Вы тут

Прэзідэнт прызначыў новы ўрад. Прэм’ер-міністрам стаў Раман Галоўчанка (дапоўнена)


Учора вечарам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб адстаўцы дзеючага складу ўрада.


Раней з прапановамі па новым складзе ўрада былі запрошаны старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка і дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, «што замена ўсіх членаў урада было б няправільным з пункту гледжання бягучага моманту». «Ды і неабходнасці такой няма. Вырасла новае пакаленне кіраўнікоў, якія сябе добра паказалі і працавалі нядрэнна ва ўрадзе», — сказаў ён. Таму, па словах Прэзідэнта, «чакаць, што тут рэвалюцыя адбудзецца пры змене ўрада, не трэба». Маштабныя змены ў складзе ўрада непажаданыя яшчэ і з прычыны бягучага моманту — крызісных з’яў у сусветнай эканоміцы ва ўмовах пандэміі, растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

За мінулыя амаль два тыдні кіраўнік краіны ўжо неаднойчы заяўляў пра тое, што ён прадставіць новы склад Саўміна. Яго складзе тая каманда, якая будзе працаваць з Аляксандрам Лукашэнкам у выпадку яго перавыбрання на пасаду Прэзідэнта. Сёння лідар дзяржавы агучыў новыя імёны членаў урада.

Прэм’ер-міністрам прызначаны Раман Галоўчанка. Да гэтага ён узначальваў Дзяржкамваенпрам Беларусі.

  • Пасаду віцэ-прэм’ера заняў Аляксандр Субоцін.
  • Першым віцэ-прэм’ерам стаў Мікалай Снапкоў.
  • Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта — Дзмітрый Крутой.
  • Валерый Бельскі стаў памочнікам Прэзідэнта.
  • Старшынём Камітэта дзяржаўнага кантролю прызначаны Іван Церцель.
  • Міністрам інфармацыі стаў Ігар Луцкі.
  • Руслан Пархамовіч прызначаны міністрам архітэктуры і будаўніцтва.
  • Міністэрства прамысловасці ўзначаліць Пётр Пархомчык.
  • Юрый Селіверстаў прызначаны міністрам фінансаў.
  • Дзмітрый Матусевіч стане на чале Дзяржкаммаёмасці.
  • Дзмітрый Пантус стаў старшынём Дзяржкамваенпрама.
  • Міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі прызначаны Андрэй Хмель.

Прэзідэнт: Змена ўрада напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў — не навацыя

«Хто занадта перанапружаны, прашу расслабіцца і зразумець: нічога надзвычайнага няма. Звычайная, я б сказаў, традыцыйная сітуацыя, хоць і досыць важная», — ахарактарызаваў падзею кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў: змена ўрада напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў — не навацыя. 

«Перад усімі прэзідэнцкімі выбарамі, у якіх мне даводзілася ўдзельнічаць, у якасці прэзідэнта і нават у першых прэзідэнцкіх выбарах у сярэдзіне 90-х я заўсёды казаў пра людзей, з якімі буду працаваць у выпадку абрання Прэзідэнтам», — нагадаў ён. 

Да таго ж, працэс ратацыі кадраў у кіраўніцтве краінай пачаўся даўно: год працуе новы міністр аховы здароўя, змяніліся некаторыя міністры і віцэ-прэм’ер.

«Няма ніякага пажару!» — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. 

Ён запэўніў, што ніхто з членаў ураду, хто працаваў да адстаўкі, не застанецца без работы. Ён прывёў у прыклад Сяргея Румаса, з якім меў размову. «Вялікіх прэтэнзій у мяне да яго няма, але чалавек хоча займацца бізнесам. Ён мне сказаў: хачу зарабіць грошы, немалыя грошы, я магу іх зарабіць, — растлумачыў Прэзідэнт. — Калі ў яго ёсць, дзе гэты мільён зарабіць, я буду гэта толькі вітаць».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вітае імкненне Сяргея Румаса. «Не думаю, што Румас з’едзе з краіны і павязе гэтыя грошы, ён іх укладзе тут у эканоміку. Але ўсё павінна быць сумленна і па законе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у цяперашняй няпростай сітуацыі нават такія дзяржавы, як ЗША і Расія, не раскідваюцца фінансавымі сродкамі. «Выратаваць краіну і выйсці з гэтага становішча мы можам толькі дзякуючы сваёй дысцыпліне, сціснуўшы зубы, дзякуючы стрыманасці і кірунку ўсяго народу на рашэнне праблем», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

«Няма экспарту — няма валюты»

Сённяшняя сустрэча ў Палацы Незалежнасці была прысвечана кадравым пытанням, каб выбаршчыкам было зразумела, з якой камандай і праграмай дзеючы кіраўнік краіны ідзе на выбары. 

Зараз мала не дапусціць падзення ўзроўню жыцця людзей. «Неабходна ўмець працаваць у складаных умовах і бачыць шляхі развіцця там, дзе іх не бачаць іншыя», — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

«Мінулы склад Савета Міністраў пад кіраўніцтвам былога прэм’ер-міністра Румаса прапрацаваў амаль два гады. За гэты час удалося захаваць збалансаванасць у эканоміцы па большасці паказчыкаў. Сумесна з Нацыянальным банкам забяспечана ўстойлівасць на фінасавым рынку, выраслі даходы насельніцтва, рэалізаваны шэраг значных інвестыцыйных і інфраструктурных праектаў», — пералічыў дасягненні мінулага ўрада Прэзідэнт. 

Урад — ключавы орган, эканамічны штаб і цэнтр прыняцця найважнейшых рашэнняў. Неабходна знайсці формы, што прымусяць усю сістэму дзяржаўных органаў забяспечваць выкананне галоўнай мэты — дасягення ўстойлівага і збалансаванага эканамічнага росту тэмпамі вышэй за сярэднесусветныя. 

«Другі найважнейшы накірунак нашай дзейнасці, — экспарт. Няма экспарту — няма валюты. Прычым праблему залежнасці ад рынка адной краіны павінны вырашыць канчаткова. Мы не можам нават ад братэрскай Расіі залежаць на 50–55 працэнтаў. Мы павінны дыверсіфікаваць рынкі», — расказаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт пра Рамана Галоўчанку: Ён надзейны чалавек, якому можна давяраць

«Я яго (Рамана Галоўчанку — «Зв.») учора папярэдзіў, што ў нас ўрад — калектыўны орган. І ён — старшыня ўрада. Ён спікер гэтага ўрада. Пры галасаванні ён мае той жа адзін голас. Пры роўным галасаванні, вядома, перавага ў яго. Але, нягледзячы на гэта, ён галавой адказвае за дысцыпліну і парадак ва ўрадзе. За канчатковы вынік», — звярнуў увагу на будучы парадак работы новага прэм’ера Прэзідэнт.

Па яго словах, асноўная зона адказнасці мінулага кіраўніка Дзяржваенпрама Рамана Галоўчанкі — эканоміка.

Прэзідэнт адзначыў, што рэалізаваны значныя рэформы ў сельскай гаспадарцы — «зроблена не ўсё, але краіна ведае, у якім напрамку рухацца».

«У прамысловасці мы таксама ведаем, што рабіць, але канкурэнцыя шалёная па нашых таварах», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Раман Галоўчанка на папярэдняй працы займаўся прамысловасцю на самым высокім тэхналагічным узроўні. «Я хачу ад яго атрымаць больш высокі тэхналагічны ўзровень у прамысловасці. Ва ўсіх сферах, дзе гэта магчыма. Ён нядрэнны арганізатар», — сказаў Прэзідэнт.

Але, самае галоўнае, на думку Лукашэнка, што Раман Галоўчанка — «надзейны чалавек, якому можна давяраць. Ён патрыёт сваёй краіны, нарадзіўся і вырас у Беларусі. Аб’ездзіўшы ўвесь свет, ён не застаўся нідзе. Для нас вельмі важна цяпер, каб да ўлады прыйшлі патрыёты і прафесіяналы».

КДК — перавесці на новыя рэйкі, не адмяняючы дасягнутага

Да цяперашняга часу Іван Церцель працаваў на пасадзе намесніка старшыні КДБ. «Не таму, што генерал, хоць я вельмі гэта цаню, — сказаў Прэзідэнт пра прызначэнне Івана Церцеля старшынёй Камітэта дзяржкантролю. — Генерал — гэта дысцыпліна. Церцель займаўся ў Камітэце дзяржбяспекі кантролем у эканоміцы. І, як яго характарызуюць яго супрацоўнікі, ды і я шмат чуў пра яго: гэта адданы краіне чалавек. У якога няма ніякіх кланаў. Ён ведае абстаноўку ў краіне, перш за ўсё ў эканоміцы, і здольны перавесці на новыя рэйкі работу Камітэта дзяржкантролю не адмяняючы таго, што было зроблена пры папярэднім кіраўніцтве, у тым ліку Леанідам Анфімавым».

Пры гэтым Анфімаў, як чалавек «надзейны і моцны», без работы не застанецца, дадаў Прэзідэнт. 

Веданне «зямной» эканомікі неабходна пры пабудове рынкавай

Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што прыняў рашэнне вярнуць Мікалая Снапкова з пасады пасла ў КНР, бо той мае вялікі вопыт работы ва ўрадзе, што вельмі важна, калі Савет Міністраў абнаўляецца. 

«Яго досвед і веды будуць запатрабаваныя, — сказаў Прэзідэнт. — Памятаеце, ён быў такім чыста рыначнікам? А калі ва ўрадзе папрацаваў, калі ў Адміністрацыю прыйшоў, паглядзеў з боку на ўсё... І змяніўся чалавек! Ён разумее, што такое рынкавая эканоміка, што такое канкурэнцыя, але і разумее, што такое „зямная“ эканоміка».

Пра Аляксандра Субоціна: «Добра ведае не толькі Расію, але і ўнутраныя працэсы і паддывановыя гульні гэтых інтэграцыйных структур»

Аляксандр Субоцін будзе працаваць намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі.

Па словах Прэзідэнта, Субоцін адукаваны чалавек, доктар навук. «Але самае галоўнае — ён папрацаваў у Расіі, інтэграцыйных структурах (быў членам Калегіі (Міністрам) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі. — «Зв.»). Ён добра ведае не толькі Расію, але ўнутраныя працэсы, паддывановую барацьбу ў гэтых інтэграцыйных структурах. І ўлічваючы, што віцэ-прэм’еры перш за ўсё будуць адказваць за экспарт, а галоўны наш партнёр — Расія, я думаю, і тыя кантакты, якія ў яго ёсць, і тыя знаёмствы спатрэбяцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка аб новым віцэ-прэм’еры.

«На ўзровень Прэзідэнта не павінна выйсці ніводнага непрафесійнага рашэння»

Першага намесніка прэм’ер-міністра Дзмітрыя Крутога Прэзідэнт прызначыў у сваю адміністрацыю намеснікам кіраўніка.

«Гэта малады, перспектыўны чалавек. І я хачу, каб з яго атрымаўся добры кіраўнік і прафесіянал», — акцэнтаваў увагу лідар краіны.

Ён накіраваны на службу у Адміністрацыю для набыцця вопыту не толькі эканамічнага спецыяліста.

«Ён яшчэ малады, потым патопчацца, (я гэта арганізую яму) і ў кароўніках, і на прадпрыемствах.​ Хай паглядзіць на работу ўрада збоку, таму што яго функцыя будзе перш за ўсё быць фільтрам у эканоміцы. На ўзровень Прэзідэнта не павінна выйсці ніводнага непрафесійнага рашэння», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Шмат чаму давядзецца вучыцца» 

Пасаду для Дзмітрыя Крутога вызваліў Валерый Бельскі, які стаў памочнікам Прэзідэнта. Яго задача — займацца пытаннямі кантролю за банкаўскай сістэмай. 

«Так, шмат чаму прыйдзецца вучыцца. Той прабел, які я бачу ў працы Прэзідэнта. У мяне ніколі не было памочніка, які б займаўся гэтымі пытаннямі. А функцыі, паўнамоцтвы Прэзідэнта заключаюцца ў каардынацыі і кантролі за дзейнасцю галінамі ўлады, таму і Прэзідэнт павінен мець ключавых фігур на гэтых кірунках», — упэўнены беларускі лідар.

Такія дарадцы ў яго павінны быць на ўсіх кірунках: у парламенце, судовай уладзе, эканоміцы.
Асаблівыя спадзяваннм ў Аляксандра Лукашэнкі на Валерыя Бельскага таксама і з-за яго навуковага досведу.

Руслан Пархамовіч займае пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва. Яго Прэзідэнт назваў кіраўніком будучага.

«Вельмі жвавы, малайчына. Кеміць у будаўнічай галіне», — дадаў Прэзідэнт і сказаў, што былога кіраўніка ведамства Дзмітрыя Мікулёнка папрасіў да сябе старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.

«Думаю, што нам прыйдзецца перафарматаваць работу Міністэрства інфармацыі»

Прэзідэнт Беларусі звярнуўся да прызначанага міністра інфармацыі Ігара Луцкага: «Ведаю, СТБ стала іншым, малайчына. Ты навучыўся эфектыўна працаваць у інтэрнэце. Думаю, што нам прыйдзецца з тваёй падачы перш за ўсё перафарматаваць работу Міністэрства інфармацыі. Мы не бачым гэтага міністэрства. Хацелася б, каб мы яго ўбачылі». 

Кіраўнік дзяржавы загадаў віцэ-прэм’еру Ігару Петрышэнку, які кантралюе гэту сферу, перадаць новаму міністру адпаведныя паўнамоцтвы. 

«Калі трэба падтрымаць машынабудаванне — падтрымаем»

«Пачакай з пенсіяй. Краіну трэба замацаваць. І калі вы спрацуеце з Раманам Галоўчанкам па прамысловасці, лічыце, што мы як мінімум праскочылі гэту пандэмію і гэты крызіс, які народжаны ёю. Ты можаш. Але БелАЗ ад цябе нікуды не сыходзіць пакуль», — звярнуўся да новага міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка Прэзідэнт. 

У найбліжэйшыя дні ўрад павінен вызначыцца, чым можна дапамагчы беларускаму машынабудаванню.

«Трэба падтрымаць беларускія заводы. Там вялізная колькасць людзей», — адзначыў Прэзідэнт.


«Глядзі кожную капейку! — такі наказ прагучаў у адрас новага міністра фінансаў Юрыя Селіверстава. — Лічы грошы!»

Максім Ермаловіч папрасіўся на дыпламатычную работу, патлумачыў адстаўку былога міністра Прэзідэнт.

Дзмітрыя Пантуса на пасаду старшыні Дзяржкамваенпрама прапанаваў Раман Галоўчанка, ухваліў гэта прызначэнне і дзяржсакратар Савета бяспекі.

Прэзідэнт дадаў, што тэрміны, на якія астатнія члены ўрада захавалі свае пасады, залежаць ад іх саміх.

«Мы сёння здаем экзамен. Не толькі я. І не столькі я — вы. Збяромся ўсё, здадзім гэты экзамен — захаваем краіну. І будзем ганарыцца тым, што час выбраў нас у гэты момант і ў гэты час. Экзамен — гэта выбары Прэзідэнта Беларусі», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Марыя ДАДАЛКА

Прэв'ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».