Вы тут

Як мы пiсалi «Агульную дыктоўку» анлайн


«А м-м-можна павольней, я запiсваю?» — крылатая фраза з савецкай кiнакласiкi неаднаразова гучала ў мiнулую суботу падчас традыцыйнай сацыяльна-асветнiцкай акцыi «Агульная дыктоўка», якая ўжо чацвёрты раз аб'яднала прыхiльнiкаў беларускай мовы. Дакладней, гэтая фраза гучала б, калi б мы — удзельнiкi i арганiзатары — па добрай завядзёнцы сабралiся ў зале Нацыянальнай бiблiятэкi. Аднак з-за неспрыяльнай эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi сёлета праект упершыню праходзiў анлайн у прамой трансляцыi на платформе YouTube, а таму просьбы «чытайце павольней, калi ласка» даводзiлася пiсаць у чат-акенцы, у той жа час працягваючы пiсаць ад рукi дыктоўку, — такая вось вымушаная эквiлiбрыстыка...


Сацыяльная iнiцыятыва, якую здзяйсняе вядомы айчынны брэнд «Лiдскае пiва», сёлета наогул мела асаблiвае значэнне. I не толькi таму, што адбывалася дыстанцыйна (хочацца верыць, першы i апошнi раз). Па-першае, праект атрымаў дабрачынны характар: за кожнага, хто 6 чэрвеня выйшаў анлайн i напiсаў дыктоўку, арганiзатары пералiчаць на рахунак Мiнздароўя ў падтрымку медыкаў, якiя працягваюць барацьбу з COVID-19, па пяць беларускiх рублёў — плюс дадатковую суму за «выдатнiкаў», чые ацэнкi будуць роўныя 9 i 10. А па-другое — i, магчыма, гэта вынiкае з першага — «Агульная дыктоўка — 2020» паставiла рэкорд па колькасцi зарэгiстраваных удзельнiкаў: звыш 2300 чалавек з 20 краiн свету заявiлi пра намер праверыць веданне беларускай i падтрымаць як родную мову, так i медыцыну. Сярод тых, хто меркаваў наноў адчуць сябе на важнай кантрольнай, хай сабе i за вiртуальнай партай, былi прадстаўнiкi ўсiх рэгiёнаў Беларусi (найбольш актыўнай сталi Мiнская, а таксама Гродзенская, Брэсцкая i Вiцебская вобласцi); акрамя таго, зазначае менеджар па карпаратыўных камунiкацыях ААТ «Лiдскае пiва» Надзея Звонiк, былi рэгiстрацыi з Расii i Украiны, ЗША, Канады, Польшчы, Чэхii, Францыi, Германii, Аўстрыi, Бельгii, Эстонii, Турцыi.

...На гадзiннiку без пяцi поўдзень. Падрыхтаваўшы аркуш i ручку, папярэджваю дамашнiх, што на гадзiну мяне нi для кога няма, i пераходжу па спасылцы, дасланай арганiзатарамi ў адказ на рэгiстрацыю. Удзельнiкi ўжо вiтаюцца i называюць, адкуль яны: Мiнск, Лiда, Ваўкавыск, Полацк, Буда-Кашалёва, Бабруйск, Глыбокае, Вiцебск, Маладзечна, Брэст, Барысаў, Мазыр, Смалявiчы, Магiлёў — а следам блiзкае i далёкае замежжа, ад Расii да Iспанii. Мiжволi кiдаю позiрк на лiчыльнiк карыстальнiкаў, якiя глядзяць трансляцыю ў прамым эфiры, i спачатку засмучаюся — усяго каля тысячы, нашмат менш, чым было зарэгiстравана, — але тут жа прыходзiць думка, што, верагодна, многiя пiшуць сем'ямi i сяброўскiмi кампанiямi, таму падключэнне можа быць адно, а колькасць удзельнiкаў большая. Зрэшты, хутка становiцца не да падлiкаў i разваг — трансляцыя пачынаецца. «Вiтаю! У 2016 годзе наш брэнд стаў беларускамоўным, i мы ўсур'ёз задумалiся над праектам, якi змог бы аб'яднаць вакол сябе вялiкую колькасць беларускамоўных людзей, — звяртаецца да ўдзельнiкаў генеральны дырэктар ААТ «Лiдскае пiва» Аўдрыус Мiкшыс. — У 2017-м мы ўпершыню запрасiлi ўсiх у Нацыянальную бiблiятэку, каб напiсаць «Агульную дыктоўку». Вiтаннi i пажаданнi плёну ўдзельнiкам перадаюць фiлолаг праекта Iна Хазеева i куратары акцыi ад кампанii-арганiзатара, i пад напамiн, наколькi важна сёння нават на дыстанцыi заставацца разам, мы, размяўшы адвыклыя ад ручкi пальцы, запiсваем назву тэксту: «Легенда пра аленя». Дзiўнае адчуванне — нiбыта больш чым праз 20 гадоў пераносiшся ў школу, за трэцюю парту каля сцяны, хiба толькi сусед ззаду не тыцкае ручкай пад лапатку: «Чуеш, а тут кропка цi клiчнiк?»...

Тэмай дыктоўкi 2020-га сталi традыцыi i каранi. Арганiзатары абралi тэкст сучаснай пiсьменнiцы з Гродна Марыi Цiтарчук — здавалася б, нескладаны, але поўны вельмi прыгожых, сакавiтых беларускiх слоў, што выразна паказала чытанне яго ўслых. Праўда, чытальнiк — салiст папулярнага рок-гурта Nizkiz Аляксандр Iльiн — здаецца, хваляваўся больш за нас, таму крыху блытаўся, то спяшаўся, то замаруджваўся (вiдаць, якраз пасля чарговых анлайн-просьбаў «павольней, калi ласка»). Зрэшты, часу на самаправерку i нават на тое, каб перапiсаць работу на чыставiк, было досыць — фатаграфii i адсканаваныя копii дыктовак прымалiся па электроннай пошце да 15 гадзiн 6 чэрвеня. Вызначыць свае шанцы на ўваходжанне ў лiк выдатнiкаў можна ўжо цяпер — на сайце арганiзатараў «Агульнай дыктоўкi — 2020» выкладзены тэкст цалкам. (Эх, не быць мне з дзвюма пунктуацыйнымi памылкамi «дзясятачнiцай»! — Аўт.) Але канчатковых вынiкаў акцыi давядзецца пачакаць: ацэнкi, гэтаксама як сума дабрачыннай дапамогi ўрачам, будуць абвешчаныя да 19 чэрвеня ўключна.

I ўсё ж не гэта галоўнае. Галоўнае ў тым, што колькасць людзей, зацiкаўленых беларускай мовай, штогод расце, што праект ад шчырага сэрца падтрымлiваюць выдатныя прадстаўнiкi нашай культуры — гурты Naviband i Shuma, рэжысёр Iван Пiнiгiн, акцёры Купалаўскага тэатра, пiсьменнiкi Мiхаiл Валодзiн, Андрэй Горват i Людмiла Рублеўская, папулярныя тэле- i радыёвядучыя, i таму «Агульная дыктоўка» — ужо не мода, а новая традыцыя i, калi хочаце, патрэба для ўсiх, хто помнiць, шануе i любiць родную мову i лiтаратуру. Хiба не?

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Скрыншот lidskae.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».