйдзем да таго, што чалавецтва будзе наносіць меншую шкоду прыродзе.

Цяпер краіны рэалізуюць меры па паляпшэнні стану навакольнага асяроддзя пры распрацоўцы планаў выхаду з крызісу, выкліканага COVІD-19. У гэтай сувязі неабходна ўзмацніць міжнароднае супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне абмену вопытам пераадолення наступстваў крызісу і яго ўплыву на экалагічную палітыку дзяржаў. Меры па выхаду з крызісу павінны стаць асновай для структурнай экалагізацыі і пераходу да «зялёнага» развіцця. Бо навакольнае асяроддзе — адзін з індыкатараў здароўя і дабрабыту насельніцтва.

Наша планета занадта малая, каб захаваць дабрабыт адных дзяржаў, ігнаруючы праблемы іншых. І калі кожны з нас будзе лічыць сваім абавязкам зберагчы тое, што дадзена нам прыродай, а таксама прызнае сябе адказным за будучыню планеты Зямля, мы даб’ёмся поспеху ў захаванні нашага агульнага дома для наступных пакаленняў.

— Як вы ацэньваеце супрацоўніцтва Мінпрыроды з грамадскімі арганізацыямі экалагічнага профілю?

— Грамадскія аб’яднанні — асноўныя партнёры Мінпрыроды нароўні са сродкамі масавай інфармацыі, органамі дзяржаўнага кіравання, рэлігійнымі арганізацыямі, маладзёжнымі валанцёрскімі экалагічнымі атрадамі, грамадскімі эколагамі. 27 грамадскіх эколагаў уваходзяць у склад Грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета міністэрства.

Хачу падкрэсліць важнасць сумеснай дзейнасці ва ўсіх кірунках — па ўдасканаленні прыродаахоўнага заканадаўства, рэалізацыі экалагічных праектаў, удзеле ў асветніцкай рабоце. Асабліва ўдзячны прадстаўнікам грамадскасці за ўдзел у кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму».

Грамадскія эколагі — а гэта 415 неабыякавых, адказных людзей — аказваюць істотную дапамогу на месцах у справе навядзення парадку на зямлі. Вынік нашай сумеснай працы павінен быць адчувальным, ён павінен стымуляваць шырокае выкарыстанне «зялёных» тэхналогій, павысіць экалагічную культуру насельніцтва.

Неабходна мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, а таксама грамадства і бізнесу на сумесныя дзеянні, накіраваныя на тое, каб паветра і вада былі чыстыя, каб захаваліся лясы, расліны і жывёлы, каб пейзажаў, якія нас акружаюць, не псавалі звалкі бытавых і прамысловых адходаў.

Спадзяёмся на плённае супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі дзяржорганамі і арганізацыямі.

Вераніка КОЛАСАВА

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».