Вы тут

Рукапісы не паміраюць. Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва — 60


Колькі малітваў пачулі высокія скляпенні гэтага будынка! Колькі загадак гіторыі маглі б распавесці маўклівыя сцены былога касцёла бернардзінцаў! Адзін з нямногіх ацалелых на Беларусі помнікаў архітэктуры барока ХVIІ стагоддзя перажыў шмат: пажар і рэканструкцыю ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, у другой палове наступнага — закрыццё і  канфіскацыю ўладамі будынкаў і  кляштара, і касцёла, што складалі адзіны комплекс, за ўдзел гараджан у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863—1864 гадоў... Касцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву св. Кірыла і Мяфодзія, а  кляштарныя карпусы сталі казарменным прытулкам жаўнерам Каломенскага пяхотнага палка. Зрэшты, не толькі ім: былыя манастырскія памяшканні служылі і вязніцай для ўзятых пад варту ўдзельнікаў паўстання...


Аблічча былога касцёла зазнала значныя змены пасля шматлікіх пажараў і неаднаразовых рэканструкцый. Незваротна страчаны многія архітэктурныя элементы і часткі дэкаратыўнага аздаблення. Але, нягледзячы на гэта, будынак адстаяў сваё права застацца ў гісторыі не толькі на фотаздымках, — права на несмяротнасць. Дзеля таго, каб захоўваць несмяротнасць іншых: цяпер у ім змяшчаецца Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, які быў створаны пастановай СМ БССР 9 чэрвеня 1960 года.

Перагортваеш старыя, пажаўцелыя ад часу рукапісы... У іх — жыццё пісьменнікаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры, мастацтва, каго ўжо няма з намі: іх мары, думкі, самыя дзёрзкія жаданні. Іх душэўны боль і пакуты. Звароты да родных, сяброў, словы любові, якія спыніліся ў імгненні. Лёсы... Своеасаблівая атмасфера чытальнай залы часта здаецца настолькі шчыльнай, што, мусіць, не здзівіўся б, калі б раптам побач матэрыялізаваліся твае героі — тыя, чые лісты і дзённікі чытаеш пад вокладкай справы з нумарам...

Старонкі гісторыі

За шэсцьдзясят гадоў дзейнасці архіў-музей прыняў у свае сховішчы звыш пяцісот дваццаці архіўных фондаў па гісторыі літаратуры і мастацтва, стварыўшы пры гэтым некалькі тэматычных архіўных збораў з малаколькасных паступленняў дакументаў асабістага паходжання, што дазваляе гаварыць пра намнога шырэйшы ў колькасных адносінах імянны спіс фондастваральнікаў. Тут захоўваюцца фонды класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Пачанкі, Янкі Брыля, Уладзіміра Дубоўкі, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Міхася Лынькова, Канстанцыі Буйло, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча і іншых; акцёраў — народных артыстаў СССР і Беларусі Галіны Макаравай, Стэфаніі Станюты, Фёдара Шмакава, Аляксандры Клімавай, Уладзіміра Уладамірскага, Леаніда Рахленкі і Лідзіі Ржэцкай; кампазітараў Юрыя Семянякі, Яўгена Глебава, Пятра Падкавырава, Яна Тарасевіча, Анатоля Багатырова; мастакоў Аркадзя Астаповіча, Валянціна Волкава, Арлена Кашкурэвіча, Барыса Малкіна, кінарэжысёраў Уладзіміра Корш-Сабліна, Віктара Турава, Віталя Чацверыкова і іншых. Значную частку фондаў складаюць фонды дзеячаў літаратуры і мастацтва, якія паступілі з розных краін свету: Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, Аўстраліі. Сярод іх — фонды спевака Міхася Забэйды-Суміцкага, пісьменнікаў Сакрата Яновіча, Пятра Сакола, Масея Сяднёва, вучоных Янкі Запрудніка, Вітаўта Кіпеля, Аляксея Каўкі, артысткі Ірмы Яўнзэм, перакладчыкаў Яўгена Мазалькова і Паўла Кабзарэўскага.

Гісторыя архіва-музея пачалася 9 чэрвеня 1960 года. Менавіта ў гэты дзень была падпісана пастанова Савета Міністраў БССР аб стварэнні Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва БССР. На гэты час многія фонды творчых устаноў захоўваліся ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва (сучасны Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь). Хутка фонды былі перададзены новастворанаму профільнаму архіву. Некаторыя з іх захаваліся з даваенных часоў, як, напрыклад, фонд літаратурнай арганізацыі «Маладняк», «Белдрамтаварыства», Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра. А вось асабістыя архіўныя фонды заставаліся па-за ўвагай практычнай дзейнасці дзяржаўных архіваў Беларусі. Да стварэння архіва літаратуры і мастацтва архівы асабістага паходжання, і найперш дзеячаў літаратуры і мастацтва, не з’яўляліся абавязковым аб’ектам іх камплектавання. Гэтай працай пры нагодзе займаліся музеі (для папаўнення сваіх экспазіцый) і бібліятэкі.

Што калісьці было прыватным...

Сёння архіў-музей — адзін з унікальных аб’ектаў навуковых інтарэсаў літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, гісторыкаў культуры і даследчыкаў яшчэ цэлага шэрагу гуманітарных дысцыплін. Большую частку фондаў — звыш васьмідзесяці адсоткаў — складаюць фонды дзеячаў літаратуры і мастацтва, а з іх найбольшую колькасць — звыш двухсот дваццаці — фонды пісьменнікаў. У рукапісах і  дакументах адлюстраваны жыццё, дзейнасць іх стваральнікаў і, галоўнае, творчая лабараторыя. Менавіта асабістыя фонды дзеячаў літаратуры і мастацтва пашыраюць іх бібліяграфію, становяцца асновай для стварэння збораў твораў і крыніцай нечаканых навуковых адкрыццяў.

Спачатку некалькі радкоў пра дарагія нам дакументы з далёкага ХІХ стагоддзя. Згадаю самы ранні арыгінал, які мае ўсе падставы называцца ўнікальным, — запісную кніжку сям’і мастака і пісьменніка Каруся Каганца  — Казіміра Кастравіцкага. Спачатку яна належала дзеду пісьменніка Самуілу Кастравіцкаму, а пасля бацьку, удзельніку паўстання 1863 г. Карлу Кастравіцкаму. Першы запіс зроблены ў 1813 г. За вокладкай кніжкі больш за сто пяцьдзясят гадоў захоўваліся развітальныя аўтографы асуджаных на высылку сукамернікаў Карла Кастравіцкага, вядомых кіраўнікоў паўстання на Міншчыне, якія чакалі адпраўкі ў цяжкі шлях у перасыльнай турме, што месцілася ў мурах кляштара бернардзінцаў у Мінску.

Да ўнікальных варта аднесці і фонд І. І. Грыгаровіча. Акрамя таго, што ён захоўвае рукапіс нявыдадзенага другога выпуску «Беларускага архіва», падрыхтаванага І. І. Грыгаровічам у 1825 г., яшчэ і мае копіі дакументаў па гісторыі Беларусі ад 1240 г. Арыгіналы, на вялікі жаль, не захаваліся, але копіі, зробленыя два стагоддзі таму, з’яўляюцца бясспрэчнымі сведкамі іх існавання.

Варта згадаць і рукапісную «Беларускую хрэстаматыю» 1889 г., якую «сабраў і ўлажыў Браніслаў Эпімах-Шыпіла» і дзякуючы якой у беларускай літаратуры захаваліся імёны і ўзоры паэтычных твораў даўніх часоў, а таксама дакументы, звязаныя з жыццём і творчасцю Янкі Лучыны, Адама Гурыновіча, В. Дуніна-Марцінкевіча. Многае з таго перыяду захоўваем у копіях, якія атрымалі ў якасці дару ад архіўных устаноў суседніх краін — Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны.

Важную частку крыніц БДАМЛМ складаюць фонды творчых устаноў, сярод якіх Белдрамтаварыства (пазней Упраўленне па ахове аўтарскіх правоў), літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», рэдакцыі літаратурна-мастацкіх часопісаў і газеты «Літаратура і мастацтва», нацыянальныя тэатры, кінастудыя «Беларусьфільм», Акадэмія музыкі, Беларуская дзяржаўная філармонія ды інш. Асобна варта згадаць фонд Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Ён утрымлівае самую значную колькасць крыніц пачатку ХХ стагоддзя і ўяўляе дакументальны збор, які мэтанакіравана ствараўся ў Віленскім музеі на працягу дваццаці пяці гадоў. Адну з самых значных частак архіўнага фонду складаюць матэрыялы беларускіх выдавецтваў, выдавецкіх таварыстваў, а таксама часопісаў і  газет. Сярод іх — выдавецкія таварыствы «Загляне сонца і  ў  наша аконца» (Пецярбург), «Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні», «Мінчук» (Мінск), «Наша хата» (Вільня), рэдакцыі газет «Наша Ніва», «Гоман», «Змаганне», «Голас беларуса», «Народны звон», «Наперад», рэдакцыі часопісаў «Маланка», «Крывіч», «Саха» і іншыя. Менавіта ў рэдакцыях часопісаў і  газет захаваліся аўтографы многіх выдатных дзеячаў беларускай літаратуры, дзеячаў Адраджэння першай чвэрці ХХ стагоддзя, у тым ліку М. Багдановіча, К. Буйло, З. Бядулі, Ц. Гартнага, І. Луцкевіча, Б. Эпімах-Шыпілы, А. Бурбіса і інш. Унікальную частку архіўнага фонду музея складаюць асабістыя дакументы многіх беларускіх дзеячаў: рукапісы, запісныя кніжкі, лісты, фотаздымкі і пад. Сярод імёнаў, чые архівы ці іх часткі захаваліся ў  зборах музея, — А. Грыневіч, Я. Колас, Б.  Тарашкевіч, К. Душ-Душэўскі, П. Жаўрыд, В. Ластоўскі, браты І. і А. Луцкевічы, Цётка і іншыя.

Фонд музея ўтрымлівае і яшчэ адну важкую крыніцу па гісторыі беларускай літаратуры ад 1906 да 1915 г. — уласна газету «Наша Ніва» і яе рэдакцыйны архіў. На старонках газеты атрымалі творчую легітымацыю дзясяткі беларускіх пісьменнікаў, сталі публічнымі многія сацыяльныя праблемы народа, развіцця яго культуры. Даваць поўную панараму жыцця народа, яго літаратуры і культуры як адной з форм нацыянальнай ідэі — у гэтым была задача «Нашай Нівы». Дзякуючы ёй мы дакладна ўяўляем, як палітычныя і сацыяльныя абставіны ўплывалі на літаратуру, яе тэмы, жанры, вобразы. Але і літаратура ў сваю чаргу выконвала задачы не толькі эстэтычныя, але і выхавання нацыянальнай годнасці, грамадзянскай адказнасці. А ў дакументах рэдакцыйнага архіва мы знаходзім сведчанні паўсядзённасці рэдакцыі, мноства спавядальных лістоў карэспандэнтаў, цікавыя малюнкі жыцця простага чытача.

Захаваліся дакументы некаторых заходнебеларускіх выдавецтваў і перыядычных выданняў, такіх як «Беларускае выдавецкае таварыства», часопіс «Маланка», «Беларуская борць» і іншыя. Яны ілюструюць нацыянальнае літаратурнае і культурнае жыццё ва ўмовах сацыяльна-палітычнага ладу, што кардынальна адрозніваўся ад таго, у якім існавала літаратура Беларускай савецкай рэспублікі. Гэтую ілюстрацыю ўзбагачаюць дакументы асабістых фондаў Максіма Танка, Зоські Верас, Міхася Машары, Міхася Васілька і інш.

Гаворачы пра літаратуру Беларусі міжваеннага часу, найперш маем на ўвазе літаратуру БССР, хоць у праграмах універсітэцкіх курсаў літаратура Заходняй Беларусі ўсё ж такі эпізадычна, ці дакладней — цэнзураванай, вывучалася. Сёння ўжо маюцца аб’ектыўныя даследаванні, прысвечаныя літаратуры Заходняй Беларусі, зроблены пэўныя крокі да асэнсавання гэтай літаратурнай прасторы. Даследаваць гісторыю развіцця літаратуры ў Заходняй Беларусі, акрамя перыёдыкі, трэба праз уважлівае вывучэнне тых прававых крыніц і іншых афіцыйных дакументаў, якія рэгулявалі ўзаемаадносіны аўтараў — прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей і ўлады. Менавіта яны могуць сфарміраваць высновы аб палітычных, сацыяльных варунках існавання нацыянальнага літаратурнага асяроддзя. Беларускія архівы здольны прадставіць некаторыя такія дакументы, але значная іх частка знахадзіцца ў архівах Польшчы, як цэнтральных, так і рэгіянальных, а таксама архівах Літвы. Тое, што захоўваецца ў БДАМЛМ, уяўляе сабой вялікую выгоду для даследчыка, тым больш што за апошні час адпаведныя магчымасці пашыраюцца за кошт новых паступленняў. Пацвярджэннем гэтаму можа быць нядаўняе папаўненне фонду Ю. Туронка, у межах якога ў архіў трапілі дакументы заходнебеларускай паэткі Веры Маслоўскай.

Крыніцы беларушчыны ў свеце

Ствараючы базу крыніц па гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва, БДАМЛМ не абыходзіць увагай і іх «малыя» прасторы — літаратуру і мастацтва, якія мелі працяг ці нават пачыналіся ў эміграцыі, што не перапынялі свайго развіцця ў тых краінах, дзе кампактна пражываюць беларусы як нацыянальная меншасць, літаратуру, якая складвалася ў беларускіх дыяспарах былых рэспублік СССР. Для архіва-музея гэтая праблема палягае ў пошуку адрасоў замежных крыніц, арганізацыі камплектавання, наладжванні сувязяў з тымі сховішчамі, якія маюць калекцыі беларускіх рарытэтаў. Сёння літаратурная Беларусіка захоўваецца ў скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане, Беларускім інстытуце навукі і мастацтва і Цэнтры даследавання гісторыі іміграцыі ў Мінеапалісе ў ЗША, у Бібліятэцы і  архіве Канады ў Атаве, Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва і  многіх іншых сховішчах свету. Відавы і храналагічны ахоп вельмі значны: рукапісы, ліставанне, афіцыйныя дакументы, фотаальбомы і  пад. ад ХІХ і за ўсё ХХ стагоддзе.

Тэма «малых» літаратурных прастораў яшчэ толькі ў пачатку свайго навуковага шляху. Яна вартая глыбокага і сур’ёзнага вывучэння. Перад архівам-музеем стаіць нялёгкая задача вяртання: праз непасрэднае камплектаванне замежнай Беларусікі ў сваіх сховішчах, праз навуковую рэканструкцыю раз’яднаных у пэўныя гістарычныя перыяды комплексаў дакументаў, праз выданне міжархіўных каталогаў і зборнікаў дакументаў. Праграмы па рэалізацыі гэтых задач маюць неабходнасць у падтрымцы на ўсіх узроўнях: як на дзяржаўным, дыпламатычным, так і праз міжнародныя праекты па навуковым узаемаабмене і навуковым партнёрстве.

Асобна трэба вылучыць бібліятэчныя зборы БДАМЛМ. Вялікае значэнне для сённяшняга даследчыка маюць гадавыя камплекты газеты «Наша доля», «Наша Ніва», «Вольная Беларусь», «Звон» і інш., часопісы «Маладая Беларусь», «Маладняк», «Узвышша», «Калоссе», «Беларуская борць», першыя выданні зборнікаў Янкі Купалы «Жалейка» і Якуба Коласа «Песні жальбы», амаль усе выданні граматыкі Браніслава Тарашкевіча, выданні паэмы «Тарас на Парнасе» (пачынаючы з 1898 года), беларуская граматыка Рудольфа Абіхта (1918 год), слоўнік Івана Насовіча і многае іншае.

Мы жывём сваімі вялікімі і малымі клопатамі: шукаем крыніцы за мяжой, камплектуемся фондамі, якія былі і ёсць у Беларусі і якія складаюць для нас самую вялікую і самую ўдзячную частку працы, шчыруем над іх навуковай апрацоўкай, забяспечваем фізічнае захаванне нашым рарытэтам, сустракаем у чытальнай зале зацікаўленых даследчыкаў.

Дум трапятанне, рукапіс жывы,

На ім натхнення Боская пячатка.

Ад тых лісткоў не ўзняць мне галавы!

Фонд, вопіс, справа: усё ізноў спачатку,

— засведчыла калісьці ў прысвячэнні Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею паэтка і навуковец Ірына Багдановіч, і ўстанова імкнецца адпавядаць вобразу скарбонкі Гісторыі і Слова.

Ганна ЗАПАРТЫКА

Фотаздымкі прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.