Вы тут

Як адраджаецца маладзёжны геалагічны рух у Беларусі


Геалогія — навука вельмі цікавая і карысная. Нездарма дзіцяча-юнацкі геалагічны рух быў папулярны ў Савецкім Саюзе. У Расіі і некаторых краінах СНД ён развіваецца і цяпер амаль бесперапынна. Там шмат тэматычных школ і клубаў, і дзеці займаюцца з вельмі ранняга ўзросту. У Беларусі ж гэты кірунак пачаў аднаўляцца толькі з 2017 года. Падтрымліваць хлопцаў і дзяўчат, якія робяць першыя крокі ў геалогіі, а таксама моладзь, што вырашыла звязаць сваё жыццё з гэтай навукай, — адна з важных задач Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Фота: chips-journal.ru.

Вярнуць цікавасць

Першая і пакуль адзіная каманда «Юныя геолагі Беларусі» сфарміравалася ў нашай краіне тры гады таму. Тады Мінпрыроды прапанавала навучэнцам Мінскай сярэдняй школы № 53, якія ўжо займаліся геалогіяй пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Жанны Гвозд, прыняць удзел у Міжнароднай палявой алімпіядзе юных геолагаў у рамках XІ Усерасійскай адкрытай палявой алімпіяды. Заручыўшыся падтрымкай НВЦ па геалогіі, беларускай кампаніі з прыватным капіталам, геаграфічнага факультэта БДУ і асабіста Дзмітрыя Курловіча, загадчыка кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм геафака БДУ, які таксама выступіў кіраўніком каманды, хлопцы і дзяўчаты змаглі за кароткі тэрмін падцягнуць свае веды. Вынікам такой грунтоўнай падрыхтоўкі стала заваяваная імі на алімпіядзе «бронза», а яшчэ праз два гады (менавіта з такім інтэрвалам праходзіць Міжнародная алімпіяда) — «серабро».

— Нашы юныя геолагі паказваюць вельмі добрыя вынікі. Асабліва ўлічваючы іх невялікі вопыт у палявых алімпіядах у параўнанні з тымі ж расійскімі камандамі. Неаднаразова мы атрымлівалі пахвальныя водгукі на адрас нашых хлопцаў і дзяўчат ад калег з Мінпрыроды Расіі, што не можа не выклікаць гонару і жадання расці далей, — адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мінпрыроды Васіль КОЛБ. — Неабходна развіваць маладзёжны геалагічны рух, каб у нас былі падобныя каманды па ўсёй краіне. Школьнікі павінны ведаць, што ёсць такая важная прафесія — геолаг, якая ўключае ў сябе мноства напрамкаў. Для гэтага праводзяцца алімпіяды і конкурсы. Спадзяёмся, іх з кожным годам будзе больш.

На жаль, сёння геалогія як універсітэцкая спецыяльнасць не карыстаецца сярод абітурыентаў той папулярнасцю, што ў былыя гады. Штогод у краіне выпускаецца ўсяго каля 40 маладых спецыялістаў, з якіх менш за палову застаецца ў прафесіі.

— Падчас наведвання нашых вытворчых аб'ектаў мы заўсёды размаўляем з маладымі геолагамі, якія працуюць у палявых умовах, высвятляем, якія ў іх ёсць праблемы і прапановы, і сумесна з НВЦ па геалогіі абмяркоўваем усе гэтыя моманты. Маладых спецыялістаў абавязкова трэба стымуляваць. Так, дзевяцярым актыўным супрацоўнікам была павышана катэгорыя і, адпаведна, павялічана зарплата. Работа ў гэтым кірунку намі будзе працягнута. Было б жаданне працаваць! — падкрэслівае Васіль Юр'евіч.

Геалогія вачыма дзяцей

Мы спыталіся ў пераможцаў ІІ Рэспубліканскага геалагічнага конкурсу, вынікі якога былі падведзены днямі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, чаму яны займаюцца геалогіяй і ці хочуць звязаць сваё жыццё з гэтай навукай.

Ірына КРЫВЁНАК, навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1, узнагароджана дыпломам І ступені:

— З самага дзяцінства я захаплялася гісторыямі пра дыназаўраў, любіла глядзець пра іх фільмы, чытаць кнігі. Мне заўсёды было цікава разглядаць камяні, хацелася даведацца, чаму яны ўсе розныя. З восьмага класа пачала старанна рыхтавацца да алімпіяд па геаграфіі, дзе геалогія была маім любімым раздзелам. А з мінулага года я наведваю заняткі па інтарэсах, якія праводзіць Дзмітрый Уладзіміравіч Поджыгераў. Мы можам не па карцінках вывучаць мінералы і горныя пароды, а ўбачыць іх наяве, патрымаць у руках, панюхаць ці нават пакаштаваць на смак, калі гэта, напрыклад, калійная соль. Геалогія — гэта тая ж гісторыя, але без людзей. Спадзяюся, што буду працаваць калі не ў гэтай прафесіі, то ў сумежнай.

Ванда ВУЛЬВАЧ, вучаніца сярэдняй школы № 8 Магілёва, узнагароджана дыпломам ІІ ступені:

— Мяне заўсёды цікавілі ўнутраныя працэсы нашай планеты, яе «ўпарадкаванне» і гісторыя. Можна сказаць, што цікавасць да геалогіі зарадзілася дзякуючы дзіцячай дапытлівасці. Цяпер больш за ўсё мяне прыцягвае мінералогія. Здаецца, што незвычайнага можа быць у камянях? Але насамрэч пры дапамозе мінералаў і горных парод можна даведацца шмат новага пра свет. Да таго ж на аснове мінералогіі і яе даных будуецца ўся наша гаспадарка і прамысловасць. Я магу гадзінамі вывучаць гісторыю і ўласцівасці розных мінералаў — мне гэта сапраўды падабаецца! Нядаўна, напрыклад, здзівіла сваіх аднакласнікаў на занятках па інтарэсах «Юныя геолагі», куды хаджу ўжо год, ведамі пра мінерал ісландскі шпат. Я лічу, што работа павінна прыносіць радасць і карысць, таму цалкам магчыма, што сваю будучыню звяжу менавіта з геалогіяй.

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Любоў да Зямлі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».