Вы тут

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС


Раз-пораз па вуліцах населеных пунктаў праязджаюць грузавікі, на кузавы якіх нанесена чырвоная паласа з вялікімі літарамі «Размініраванне». Гэта — транспарт, якім карыстаюцца сапёрна-піратэхнічныя групы ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Часцей за ўсё яны адпраўляюцца на выклікі, звязаныя з трыма падставамі — забытымі кімсьці рэчамі, паведамленнямі аб мініраванні аб'ектаў і небяспечнымі знаходкамі часоў мінулых войнаў, якія і дагэтуль падносіць нам зямля. Аператыўна-тэхнічны агляд месцаў масавых мерапрыемстваў таксама ўваходзіць у іх кампетэнцыю. Пра асаблівасці работы выбуховатэхнічнага цэнтра ўнутраных войскаў МУС мы гутарым з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.


— Зона нашай дзейнасці размежавана з тэрыторыяй адказнасці інжынерных войскаў Міністэрства абароны і рэгулюецца адпаведнай пастановай Савета Міністраў. Калі падсумаваць, то сапёрнымі работамі ў населеных пунктах займаемся мы. Адпаведна, усё, што ляжыць па-за іх межамі, — не наша поле дзеяння. Пры гэтым за апошнія 17 гадоў нашы спецыялісты абясшкодзілі амаль 36 тысяч выбухованебяспечных прадметаў. Лічыце, у сярэднім за кожны дзень — па 5-6 штук, — адзначае Максім Куль. — Год ад году колькасць знойдзеных намі і, адпаведна, знішчаных боепрыпасаў прыблізна аднолькавая. Але існуе прыкмета — калі зіма была снежная, то смяротна небяспечных знаходак будзе крыху больш. Як вада «выштурхоўвае» камяні на полі, так яна выносіць на паверхню і снарады.

Разам з тым было некалькі выпадкаў, калі задачы па праверцы тэрыторыі ставіліся менавіта ўнутраным войскам. Напрыклад, гэта адбывалася перад будаўніцтвам новай узлётна-пасадачнай паласы ў аэрапорце. А аднойчы праз пасёлак Ураджайны, што знаходзіцца ў прысталіччы, пранёсся ўраган, што паваліў шмат дрэў. Падчас расчысткі мясцовасці былі знойдзены боепрыпасы. Выклікалі нас, мы іх абясшкодзілі. А заадно праверылі навакольную тэрыторыю, каб перадаць яе мясцоваму лясгасу ў цалкам бяспечным стане.

У мінулыя гады перыядычна паступалі паведамленні аб тым, што падчас земляных работ на будоўлі быў знойдзены чарговы боепрыпас. Вось толькі часам гэта аказваецца не паўнавартасны снарад, а ўсяго толькі корпус ад яго. Датычыцца гэта нямецкай зброі. Тут згадваецца гісторыя пра тое, як на адным з ваенных заводаў Германіі была арганізавана антыфашысцкая група, у якую ўваходзілі рускія, французы, чэхі і немцы. Яна і арганізавала сабатаж, лозунг якога гучаў наступным чынам: «Чым павольней працуеш, тым хутчэй надыдзе мір». Удзельнікі групы наўмысна псавалі складовыя часткі боепрыпасаў. Таму не выключана, што і ў нашы дні знаходзяцца такія «пасланні», якія, не выбухнуўшы, магчыма, выратавалі чыёсьці жыццё.

Гэтыя карпусы знішчаюцца падчас практычных заняткаў. Але калі снарад аказаўся сапраўдны, то падзеі адбываюцца па звыклым сцэнарыі — спачатку эвакуіруюцца людзі, пасля ачапляецца мясцовасць, зброю асцярожна грузяць у аўтамабіль і вывозяць на палігон.

— Што рабіць, калі корпус бомбы ці снарада ў такім стане, што яго немагчыма перавезці ў бяспечнае месца?

— З 2007 года, колькі я служу ва ўнутраных войсках, я не прыпомню такіх выпадкаў. За адным выключэннем. У пачатку гэтага года ў Баранавічах мужчына падарваўся на боепрыпасе падчас яго разбору. Наша сапёрна-піратэхнічная група знайшла яшчэ адну адзінку зброі. Аднак гэта было не рэха вайны — аказалася, што мужчына прынёс іх з палігона. На шчасце, памеры боепрыпаса і аддаленасць месца дзеяння ад пабудоў дазволілі знішчыць яго проста на месцы. І, шчыра кажучы, я не магу ўявіць, як знішчыць нетранспартабельную бомбу праз дарогу ад жылога квартала. Таму будзем спадзявацца, што да гэтага не дойдзе.

— Ці даводзіцца працаваць з боепрыпасамі часоў Першай сусветнай?

— Сапёрна-піратэхнічныя групы не раз выязджалі на іх ліквідацыю ў населеныя пункты Валожынскага і Баранавіцкага раёнаў. Радзей нас выклікаюць на Мядзельшчыну і Случчыну. У іншых мясцінах колькасць такіх даўніх боепрыпасаў знаходзіцца каля нуля. Справа ў тым, што праз гэтыя мясціны доўгі час праходзіла лінія фронту паміж рускай і нямецкай арміямі. І, што цікава, пераважная большасць нашых знаходак там — гэта снарады. У тыя часы іх вытворчасць яшчэ не была настолькі дасканалая, і таму далёка не ўсе стрэлы заканчваліся выбухамі. Разам з тым такія снарады і цяпер смяротна небяспечныя.

Што да мін, то нам даводзіцца абясшкоджваць часцей за ўсё мінамётныя. Супрацьтанкавыя і супрацьпяхотныя ўжо даўно з'яўляюцца рэдкімі знаходкамі. Справа ў тым, што пры пастаноўцы мінных палёў рабіліся карткі мясцовасці з прывязкай. Пасля разгрому Германіі Савецкі Саюз атрымаў гэтыя звесткі, і таму ачыстка мінных палёў прыйшлася на першыя пасляваенныя гады. Вельмі рэдка здараецца так, што адну-дзве міны своечасова не знайшлі, вось яны і «ўсплываюць» у нашы дні.

— Ці даводзілася знаходзіць мірныя артэфакты ваеннага часу?

— Нярэдка падчас сапёрных работ нам трапляюцца прадметы посуду, гадзіннікі, компасы. Калі рэч бяспечная, то яна ачышчаецца і перадаецца ў музей. Невялікая экспазіцыя створана ў нашым выбуховатэхнічным цэнтры, асобная працуе ў часці 5448 у пакоі баявой славы. Там жа ёсць і музей унутраных войскаў. Некаторыя знаходкі былі адпраўлены нават у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— У якой амуніцыі выбухатэхнік адпраўляецца на баявое заданне?

— Добра сябе зарэкамендаваў выбуховаабарончы касцюм «Атлант-5». Ён можа вытрымаць падрыў выбуховага прыстасавання масай да ста грамаў. Таксама ў нас ёсць бронекамізэлькі самага высокага класа абароны і проціасколкавыя шлемы. У перспектыве да іх можа далучыцца касцюм «Даспех», які лічыцца на цяперашні момант адным з найлепшых у свеце. Зараз вывучаецца неабходнасць яго набыцця. А сучасны мінашукальнік дазваляе знаходзіць аб'екты, зробленыя з канкрэтнага металу або сплаву. Гэта значыць, што ім можна карыстацца нават ва ўмовах моцнай засмечанасці тэрыторыі і на моцна мінералізаваных грунтах.

— На базе 2-й інжынернай брыгады ў пасёлку Сосны летась быў створаны супрацьмінны цэнтр Узброеных Сіл. Наколькі актыўнае ў вас супрацоўніцтва?

— Супрацьмінны цэнтр каштоўны тым, што ў ім ёсць мноства макетаў, якія дапамагаюць нам у тэарэтычнай падрыхтоўцы. Палігонам мы карыстаемся сваім. Спецыяліст рыхтуецца прыблізна адзін месяц, яму выдаецца пасведчанне ўстаноўленага ўзору. А атрыманыя веды, як і паўсюль, замацоўваюцца на практыцы. У нашым выпадку — на канкрэтных выездах. Напрыклад, шэраг трэніровак праводзіцца ў месцах масавага знаходжання людзей, на стадыёнах. Зразумела, складана правесці заняткі адразу на ўсім чыгуначным вакзале ці тэрыторыі аэрапорта — усё ж гэта аб'екты, якія функцыянуюць пастаянна, 24 гадзіны ў суткі. Але гэта неабходна для агульнай бяспекі. Так, мы некалькі разоў выязджалі па паведамленнях, у якіх гаварылася пра замініраваны борт. Ну а колькі разоў «мініравалі» чыгуначны вакзал, дык і злічыць цяжка. Практыка патрэбна, каб ведаць на баявым заданні, куды ісці і што рабіць.

Што да лжывых выклікаў, то немалая іх частка прыходзіцца на забытыя сумкі і пакеты. Але сапёры ўдзячны неабыякавым грамадзянам, якія паведамляюць пра кінутыя без нагляду рэчы. Пільнасць і неабыякавасць — гэта вельмі добрыя чалавечыя якасці.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».