Вы тут

Калі вада — бяда. Як адпачыць без рызыкі для жыцця?


Абстаноўка з надвор'ем пакуль не вельмі спрыяе адпачынку каля вады. Яно і нядзіўна — доўгі час тэмпература паветра не ўздымаецца вышэй за 20 градусаў, да гэтага дадаюцца частыя дажджы і прахалодныя ночы. Але ж так будзе не ўсё лета. Ужо ў канцы гэтага тыдня слупок тэрмометра нарэшце пераадолее дваццаціградусную адзнаку. А гэта значыць, што да вадаёмаў масава пацягнуцца адпачывальнікі.


— У Мінскай вобласці вызначаны 105 зон адпачынку, — паведаміў старшыня Мінскай абласной арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе Сяргей Патрыкееў. — Перад адкрыццём купальнага сезона іх ужо праверылі вадалазы — на дне не павінна ляжаць патэнцыйна небяспечных для купальшчыкаў прадметаў. Дзе спатрэбілася, добраўпарадкавалі і берагавую тэрыторыю, паставіўшы навесы, біятуалеты, кабінкі для пераадзявання.

Таварыства ратавання на вадзе разгарнула ў цэнтральным рэгіёне дзейнасць 7 станцый і 28 пастоў. Мінімум адзін пост існуе ў кожным раёне. А вось станцыі сканцэнтраваны ў найбольш папулярных сярод адпачывальнікаў месцах. Гэта возеры Мястра і Нарач, што на Мядзельшчыне, гарадскі пляж на рацэ Беразіна ў Барысаве, на Вілейскім і Смалявіцкім вадасховішчах.

— Сітуацыя з летнім адпачынкам складваецца так, што пераважная большасць людзей застанецца гэтым летам у Беларусі, будзе бавіць час на нашых рэках і азёрах, — прагназуе Сяргей Патрыкееў. — Таму мы просім выбіраць для гэтага месцы, якія адмыслова падрыхтаваны і дзе дзяжураць нашы ратавальнікі. За апошнія восем гадоў не было ніводнага выпадку ўтаплення ў такіх зонах адпачынку.

Летась за ўвесь год у Мінскай вобласці патанула 65 чалавек, прычым 40 % з іх — падчас купання. Сёлета вада забрала дзесяць жыццяў, хоць купальны сезон пакуль не стартаваў.

— Шэсць чалавек былі знойдзены ў вадзе без прыкмет гвалтоўнай смерці, пяць з іх незадоўга да гібелі ўжывалі спіртное. Паказальна, што год ад году прыкладна 70 % патанулых знаходзіцца перад смерцю ў нецвярозым стане, — заўважае Сяргей Патрыкееў.

А вось па краіне з пачатку года ўтапленне стала прычынай смерці 87 чалавек. Дзяцей у гэтым мартыралогу няма. Летась жа лічбы былі іншыя — 90 загінулых, сярод якіх 10 дзяцей. Вадалазы за пяць месяцаў выратавалі 35 чалавек, у тым ліку 7 непаўналетніх.

— Сёлета зарэгістраваны пакуль толькі адзін няшчасны выпадак, звязаны з купаннем, — адзначыў выканаўца абавязкаў начальніка аддзела рэспубліканскай вадалазна-выратавальнай службы Таварыства ратавання на вадзе Алег Баразна. — Адбыўся ён 26 красавіка, яшчэ да афіцыйнага адкрыцця купальнага сезона, у Гродзенскай вобласці. Сталы нецвярозы чалавек вырашыў пакупацца і патануў.

Калі ж прааналізаваць абставіны гібелі людзей, то сумнае лідарства тут маюць падзенні ў ваду (загінулі 49 чалавек), сёлета пачасціліся выпадкі гібелі ў дамашніх ваннах — патанула ўжо васьмёра. Таму калі вы адчуваеце сябе блага — не лезьце ў ваду, няхай сабе і дома.

У Беларусі налічваецца каля 20 тысяч азёр і рэк. «Прыкрыць» іх усе вадалазамі фізічна немагчыма. Тым больш што ў арсенале Таварыства ратавання на вадзе па ўсёй краіне — 66 станцый і 147 выратавальных пастоў, у тым ліку сезонных.

— Яны размешчаны на тых пляжах, дзе збіраецца найбольшая колькасць людзей. Але трэба разумець, што менавіта ад вашых паводзін залежыць ваша жыццё. Падчас адпачынку пільна сачыце за малымі. Дзеці часта не разумеюць ступень пагрозы, якую можа несці вада, для іх гэта як гульня. Для бацькоў пасля — найвялікшае гора.

Фота: kurjer.info.

Адпачынак на вадзе — гэта не толькі купанні, але і падарожжы па акваторыі на лодках, катамаранах. Як адзначае начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Міхаіл Чашун, з цягам часу колькасць няшчасных выпадкаў, звязаных з «малым флотам», скарачаецца.

— У 2000 годзе ў нас было зарэгістравана каля пяці тысяч суднаў, пры іх выкарыстанні загінула 126 чалавек. За дваццаць гадоў парк разросся шматкроць — зараз у нас на ўліку 330 тысяч суднаў. А вось колькасць няшчасных выпадкаў скарацілася значна. Летась іх было толькі шэсць. На жаль, гэты год будзе стаяць асабняком — сёлета так і не сфарміравалася ледзяное покрыва, ад чаго лік загінулых быў адкрыты яшчэ ў сярэдзіне студзеня, калі трое жыхароў Верхнядзвінска адправіліся парыбачыць з невялікай «казанкі» на Асвейскім возеры. Выратавальныя камізэлькі апранаць не сталі, проста паклалі іх на дно. Пасля таго як лодка адышла ад берага, усчаўся вецер. Ён справакаваў вялікую хвалю, якая і перакуліла судна. Усе трое апынуліся ў ледзяной вадзе. Адзін з іх пайшоў на дно адразу, другі крыху часу трымаўся за пластыкавую каністру... Выратаваць удалося толькі аднаго рыбака.

20 студзеня, калі пошукі на Асвейскім возеры яшчэ працягваліся, прыйшло паведамленне, што на яго акваторыі перакулілася яшчэ адна лодка. У ёй былі два чалавекі — 28-гадовы міліцыянер і 33-гадовы хірург. На жаль, у ветранае надвор'е ў невялікай лодкі проста не было шанцаў устаяць, а адлегласць больш чым у кіламетр ад берага не пакідала шанцаў выбрацца. Супрацоўнікі Таварыства ратавання на вадзе падаспелі адразу ж, аднак да таго часу адзін з рыбакоў ужо схаваўся пад вадой... Другі дзякуючы камізэльцы трымаўся на плаве, аднак што такое студзеньская тэмпература вады? Літаральна 15—20 хвілін — і проста несумяшчальнае з жыццём пераахалоджанне.

— Мы сутыкаліся з тым, што часам людзі набываюць не камізэлькі, а муляжы-накідкі, каб паказацца перад інспектарам. Але ў вадзе такая накідка не дапаможа, — кажа Міхаіл Чашун.

У мінулыя выхадныя адкрыўся навігацыйны сезон. Праз гэта на тэрытарыяльных участках Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах нярэдка ўзнікаюць вялікія чэргі — людзі спяшаюцца выканаць патрэбныя адміністрацыйныя працэдуры і прайсці тэхнічнае асведчанне.

— Тэрміны яго, а таксама выдача пасведчанняў сёлета падоўжана да 31 ліпеня. Адпаведную пастанову 20 мая прыняў Савет Міністраў. Таму просім усіх не ствараць залішняга ажыятажу, — параіў Міхаіл Чашун.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.