Вы тут

Райінспекцыя аховы прыроды ратавала гістарычны ўчастак біялагічнага заказніка


Цяпер на месцы былога «райскага саду» пануюць летняя цішыня і ўрачыстасць. Непакойчыцы — біялагічны заказнік мясцовага значэння. Тут растуць і квітнеюць паўтары сотні відаў раслін, сярод іх сальвінія плывучая, гваздзік картузіянскі, касач сібірскі. Жывуць тут соня арэшнікавая, чарапаха балотная, махаон. Ёсць і шмат іншых рэдкіх відаў флоры і фауны. У былым садзе памешчыка Райскага, які месцічы даўно празвалі райскім садам, сёлета заліваліся квеценню старыя пакручаныя яблынькі, доўга стаяў трывалы водар квітнеючага бэзу.


Гісторыя маёнтка і вандалізм на могілках

Не так і шмат гадоў прайшло з таго часу, як у садзе было зусім не так. Тут зеўралі раскапаныя магільныя скляпенні, ляжалі парушаныя камяні з надпісамі. Мне давялося бачыць гэта на свае вочы і пісаць пра гэта роўна дзесяць гадоў таму. Тады і даведалася пра сумную гісторыю маёнтка паноў Райскіх і пра факт дзікунскага рабавання сямейных могілак.

На месцы фамільных могілак Райскіх.

Фальварак Непакойчыцы згадваецца ў Літоўскай метрыцы ў 1513 годзе. Першыя гаспадары сядзібы, якая ўзведзена ў маляўнічай мясціне на беразе Мухаўца, паходзілі з роду Хадкевічаў. Потым уласнікі мяняліся. Апошнімі сталі Райскія. Яны гаспадарылі на тутэйшых землях амаль чатыры стагоддзі і, як маглі, упрыгожвалі гэтую зямлю. Ёсць звесткі, што ў другой палове ХVІ стагоддзя ў фальварку ўзвялі пратэстанцкі евангелічны храм, які прастаяў да Другой сусветнай вайны. Пазней, праўда, побач паявіўся і касцёл. Паны пабудавалі таксама бальніцу для сялян, жыллё для работнікаў. У цэнтры сядзібы стаяў прыгожы дом. Стагоддзямі свае фамільныя могілкі Райскія абсталёўвалі ў адпаведнасці са сваёй сістэмай поглядаў і разуменняў. Магіла будавалася ў выглядзе скляпення, а зверху змяшчаўся камень-валун з надпісам. Выглядала гэта велічна і сціпла адначасова. «Спакой яго душы», — высечана на адным з камянёў. Не ведалі гаспадары сядзібы, што ў назве маёнтка закладзены яго лёс... Апошні гаспадар Непакойчыц Эдвард Райскі і яго жонка Ліза разам з дзецьмі выехалі ў Турцыю ў 1939 годзе. Тады і пачалося знішчэнне маёнтка. Касцёл быў разбураны і вывезены на будаўніцтва канюшні ў вёску Пятровічы. Такая ж доля чакала і старажытны евангелічны храм. Сяляне разабралі панскія пакоі аж да падмурка. За кароткі час ад сядзібы фактычна нічога не засталося. І гэта была не рэдкасць па тым часе...

Заставаліся могілкі, якіх адразу не чапалі. Потым усё ж знайшліся вандалы, раскапалі магілы, павыварочвалі труны і раскідалі прах па ваколіцы — нібыта шукалі міфічнае золата. Але ранейшыя апаганьвальшчыкі месцаў пахавання мелі на ўзбраенні толькі рыдлёўкі. Пазней на змену ім прыйшлі больш падрыхтаваныя чорныя капальнікі. У 1992 годзе тут здзейснілася сапраўднае дзікунства. Магілы развярнулі з дапамогай магутнай гусенічнай тэхнікі, могілкі спляжылі ўздоўж і ўпоперак. За наступныя 18 гадоў толькі прырода, як магла, загаіла гэтую рану на зямлі. Ямы крыху паменшалі, насыпы зраўняліся, а былыя могілкі густа зараслі хмызняком і рознымі травамі.

Суботнік у заказніку

Могілкі месцяцца на ўзвышшы, а побач цячэ рака Мухавец з дзіўным закручастым рэчышчам. З другога боку — адкрытае месца, дзе была панская сядзіба, ад якой засталіся крыху здзічэлыя яблыні. Паводдаль стаяць клёны, ясень, а таксама частка ліпавай алеі, што акаляла сядзібу. Гэта адна з найпрыгажэйшых мясцін Жабінкаўшчыны, яна выдзелена ў заказнік «Непакойчыцы». Менавіта заказнік прычыніўся да пачатку работы па выпраўленні наступстваў дзеянняў вандалаў мінулага стагоддзя. Тагачасны начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей ШТЫК выпадкова заўважыў знявечаныя могілкі на тэрыторыі заказніка. Ён падняў грамадскасць на добраўпарадкаванне гэтага лапіка зямлі. На першы суботнік прыйшлі работнікі райінспекцыі аховы прыроды, землеўпарадкавальнай службы, Пятровіцкага лясніцтва, іншых устаноў і арганізацый. Наколькі змаглі, людзі ўручную расчысцілі самі могілкі і подступы да іх. Тут жа з'явіліся невялікія стыхійныя звалкі, нелегальныя пясчаныя мінікар'еры — іх ліквідавалі. Далей патрабавалася задзейнічаць тэхніку. За работу ўзялася Жабінкаўская ПМК-10 Брэстаблсельбуда. Будаўнікі не толькі зраўнялі ямы і насыпы, але таксама расчысцілі тэрыторыю, правялі добраўпарадкаванне. Тады давялося размаўляць з начальнікам ПМК Мікалаем ШПАКОЎСКІМ, які літаральна загарэўся ідэяй прывесці ў парадак часцінку заказніка.

Мікалай Антонавіч казаў: «Такіх дзівосных па прыгажосці мясцін мала знойдзецца на ўсім Мухаўцы. Тут рэчышча ракі тры разы паварочваецца. А што датычыцца былой сядзібы... Я ледзь не гадзіну хадзіў паміж ліпамі, каб зразумець сістэму, па якой пасаджаны дрэвы, і нарэшце ўцяміў: пасаджаны па тры такім чынам, што кожная тройка ўтварае арку, і тым самым дрэвы загароджваюць пляц ад вятроў. Тут салавей заўжды спявае, белы бэз разросся па ўсёй ваколіцы. Месца сапраўды райскае»...

Завяшчанне Райскіх

Яшчэ Мікалай Шпакоўскі і Сяргей Штык расказвалі, што шукалі ў інтэрнэце інфармацыю пра гісторыю былога маёнтка, але ў сеціве звестак аказалася няшмат. Звярнуліся да гісторыкаў — і атрымалі копіі надзвычай цікавых дакументаў ад мясцовага краязнаўцы Анатоля Бензерука. Адно толькі «Завяшчанне», датаванае 1843 годам, многа кажа пра свайго аўтара, аднаго з гаспадароў Непакойчыц. Станіслаў Райскі на мове пушкінскіх часоў выкладае запаветы дабрыні, спагады, добрасуседства, павагі да зямлі, важнасці навукі для «розуму і сэрца» сваім нашчадкам — дзецям, унукам, праўнукам. Цікава, што ў рускім тэксце часта сустракаецца беларускае словазлучэнне «ласкавы хлеб». Відаць, маецца на ўвазе пенсія, якую гаспадар прызначае многім сваім слугам, а самых здольных з дзяцей чэлядзі прадпісвае аддаваць у навучанне. У «Завяшчанні» Станіслаў распараджаецца заснаваць бальніцу, якая, дарэчы, дастаяла да 1939 года. Там гаворыцца, што «хворых мая жонка будзе дастаўляць сама і мець пра іх клопат». Цэлы раздзел допісу аўтар прысвячае таму, як павінны жыць яго нашчадкі, якімі ідэаламі кіравацца, як пазбягаць дрэнных прыкладаў. У разважанні на тэму адносін з людзьмі Станіслаў спасылаецца на нейкія «Гисторіи предков наших» — відаць, існаваў і такі твор. Нездарма ж у анкеце на пытанне, якімі мовамі свабодна валодае і карыстаецца, аўтар «Завяшчання» пазначыў: руская, польская, французская, нямецкая.

Выпраўленне памылак

Такія яны былі, Райскія, людзі тутэйшай зямлі, якія ўладкоўвалі і бераглі сваю мясціну. Дваццатае стагоддзе жорстка абышлося з іх родам, і тут ужо нічога не пераменіш. Добра, што знайшліся людзі, якія ўзяліся хоць у нейкай меры выправіць грэх папярэднікаў, што ўчынілі вэрхал на могілках, і тых, хто маўкліва сузіраў кашчунства. Арганізатарам добрай справы, як ужо гаварылася, стаў начальнік раённай аховы прыроды. Праз нейкі час пасля згаданага суботніка і праведзенай работы па добраўпарадкаванні знайшлі спачын косці, якія валяліся на месцы магіл: знойдзеныя астанкі былі перапахаваныя на ранейшых сямейных могілках. Настаяцель Свята-Пакроўскага храма ў Жабінцы Сяргей Петрусевіч адслужыў паніхіду. Айцец Сергій сказаў вельмі важныя словы, якія сталі тлумачэннем таго, што адбылося: «Мы з вамі выправілі памылку перад Богам. Дзякуй усім». Месца пахавання абазначылі.

Важна, што добрая справа знайшла сваіх паслядоўнікаў. Пасля пераходу Сяргея Штыка на работу ў Брэст эстафету падтрымаў яго наступнік, а за ім і цяперашні начальнік райінспекцыі Аляксандр КУРЫЛОВІЧ. Да шэфства над заказнікам і канкрэтна над гэтым участкам далучылася раённая арганізацыя таварыства паляўнічых і рыбаловаў на чале з Пятром ВЕРАМКО. Вось і сёлетняй вясной работнікі гэтых устаноў правялі суботнік, прыбралі смецце, лішнюю расліннасць. Цяпер пра біялагічны заказнік падарожніку расказвае інфармацыйны стэнд, а былыя могілкі абазначаны валуном і адмысловай таблічкай. Для адпачывальнікаў абсталяванае месца з мангалам. Устаноўлены кантэйнер для бытавых адходаў. Цяпер кожны ахвотны можа правесці час ва ўнікальным прыродным кутку, палюбавацца прыгажосцю краявідаў, паслухаць цішыню — і ўсё таму, што знайшліся нераўнадушныя людзі, якія прыклалі рукі і душу да добрай справы. А матэрыялізаванае дабро, як правіла, знаходзіць паслядоўнікаў. Нездарма ж кажуць: калі хочаш палепшыць гэты свет — зрабі лепшай хоць пядзю прасторы вакол сябе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Жабінкаўскі раён

Загаловак у газеце: Спакой каля «райскага саду»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».