Вы тут

Як вылечыць эканомiку ад каранакрызiсу?


Нягледзячы на тое што сучасны свет перажываў досыць шмат эканамiчных крызiсаў, той, што разгортваецца ў 2020 годзе, — унiкальны. Ён узнiк не з-за перавытворчасцi, не з-за «мыльных бурбалак» у фiнансавай або iншых сферах, як было раней, а з-за поўнага спынення эканомiк у многiх краiнах. I хоць Беларусь не ў iх лiку, яна не змагла пазбегнуць уплыву гэтага крызiсу — таму ёсць шмат прычын. А значыць, i ёй патрэбны рэкамендацыi i рэцэпты. Пра iх якраз iшла размова падчас вэбiнара «Падняць цалiну: як каранавiрус паўплываў на эканомiку Беларусi i што трэба зрабiць, каб «прарвацца», якi арганiзавалi Даследчы цэнтр Iнстытута прыватызацыi i менеджменту i Фонд iмя Конрада Адэнаўэра.


Шанцы месцазнаходжання

«Беларусь з'яўляецца адкрытай эканомiкай, экспарт тавараў i паслуг фармiруе 70 працэнтаў яе ВУП, таму не дзiўна, што знiжэнне глабальнага попыту i пашкоджанне ланцужкоў паставак можа мець сур'ёзны негатыўны ўплыў на яе эканомiку, — лiчыць вядучы эканамiст Еўрапейскага банка рэканструкцыi i развiцця па краiнах Усходняй Еўропы Дзiмiтар БОГАЎ. — Мы ўжо бачылi гэта ўздзеянне ў першым квартале. У сакавiку з-за знiжэння глабальнага попыту экспарт Беларусi ўпаў на 15 працэнтаў. У красавiку пераважная колькасць краiн перастала ўвогуле працаваць». Дзiмiтар Богаў упэўнены, што эканомiка Беларусi можа пацярпець менавiта праз гэта. Па яго словах, у сакавiку—красавiку сацыяльная актыўнасць у рэгiёне аперацый ЕБРР знiзiлася на 50 працэнтаў. Нягледзячы на адсутнасць каранцiну ў Беларусi, людзi на 20—30 працэнтаў радзей выходзiлi з дому i тут.

Навуковы дырэктар Цэнтра эканамiчных даследаванняў BEROC Кацярына БАРНУКОВА
дадае, што ўнутраны шок для эканомiкi таксама адчувальны. «Людзi сталi менш хадзiць у гандлёвыя цэнтры, i гэта адбiлася на ўнутраным попыце. Больш за тое, на ўнутраным попыце адбiваюцца скарачэнне даходаў людзей i агульная атмасфера няўпэўненасцi, якая многiх прымушае нават без знiжэння даходаў скарачаць свае расходы на ўсялякi выпадак, — кажа аналiтык. — Да таго ж попыт не проста знiжаецца, ён вельмi моцна змяняецца».

Эксперты адзначылi таксама дадатковыя ўздзеяннi на эканомiку Беларусi праз знiжэнне сусветнага попыту на нафтапрадукты, завяршэнне падатковага манеўру ў Расii, дарагую, у параўнаннi з iншымi краiнамi, цану на газ.

Па прагнозах аналiтыка ЕБРР, найбольш уразлiвыя сектары эканомiкi, якiя працуюць на мiжнародныя рынкi, такiя як машынабудаванне i нафтаперапрацоўка. Прыпыненне сусветнай эканомiкi таксама адчуюць на сабе прадпрыемствы, якiя з'яўляюцца часткай глабальных ланцужкоў паставак.

«Знiжаная эканамiчная дзейнасць паўплывае практычна на ўсё: на ўзровень спажывання, на спажыўцоў, на фiрмы, на рынак працы i на рост крэдытаў, якiя не абслугоўваюцца, — кажа Дзiмiтар Богаў. — Таму вельмi важна падтрымаць вытворчы патэнцыял фiрмаў i не дапусцiць рэзкага скарачэння капiталу ў насельнiцтва».

Яшчэ адна адметная рыса каранакрызiсу — бiзнес сустрэў яго ў досыць добрым стане. Гэта датычыцца як большасцi еўрапейскiх краiн, так i Беларусi. ЕБРР адзначыў не надта высокi ўзровень запазычанасцi ў краiне. А даследчыкi IПМ прыйшлi да высновы, што за апошнiя два-тры гады ўмовы для малога i сярэдняга бiзнесу ў Беларусi паляпшалiся, добрая палова прадпрыемстваў яшчэ у лютым ацэньвалi свой матэрыяльны стан станоўча i глядзелi наперад з аптымiзмам.

«Ёсць выказванне: нельга ўпускаць добры крызiс. Беларусь знаходзiцца ў вельмi нядрэннай пазiцыi, бо яна блiзка да Заходняй Еўропы i мае добрыя адносiны з Кiтаем, мае магчымасцi індустрыяльнага парка «Вялiкi камень». Гэта стварае добрыя шанцы для аднаўлення пасля каранакрызiсу, — заўважыў прадстаўнiк ЕБРР. — Таму мы дастаткова аптымiстычныя наконт выкарыстання новых магчымасцяў».

Бiзнес чакае спажыўцоў

Айчынныя эксперты больш асцярожныя ў сваiх прагнозах. «Няўпэўненасць» — бадай галоўнае слова пачатку лета 2020 года адносна многiх планаў.

«Асноўная праблема, з якой сутыкнуўся малы бiзнес, — шок попыту. У нашым апытаннi 64 працэнты малых i сярэднiх прадпрыемстваў казалi пра тое, што ў iх упала выручка. Гэта для iх асноўная праблема, — паведаміў пра вынiкi апытання 100 мiкра- i малых прадпрыемстваў у Мiнску i беларускiх рэгiёнах з 13 да 27 красавiка старшы навуковы супрацоўнiк BEROC Радзiвон МАРОЗАЎ. — Самы моцны ўдар прыйшоўся на сферы забаўляльнага бiзнесу, гасцiнiцы i рэстараны, транспарт. I калi ў прамысловасцi i IТ iмкнуцца захаваць чалавечы капiтал, кампанii, звязаныя з адпачынкам i транспарцiроўкай, пайшлi на скарачэнне персаналу. Пры гэтым кампанii, якiя ажыццяўляюць сваю дзейнасць у сферах адукацыi, IТ, грамадскага харчавання, будаўнiцтва, прамысловасцi, навукi i тэхнiкi, кансалтынгу, шукалi новыя фарматы работы, а тыя, што працуюць у сферы забаўляльнага бiзнесу i транспарту, не рабiлi гэтага».

Што датычыцца ўласнай «падушкi бяспекi», то менш чым на два месяцы такой хапала ў канцы красавiка ў большасцi кампанiй сфер адпачынку, забаў, спорту, грамадскага харчавання, часовага пражывання i будаўнiцтва. Дэфiцыт уласных рэсурсаў у сферы будаўнiцтва Радзiвон Марозаў назваў iндыкатарам ва ўсёй эканомiцы.

«Люты i сакавiк былi для малога i сярэдняга бiзнесу этапам пагроз i спадзяванняў, бо яшчэ мелiся нейкiя фiнансы i чаканнi пэўных перамен, — дадае дырэктар Бiзнес-саюза прадпрымальнiкаў i наймальнiкаў iмя прафесара М. С. Куняўскага Жанна ТАРАСЕВIЧ. — Што адбылося? Турыстычная сфера практычна спынiлася. Тое, што звязана з турызмам — гасцiнiцы, грамадскае харчаванне — у тым лiку. Зыходзячы з iнфармацыi, якая была атрымана ад Асацыяцыi турыстычных арганiзацый, да канца года змогуць выжыць працэнтаў 30 ад колькасцi турыстычных арганiзацый, астатнiя акажуцца банкрутамi. Канцы з канцамi змогуць звесцi тыя, хто пераарыентуецца на ўнутраны турызм».

Праблема ў турыстычнай сферы абвастраецца пытаннямi ўзаемаадносiн са спажыўцамi, якiя патрабуюць вяртання грошай за няздзейсненыя вандроўкi.

«Мiкрабiзнес у асобных галiнах, напрыклад, такiх, як сфера пасажырскiх перавозак (таксi, маршруткi), грузаперавозкi, гандаль на рынках, у сувязi з тым, што не мае фiнансавай падушкi бяспекi i вымушаны плацiць заробак i сацыяльныя адлiчэннi, пайшоў на скарачэнне занятасцi альбо на фармальнае звальненне з выплатай заробкаў «у канвертах». Такiм чынам, наша занятасць пачала сыходзiць у ценявы рынак», — адзначае тэндэнцыю Жанна Тарасевiч.

Па словах прадстаўнiка бiзнес-саюза, арганiзацыi грамадскага харчавання i тыя, што аказваюць бытавыя паслугi насельнiцтву, фiксуюць прыкладна 50-працэнтнае падзенне выручкi. Некаторыя спрабуюць пераарыентавацца, дастаўляюць прадукты на заказ, але ўсё роўна адмаўляюцца ад сезонных работнiкаў, ад дагавораў падраду i частковай занятасцi.

«Такiм чынам, бiзнес тут таксама вырашае праблему за кошт занятасцi, — робiць вывад Жанна Тарасевiч. — Ад дзяржавы сёння бiзнес атрымаў невялiкiя паслабленнi ў адносiнах арэнднай платы альбо адтэрмiноўкi плацяжоў. Але многiя прадпрыемствы нават не спрабуюць скарыстацца гэтай адтэрмiноўкай, бо баяцца, што пазней выплаты будзе зрабiць яшчэ больш складана». На яе думку, трэба павялiчваць перыяд выплат хоць бы да снежня 2021 года.

У перыяд крызiсу адназначна станоўчых мер падтрымкi бiзнесу няма, лiчыць Радзiвон Марозаў. «Iх трэба разглядаць у комплексе i не забываць, што альтэрнатыва падтрымкi бiзнесу — дапамога непасрэдна насельнiцтву. Зыходзячы з даступных рэсурсаў дзяржава расстаўляе прыярытэты».

Жанна Тарасевiч заўважае, што i сам бiзнес выступае за падтрымку спажывецкага попыту.

Што датычыцца дапамогi для бiзнесу, можна было б знiзiць дэфiцыт абаротных сродкаў, калi змянiць падыходы ў аплаце энергетычных рэсурсаў. «Сёння бiзнес плацiць па нарматывах, да таго ж авансам. Ёсць прапанова 50 працэнтаў плацiць авансам, 50 працэнтаў — па факце, альбо цалкам па факце спажывання энергетычных рэсурсаў, а ў выпадку перарасходу — па павышаных тарыфах», — агучвае дырэктар БСПН.

Найперш — падтрымка малазабяспечаных

Праз эканомiку каранакрызiс непазбежна закрануў i дамашнiя гаспадаркi. Эканамiст Даследчага цэнтра IПМ Глеб ШЫМАНОВIЧ звярнуў увагу на тое, што найбольш пацярпелi сацыяльна ўразлiвыя групы насельнiцтва. У адрозненне ад папярэднiх крызiсаў асноўны шок прымаюць на сябе жыхары буйных гарадоў, дзе першым адчуў удар сектар паслуг.

«Тут важна, як спраўляецца сiстэма сацыяльнай палiтыкi, — заўважае эксперт — У класiчным выпадку ў пачатковы перыяд крызiсу павiнны працаваць так званыя стабiлiзатары. Расходы бюджэту на такiя iнструменты як дапамога, звязаная са стратай работы, з тым, што чалавек трапiў у складанае становiшча, рэзка павялiчваюцца. Але ў нас дапамога па беспрацоўi i адрасная не вельмi карыстаюцца попытам сярод насельнiцтва, таму ўрад зараз вымушаны спрабаваць неяк мадыфiкаваць гэтыя iнструменты. Працэс займае доўгi час, што негатыўна адбiваецца на стане самых сацыяльна ўразлiвых груп. Тое, што гэтыя iнструменты не такiя эфектыўныя, як павiнны быць — прабел у сiстэме сацыяльнай абароны, якi бягучы крызiс падкрэслiў. Як i тое, што з гэтым трэба нешта рабiць».

«Укараненне дадатковай абароны беспрацоўных — ключавая задача», — пагадзiўся дырэктар Даследчага цэнтра IПМ i мадэратар вэбiнара Аляксандр ЧУБРЫК.

Такiм чынам, эксперты канстатавалi, што бiзнес у Беларусi, гэтак жа як i ва ўсiм свеце, пацярпеў ад крызiсу, якi выклiкала пандэмiя каранавiруса. Ён мае патрэбу ў дадатковай падтрымцы з боку дзяржавы, але куды больш важна, лiчаць спецыялiсты, не дапусцiць сiтуацыi, калi людзi — спажыўцы, перастануць рабiць пакупкi i карыстацца паслугамi з-за знiжэння даходаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.