Вы тут

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню


Гэта была сенсацыя: у 2018 годзе на прэстыжным кiнафестывалi IDFA ў Амстэрдаме быў паказаны страчаны фiльм Дзiгi Вертава — хлопца з Беластока, савецкага рэжысёра, кiнаавангардыста, якi лiчыцца заснавальнiкам, тэарэтыкам i амаль што богам дакументальнага кiно. Прычым не проста фiльм, а самы яго першы фiльм — «Гадавiна рэвалюцыi», — зроблены i паказаны ў 1918 годзе. То-бок публiка зноў убачыла карцiну роўна праз сто гадоў, ды яшчэ з такiм вiзуальным матэрыялам, каштоўнасць якога сёння складана вымераць, усё ж дакумент часу. Стужкi Вертава, у прыватнасцi «Чалавек з кiнаапаратам», — што Бiблiя для дакументалiстаў, без работ рэжысёра не абыходзяцца спiсы найвялiкшых фiльмаў свету, яго эксперыменты паўплывалi на ўсю гiсторыю кiно. Таму не дзiўна, што «Гадавiна» сабрала безлiч аншлагаў у маштабным рэйдзе па кiнафестывалях i чатыры тыднi пратрымалася ў камерцыйным пракаце ў Маскве, што нядрэнна нават для сучасных iгравых стужак. А ўзнавiў фiльм маскоўскi кiназнаўца, архiвiст i рэстаўратар кiно Мiкалай Iзволаў, i зрабiць гэта яму дазволiла абсалютная i шчаслiвая выпадковасць. Сёння «Гадавiну рэвалюцыi» можна паглядзець у анлайн-кiнатэатрах Okko i «КiнаПошук», i пад гэтую справу мы распыталi Мiкалая аб рабоце над фiльмам, «Гадавiне» i Вертаве.


— Каб гледачы маглi зноў убачыць «Гадавiну рэвалюцыi», трэба было не проста знайсцi згублены фiльм, а лiтаральна сабраць яго па кавалках. Узнiкае пытанне, наколькi добра захаваўся архiў савецкага кiно?

— Праблема захаванасцi раннiх фiльмаў ва ўсiх краiнах прыкладна аднолькавая: як у СНД, так i ў Еўропе i ЗША загiнула каля 80 % нямога кiно. Кiнавытворчасць была прыватная, а прыватныя арганiзацыi банкрутуюць, перапрадаюць правы, знiкаюць — нiхто не захоўваў плёнкi, якiя выйшлi з ужытку. Толькi калi з'явiлiся дзяржаўныя архiвы, фiльмы сталi збiрацца — у Савецкiм Саюзе такi архiў (ён iснуе да сённяшняга дня) быў арганiзаваны ў 1926 годзе ў Краснагорску, таму савецкiя дакументальныя карцiны — дзiўная справа — захавалiся нават лепш, чым у iншых краiнах. У свеце архiвы часцей з'яўлялiся ў канцы 1930-х альбо ўжо пасля Другой сусветнай, так што ранняе гукавое кiно таксама моцна пацярпела. Але кiно гiне i на нашых вачах: многае, напрыклад, было страчана пасля распаду Савецкага Саюза, таму кiно 90-х захавалася горш, чым кiно 80-х.

— Калi знаходкi накшталт першага фiльма Вертава дагэтуль магчымыя, значыць, архiвы вывучаныя не да канца.

— Знаходкi магчымыя самыя розныя: мы не ведаем, што захоўваецца ў ЗША, Нарвегii або Японii, а ў архiвах чужых краiн дагэтуль можна нечакана выявiць нешта накшталт знiклага фiльма Джона Форда. У часы нямога кiно дастаткова было пераляпiць надпiс — i без усялякай агучкi нямецкi фiльм станавiўся французскiм, а рускi — iтальянскiм. Але нават калi нешта недзе захавалася, яго назва або зменена, або перакладзена на iншую мову, таму шукаць фiльмы даволi складана. Рэвалюцыя i Грамадзянская вайна, калi вяртацца да Дзiгi Вертава, нiяк не спрыялi захаванню кiно. Прамысловасць абвалiлася — плёнка не выраблялася, замежжа было адрэзана, а спекулянты на прыгранiчных тэрыторыях не маглi забяспечыць цэлую галiну. Таму не ўсе падзеi здымалiся, фiльмы друкавалiся невялiкiмi тыражамi, а негатывы выкарыстоўвалiся паўторна. У вынiку хронiка таго часу ўяўляе сабой нешта вiнегрэтападобнае, з чаго сёння мы з цяжкасцю можам сабраць зыходныя «моркву» цi «бурачок».

— Аднавiць фiльм дапамагла, можна сказаць, выпадковая знаходка — у чым у гэтым выпадку заключалася ваша роля як рэстаўратара?

— «Гадавiна рэвалюцыi» па тых часах была незвычайна вялiкай карцiнай (саступала хiба што «Нецярпiмасцi» Грыфiта, але ў «Нецярпiмасцi» — мiльённы бюджэт, а тут усё рабiлася на каленцы, без грошай, у абсалютна беднай, спустошанай краiне), якую выпусцiлi ў 30 цi 40 экзэмплярах, у той час як кiначасопiсы выходзiлi накладам у пяць экзэмпляраў. Мабыць, фiльм трэба было разаслаць па гарадах, дзе ўсталявалася савецкая ўлада, i сам Дзiга Вертаў ездзiў i паказваў яго на так званых агiтцягнiках. Калi цягнiкi спынiлi работу, стужка ў лiку iншых была здадзена на склад, дзе даляжала да стварэння дзяржаўнага архiва. «Гадавiна» захавалася буйнымi фрагментамi: справа ў тым, што яна была зроблена з кiначасопiсаў i так спрытна злеплена, што кожная каробка магла служыць асобным фiльмам — «Лютаўская рэвалюцыя ў Петраградзе», «Разгон Устаноўчага сходу» цi «Мозг савецкай Расii», дзе паказвалiся партрэты палiтычных дзеячаў. Наша задача заключалася ў тым, каб iдэнтыфiкаваць гэтыя фрагменты, але да 2017 года ў нас не было дакладнага апiсання карцiны, пакуль на адной з канферэнцый ва УДIКу Святлана Iшэўская не зрабiла даклад пра Вертава i Маякоўскага, дзе паказала адзiн цiкавы дакумент. Я ўбачыў яго i абамлеў: на вялiкiм экране была афiша «Гадавiны рэвалюцыi» з усiмi надпiсамi з фiльма. Я ўзброiўся гэтым спiсам i стаў метадычна прачэсваць хронiку 1917—1918 гадоў — i карцiна пачала знаходзiцца вялiкiмi кавалкамi.

— На прыкладзе «Гадавiны рэвалюцыi» раскажыце, з якiмi дылемамi сутыкаецца рэстаўратар кiно.

— Галоўная праблема — утрымацца ад адсябяцiны. Мы павiнны зрабiць фiльм такiм, якiм бы яго зрабiў рэжысёр, i не маем права нешта паляпшаць, нават калi нам здаецца, што так будзе больш эфектна цi дынамiчна. Паводле прафесiйнай этыкi рэстаўратара ўнесцi нешта сваё значыць пацярпець паражэнне. Надпiсы, якiя ў «Гадавiне» прыйшлося аднавiць, я спецыяльна зрабiў iншым шрыфтам: так бачна, што яны належаць не Вертаву. Падобнае пытанне ўзнiкла да якасцi: мы маем справу з моцна падрапанымi плёнкамi, i хоць, выкарыстоўваючы новыя тэхналогii, можам палепшыць выяву, цi будзе гэта справядлiва ў адносiнах да гiстарычнай праўды, бо калi Вертаў, скажам, манцiраваў эпiзод пра Лютаўскую рэвалюцыю, ён ужо меў справу з падрапанымi плёнкамi, i першыя гледачы бачылi яго менавiта такiм.

— На кiнафестывалi IDFA «Гадавiну» назвалi «першым поўнаметражным дакументальным фiльмам у гiсторыi». Наколькi гэта праўда?

— Можа быць, праўда, а можа быць, i няпраўда, але за паўтара года з моманту прэм'еры нiхто гэта азначэнне не абверг. Потым жа «Гадавiна» — мантажны фiльм, складзены з кiначасопiсаў калаж, то-бок Вертаў, мабыць, воляю лёсаў аказаўся першапраходцам у гэтым кiрунку, прынамсi, я не ведаю нi адной больш ранняй мантажнай стужкi такога памеру. Думаю, работа над першым фiльмам паўплывала на рэжысёра: калi Вертаў рабiў, напрыклад, «Шостую частку свету», ён пiсаў аператарам запiскi-планы, i тыя раз'язджалiся па краiне, а калi зняты матэрыял сцякаўся ў Маскву, Вертаў яго манцiраваў, гэта значыць ён не прысутнiчаў пры здымцы нiводнага эпiзоду.

— Вертаў атрымаў «Гадавiну», можна сказаць, выпадкова — таму што ў Маскве не засталося рэжысёраў. Пры гэтым дэбют, падобна, даў яму дарогу ў кiно...

— Сам Вертаў называў гэты фiльм сваiм вытворчым iспытам, i, вiдавочна, ён выканаў пастаўленую перад iм задачу, што захавала яго ў прафесii. Хоць рэжысёраў дакументальнага кiно тады яшчэ не было. Само гэтае слова тут здавалася дзiкунствам: як гэта — рэжысёр дакументальнага кiно, як можна рэжысiраваць рэальнасць? Абсурд! Праз год, у 1919-м, Вертаў паспрабаваў паставiць сваё iмя ў цiтрах фiльма «Iнструктарскi параход «Чырвоная зорка» — быў скандал, яму не дазволiлi гэтага зрабiць, але iдэя тым не менш нарадзiлася, у рэшце рэшт чалавек, якi робiць дакументальныя фiльмы, павiнен быў неяк назвацца i назваўся рэжысёрам. Мабыць, менавiта Дзiга Вертаў першы ўкаранiў гэта азначэнне ў свядомасцi людзей, i гэта было сапраўды рэвалюцыйна.

— «Гадавiна рэвалюцыi» стала адной з першых прапагандысцкiх карцiн савецкай улады, але тут няма той агiтацыйнай настойлiвасцi, якая з'явiлася ў савецкiм кiно пазней. Вам самому якой бачыцца iнтанацыя карцiны?

— У розны час слова «прапаганда» трактуецца па-рознаму. У 1970—1980-я яно асацыявалася з прымiтыўнымi кандовымi формамi накшталт плакатаў «Слава КПСС!» i выклiкала пачуццё, блiзкае да аскомы. Але ў 1920-я агiтатар i прапагандыст успрымалiся iнакш — як людзi, якiя вядуць за сабой, а тады кожны крычаў i агiтаваў за нешта сваё, вулiчныя мiтынгi былi штодзённасцю. Успомнiце Маякоўскага: «Слушайте, товарищи потомки, агитатора, горлана-главаря». Цi была «Гадавiна рэвалюцыi» прапагандысцкай? У тым сэнсе, у якiм любы iнфармацыйны матэрыял — прапагандысцкi. Бо рэвалюцыя адбывалася ў Петраградзе i Маскве, а адкуль людзi ў iншых гарадах, скажам, за сто кiламетраў ад сталiцы, маглi даведацца,
што там адбываецца, пакуль на вулiцах не з'яўлялiся ўзброеныя людзi i не пачыналi страляць? Таму калi прыязджалi агiтцягнiкi, натоўпы да iх ламалiся. Дарэчы, найбольшай папулярнасцю ў «Гадавiне» карыстаўся ролiк «Мозг савецкай Расii», таму што ў iм можна было ўбачыць, хто прадстаўляе новую ўладу, як выглядаюць Ленiн i Троцкi, а людзi маглi нават не ведаць, хто гэта такiя.

— Значыць, магчыма, менавiта ў «Гадавiне» людзi ўпершыню ўбачылi Ленiна.

— Вядома, больш нiдзе яны яго ўбачыць не маглi. Дарэчы, у «Гадавiне» мы бачым першую здымку буйнога палiтычнага дзеяча схаванай камерай. Ленiн тады ўпершыню з'явiўся на вулiцы пасля ранення — на яго жыццё быў здзейснены замах, i папаўзлi чуткi, што ён памёр i бальшавiкi гэта хаваюць, таму Ленiна трэба было паказаць. Здымацца ён не любiў, тады кiраўнiк спраў Саўнаркама Уладзiмiр Бонч-Бруевiч вывеў Ленiна на шпацыр, а аператары з Кiнакамiтэта схавалiся за рознымi ўкрыццямi — за Цар-гарматай, кучамi смецця, аўтамабiлем. Ленiн у рэшце рэшт зразумеў, што яго здымаюць, але асаблiва не раззлаваўся, i аператары падышлi блiжэй.

— Што датычыцца часткi «Мозг савецкай Расii» — як здымалiся гэтыя партрэты? Забаўна, як палiтыкi паводзяць сябе перад нязвыклай для iх кiнакамерай. Ёсць гарэзны кадр, дзе на сцяне ззаду надрапана слова з трох лiтар.

— Толькi слова з трох лiтар у iншай частцы фiльма. Калi ўважлiва паглядзець ролiк «Мозг савецкай Расii», можна заўважыць, што многiя людзi знятыя ў адным i тым жа месцы ў адзiн i той жа дзень — тая ж Крамлёўская плошча, тая ж брукаванка, тыя ж аўтамабiлi i будынкi. Мабыць, калi аператары знялi Ленiна, iх выкарысталi, раз ужо прыехалi, каб захаваць i iншых дзеячаў савецкага ўрада, якiх проста вывелi на плошчу i знялi як на фотакамеру.

— Фiльм складаецца з розных падзей: арганiзацыя Часовага ўрада, пераварот у Петраградзе, у Маскве, Брэсцкi мiр, узяцце Казанi — на першы погляд, абсалютны разброд. Па якiм прынцыпе ў юбiлейным фiльме Вертаў паказвае рэвалюцыю?

— Фiльм не вельмi i юбiлейны, бо палову часу тут распавядаецца пра тое, што адбываецца да Кастрычнiцкага перавароту. Рэвалюцыя тады была яшчэ не датай, а няскончаным працэсам, «Гадавiна» i задумвалася як панарама доўгага працэсу, дзе Грамадзянская вайна — толькi працяг. Прынцып вельмi просты — у храналагiчным парадку паказаць, што адбывалася кожныя два-тры месяцы. Хоць тут няма, напрыклад, узяцця Зiмняга палаца, таму што яно адбывалася ноччу i папросту не было знята. На месцах падзей тады часта не аказвалася аператара: камера з усiмi аксесуарамi важыла больш за шаснаццаць кiлаграмаў — прынесцi яе, паставiць, зарадзiць плёнку, i каб яшчэ цябе не збiў натоўп — было праблематычна. Сам Вертаў пiсаў, што ў старым кiно суцэльныя пахаваннi ды парады, але гэта лёгка растлумачыць — аператарам было лягчэй прыехаць на назначаныя падзеi, чым прадбачыць штурм Зiмняга. Такiм чынам нешта не было знята, а нейкiя здымкi былi згубленыя ўжо да моманту, калi рабiлася «Гадавiна», таму дакументальныя эпiзоды таго часу маюць высокую каштоўнасць. У мяне таксама часта пытаюцца, чаму ў фiльме так мала Ленiна i так шмат Троцкага — ды таму што Ленiн не любiў здымацца, а Троцкага ў паездках на фронт або на мiтынгах заўсёды суправаджаў аператар.

— Мяне скарыла канцоўка «Гадавiны»: увесь фiльм мы бачым маштабныя падзеi — перавароты, пахавальныя працэсii, ваенныя дзеяннi, а заканчваем сенажаццю.

— Спачатку я таксама схамянуўся i падумаў: «Трэба ж, якi дзiўны фiнал», — але потым вырашыў, што ён лагiчны, бо фiнал павiнен быць пазiтыўны i скiраваны ў будучыню, а першыя сельскагаспадарчыя камуны былi даволi папулярныя, людзi нават прыязджалi з-за мяжы, каб у такiх жыць. Мабыць, гэты спосаб новага мiрнага жыцця, не падобнага да старога, быў настолькi паказальны, што яго ўставiлi ў фiнал.

— Як часта такога маштабу знаходкi здараюцца ў сучасным кiназнаўстве?

— Я займаюся кiназнаўствам ужо сорак гадоў, i на маёй памяцi такое ўпершыню. Усе чакаюць, напрыклад, што знойдзецца згублены фiльм Эйзенштэйна «Бежын луг», але ён усё роўна будзе толькi падзеяй бiяграфii аднаго рэжысёра. Тут жа — не толькi эпiзод з жыцця Дзiгi Вертава або гiсторыi дакументальнага кiно, але i гiсторыi наогул, усё ж Кастрычнiцкая рэвалюцыя была падзеяй глабальнага маштабу. «Гадавiна» можа даць вельмi шмат матэрыялу для гiстарычных даследаванняў, таму, безумоўна, будзе запатрабавана не толькi тымi, хто вывучае Вертава, але i тымi, хто вывучае савецкую i сусветную гiсторыю. Таму на фестывальныя паказы гледачы прыязджалi з iншых гарадоў i нават краiн. Дзе б я нi паказваў карцiну, амаль усюды быў аншлаг. А падчас аднаго з паказаў у Маскве — гэта была публiчная прэм'ера ў кiнатэатры «Кастрычнiк» з тысячай чалавек у зале — пачалiся палiтычныя сутычкi. Хтосьцi аказаўся манархiстам, хтосьцi бальшавiком, яны сталi сварыцца i крычаць адзiн на аднаго: «Вы забiлi Сталыпiна!» — «I правiльна зрабiлi!» Я не прысутнiчаў у зале, але мне сталi дасылаць паведамленнi, маўляў, зараз пачнецца панажоўшчына. Уяўляеце, тысяча чалавек пайшлі б урукапашную адзiн на аднаго — а гаворка, здавалася б, iдзе пра падзеi стагадовай даўнiны, i нашчадкi белых i чырвоных ужо даўно перажанiлiся.

Гутарыла Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Фота Аляксандра МЕХАНОШЫНА​


Дзiга Вертаў, альбо Давiд Каўфман, — савецкi рэжысёр, найкласiчнейшы кiнааўтар, адзiн з заснавальнiкаў i тэарэтыкаў дакументальнага кiно, стваральнiк канцэпцыi «жыцця знянацку». Ён нарадзiўся ў Беластоку, скончыў псiханеўралагiчны iнстытут у Петраградзе i пайшоў працаваць у аддзел кiнахронiкi Маскоўскага кiнакамiтэта, якi даў старт яго кар'еры. У 1920-х вакол аўтара сфармiравалася авангарднае аб'яднанне «Кiнокi», што супрацьпастаўляла сябе традыцыйным кiнематаграфiстам. У 1924 годзе разам са сваiм братам аператарам Мiхаiлам Каўфманам Дзiга Вертаў зняў карцiну «Кiна-вока», у якой пачынае яскрава выяўляцца эксперыментальная эстэтыка рэжысёра. У 1929-м Вертаў выпусцiў «Чалавека з кiнаапаратам», што лiчыцца адным з найлепшых i найважнейшых фiльмаў у гiсторыi кiно. «Сiмфонiя Данбаса» — адна з першых гукавых дакументальных карцiн. У пэўным сэнсе рэжысёр стаў ахвярай савецкай сiстэмы: яго фiльм «Тры песнi пра Ленiна» не спадабаўся Iосiфу Сталiну i лёг на палiцу, пасля чаго Вертаву даверылi зняць толькi стужку «Калыханка», ужо пра Сталiна, якая таксама прыйшлася не даспадобы кiраўнiку краiны. Больш вялiкiх праектаў рэжысёр не атрымлiваў. Памёр у 1954 годзе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».