Вы тут

Дэпутаты пачалі актыўна выказваць наконт выбараў сваю пазіцыю


Ва ўсе часы электральная кампанія выклікала павышаную зацікаўленасць у грамадстве, што мы, у прыватнасці, і назіраем зараз. Натуральна, людзей непакоіць, як будзе развівацца краіна ў найбліжэйшай (ды і, безумоўна, аддаленай) перспектыве. Таму невыпадкова дэпутаты ўсіх узроўняў, у тым ліку тыя, хто прадстаўляе інтарэсы людзей у абедзвюх палатах беларускага парламента, пачалі актыўна выказваць наконт гэтага сваю пазіцыю.


«Не варта блытаць рэалізацыю законнага выбарчага права з удзелам у несанкцыянаваных акцыях»

Віктар ЧАЙЧЫЦ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА):

— У Беларусі праходзіць прэзідэнцкая выбарчая кампанія, грамадзяне так ці інакш у яе ўцягнутыя. Але не варта блытаць рэалізацыю законнага выбарчага права з удзелам у несанкцыянаваных акцыях. Калегія адвакатаў нагадвае, што грамадзяне ў любой сітуацыі абавязаны выконваць заканадаўства. Парушаць яго, ганьбіць гонар і годнасць дзяржавы ў цэлым і асобных службовых асоб, апраўдваючы сябе правакацыяй альбо недазволенымі метадамі, прынамсі неразумна. Любыя канфлікты варта вырашаць у прававым полі. Заканадаўства Беларусі мае досыць шырокі інструментарый для абароны правоў фізічных і юрыдычных асоб.

Сенатар звярнуў увагу на тое, што ў інтэрнэце з'яўляецца інфармацыя ад асобных юрыстаў, якая падштурхоўвае людзей здзяйсняць правапарушэнні, а потым шукаць у іх дапамогі і абароны. «Гэта недапушчальна. Юрысты, як і адвакаты, павінны рабіць усё магчымае, каб прадухіліць здзяйсненне неабдуманых учынкаў, бо прафесія юрыста, як і прафесія адваката, мае на мэце аказанне юрыдычнай дапамогі, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян», — падкрэсліў старшыня калегіі адвакатаў.

БРКА ад імя адвакацкай супольнасці Беларусі чарговы раз заклікае: перш чым здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні, варта звярнуцца да адваката па растлумачэнне магчымых негатыўных наступстваў. «Відавочна, што выпраўляць іх з дапамогай прававых інструментаў нашмат складаней, чым прадухіліць», — дадаў Віктар Чайчыц.

Акрамя таго, ён зрабіў акцэнт на тым, што адвакатура — адзіны прававы інстытут, які мае права на прафесійнай аснове аказваць людзям кваліфікаваную юрыдычную дапамогу ў мэтах абароны іх правоў, свабод і інтарэсаў. «Іншымі словамі, толькі адвакат мае права кансультаваць фізічных асоб на прафесійнай аснове, і толькі ён нясе адказнасць за правільнасць прадстаўленай кансультацыі», — растлумачыў Віктар Чайчыц. Любы чалавек на сайце БРКА можа атрымаць юрыдычную кансультацыю адваката анлайн і бясплатна. Звярнуцца можна і ў любую юрыдычную кансультацыю, адвакацкае бюро, да любога адваката, які працуе індывідуальна.

Старшыня БРКА нагадаў, што ў свой час з дапамогай адвакатуры былі знятыя шматлікія непаразуменні, звязаныя з рэалізацыяй паправак у законы па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы. «Мы звярнуліся ў Мінабароны і прапанавалі пракансультаваць прызыўнікоў. У выніку атрымалася развеяць многія памылкі і, думаю, тым самым утрымаць маладых людзей ад звароту ў сумнеўныя фірмы, якія абяцаюць „адмазаць ад войска“», — лічыць старшыня БРКА.


Сіла — у гістарычнай мудрасці

Сяргей СІВЕЦ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве:

— За мінулыя тры дзесяцігоддзі свайго суверэннага развіцця беларускае грамадства выпрацавала імунітэт да гучных лозунгаў і дэкларацый, а ацэнка значнасці той ці іншай палітычнай фігуры даецца толькі на аснове канкрэтных практычных спраў і дасягненняў. Эпоха рэвалюцыйна-папулісцкіх заклікаў — «увесь свет гвалту мы разбурым, а затым...» усіх ашчасцім — даўно адышла ў нябыт.

Значнасць выбару беларусаў у гэтай выбарчай кампаніі шматразова ўзрастае ў святле новых выклікаў і ўзрушэнняў, з якімі сутыкнуўся свет апошнім часам. Ужо відавочны той факт, што ў найбліжэйшай перспектыве нам усім трэба будзе жыць ва ўмовах новага светапарадку, у якім шматлікія геапалітычныя пытанні будуць вырашацца выключна з пазіцыі сілы. Сіла ж беларусаў была і ёсць у іх гістарычнай мудрасці, заснаванай на жаданні захаваць і праз працу прымножыць здабыткі папярэдніх пакаленняў — магчымасці жыць і працаваць у свабоднай, незалежнай, шчаснай і бяспечнай краіне.

Канстытуцыя, вызначыўшы статус Прэзідэнта ў якасці кіраўніка дзяржавы, адначасова ўсклала на гэтую службовую асобу максімальную персанальную адказнасць за стратэгічнае прагназаванне, забеспячэнне эфектыўнага дзяржкіравання, недапушчэнне або аператыўнае купіраванне крызісных з'яў, што ўзнікаюць, дасягненне грамадскага кампрамісу па найбольш істотных сацыяльных пытаннях. Усё гэта ў сукупнасці вызначае высокі ўзровень інстытуцыянальных патрабаванняў, якім павінен адпавядаць кандыдат на гэтую адказную дзяржаўную пасаду, — нарматыўных, прафесійных, асобасных і светапоглядных.

За 30 гадоў у Беларусі сфарміраваны развітыя палітычная і прававая сістэмы, функцыянуюць інстытуты грамадзянскай супольнасці, развіваюцца і забяспечваюцца ключавыя палажэнні сацыяльнага кантракта паміж дзяржавай і грамадзянамі. Краіна працягвае дынамічна і паступальна ўмацоўваць нацыянальны каркас дзяржаўнага ладу, выкарыстоўваючы для гэтага сучасны палітычны, эканамічны і сацыяльны інструментарый грамадскага развіцця. Абранне кіраўніка дзяржавы — гэта не проста адзін з дэмакратычных інстытутаў фарміравання сістэмы ўлады, гэта ў першую чаргу ўсвядомлены выбар грамадствам мадэлі свайго развіцця на наступнае пяцігоддзе.


Трэба кансалідавацца, каб захаваць надзейны падмурак нашага роднага дома, у якім будуць жыць нашы дзеці, унукі і праўнукі

Дзмітрый ВАРАНЮК, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

«Электаральная кампанія ў Беларусі ў самым разгары. Аднак ужо сёння няўзброеным вокам відаць, як для некаторых палітыкаў-пачаткоўцаў такія непахісныя паняцці, як гонар, сумленне, адказнасць і годнасць, сталі разменнай манетай у пагоні за імгненным хайпам. Пакаленне, якое нарадзілася падчас новай эпохі беларускай дзяржаўнасці, вырасла разам са сваёй краінай. Пакуль мы раслі, нашы бацькі закладвалі падмурак і будавалі незалежную суверэнную дзяржаву. Мірная і спакойная маладая Беларусь стала для нас надзейным тылам. Наша краіна захавала духоўныя каштоўнасці і нацыянальную культуру, а мы вучымся вызначаць палітыку дзяржавы, выбудоўваць эканамічную стратэгію і міжнародныя адносіны».

Першы сакратар ЦК БРСМ адзначыў, што галоўная сёлетняя грамадска-палітычная падзея — выбары Прэзідэнта. «Беларусы заўсёды жылі сваім розумам і працай і імкнуліся зрабіць краіну яшчэ лепшай, прыгажэйшай і багацейшай. І сёння надышоў той момант, калі нам трэба кансалідавацца, каб захаваць і не даць разбурыць надзейны падмурак нашага роднага дома, у якім будзем жыць мы з вамі, нашы дзеці, унукі і праўнукі, — падкрэсліў ён. — Аднак мы бачым, што камусьці не падабаецца наша краіна, якая ідзе сваім шляхам. І ўжо рукамі брудных паліттэхнолагаў гэтыя людзі, якія фінансуюць дэстабілізацыю і ў іншых краінах, апрабуюць на вуліцах беларускіх гарадоў усім вядомыя сцэнарыі, накіраваныя толькі на адно — разлад грамадства. Іх задача — каб беларус ненавідзеў беларуса, брат ішоў на брата. Абражаюць і спрабуюць арганізаваць кібербулінг любога, хто адкрыта заяўляе аб адданасці захаванню традыцый Беларусі і выступае за яе развіццё».

Дзмітрый Варанюк дадаў, што ўпэўнены ў годным сённяшнім дні краіны і яе светлым заўтрашнім.


Не ўсім даспадобы суверэнная і незалежная краіна

Лілія АНАНІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў:

— Кампанія па выбарах кіраўніка дзяржавы высвеціла ўвогуле не новую тэму. Далёка не ўсім даспадобы Беларусь, суверэнная і незалежная краіна, дзе сацыяльная справядлівасць, развіццё без майданаў і ўзрушэнняў былі, ёсць і, упэўненая, застануцца найважнейшымі складнікамі далейшага развіцця. Менавіта такі курс ляжыць у аснове поспехаў краіны, яе аўтарытэту і павагі ў свеце. Не заўважаць відавочныя дасягненні Беларусі, а тым больш ачарняць пройдзены краінай шлях як мінімум безадказна.

На жаль, ужо на этапе збору подпісаў бачныя спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне любым шляхам, не грэбуючы маніпуляцыямі на эканамічных і эпідэміялагічных цяжкасцях, у тым ліку з актыўным разаграваннем у сацыяльных сетках, вонкавым медыйным уздзеяннем. Асобныя прэтэндэнты ў адкрытую заяўляюць, што іх мэта зусім не выбары, не абмеркаванне шляхоў развіцця краіны, а звяржэнне дзеючай улады. І гэта ў вельмі складаны перыяд, калі ў літаральным сэнсе ўвесь свет змагаецца з выклікамі і пагрозамі, справакаванымі каранавіруснай пандэміяй. На які вынік разлічваюць такія прэтэндэнты? Якую светлую будучыню абяцаюць беларусам? Упэўненая, у нашага народа, які жыве сваім розумам і сваёй працай, хопіць мудрасці годна прайсці выбарчую кампанію, не дапусціць развалу краіны і расколу ў грамадстве.


Тэндэнцый дэградацыі дапускаць нельга

Андрэй САВІНЫХ, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў:

— Часам узнікае адчуванне, што многія акцыі ў канчатковым выніку адбываюцца пад уплывам знешніх гульцоў, цэнтраў сілы, якія хацелі б паўплываць на ўнутраную і знешнюю палітыку Беларусі ў сваіх інтарэсах. Гэтага не можа дапусціць ні адна дзяржава свету. Таму падобныя спробы ўздзеяння па зразумелых прычынах будуць, безумоўна, спыняцца.

Беларусь — маладая дзяржава, хоць і з вялікай гісторыяй, і многія дзяржаўныя, у тым ліку дэмакратычныя, грамадскія традыцыі ў краіне фарміруюцца цяпер. Іх гісторыя налічвае не больш за 30 гадоў. Фарміраванне такіх грамадскіх традыцый патрабуе часу і магчыма толькі ў тым выпадку, калі ўсе ўдзельнікі гэтага працэсу паводзяць сябе карэктна і працуюць на кансалідацыю, а не на раз'яднанне грамадства.

Калі гэтая ўмова не выконваецца, то ўзнікае велізарная колькасць беззмястоўных канфліктаў, і ў канчатковым выніку пазітыўнага развіцця не адбываецца. Хутчэй наадварот, грамадства дэградуе ў сваёй здольнасці працаваць разам у інтарэсах краіны ў цэлым. Гэтых тэндэнцый ні ў якім разе дапускаць нельга.


Беларуская эканамічная мадэль працуе

Алег ДЗЯЧЭНКА, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова:

— Адзін з прэтэндэнтаў у кіраўнікі нашай дзяржавы ў сваім нядаўнім інтэрв'ю расійскаму выданню абмовіўся пра тое, што беларуская эканоміка «знаходзіцца ў перадсмяротным стане», але адразу ж удакладніў: «Наконт глыбокага эканамічнага крызісу я б не сказаў». Яно і зразумела — навошта адмаўляць відавочнае. За апошнія дзесяцігоддзі толькі лянівы не хаваў беларускую эканоміку. Яе крытыкавалі практычна ўсе — ад хатніх гаспадынь і інтэлігентаў-іншадумцаў да журналістаў і дыпламаваных эканамістаў. У перыяды сусветных эканамічных крызісаў, што закранаюць і асобныя сегменты нацыянальнай эканомікі, вострыя дыскусіі разгортваліся ў прэсе, у кулуарах улады, у віртуальнай прасторы. Складвалася ўражанне, што яшчэ крыху і ўсё — настане апакаліптычны калапс, паўторыцца эканамічны кашмар, які нам добра знаёмы па 1980—1990-х гадах.

Аднак эканамічныя спады змяняліся эканамічнымі ўздымамі; згасалі палітычныя страсці і эканамічныя спрэчкі; раствараліся на бязмежных прасторах грамадска-палітычнага жыцця ўчарашнія прэтэндэнты на найвышэйшую дзяржаўную ўладу. Пра «васільковыя», «джынсавыя» ды іншыя рэвалюцыі ў памяці заставаліся адны толькі ўспаміны, а «пахаванне» беларускай мадэлі шматукладнай эканомікі адкладвалася палітычнымі футуролагамі на будучую пяцігодку. Можна колькі заўгодна фантазіраваць на тэму «смяротнасці» нашай эканамічнай мадэлі і ладзіць бутафорскія «пахавальныя працэсіі». Занятак гэты няўдзячны і бессэнсоўны, бо беларуская эканамічная мадэль працуе. Гэта галоўнае. І гэта — бясспрэчны факт. Для прыкладу вазьму толькі адзін з кірункаў эканамічнага развіцця магілёўскага рэгіёна — знешнеэканамічную дзейнасць прадпрыемстваў і ўстаноў.

Але спачатку пра геаграфію. Магілёўшчына развівае гандлёвыя сувязі са 114 дзяржавамі свету, у якія ажыццяўляецца экспарт тавараў і паслуг на мільярды амерыканскіх долараў. Мы прадаём за мяжу шыны, мэблю, ліфты і абсталяванне, чыгуначныя вагоны, сінтэтычныя валокны, мясамалочныя і іншыя прадукты.

Прывяду адзін цікавы выпадак. У 2018 годзе ва Універсітэце Дэнісана (штат Агая, ЗША) за кубкам гарбаты з амерыканскімі калегамі абмяркоўвалі пытанне неабходнасці адмены санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў. І я са здзіўленнем убачыў на стале нашы беларускія «дамачаяўскія» пернікі, імпартаваныя ў ЗША кампаніяй Еuрhоrіа Fаnсу Fооd Іnс. Дробязь, скажаце вы, — але ж прыемна.

Магілёўшчына экспартуе не толькі прамысловую прадукцыю. Сёння актыўна развіваецца экспарт камп'ютарных, будаўнічых, інжынерных і турыстычных паслуг, паслуг у галіне культуры і адпачынку, адукацыі і аховы здароўя. Мы крок за крокам асвойваем рынкі Расіі і Еўропы, рухаемся ў краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Блізкага Усходу.

Таму дазвольце не пагадзіцца з меркаваннем, нібыта наша эканоміка нежыццяздольная ды шкодная. Як вядома, крытэрый ісціны — практыка, а практыка даказвае, што нават ва ўмовах глыбокіх эканамічных крызісаў беларуская эканамічная мадэль мае надзвычайную ўстойлівасць і здольнасць эвалюцыянаваць.

Па матэрыялах БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».