Вы тут

Сэрца поўніцца смуткам. Памяці Міхася Міцкевіча


Няхай мяне не будзе ў свеце.

Ну што ж! Аджыў час і памёр,

Але няхай дзьме добры вецер

І дзьме на наш касцёр!

Якуб Колас

У 1951 годзе ў лісце да сына Міхася Якуб Колас напісаў: «Віншую з днём твайго 25-годдзя. Няхай яно будзе толькі ¼ твайго жыцця». Каб споўніць пажаданне бацькі, Міхасю Канстанцінавічу не хапіла зусім мала — яго не стала на 95-м годзе.


Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. Фота Уладзіміра Сіза.

Мне вельмі пашчасціла, што ўсё маё жыццё прайшло побач з дзедам Міхасём. Сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў ён вельмі многаму навучыў. Заўсёды расказваў аб адносінах у сям’і яго бацькі, дзе ніколі не сварыліся і не павышалі голас (ён і сам пражыў 65 гадоў у шчаслівым шлюбе з малодшай дачкой Янкі Маўра Наталляй). Такім паводзінам вучыў і нас. А яшчэ вучыў быць сціплымі, не хваліцца сваім паходжаннем, імкнуцца да ведаў і дасягненняў. Гаварыў, што галоўнае ў чалавеку не столькі знешняя прыгажосць, колькі багаты ўнутраны свет. І гэта былі не проста словы — па такіх прынцыпах жыў і ён сам.

Ад бацькі Якуба Коласа яму перадалася любоў да прыроды. Так, аднойчы ў  лесе маленькі Міхась знайшоў дроздзіка з перабітым крылом:

Шкода стала Міхасю да слёз,

Чуць над ім не заплакаў.

З лесу дроздзіка ў хату прынёс —

Палячыць небараку.

Пасадзіў у пачэсны куток

На шырокім услоне.

«Ты не бойся, мой дроздзік-браток!»

І назваў яго «Дронік».

Гэта некалькі радкоў з верша «Дронік», які Якуб Колас прысвяціў свайму сыну Міхасю. Любоў да птушак у Міхася Канстанцінавіча захавалася на доўгія гады. Дзед Міхась умеў імітаваць іх галасы. А як цікава было назіраць нам, унукам, калі птушкі прымалі яго за свайго, зляталіся і адказвалі спевамі. Ніколі не забудуцца часы летніх адпачынкаў, нашы вандроўкі па лесе, збор зёлак для гарбаты і сухіх букетаў, паходы па грыбы, назвы якіх дзед добра ведаў. А як смачна ён іх гатаваў! Кожнае свята на стале стаялі салёныя грузды. Не забудуцца яго бліны з кіўбаскамі і рабрынкамі ў грыбным соусе — мачанка, якую любіў гатаваць і Якуб Колас, розныя іншыя стравы: паштэт, халадзец. На кухні дзед быў эксперыментатарам, любіў спрабаваць новае, паляпшаць і ўдасканальваць вядомыя рэцэпты. Для сваіх унукаў і праўнукаў у яго заўсёды было нешта смачнае, таму дзеці хадзілі да дзеда кожны дзень па цукеркі ці іншыя прысмакі. Сваім унукам ён прысвяціў наступныя радкі:

К чертям теперь пошла наука:

В квартире деда аж три внука!

По ветру стелются кудряшки —

К нему бегут, летят двойняшки,

А вдруг задолго до обеда

Получат что-нибудь от деда?

У деда мёд, у деда сахар,

Дед не пошлёт малютку вон.

Как над ральёй корпеет пахарь —

Так над детьми трясётся он.

Мозги у деда — набекрень,

Впадает в детство старый пень.

Міхась Міцкевіч быў майстрам эпіграм, вершаваных прысвячэнняў. Чалавеку з пачуццём гумару, яму вельмi падабаліся гумарыстычныя вершы бацькі, прысвечаныя дактарам. Ён адным з першых пачаў займацца гэтай тэмай, напісаў артыкул «Кроплі і слёзы Якуба Коласа». Зацікаўленасць згаданай праблематыкай перадалася і мне. Ён любіў жарты. Разыграў Коласа і Маўра, не паведаміўшы, што збіраецца ажаніцца з  Наталляй, хацеў, каб яны павіншавалі адзін аднаго з вяселлем сваіх дзяцей, не ведаючы, што стануць сваякамі. А аднойчы патэлефанаваў жонцы і, падрабіўшы голас яе сяброўкі, стаў выпытваць пра сябе, — яна нават і не здагадалася. Жартаў і добрага настрою, дзякуючы дзеду, у нашай сям’і заўсёды хапала. Невыпадкова яго бацька Якуб Колас у вершы «Сыну» напісаў:

Вось ты сядзіш над кнігай дбала,

І твой від строг, чапаць не варт,

Ды знаю я свайго Міхала —

 Скрозь строгасць пырсне раптам жарт.

Міхась Міцкевіч з унучкай Васілінай. 1987

Дзед Міхась імкнуўся прывіць нам любоў да ведаў, да кніг, да штодзённай працы. Ганарыўся дасягненнямі сваіх дзецей і ўнукаў, іх чырвонымі дыпломамі. Казаў, што можна дабіцца поспехаў у любой галіне, галоўнае — працаваць і мець мэту. Так, у  дзяцінстве ён вельмі хацеў навучыцца страляць з рагаткі, але не атрымлівалася. Жаданне было настолькі моцнае, што, практыкуючыся кожны дзень, з часам пачаў трапляць у струну. Напэўна, таму Якуб Колас і прысвяціў Міхасю верш «Рагатка». А ў будучыні Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч стаў майстрам спорту па стэндавай стральбе. Стральбою і паляваннем захапляўся сярэдні сын Якуба Коласа Юрый Міцкевіч, які загінуў пад Смаленскам у верасні 1941 года. Ідучы на фронт, ён прасіў Міхася зберагчы яго стрэльбы. Паляванне і стэндавая стральба зацікавілі і малодшага з  Міцкевічаў. З пачатку 1950-х гадоў дзед пачынае ўдзельнічаць у спаборніцтвах па стэндавай стральбе. Яму належаць не толькі першыя месцы на розных спаборніцтвах, але і рэкорд рэспублікі на круглым стэндзе. У актыве Міхася Канстанцінавіча — больш чым 30 узнагарод, грамат і дыпломаў рэспубліканскіх і саюзных спаборніцтваў. А маёй бабулі давялося навучыцца гатаваць дзічыну, якую вельмі часта дзед прыносіў з палявання.

А як цудоўна Міхась Канстанцінавіч дэкламаваў вершы і ўрыўкі з паэм свайго бацькі! Сапраўдным скарбам можна зараз лічыць шматгадзіннае відэа, якое ёсць у сеціве: дзед чытае паэму Якуба Коласа «Сымон-музыка». Выдаць паэму свайго бацькі без цэнзуры і ў першай яе рэдакцыі, якую дзед лічыў мацнейшай за агульнавядомую, было яго марай. Таксама як і зрабіць асобнае выданне паэмы Якуба Коласа «На шляхах волі», кнігу пра брата Юрку «Апалены золак». Да апошніх сваіх дзён дзед працаваў над успамінамі пра маці — спадарожніцу жыцця Якуба Коласа — для кнігі, якая павінна выйсці з друку ў наступным годзе да яе юбілею.

55 гадоў свайго жыцця Міхась Канстанцінавіч аддаў працы ў Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук. У 1985 годзе Міхасю Міцкевічу прысвоена ступень доктара тэхнічных навук, ён аўтар звыш 180 навуковых прац у галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў, у яго актыве каля 30 вынаходніцтваў. За поспехі ў працы Міхась Канстанцінавіч быў узнагароджаны ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1981 г.), Савета Міністраў БССР (2001 г.). У 1980 годзе атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, у 1986-м узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны». Але вынаходнікам ён быў не толькі на працы, але і ў звычайным жыцці: прыдумаў прыстасаванні для збору грыбоў (калі было ўжо цяжка згінацца), для выкарчоўвання дзьмухаўцоў і інш...

Любімым заняткам Міхася Міцкевіча была і аматарская фатаграфія. У сямейным архіве засталося звыш 2 тысяч негатываў і каля 40 альбомаў з  фотаздымкамі розных мясцін і куточкаў Беларусі, родных і знаёмых сям’і Якуба Коласа. Выстаўкі фотаздымкаў Міхася Міцкевіча некалькі разоў праходзілі ў музеях Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Мінску. Яго фотаздымкі таксама ўпрыгожваюць экспазіцыю «Якуб Колас: прырода і людзі роднага краю» ў Мар’інай Горцы. Некаторым правілам фатаграфавання, выбару ракурсаў дзед вучыў і мяне.

З 2006 па 2013 год Міхась Міцкевіч працаваў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Ні адна сустрэча ці вечарына не адбывалася без яго ўдзелу, заўсёды з радасцю выступаў з успамінамі пра свайго бацьку і яго акружэнне. Ён быў вельмі ўсцешаны, што я вырашыла звязаць сваё жыццё з захаваннем спадчыны Якуба Коласа, стала галоўным захавальнікам фондаў музея песняра, заўсёды падтрымліваў мяне ў працы і навуковай дзейнасці, быў першым дарадцам і крытыкам.

Якуб Колас з сынам Міхасём. 1930 г

Міхась Міцкевіч пражыў доўгае, шчаслівае і багатае на цікавыя падзеі жыццё, а свае ўспаміны занатаваў у кнізе «Пад бацькоўскім дахам». Быў укладальнікам кнігі, якая выйшла да 130-годдзя з дня нараджэння яго бацькі «Якуб Колас: у  думках, у сэрцах, у песнях» (2012 г.). Любіў адзначаць, што спрыяў напісанню трох паэм: «Міхасёвых прыгод» Якуба Коласа, «Апалены золак» М. Мятліцкага, «Развітанне» Г. Бураўкіна. Вершы і прысвячэнні Міхасю Канстанцінавічу напісалі многія сучасныя беларускія літаратары: Яўген Хвалей, Мікола Маляўка, Казімір Камейша і іншыя. У вершы «Не тужы», прысвечаным сыну, Якуб Колас прасіў:

Ты не тужы — мінецца восень,

Імжа рассеецца, як дым,

І усміхнецца неба просінь

У ясным сонцы веснавым…

Вось і нам сёння вельмі адзінока, сумна без Міхася Канстанцінавіча, і так цяжка не тужыць, бо сэрца поўніцца смуткам, але разам з тым і вельмі цёплымі ўспамінамі і незабыўнымі сустрэчамі, якія застануцца ў памяці ўсіх, хто ведаў майго дзеда Міхася Міцкевіча.

Васіліна МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.