Вы тут

Журыцца жораў, бабёр будуе


Тыя, хто сочаць за навінкамі кнігавыдання, асабліва дзіцячымі, ведаюць, што паэт і празаік Анатоль Зэкаў на працягу многіх гадоў плённа працуе ў якасці дзіцячага пісьменніка. Яго шматлікія творы, адрасаваныя маленькім чытачам — дашкольнікам і малодшым школьнікам, адрозніваюцца дасціпнасцю, лаканічнасцю і зваротам да традыцыі, што вабіць як чытачоў, так і выдаўцоў. Адразу дзве яго кнігі-прысвячэнні звярам і птушкам зусім нядаўна пабачылі свет у  серыі «Беларускія пісьменнікі дзецям» («Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», Мінск, 2020). Няма сэнсу распавядаць пра кожную асобна, бо канцэптуальна кнігі вельмі падобныя. Галоўнае адрозненне — у тэматыцы, хоць лейтматыў — апяванне прыроды — усё роўна яднае гэтыя выданні.


«Збудаваў будан бабёр» і «Вучоныя вароны» — гэта вершы пра звяроў і птушак адпаведна. Натуралістычныя фотаздымкі ў  выданнях сапраўды як мага лепш адпавядаюць зместу, хоць у  некаторых творах аўтар прапаноўвае чытачам зазірнуць у  крыху іншы свет — свет дзівацтва і фантазій, надаючы жывёлам і птушкам чалавечыя якасці. У вершах Анатоля Зэкава, як у казцы, жывёлы катаюцца на лыжах і збіраюць грыбы, а птушкі чытаюць кнігі, мятуць лісце і, вядома ж, сумуюць па радзіме. Большасці вершаў уласцівы няхітры і пераканаўчы сюжэт («Жаўрук», «Лясны будаўнік») ці нават адсутнасць як такога («Наста і сінічка», «Кнігаўкі»), але дзесьці ён падкупляе вынаходлівасцю. Напрыклад, сюжэт верша «Шпак і верабей», дзе і адмысловая інтрыга («Каб патрапіць у свой дом, / Шпак пабіўся з вераб’ём»), і лагічная кульмінацыя («Гэткі ўзняўся тарарам: / Пер’е — тут, і пер’е  — там»), і справядлівая развязка («Бачыў бойку тую я: / Перамог шпак вераб’я»), і нават сапраўды патрэбны пры апісанні такога інцыдэнту эпілог («Перажыўшы гэткі страх, / Верабей залез пад дах…», «Шпак жа, атрымаўшы ўрок, / Вешае на дом замок…»). Прысутнасць жа пэўнага элементу павучальнасці настолькі натуральная, што тут цалкам захаваны баланс «мастацкая вартасць — дыдактыка».

Многія творы гэтых зборнікаў нагадваюць пра тое, што аўтар захапляецца гумарам. Сапраўды, уменне рассмяшыць дзіця вельмі важнае, хоць і  даецца не кожнаму. Тут варта згадаць такія вершы, як «Дзік», «Зязюля», «Каго любіць бусел», «Вожык-грыбнік», «Тапкі ці валёнкі?» і іншыя. Відавочна, блізкія аўтару і скорагаворкі, якія час ад часу атрымліваюцца пры дапамозе алітэрацыі: «Журыўся жораў / Журбой жураўлінай…» ці «Рыбам / Што бусла / Баяцца — / Бусел / Болей / Любіць / Жаб». Дарэчы, у выданнях такога кшталту іх магло быць нашмат больш. Карысць зборнікаў «Збудаваў будан бабёр» і «Вучоныя вароны» ў тым, што яны выконваюць выразна адукацыйную функцыю — свайго роду забаўляльныя міні-энцыклапедыі пра жывёльны і  птушыны свет. Распавесці ж пра іх з такой лёгкасцю, з адчувальнай бестурботнасцю, з перакананасцю ў кожным слове зможа толькі творца з патрэбным досведам.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.