Вы тут

Лукашэнка: Разам сышліся чатыры «пандэміі» — у ахове здароўя, эканоміцы, палітыцы і на інфармацыйным полі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў працоўную паездку ў Магілёўскую вобласць. У праграме візіту сустрэча з кіраўніцтвам рэгіёна, наведванне Паднікольскага парка, знаёмства з сацыяльна-эканамічным развіццём абласнога цэнтра і рэгіёна, выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы па добраўпарадкаванні горада, наведванне Свята-Нікольскага жаночага манастыра і сустрэча з прадстаўнікамі грамадскасці ў Беларуска-Расійскім універсітэце.


У 2017 годзе быў зацверджаны Генеральны план горада Магілёва. З таго часу горад істотна змяніўся: рэканструяваная Мінская шаша і пабудаваная ўязная арка, мадэрнізаваны пуцеправод па вуліцы Якубоўскага, капітальна адрамантаваныя масты праз раку Дубровенка і раку Дзебра, плошча Свабоды, пашыраны ўчастак вуліцы Касманаўтаў, добраўпарадкаваная вуліца Ленінская, рэканструяваны пуцеправод праз чыгунку па вуліцы Першамайскай.

Ключавым аб’ектам абласнога цэнтра стала добраўпарадкаванне тэрыторыі ў раёне Падніколле з аднаўленнем гістарычнай забудовы ў парку з аднайменнай назвай. «Звязда» ў свой час пісала пра спрэчкі вакол планаў па забудове гэтага месца Сёння кіраўнік дзяржавы на свае вочы пабачыць, што атрымалася ў выніку.

Акрамя таго, у раёне Казіміраўка адкрыта новая школа, якую напачатку гэтага года наведвала спікер верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава.

У Магілёве апошнім часам рэканструяваная радзільня і музей Бялыніцкага-Бірулі, пабудаваныя тэнісныя корты і футбольны манеж, басейн для дзіцячага садка, новы корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, капітальна адрамантаваны Палац культуры вобласці і мемарыяльны комплекс на праспекце Шміта.


«Горад мусіць быць прыгожым»

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц далажыў Прэзідэнту аб асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці. У прыватнасці, прадукцыйнасць працы па ВРП склала 100,1 працэнта.

Старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў паведаміў аб гарадскіх аб’ектах, рэалізаваных у 2017–2020 гадах. У іх ліку капітальны рамонт з мадэрнізацыяй мінскай шашы з будаўніцтвам уязной аркі ў гонар 750-годдзя Магілёва (яна, дарэчы, пабудавана за кошт спонсараў), капітальны рамонт моста па праспекце Міра праз Дубровенку, капітальны рамонт з мадэрнізацый вуліцы Першамайскай, капітальны рамонт пуцеправода праз чыгунку па праспекце Міра, палац культуры, тэнісны корт.

У Магілёве памятаюць словы Прэзідэнта, што мост мусіць быць упрыгажэннем любога горада, а новыя зоны адпачынку сталі ўлюбёным месцам магіляўчан. На новых спартыўных аб’ектах можна праводзіць трэніроўкі і спаборніцтвы і зімой, і ўлетку.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна пацікавіўся сацыяльнай інфраструктурай мікрараёна Казіміраўка, у якім па выніках паўгоддзя плануецца здача басейна. Яшчэ адзін важны сацаб’ект — гарадская бальніца, у якой завершаны капітальны рамонт радзільнага дома.

У перспектыве ў Магілёве маюць намер вырашаць праблему, якая ўзнікае праз наяўнасць адзінай выязной магістральнай вуліцы. Па ўзгадненні з Прэзідэнтам пачата будаўніцтва шашы-дублёра. Сёлета будзе выканана першая чарга. У залежнасці ад фінансавання цалкам дублёр можа быць завершаны ўжо ў наступным годзе.

Аб’ект, якім у Магілёве ганарацца, — парк Падніколле. Напрыклад, для саду каменных скульптур магіляўчане самі прапануюць камяні. З задавальненнем гуляюць дзеці ў вяровачным гарадку. Ёсць дамоўленасць на стварэнне гасцінічнага комплексу. Прадугледжана і будаўніцтва парку атракцыёнаў, пашырэнне пляжнай зоны. Актыўна будуецца Свята-Пакроўская царква — на гістарычным фундаменце і за грошы вернікаў.

Зараз ў парку больш за шэсць кіламетраў тратуараў і больш за тры кіламетры веласіпедных дарожак.

«Малайчына, няблага, але гэта яшчэ асобныя зярняткі. А зараз гэта ўсё трэба аб’яднаць такой жа прыгажосцю. Горад павінны быць прыгожы. Я ж казаў тры-чатыры гады таму, што мы прывялі ўсе гарады ў парадак, а Магілёў адстаў — нават неяк няёмка было. І апошнім аб’ектам, дзе нам трэба было падцягнуцца, быў Брэст. Да свята Брэста мы і Брэст прывялі сур’ёзна ў парадак. Таму сёння насельніцтву абласных цэнтраў ёсць чым ганарыцца», — упэўнены беларускі лідар.

На яго думку, зараз справа за зручнымі транспартнымі зносінамі і добраўпарадкаваннем.

«Але самае галоўнае для вас — гэта прамысловасць. Прамысловыя прадпрыемствы трэба прыводзіць у парадак. Трэба правесці рэвізію прамысловасці Магілёва. Нельга згубіць прамысловыя гэтыя кропкі — знойдуцца інвестары, якія з задавальненнем прыйдуць у Магілёў і будуць працаваць», — упэўнены Прэзідэнт.


Жыхары Магілёва: такія месцы мусяць быць — і як мага больш

Дзевяцікласніцы Ліза і Насця расказалі «Звяздзе», што іх горад у апошнія гады стаў прыгажэйшым. Дзяўчаты часта гуляюць у новым парку. Асабліва ім падабаецца ўвечары, калі запальваюцца ліхтары. Адзначылі Ліза з Насцяй, што ў горадзе стала зручней карыстацца грамадскім транспартам.

У Падніколлі займаюцца спартыўныя секцыі: пакуль пул чакаў Прэзідэнта, карэспандэнт «Звязды» заўважыла і веласіпедыстаў, і аматараў скандынаўскай хады, і дзяўчат, занятых фітнесам.

«Нашмат лепш», — згадзіўся і трэнер па веласіпедных спорце Анатоль Іваноў на пытанне пра развіццё горада.

Праўда, спартсмен адзначыў, што ў самім Магілёве застаюцца складанасці па веларуху, — веласіпедзісты перашкаджаюць пешаходам, а тым — аўтамабілісты.

«Трэба больш вось такіх зон, дзе і бяспека, і экалогія тут адпаведная», — сказаў трэнер. І дадаў, што нават у працоўны дзень Падніколле поўнае магіляўчан, асабліва калі ўвесну з’явілася сонейка. Жыхары пакідаюць аўтамабілі на паркоўцы, бяруць самакаты, веласіпеды і дошкі. Гуляюць і сталыя людзі, і дзеці.

«Такія месцы мусяць быць — і як мага больш, у Магілёве», — сказаў спартсмен.


Аляксандр Лукашэнка ў бацькоўскую суботу запаліў свечкі ў храме Свята-Нікольскага манастыра

Сёння, у бацькоўскую суботу, Прэзідэнт запаліў свечку ў Свята-Мікольскім жаночым манастыры. А на выхадзе кіраўніка дзяржавы абступілі вернікі. Аляксандр Лукашэнка нават удакладніў: не зганялі ж на сустрэчу, – чым выклікаў шчыры смех.

Лідар краіны падзяліўся радасцю ад таго, што Магілёўшчына ўвайшла ў пад’ём захваральнасці на каранавірус апошняй, калі вірулентнасць віруса ўжо паслабела. А ўвогуле хвароба апошнім часам працякае ў лёгкай форме, дзякуючы свабодным ложкам урачы падстрахоўваюцца, шпіталізуючы заражаных на некалькі дзён.

Вернікі далучыліся да слоў падзякі ігуменні Ефрасінні, якая сустракала Прэзідэнта, за тое, што ў Беларусі не закрываліся храмы.

Магіляўчанка Наталля, маці пяцярых дзяцей, так шчыра і душэўна распавяла пра свой горад, пра сям’ю і веру, што выклікала слёзы ў старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай, на што звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Шматдзетную маці цікавілі юнацкія ўспаміны Прэзідэнта, звязаныя з Магілёвам.

«Мы вельмі часта тут бывалі, хоць вучыўся я далёка, але жыў побач, на Леніна. Мяне цікавіў Дняпро, помню першы раз, калі я адзін пайшоў глядзець Дняпро... Але так да яго не змог падысці, таму што ўсё было загаджана, зарасло. Я, вясковы чалавек, дзе ўсяго гэтага хапала, думаў: божа мой, няўжо ў Магілёве, горадзе абласным, такое можа быць?!» — узгадаў кіраўнік дзяржавы. Ну а пра ўсё, што было ў Аляксандра Лукашэнкі на Падніколлі, ён паабяцаў расказаць пасля выбараў.

Сёння ж Прэзідэнт, які ўважліва аглядае тэрыторыі з верталёта, мусіў прызнаць: Магілёўская вобласць уся зялёная, амаль паўсюль парадак, ёсць надзея на добры ўраджай.

Жыхарка Магілёва Марыя падрыхтавала Аляксандру Лукашэнку карціну, якую намалявала пятнаццаць год таму, з выявай двух анёлаў. 

«Значыць, я не дакладна пажартаваў у самым пачатку. Аказваецца, вас сюды паклікаў Гасподзь», — заўважыў Прэзідэнт.

«Гэта была цяжкая барацьба, якая сёння не скончана»

На сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласці ў сценах Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Лукашэнка выслухаў даклад кіраўніка рэгіёну Леаніда Зайца пра сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё Магілёўшчыны.

Пасля гэтага ён выступіў з прамовай, у якой надаў асаблівую ўвагу складанасці моманту, які зараз перажывае краіна разам з усім светам.

Ён нагадаў пра тое, што ўжо нядаўна казаў: «На жаль, у гэты момант у адно сышліся чатыры галоўныя «пандэміі», калі іх можна так назваць».

Першая —- у ахове здароўя. І тут кіраўнік дзяржавы не адмовіўся ад сваёй першапачатковай характарыстыкі таго, што адбываецца.

«…Каранавірус, які давёў да псіхозу ўсю планету… Думаю, пройдзе час, вы таксама прыйдзеце да такога меркавання. Кажу „псіхозу“, бо некаму ён патрэбны. І вы, напэўна, ужо заўважылі, каму», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што і зараз, калі спынілася эканоміка ўсяго свету, як і пасля папярэдніх эпідэмій (на птушыны, свіны грып, атыпічную пнеўманію) буйныя кампаніі разбагацелі яшчэ больш.

«Увесь свет сёння спыніўся, эканоміка не проста застопарылася — перакуленая эканоміка ўсяго свету, а вядучыя кампаніі, мільярдэры і дзяржавы ў кішэню палажылі трыльёны долараў», — заўважыў Прэзідэнт.

Пры гэтым ніхто пакуль не ведае, каму гэта было патрэбна і ці рукатворная  гэта пандэмія. «Пакуль на гэтае пытанне ў мяне, спадзяюся і ў вас, адказу няма», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Другая пандэмія — эканамічная. Недзе аб’ектыўна спужаліся каранавірусу, недзе па іншых прычынах эканоміка ў свеце спынілася. Спынілася не толькі ў краінах, якія развіваюцца, але ў найбуйнейшых дзяржавах і саюзах свету, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — …Наша эканоміка экспартаарыентаваная. Больш за палову вырабленага мы прадаём на знешніх рынках. Не таму, што нам так захацелася. Па-першае, наша эканоміка так створаная з даўніх часоў, а па-другое, нам патрэбна валюта, каб жыць».

Год у гэтым плане распачаўся для нас добра, але потым адбыўся абвал у сусветнай эканоміцы. І мы не змаглі пазбегнуць удару, хоць самі і не закрываліся, і не спынялі вытворчасць…

«Добра яшчэ, што гэта здарылася напачатку года і нашым прамысловым прадпрыемствам удалося закупіць сыравіну і камплектуючыя. Мы ў гэтым глабальным свеце вельмі залежныя ў эканамічных адносінах, — сказаў беларускі лідар. — У нас няма вялізных запасаў нафты і газа, іншых карысных выкапняў, каб можна было назапасіць вялізныя рэзервы».

Ды і тыя, у каго такія запасы ёсць, не спяшаюцца выдаваць грошы, бо не ведаюць — ці накрые другая хваля гэтай хваробы свет, ці не.

«Таму пры выбары шляху барацьбы з гэтай пандэміяй у сферы аховы здароўя мы і гэта мелі на ўвазе. І эканамічны аспект, і магчымасць другой хвалі. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэтага ніхто не ведае», — адзначыў Прэзідэнт.

Трэцяя пандэмія — палітычная. «Перадвыбарная кампанія наклала свой адбітак на ўсё тое, што адбываецца сёння ў свеце і ў нашай краіне…» — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Кіраўніцтва краіны спакойна займалася сваёй справай — кантралявала лячэнне людзей, арганізоўвала пасяўную, але, нягледзячы на пэўныя поспехі, знайшліся крытыкі як звонку, так і ўнутры краіны.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў рабіць высновы па узроўні смяротнасці, нагадаў, што за апошнія месяцы былі закупленыя дзясяткі апаратаў камп’ютарнай тамаграфіі, з дапамогай якіх з большай дакладнасцю дыягнастуецца кавідная пнеўманія.

«Як некаторыя вучоныя кажуць, і спецыялісты, мы з гэтым вірусам будзем жыць, а значыць, будзем хварэць на яго, пакуль не з’явіцца вакцына, але трэба гэта звесці да мінімуму», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, вірус аслабеў, і колькасць цяжка хворых змяншаецца.

«Усё гэта далося нялёгка, — адзначыў Прэзідэнт. — Дзякаваць богу, што не абрынулася сістэма аховы здароўя… Нам пакуль, і думаю увогуле, удалося пазбегнуць крайняга сцэнарыю, прытым, мы не закрывалі краіну… Мы паказалі, што ёсць такая Беларусь, што яна стойкая, мудрая, моцная і можа спраўляцца з гэтай пандэміяй».

Па словах лідара, гэта была цяжкая барацьба, якая сёння не скончана і з якой, на жаль, напэўна, мы будзем жыць яшчэ доўгі час.

«Я прашу гэта мець на ўвазе. А магіляўчанам, нягледзячы на тое, што вірулентнасць вірусу аслабела, быць вельмі асцярожнымі і берагчы старых. Не расслабляйцеся ні ў якім разе», — Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і да прафілактыкі трэба падысці са цвярозым розумам — бываць на свежым паветры, займацца фізкультурай.

Што да ізаляцыі, Аляксандр Лукашэнка заўсёды выказваў гатоўнасць пры неабходнасці пайсці на любыя меры. Рашэнне можа быць прынятае любое, але пакуль у крайніх мерах няма патрэбы. І большай небяспекай пагражае інфадэмія. Чацвёртая пандэмія, па словах Аляксандра Лукашэнкі — менавіта інфармацыйная.

«Нашы ўрачы навучыліся спраўляцца з гэтай хваробай. Яна ў кожнага чалавека можа працякаць па-рознаму — адсюль і лекі патрэбныя розныя. Лекаў у нас хапае, ахоўных сродкаў у нас дастаткова, і ўрачы прыстасаваліся лячыць гэтыя хваробы», — нагадаў Прэзідэнт.

«Трэба захаваць тое, што ў нас ёсць»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, пандэмія паўплывала на свет у цэлым і Беларусь у прыватнасці так, што прадпрымальнікам трэба «зазямляцца» на радзіме.

«Чым вы будзеце займацца: малым, сярэднім бізнесам ці буйным — пачынайце. Ніхто нічога не дасць проста так, ніхто нічога не прынясе. Трэба захаваць тое, што ў нас ёсць. А для гэтага трэба быць як кулак — адзінымі», — Прэзідэнт зноў папрасіў сур’езную ўвагу звярнуць на прамысловыя прадпрыемствы.

Па кожным з магілёўскіх гігантаў трэба выпрацаваць канкрэтную праграму.

Аб развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці

Для развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці на дзяржаўным узроўні прынята адмысловая праграма. Лідар краіны запатрабаваў няўхільнага яе выканання.

«Мы мусім даць людзям там не толькі надзею, але і шанец жыць, гадаваць дзяцей. Я пабуду там, пагляджу. Праграма прынята, яна павінна рэалізоўвацца. Тым больш, там жыве вельмі шмат чарнобыльцаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на зарплату, якая павінна выплачвацца людзям своечасова і ў поўным аб’ёме.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Варвара МАРОЗАВА

Прэв'ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.