Вы тут

Спытайце пра радзіннае. Навошта з акна лапату выкiдалi?


«У дзяцiнстве бачыла, як толькi пачыналася навальнiца або доўга, дзён пяць-шэсць, iшоў, як казалi старыя людзi, «гнiлы» дождж, то бабуля адчыняла акно i выкiдвала праз яго хлебную лапату. Тады я не звяртала ўвагi, але мне падаецца, што дождж зацiхаў...» — пiша-разважае наша чытачка з Брагiнскага раёна Наталля П. Якая сiмволiка была прыхавана нашымi продкамi за гэтым утылiтарна-побытавым прадметам хатняга гаспадарання?


Хлебная лапата — адзiн з абавязковых атрыбутаў сялянскага жыцця, пры непасрэдным выкарыстаннi якога выпякалi хлеб. У традыцыйнай культуры ўсходнiх славян даволi часта ўжывалася ў розных абрадавых кантэкстах i мела адпаведныя абрадавыя функцыi. Так, самым актыўным чынам хлебную лапату ўключалi ў абрад выпякання вясельнага каравая. На Пiншчыне перад тым, як пасадзiць каравай у печ, хросная мацi злёгку ўдарала хлебнай лапатай усiх, хто прысутнiчаў у хаце, «каб шчасце було». Пасля таго, як каравай дастануць з печы, яна ж тройчы стукала хлебнай лапатай па першай бэльцы, якая знаходзiлася на столi ў непасрэднай блiзкасцi ад печы. Тая дзяўчына, якая нiяк не магла выйсцi замуж, выхоплiвала лапату з рук хроснай i выбягала на вулiцу. Лiчылася, калi яна першым сустрэне мужчыну, то хутка выйдзе замуж, калi жанчыну — яе мары ў гэтым годзе не здзейсняцца. А яшчэ вядомы звычай, калi хросная мацi, «пасадзiўшы» вясельны каравай у печ, хлебнай лапатай крыж-накрыж стукала ў сцены, столь хаты, г. зн. «хрысцiла» хату i прыгаворвала: «Божа, ладзь i гладзь!»

Лiчылася, што прадукавальныя якасцi — так званы спор цi ўдачу — хлебная лапата магла перадаваць не толькi людзям, але i жывёле. Так, каб карова «прыйшла з цяляткам», то перш чым адправiць да быка, яе тройчы «перакрыжоўвалi» (злёгку бiлi па спiне) хлебнай лапатай.

У паўсядзённым жыццi ў дачыненнi да хлебнай лапаты iснаваў шэраг правiлаў i забаронаў. Так, пасля таго, як хлеб паставiлi ў печ, хлебную лапату трэба было падняць як мага вышэй, дакрануцца да бэлькi або пячной трубы, каб хлеб добра падняўся.
А потым лапату выставiць у сенцы або паставiць у клець, «каб у хаце нiхто ня быў нiкому павiнен». Прычым лапату належыла паставiць ручкай дагары, а лопасцю — унiз. Хлебную лапату забаранялася выкарыстоўваць не па прызначэннi. Лiчылася, той, хто парушыць гэтае правiла, будзе хварэць, дзецi перастануць расцi, хлеб перастане падымацца, i такой лапатай у далейшым карыстацца забаранялася.

У народным асяроддзi за тое, што хлебная лапата была як бы пасрэднiкам памiж святлом полымя, што гарэла ў печы, i светам жывых, яе лiчылi своеасаблiвым сродкам захавання «зямнога» агню. Па вераваннях жыхароў Палесся, калi кроплi дажджу — вады Нябёсаў, упадуць на хлебную лапату, то абавязкова «апякуцца» i папросяць Бога спынiць дождж. Таму як толькi пачыналася навальнiца, гаспадыня выкiдвала хлебную лапату на двор, i тым самым перасцерагала хату i ўсе дваровыя пабудовы ад маланкi i пажару.

Хлебнай лапатай «закрыжоўвалi» навальнiчную хмару. Для гэтага бралi велiкодны абрус (той, якi быў на стале у дзень святкавання Вялiкадня), прымацоўвалi да лапаты i размахвалi, як харугвамi, як бы разганяючы хмары.

Хлебная лапата i дзяжа заўсёды ўяўлялiся як неразлучная пара, якiя толькi разам будуць спрыяць дабрабыту i шчасцю ў сям'i. Таму, калi трэба было знiшчыць старую лапату, яе палiлi разам з дзяжой — на Масленiчным або Купальскiм вогнiшчы, калi ж неабходна было купiць або зрабiць новыя — набывалi разам, толькi парай.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытаннi пра каранi i прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных i сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыi з пазнакай «Пра радзiннае».

Фота: dudutki.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.