Вы тут

Пнеўманiя можа быць бессiмптомная. Менавiта яе часам выклiкае каранавiрусная iнфекцыя


Каранавiрусная пнеўманiя, як i любая iншая, можа працякаць i цяжка, i лёгка. Праблема ў тым, што ўрачы пакуль многае пра яе не ведаюць. Цi праўда, што такiя пнеўманii могуць быць бессiмптомнымі? Якiя ўскладненнi можа даць гэта захворванне i як ад iх засцерагчыся? Чаму нават пры вiруснай пнеўманii прызначаюць антыбiётык? I як распазнаць пнеўманiю, якая развiваецца iмклiва? Пра гэта i iншае нам расказала намеснiк галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 31-й гарадской палiклiнiкi Мiнска Ала Маскалёва.


— Ала Уладзiмiраўна, раскажыце, якiя сiмптомы ў пнеўманii.

— Пнеўманiя — гэта вострае захворванне лёгкiх. Асноўнымi сiмптомамi запалення лёгкiх з'яўляюцца кашаль, задышка, высокая тэмпература. Што датычыцца пнеўманii, асацыяванай з новай iнфекцыяй COVID-19, устаноўлена, што часам яна працякае нетыпова, i некаторыя пацыенты могуць пераносiць яе бессiмптомна. У такiм выпадку яна суправаджаецца лёгкiм кашлем, недамаганнем, слабасцю, i толькi пры рэнтгеналагiчным цi КТ-даследаваннi выяўляецца, што лёгкiя пашкоджаны.

— Цi трэба лячыць бессiмптомную пнеўманiю або яна пройдзе сама?

— Яна, канешне, можа прайсцi без лячэння. Але наступствы яе да канца пакуль не вывучаны. I як яна адаб'ецца на здароўi чалавека i стане яго лёгкiх, складана спрагназаваць. Калi людзi на нагах пераносяць вострае захворванне, бо ў iх няма павышанай тэмпературы, а толькi лёгкае недамаганне, яны ўсё роўна з'яўляюцца распаўсюджвальнiкамi iнфекцыi, прычым з магчымымi небяспечнымi наступствамi для ўласнага здароўя.

— Чым адрознiваюцца бактэрыяльная i вiрусная пнеўманii i якая з iх больш небяспечная?

— Небяспечная i тая, i другая. Iншая справа, што вiрусная пнеўманiя рэдка працякае самастойна. Яна знiжае iмунiтэт, i на фоне гэтага падключаецца бактэрыяльная флора, развiваецца вiрусна-бактэрыяльная пнеўманiя, а яна больш цяжкая. Вiрус з'яўляецца пускавым механiзмам развiцця i засялення ў тканкi лёгкiх патагенных мiкабактэрый.

— Пнеўманiя развiваецца з-за таго, што рэспiраторная хвароба запушчана?

— Не заўсёды. Напрыклад, новы каранавiрус паводзiць сябе не зусiм тыпова. Звычайна стандартная вiрусная пнеўманiя развiваецца зверху ўнiз: паражаецца насаглотка, трахея, бронхi, i iнфекцыя спускаецца да нiжнiх дыхальных шляхоў. Цяперашняя iнфекцыя праявiла сябе па-iншаму: адразу паражаюцца лёгкiя. Здараюцца выпадкi, калi няма кашлю, чхання, нiякiх iншых праяў вострай рэспiраторнай iнфекцыi, а пры прыцэльным абследаваннi высвятляецца, што пашкоджаны лёгкiя. Прычым лёгкiя пры каранавiруснай iнфекцыi паражаюцца па перыферыi. Механiзм тут такi: запаленчы эксудат (вадкасць, якая выдзяляецца з дробных крывяносных сасудаў пры запаленнi) працякае ў альвеолы, з якiх складаюцца рэспiраторныя аддзелы лёгкiх. Альвеолы, папросту кажучы, гэта своеасаблiвыя колбачкi, якiя ажыццяўляюць газаабмен з лёгачнымi капiлярамi, i калi ў iх трапляе запаленчы эксудат, ён назапашваецца i перашкаджае газаабмену.

Варта адзначыць яшчэ адну асаблiвасць «ковiднай» пнеўманii. Гэта двухбаковае паражэнне лёгкiх, у той час як пры звычайнай вiруснай цi бактэрыяльнай пнеўманii запаленне працякае з аднаго боку. Прычым пры COVID-19 на здымку паражэнне выглядае як матавае шкло.

— Гэта значыць, што пры каранавiруснай iнфекцыi пнеўманiя можа развiвацца iмклiва?

— Так. Таму мы папярэджваем пацыентаў, якiя знаходзяцца пад назiраннем дома, асаблiва з COVID-iнфекцыяй, што калi адчуваеце слабасць, задышку, узмацняецца кашаль, узнiмаецца тэмпература вышэй 37—38 градусаў i дрэнна паддаецца знiжэнню, неабходна неадкладна паведамiць урачу, што стан пагоршыўся. У такiм выпадку хворага трэба шпiталiзаваць. Падчас тэлефоннай размовы трэба абавязкова сказаць, што назiраецеся дома з каранавiруснай iнфекцыяй, каб медыкi выехалi ў сродках iндывiдуальнай аховы.

З гэтай прычыны з пацыентамi з каранавiруснай iнфекцыяй, якiя лечацца дома, штодзённа звязваюцца медыцынскiя работнiкi i цiкавяцца станам — тэмпературай, наяўнасцю нюху, задышкi. Пры выездзе кантактнай групы ў хворага вымяраецца сатурацыя (насычэнне крывi кiслародам). Калi яна 95 % i вышэй — значыць стан здавальняючы, можна працягваць лячыцца дома. Калi раптам сатурацыя нiжэй, маюцца задышка, кашаль, тэмпература, стаiць пытанне аб неадкладнай шпiталiзацыi. На медыцынскiм транспарце пацыент накiроўваецца на абследаванне на камп'ютарным тамографе. Калi дыягназ пацвярджаецца, яго шпiталiзуюць.

— Зараз мы часта чуем пра так званы «хвост» пнеўманiй, якi з'яўляецца пасля сезоннага пад'ёму захваральнасцi, у прыватнасцi, вясной. З-за чаго гэта адбываецца?

— У звычайнай эпiдсiтуацыi перыяд запаленчых хвароб лёгкiх прыпадае на зiму i раннюю вясну, калi iмунiтэт аслаблены.Наш арганiзм страцiў сiлы, каб перажыць халодную пару года, таму мы пачынаем хварэць, у тым лiку i вiрусна-бактэрыяльнымi пнеўманiямi. Сёлетняя сiтуацыя не зусiм тыповая. Сезон захваральнасцi зрушыўся на познюю вясну i прыхапiў лета. Новы каранавiрус, яго цячэнне, вiрулентнасць пакуль не вывучаны, i прагназаваць, як далей будуць развiвацца падзеi, дастаткова складана.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

— Для чаго пры вiруснай пнеўманii прызначаюць антыбiётык, калi вядома, што на вiрус ён не дзейнiчае?

— Пакуль няма прэпарату, да якога быў бы адчувальны ўзбуджальнік SARS-CoV-2. Як я ўжо казала, вiрус з'яўляецца своеасаблiвым правакатарам, якi запускае механiзмы запалення, падключаецца другасная мiкрафлора — бактэрыi, што пагаршае стан пацыента, таму ў комплекснай тэрапii прызначаецца i антыбiётык. Калi вылечыць бактэрыяльную iнфекцыю, iмунiтэт аднаўляецца, i ёсць усе шанцы адолець вiрус.

— Калi мы хварэем, цi варта збiваць тэмпературу i якую?

— Гэта залежыць ад таго, як чалавек пераносiць павышаную тэмпературу, некаторыя, напрыклад, вельмi дрэнна сябе адчуваюць ужо пры 37,5. Але ўсё ж пажадана тэмпературу да 38 градусаў не збiваць. Лiчыцца, што так наш iмунiтэт iмкнецца перамагчы iнфекцыю, «ускiпяцiць» вiрус у арганiзме. Калi ж тэмпература 38—38,5 i не збiваецца з дапамогай звычайнага супрацьзапаленчага гарачкапанiжальнага сродку, пажадана выклiкаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогi. Многiя ўжо цяпер ведаюць, што ў такiм выпадку прымяняюцца менавiта таблеткi парацэтамолу, таму што iншыя нестэроiдныя супрацьзапаленчыя сродкi могуць правакаваць паражэнне вiрусам лёгачнай тканкi.

— Цяпер усе мы даведалiся пра такi медыцынскi тэрмiн, як сатурацыя, якi сведчыць аб насычэннi крывi кiслародам. Ён вымяраецца пры любых пнеўманiях?

— Так, i пры бактэрыяльных у тым лiку. Бо тут таксама адбываецца паражэнне альвеол i парушаецца газаабмен. Сатурацыя паказвае, наколькi дыхальная недастатковасць прагрэсуе. Паказчык у 95 % i вышэй — гэта норма, нiжэйшы сведчыць аб тым, што пацыент мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе, шпiталiзацыi, i не выключана, што яму спатрэбiцца кiсларод i штучная вентыляцыя лёгкiх.

— Цi можна вылечыць пнеўманiю без наступстваў? I якiя бываюць наступствы?

— Адназначнага адказу няма. Усё залежыць ад стану здароўя чалавека, пластычнасцi, эластычнасцi яго лёгкiх. Важны i ўзрост: чым маладзейшы пацыент, тым менш наступстваў застанецца ад перанесенай хваробы. Чым старэйшы чалавек, тым больш шчыльныя яго лёгкiя, i канешне, запаленчы працэс бясследна не пройдзе. Застануцца постзапаленчыя змяненнi. Гэта можа быць склероз цi фiброз. Склероз — папярэднi этап развiцця фiброзу, калi злучальная тканка пачынае замяшчаць лёгачную. I натуральна газаабмен у гэтым участку парушаецца. Пры фiброзе гэта тканка становiцца яшчэ больш шчыльнай, што дастаткова небяспечна. Фiброз — незваротны працэс.

— Што рабiць, каб не развiлiся гэтыя ўскладненнi?

— Своечасова звяртацца да ўрача, праходзiць лячэнне, выконваць усе рэкамендацыi доктара, у тым лiку, дыхальную гiмнастыку i ўсё, што садзейнiчае паляпшэнню вентыляцыi лёгкiх.

— Пажылыя людзi больш схiльныя да пнеўманiй?

— Так. Яны ўвогуле больш успрымальныя, бо з узростам назапашваюцца захворваннi, у тым лiку i хранiчныя, якiя гэтаму садзейнiчаюць. А ў людзей з цукровым дыябетам, сардэчна-сасудзiстымi хваробамi, атлусценнем больш цяжкае цячэнне хвароб лёгкiх.

— Цi ёсць генетычная схiльнасць да пнеўманiй?

— Такая заканамернасць ёсць. Усе генетычныя захворваннi лёгкiх праяўляюцца з маладога ўзросту, нават у дзяцiнстве. I могуць прагрэсаваць.

— Хворыя з бранхiяльнай астмай — у групе рызыкi?

— Так, але ў меншай ступенi, бо, як правiла, гэта захворванне алергiчнага характару. I калi яго цячэнне кантраляванае, пацыент у стане рэмiсii, то яго лячыць прасцей. З цяжкiм некантраляваным цячэннем i iнфекцыя далучаецца хутчэй, i лячыць больш складана.

— Курцы больш схiльныя да захворванняў на пнеўманiю?

— Паводле даследаванняў — так. Бранхiяльнае дрэва знутры выслана эпiтэлiем, там ёсць так званыя раснiчкi, прызначаныя для таго, каб выштурхоўваць вонкi пыл, часцiнкi газу. А ў курцоў гэтыя раснiчкi, якiя з'яўляюцца ахоўным бар'ерам, атрафiраваны. Таму i iнфекцыя, i шкодныя рэчывы з паветра лёгка трапляюць у нiжнiя дыхальныя шляхi. Акрамя таго, любы курэц мае хранiчны бранхiт, што з'яўляецца дадатковым захворваннем.

— Цi ёсць меры прафiлактыкi пнеўманii?

— Яны стандартныя: дыстанцыявацца ад хворага з рэспiраторнымi сiмптомамi. Любая вiрусная рэспiраторная iнфекцыя небяспечная. Калi ў аднаго чалавека яна можа працякаць у лёгкай форме з паражэннем горла, носа, верхнiх дыхальных шляхоў, то ў iншага з прычыны таго, што яго рэцэптары больш адчувальныя да гэтага вiруса цi бактэрыi, можа выклiкаць запаленне лёгкiх. Таксама мыць рукi, падчас эпiдэмii пазбягаць месцаў масавага збiрання людзей i меней кантактаваць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Свет кнігі без ме­жаў. Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Свет кнігі без ме­жаў. Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы.

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.