Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеi выхадных.


1. У мiнскiм Палацы тэнiса завяршыўся выставачны турнiр з удзелам вядучых беларускiх тэнiсiстаў. У вырашальным паядынку жаночых спаборнiцтваў BelGlobalGarant Cup Вера Лапко, якая займае 119-е месца ў сусветным рэйтынгу, ва ўпартай барацьбе перайграла Iрыну Шымановiч, у якой 433-я пазiцыя ў рэйтынгу WTA, — 6:4, 6:4. Пераможцам турнiру BelGlobalStart Cup стаў Ягор Герасiмаў (69-ы нумар рэйтынгу АТР), якi выйграў у двух сэтах у Аляксандра Згiроўскага (1158-е месца) — 6:3, 6:2.

На папярэднiм этапе гэтага турнiру ўпершыню памiж сабой гулялi мужчыны i жанчыны. У паўфiнале Аляксандра Сасновiч (119-я пазiцыя) саступiла Аляксандру Згiроўскаму — 3:6, 5:6. На турнiры гуляла i 11-я ракетка планеты Арына Сабаленка, але пасля першага паядынку не змагла працягнуць выступленне з-за траўмы.

Адзначым, што з 20 да 27 чэрвеня ў Мiнску пройдзе чэмпiянат Беларусi, у якiм плануюць згуляць амаль усе наймацнейшыя тэнiсiсты краiны.


2. Выканаўчы камiтэт Мiжнароднага саюза бiятланiстаў адмянiў летнi чэмпiянат свету ў Германii з-за пандэмii каранавiруса. Спаборнiцтвы павiнны былi адбыцца з 19 да 23 жнiўня ў Рупольдынгу. Кангрэс арганiзацыi ў Празе таксама перанесены з верасня на лiстапад. Такiм чынам, наступны летнi чэмпiянат свету павiнен прайсцi ў чэшскiм Нове-Места ў 2021 годзе.


3. Сталi вядомыя вынiкi матчаў 12-га тура чэмпiянату краiны па футболе. БАТЭ не змог утрымаць перамогу ў гасцявым матчы з футбалiстамi «Вiцебска», завяршыўшы сустрэчу ўнiчыю, — 2:2. Аўтсайдар чэмпiянату бабруйская «Белшына» на сваiм полi буйна саступiла мiнскаму «Дынама» — 0:4, а ў Салiгорску мясцовы «Шахцёр» згуляў з «Энергетыкам-БДУ» — 1:0.

Вынiкi астатнiх сустрэч 12-га тура: «Смалявiчы» — «Гарадзея» — 4:1, «Слуцк» — «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзiна) — 1:1, «Iслач» — «Рух» — 1:1, «Славiя» (Мазыр) — «Нёман» (Гродна) — 1:3, «Дынама» (Брэст) — «Мiнск» — 6:1.

Турнiрнае становiшча зараз такое: БАТЭ — 26 ачкоў (12 матчаў), «Энергетык-БДУ» — 22 (11), «Тарпеда-БелАЗ» — 22 (12), «Шахцёр» — 21 (11), «Дынама» (Брэст) — 19 (12), «Слуцк» — 18 (12), «Нёман» — 17 (11), «Iслач» — 16 (12), «Славiя» — 15 (12), «Рух» — 15 (12 ), «Вiцебск» — 15 (12), «Мiнск» — 13 (10), «Дынама» (Мiнск) — 13 (11), «Гарадзея» — 12 (12), «Смалявiчы» — 7 (11), «Белшына» — 3 (11).

Спiс найлепшых бамбардзiраў узначальваюць Гегам Кадзiмян («Нёман») i Джасурбек Яхшыбоеў («Энергетык-БДУ»), якiя забiлi па сем мячоў.


4. Пасля другога тура XIII чэмпiянату Беларусi па пляжным футболе турнiрную таблiцу ўзначалiў «Брэст». У чатырох матчах брастаўчане не страцiлi нi аднаго ачка, атрымаўшы чатыры вiкторыi. Яны абыгралi дзеючага чэмпiёна краiны «Гроднааблспорт» — 7:5, бронзавага прызёра «Шчучын» — 3:1, мазырскi «М-Сiцi» — 5:4 i кобрынскае «Палессе» — 5:2. Таксама чатыры перамогi здабылi ў Гродне ўладальнiкi «серабра» мiнулага першынства спартсмены «Кiраўск-СДЮШАР». Нiводнага бала не мае каманда «Палессе», якая прайграла ўсе восем паядынкаў двух стартавых тураў.

Становiшча камандаў пасля другога тура: «Брэст» — 21 ачко, «Кiраўск-СДЮШАР» — 20, «Шчучын», «Гроднааблспорт» — па 12, «М-Сiцi» — 6, «Палессе» — 0. Усе клубы згулялi па восем паядынкаў.

Матчы трэцяга тура 20-21 чэрвеня таксама пройдуць у Гродне, а 27-28 чэрвеня каманды правядуць сустрэчы ў Мазыры.


5. Аршанскi «Вiтэн» атрымаў валявую перамогу над гомельскiм ВРЗ з лiкам 3:2 у стартавым паядынку фiнальнай серыi чэмпiянату Беларусi па мiнi-футболе. Наступны матч залатой серыi (да трох перамог) адбудзецца 11 чэрвеня ў Гомелi, а 14 чэрвеня сапернiкi зноў сустрэнуцца на паркеце аршанскага спарткомплексу «Алiмпiец». Калi пасля трох паядынкаў пераможца не будзе выяўлены, то наступныя гульнi пройдуць 18 i 21 чэрвеня.

Дар'я Лабажэвiч

Загаловак у газеце: Баталii на айчынных кортах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?