Вы тут

Лімб #8: °°У двуколлі°°


Хто б мог падумаць з паўгода таму, што назва гэтага праекта будзе не толькі хаваць у сабе нейкія лакальна-літаратурныя сэнсы-паўнамёкі, але і гэтак жа добра апісваць стан усяго сусвету? Аднак акрамя функцыянальна-крытычнай ролі хацелася б, каб ЛІМБ таксама заставаўся і свайго роду вербальнай прасторай бяспекі, дзе кожны мог бы ўпэўніцца: Зямля не перавярнулася, а паэтычная палічка сучбелліту стаіць на тых жа трох чарапахах, што і раней. Такім чынам, прапануем восьмую серыю лімаўскай дзеі.


Фота з сайта pravlife.org.

Святочна-пераможная паэтычная лінія нумара распачынаецца падборкай Міколы МАЛЯЎКІ. Верш, які тычыцца названай тэмы, робіць гэта не ў форме кульгавай агіткі ці прамалінейнага франтавога сторітэлінгу, а праз згадванне традыцыі франтавых трохкутнікаў. У нізцы прысутнічае яўны паветраны мінор: у тэкстах або з’яўляецца нейкая птушка (акрамя «галубоў» гэта двойчы датычыцца «буслоў»), або нейкая прасторава-настраёвая сутнасць (кшталту «мар» ці «дыму»). Апошні верш, «У засені старых высокіх дрэў», на маю думку, другасна падае тэму заняпаду вёскі. У канкрэтных і, па шчырасці, штампаваных радках і вобразах, у прыватнасці «старая вёска сірацее» і «буслы прыносяць рэдка немаўлят», добра прагледжваецца беларуская традыцыя ў раскрыцці гэтай тэмы, але амаль не чуваць уласнага аўтарскага голасу.

Пэўная падсвядомая мастацкая замкнёнасць тэмы вайны ярчэй успыхвае ў тэкстах Міколы САЛАЎЦОВА. Даходзіць нават да абсалютна ненаўмысных перазоваў з папярэднім паэтам: ад выкарыстання слоў «дым» і «пыл» у адным радку да чарговага ўплятання ў вершаваную канву птушкі. Але ў цэлым тэкст «Вясна сорак пятага» (і пачынаецца гэта ўжо з назвы) досыць прамалінейны, а ў апошняй страфе не пазбягае тых самых адычна-ідэалагічных інтанацый («Квітнее край наш партызанскі, // Не чуцен свіст фашысцкіх куль»). Одай роднай старонцы з’яўляецца і другі верш, «Пад святлом лямпы», у якім праз прызму аўтабіяграфічнасці (і нялоўкія інверсіі) аўтар прыходзіць да таго, чаго сучасны мастак пастараўся б пазбегнуць: да адлюстравання сваёй пазіцыі не праз паказванне, а праз называнне («Я слаўлю родную Краіну»).

На падборцы Антаніны РЫБАЛКІ ўжо з’яўляецца паўнавартаснае пачуццё канцэптуальнай аднароднасці гэтай паэтычнай паласы. Вока зноў бачыць пэўныя рытарычныя рэфрэны, якія адсылаюць да папярэдніх аўтараў («ветэраны», «вёска», «слёзы», «кулі» і іх «свіст», «фашысты» і г. д.). Да іх дадаюцца такія сакавітыя моўныя зацёртасці, як «водгукі вайны», «дні ліхія», «сцяна свінцу», «братняя магіла», «белая бярозка», «крывавая свастыка», «карычневая чума». На прыкладзе такіх вершаў добра відаць, як тэма Вялікай Айчыннай страчвае свой нерв, замест якога па мастацкіх творах рассыпаецца сухі напаўняльнік з водарам жальбы.

 Дваістае пачуццё выклікаюць творы Васіля ФІЛІПЕНКІ. З аднаго боку ёсць верш, у якім невытлумачальна вялікая колькасць калялаянкавых канструкцый («чорт не пабярэ», «вазьмі яго халера», «не дай, Гасподзь»). Можна дапусціць, што гэта зроблена наўмысна для паглыблення ў вобраз лірычных герояў, але тады ўзнікае пытанне, чаму выкарыстоўваецца выключна гэтая стылістычная асаблівасць (ды некалькі прыкладаў зніжанай лексікі «падла» і «нажэрліся»). Тым больш далей па тэксце аповед усё роўна прыходзіць да агульнапатэтычных інтанацый. Наступны верш у падыходзе да стылістычнага аздаблення выглядае нашмат больш цэласна: нават калі праз яго праходзяць не самыя новыя думкі, заўважна, што аўтара вядуць не агульныя сентэнцыі, пазбаўленыя моцы, а ўласнае пачуццё мовы.

Георгій МАРЧУК друкуецца з песнямі. Гэта быццам бы аўтаматычна павінна зніжаць планку патрабаванняў, бо ў песнях да тэкстаў звычайна прымяняюцца іншыя законы, заснаваныя на музычнай пабудове. Але калі да фармальных аспектаў (то-бок да частушачнай рытмікі і дзіцячых рыфмаў) ужо быццам і не прыкапацца, заўсёды застаецца сэнсавы складнік... І  ў  першым жа тэксце: «жаўрук» з «бусламі» ў адной страфе; «матуліна хата», «жыта», «духмяны хлеб» — у другой; рыфма «долю-волю», зноў «жаўрук», але цяпер у кампаніі «зязюлі», а таксама «родны бацькоўскі наш дом» — у трэцяй. Тэкст «Еду, еду ў  Давыд-Гарадок»: «на радзіме ля акна маці нас чакае», «тут жыцця майго выток — родны дом і школа», «Богу дзякуем за ўсё, што сягоння маем». Песня «Домік пад ліпаю»: «маці хавае скупую слязу», «родная хата», «крынічка святая», «крэўная повязь з  радзімай малой», «у  квецені вішня», «песні матулі», «наказы бацькоў», «бусел над лугам», «кулік на балоце». І гэтак далей. Штампаванасць мовы аўтара ператвараецца ў  мастацкі прыём, стварае пачуццё кліпавасці. Аднак для паўнавартаснага постмадэрнісцкага разгону пры стварэнні кліпавасці патрабуецца пэўная іранічная адлегласць паміж тэкстам і аўтарам (а  лепей — поўная аўтарская адсутнасць). У выпадку з тэкстамі Георгія Марчука сапраўды мае месца аўтарская адсутнасць, але гэта не адсутнасць наўмысна-эвалюцыйнага тыпу, а звычайнае растварэнне аўтара ў канцэнтраце моўнай інерцыі.

Паэтыка Кацярыны ЯНЧЭЎСКАЙ вабіць дынамікай міжчасавага дыялогу. Каляндарныя месяцы змяняюцца культурнымі эпохамі, італьянскі мастак саступае беларускай паэтцы. Кацярына распачынае ўласны мастацкі кругаварот, і нездарма часцей за астатнія ў творах сустракаецца слова «вечнасць». Адзін з ключавых спосабаў стварэння вобразаў для Кацярыны — спалучэнне назоўнікаў кіравальнай сувяззю. Дзякуючы гэтаму нараджаюцца такія з’явы, як «ручнікі вечнасці», «ультрамарын нябеснага вітання», «лістапад позіркаў», «летапіс сустрэч» і г. д. Галоўны твор падборкі, апошні верш з назвай «Мова», мае радкі, якія сваім трапным фанетычным скрыжаваннем і сэнсавай ёмістасцю пазбаўляюць патрэбы ў далейшых каментарыях: «Мова — лёс — // лесвіца ў вышыню // і наадварот».

Мініяцюры Змітрака МАРОЗАВА сваёй бытапісальнай афарыстычнасцю нагадваюць творы Эдуарда Асадава — і тут ужо справа чытацкага густу, ці ўспрымаць гэта як камплімент. Але, зразумела, з беларускімі акцэнтамі: балансаванне паміж полюсамі шматхацця і шматсмерцця. А ўвогуле дзіўныя рэчы адбываюцца з аўтарам: усё тое, што зарыфмавана, на 90 % складаецца з бясконцых ісцін і жальбы. Але як толькі справа ЛІМБ #8: °°У ДВУКОЛЛІ°° даходзіць да верлібраў — быццам бы іх пісала іншая асоба: у вобразах з’яўляецца энергетыка («кропля чалавечай крыві… таннейшая за кроплю нафты»), пашыраецца агульны прасторавы маштаб («галактычныя вятры»), узнікаюць нават цэлыя вобразныя мікрасістэмы («крылатыя аўтографы ластавак на блакітным аркушы неба»). Магчыма, мае сэнс пачаць татальную верлібрызацыю беларускай паэзіі? Буслам і вёскам ад такой пераакцэнтуацыі мастацкай увагі дакладна горш не стане.

У сваёй падборцы Міхал БАРАНОЎСКІ дэманструе дзве грані сваіх здольнасцяў верлібрыста. Першы тэкст  — маналітны сюжэт, які разгортваецца паступова, з кожным радком надаючы аповеду новае адценне кірунку, а пасля закалыхвальнага сэнсавага перашчоўквання рэзка паварочваецца на 90° у апошніх радках. З нечаканым уводам трэцяй «дзеючай асобы» колькасць мажлівых спалучэнняў паміж каханнем і смерцю ў кантэксце рацыянальнага/ірацыянальнага значна павялічваецца. Другі тэкст дэманструе кінематаграфічны падыход: некалькі кадраў з маляўнічымі вобразамі, якія разам складаюцца ў нетрывіяльную карціну пекла. Нават нягледзячы на агульную структурную статычнасць верша, унутраны дынамізм кожнага асобнага персанажа робіць адпаведны пейзаж па-сапраўднаму жывым (якім бы аксюмаранам гэта ні было).

Можа падацца, што ў межах ЛІМБа існуе нейкая прадузятасць у адносінах да верлібраў, і даказаць, што гэта не так, змогуць тэксты Алы НІКІФОРСКАЙ. Якім бы ні было стаўленне да графікі верша, але калі з шасці тэкстаў усе шэсць — пра каханне і з вялікай колькасцю дзеясловаў (пры амаль поўнай адсутнасці вобразаў), інакш, чым як стэрэатыпнай праявай жаноцкага ў паэзіі, гэта назваць цяжка. У апошнім вершы назіраюцца спробы ўскладніць асноўны матыў падборкі за кошт гістарычна-культурнага кантэксту, але ўласныя аўтарскія думкі застаюцца на тым жа ўзроўні складанасці, што даказвае: на голых прывілеях ды сучаснай пунктуацыі лірычнай кашы ўсё ж не зварыць.

У вершах Міколы МЯТЛІЦКАГА працы над мовай хапае, каб у звыклых тэмах радзімы ці мінулага з лёгкасцю пазбягаць спарахнелага вербальнага матэрыялу і будаваць нешта сваё. Пры пашырэнні ж лексічнага і тэматычнага вакабуляраў можа атрымацца штосьці нават вельмі сучаснае.

 Учытвацца ў падборку Таццяны ДАШКЕВІЧ бесперапынна перашкаджала нейкая дробязь. То напісанне «ў» у межах аднаго радка і падпарадкоўваецца, і не падпарадкоўваецца традыцыйным правілам («Мы ужо не ў стане падарыць»), то нейкія сарамлівыя русізмы кшталту «ўдаль» (з націскам на «а») і «вавек», то блытаніна паміж «любоўю» і  «каханнем». Але канец падборкі ўсё тлумачыць: гэта пераклады з рускай, зробленыя Міколам Шабовічам. За кошт пазбаўленасці ад беларускіх нацыянальных штампаў падборка Таццяны магла б выглядаць свежай на фоне вершаў калег, але пераклад робіць яе аматарскай.

Вопыт паэтычных частак вясенніх нумароў «ЛіМа» паказвае, што не існуе абсалютных правілаў. А тыя фігуры, што падаваліся асобнымі коламі, на самай справе апынуцца звёнамі аднаго складанага двуколля, якое менавіта за кошт сваіх унутраных скрыжаванняў робіць літпрацэс такім жывым.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.