...Прачытала ў любімай рубрыцы гісторыю пра тое як два рыбакі, налавіўшы рыбы і нават размеркаваўшы яе на «кучкі» (мне, табе, маёй цешчы, тваёй маме...), прымудрыліся адпусціць яе назад у раку, і міжволі ўспомніла... бальніцу.
У той палаце я была пятай: чатыры жанчыны маладзейшыя, гадоў па 20—25, і адна старэйшая. Выглядала яна недзе на 35, а калі па праўдзе, то, можа, і болей было, але звалі яе чамусьці Рыбкай. Я падумала, што гэта, відаць, з-за прозвішча — Рыбак, Рыбко... І памылілася. Прозвішча было ні пры чым.
Як расказалі суседкі па палаце, Зоя (назавём Рыбку так) змалку хацела быць не нейкай там юрысткай ці праграмісткай, а хатняй гаспадыняй і... мамай. Адна дачка ў бацькоў, яна, што называецца, спала і бачыла, як створыць вялікую сям'ю, як народзіць траіх, а можа, і пяцярых дзяцей... Прычым з гэтай, досыць нетыповай мары, не рабіла ніякіх сакрэтаў: пра яе ведалі і Зоіны бацькі, і аднакласнікі, і настаўнікі ў школе (яна ў сачыненнях пісала)...
Не выключана, што пра тое ж, трохі падросшы, яна расказвала і хлопцам, бо праміналі, праляталі гады, а ў Зоі па-ранейшаму не было не толькі дзяцей, а нават мужа.
...Так бывае, на жаль: мары пра вялікую сям'ю не сталі збывацца і потым, калі муж з'явіўся. Факт, што, не дачакаўшыся цяжарнасці ў першыя тры месяцы, Зоя звольнілася з работы і пайшла-паехала па дактарах ды знахарах. Дзе яна толькі ні ездзіла і чаго ні спрабавала (муж катэгарычна адмовіўся, бо меў дачку ад першага шлюбу), але толку не было ніякага. У хаце ўсё часцей і часцей разгараліся спрэчкі, узнікалі зацяжныя разлады...
Дык вось аднойчы, пасля чарговага, муж прыйшоў мірыцца не з кветкамі, не з ананасам і тортам, нават не з наборам каструль. Ён прынёс дамоў трохлітровы слоік, у якім плавала прыгожая залатая рыбка (акварыум у іх ужо быў), сказаў: «Ну, загадвай жаданні. Тры з іх — бяруся выканаць».
Зоя тут жа памкнулася сказаць, што жаданне ў яе — адно: каб ён урэшце праверыўся, але прамаўчала — пабаялася, што зноў пасварацца, а якраз тады — проста нельга было.
Справа ў тым, што яны разам з бацькамі купілі дом у прыгарадзе і яшчэ толькі запрагаліся ў рамонт, у давядзенне яго да ладу. Муж, вядома ж, рабіў асноўнае... Ды і Зоя неяк захапілася: згадзілася, як быццам, што галоўнае дом свой, а дзяцей можна ўзяць і чужых.
...Карацей, два месяцы яна апантана шчыравала: вычышчала, вымывала, расстаўляла і не хадзіла да свайго гінеколага. А калі нарэшце прыйшла, той адразу павёў яе на ультрагук, досыць доўга «прасвечваў» там, глядзеў на экран і ўрэшце сказаў: «Віншую, у вас будзе трое...»
«Гэта ўсё рыбка, рыбка!» — залапатала тады Зоя.
І потым пра яе, залатую, гаварыла ўсім, ва ўсякім разе тым, з кім ляжала ў бальніцы.
Дарэчы, у нашай палаце яна самай здаровай была: на захаванне, як мы зразумелі, яе клалі так, на ўсякі выпадак.
Вось такая чароўная гісторыя пра рыбку для Зайкі (ці Зойкі?).
Хочацца верыць, што сваіх малых яна паспяхова данасіла, лёгка нарадзіла і цяпер гадуе.
Н. Бялевіч, г. Мінск
Адразу не раскусіш
Едзеш на лецішча і па дарозе амаль каля кожнай хаты бачыш парнік, а то недзе і два. Прычым драўляных, са шклом, альбо проста з плёнкай на дужках ужо не сустрэнеш. Усё больш ладныя белыя «будынінкі» — з полікарбанату.
Першая вось такая ў нашых Ніны з Валодзем з'явілася — ім зяцёк хвалёны прывёз.
Трэба сказаць, што дачка ў іх таксама не абы якая: і прыгожая, і старанная, і доктарка...
Аднак муж яе дык проста на зайздрасць быў! Ну ўсё ў яго найлепшае: і знешнасць, і адукацыя, і спрыт, і грошы... Трохпакаёўку ў Мінску пабудаваў, еўрапейскі рамонт зрабіў, пакоі імпартам абставіў, машыну з салона прыгнаў... «Сяргейка наш усё чыста ў дом, у сваю сям'ю, — выхвалялася часам цешча. — Ён нідзе нічога не ўпусціць! І тут, у вёсцы, ну паглядзіце, то бярозавік збірае, то грыбы-ягады з лесу носіць, то на рыбу ідзе... Мы з дачкой ледзь паспяваем парадкаваць... Сотні розных слоікаў ставім на зіму».
Пашчасціла, карацей, сямейцы. Так лічылі суседзі, але ж да пары да часу.
Гадоў з восем назад той самы Сяргейка не проста ў госці прыехаў — дарагую цяпліцу з сабою прывёз. Распакаваў, інструкцыю вывучыў і пачаў мантаж. Сам, сваімі рукамі ўсё рабіў, нікога не падпускаў. Стойкі ўкапаў (зямля, праўда, мяккая была, свежаўзараная), алюмініевыя рэйкі як след прыкруціў, полікарбанат нацягнуў...
Суседзі завохкалі ды залюбаваліся, цешча — яшчэ больш заганарылася...
Цесць, праўда, крыху пакрыўдзіўся: хацеў жа і ён прычыніцца, нешта параіць, можа, падмагчы... Зяць як адрэзаў — сказаў: «Не трэба...»
«Не дык не, — згадзіўся гаспадар. — Сам рабі, калі табе так хочацца».
За зяцем, як вы разумееце, справа не стала.
За агародніцамі-жанчынамі — і пагатоў: расаду з хаты вынеслі, памідоры з перцамі пасадзілі, радыскі насеялі...
А дзён праз колькі і як на тое ліха — вецер наляцеў... Ды такі ж шалёны...
Аднак парнік бы выстаяў, калі б быў закрыты, а так...
Пакрыццё аказалася моцнае, таму будыніну ўзняло, рэйкі перакруціла, карбанат «пакамечыла», і ўсё разам занесла пад плот у канцы гарода — злажыла і палажыла.
Гаспадар гэты «буралом» чапаць не стаў: абыходзіў бокам. Гаспадыня таксама не пасмела.
...Зяць прыехаў у суботу раніцай. Пахадзіў вакол «развалін», паглядзеў. Вінаваціць, як быццам, няма каго, а хочацца, — ажно твар баліць...
Пасля лазні за чаркай не вытрымаў — папракнуў-такі цесця з цешчай, што вінаватыя, што павінны былі (?!) і не дагледзелі — не захавалі такую дыхтоўную пабудову, такую канструкцыю...
Цесць таксама не змаўчаў: злажыў сваю, з трох пальцаў... Сказаў яшчэ, што ў парабкі да панка не наймаўся і нічога яму не вінны...
Ну, а далей ужо ўсё загрымела і зашумела. Бедныя гаспадары на сваёй жа сядзібе сабе месца шукалі і знайсці не маглі — па суседзях пабеглі.
...Я гэта да таго, што ля кожнай хаткі свае парадкі і ў кожнай шафе ёсць свой шкілет. Калі-нікалі ён адтуль вывальваецца, каб пагрымець касцямі ды паказаць, хто чаго варты.
Ва ўсякім разе Ніна з Валодзем зяцем болей не хваляцца. І шчасцю іх дачкі вёска так не зайздросціць.
Л. Міхальчык, г. Магілёў
Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.
Адзін мой знаёмы мастак, эстэт, вырашыў, напрыклад, хобі завесці, у калекцыянеры падацца. І добра б нейкія маркі збіраў ці нават сарты руж, а то ж — не паверыце — аўтамабілі: з гаражоў, з падваротняў ды стаянак стаў прыцягваць дамоў розныя разваліны. Сярод іх і старая «пабеда» была, і некалькі маленькіх гарбатых «запарожцаў», і велізарны «кадылак», і «трабант»... Нешта без колаў, нешта без дзверцаў, без рухавікоў, усё ржавае, аблезлае... Карацей, у чалавека не падворак стаў, а нейкі мехдвор даўно дабітай гаспадаркі.
І яшчэ ж мала, што ўсё гэтае дабро мастак дадому сцягваў. Ён, забыўшыся на работу і сям'ю, з галавой акунуўся ў рамонт, у аднаўленне машын... (Як на мой погляд, дык задавальненне гэта і вельмі сумнеўнае, і досыць дарагое. На яго, я чуў, і дзесяці вялікіх зарплат не хапіла б, а ў мастака і адной малой не было.)
З-за гэтага ў сям'і пастаянна разгараліся сваркі. Пачуўшы, што муж нейкую чарговую жалязяку набыў, жонка аж заходзілася ад злосці. А ўрэшце...
— Усё, — заявіла аднойчы, — майму цярпенню прыйшоў канец! Выбірай: альбо я, альбо гэтае ламачча!
Муж пачаў быў тлумачыць, што грошы, калі справа датычыцца мары, не маюць значэння, што ён — асоба творчая, што ў такіх, як правіла, ёсць захапленні, што добрыя жонкі павінны разумець...
— Дык я, значыць, дрэнная?! — спыніла мастака яго палавіна. — Ты хочаш сабе лепшую знайсці? Калі ласка! Наперад... Вунь бог, вунь парог...
— Ну і пайду, — заявіў мастак і ў той жа дзень пераехаў да маці.
Жонка, трэба сказаць, услед не пабегла, а нават горш — доўга не думаючы, выклікала «спецыялістаў», якія ў акрузе падбіралі металалом, і (сэрца не здрыганулася)... здала ўсю мужаву «калекцыю», моўчкі забрала грошы...
Недзе праз тыдзень, не вытрымаўшы разлукі, муж патэлефанаваў, сказаў, што зразумеў свае памылкі і цяпер ужо ведае: галоўнае — гэта сям'я, а потым усё астатняе... Ён стаў, што называецца, абрываць жончын тэлефон, вымольваць прабачэння і прасіць, каб дазволіла пачаць спачатку, гэта значыць, вярнуцца дамоў.
— А калі вернешся, ні ў чым не папракнеш? — папыталася жонка.
— Не... Нават слова не скажу!
— Ну глядзі ж... Ты абяцаў...
Такім чынам «міравое пагадненне», як быццам, было дасягнута: муж вяртаўся дамоў.
Трэба сказаць, што жонка сустракала яго ў новых высокіх боціках, у шыкоўнай скураной спадніцы ў абліпачку і моднай кароткай куртачцы. У мастака ад такога хараства аж вочы засляпіліся...
Факт, што пусты падворак за хатай ён агледзеў пазней...
Потым яму і сэрца забалела, і мову адняло...
Аднак што ты будзеш рабіць, калі прызнаў, што сям'я — даражэй за ўсё, калі жонцы слова даў ні ў чым не папракаць.
Віталь Жураўскі, г. Жодзіна
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар
Ад яе ж (і тым, хто не ведаў): пагода — паводле тлумачальнага слоўніка беларускай мовы — добрае надвор'е.
Кажуць, што сёлета яно такі будзе?
І, дай бог, каб не толькі на дварэ.
Пішыце! Конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю працягваецца. Журы працуе.
У карабля «Рудакова» малады капітан.
На пяты набор прыйшлі 142 заяўкі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.