Вы тут

У бібліятэцы з Анхелай


У бібліятэцы з Анхелай
III. Джонатан Сафран Фоер

Паразмаўляем пра майго ўлюбёнага сучаснага празаіка. З творчасцю Джонатана Сафрана Фоера я пазнаёмілася ўжо ў гады студэнцтва, падчас першай паездкі ў Варшаву. Цікава, што спачатку мне параілі паглядзець фільм «Поўнае асвятленне», зняты паводле яго першага рамана (дарэчы, цудоўная стужка, не прапусціце!), і толькі потым я даведалася, што існуе кніга, у якой распавядаецца нашмат глыбейшая і паўнейшая гісторыя, з яшчэ адной перспектывай. Да гэтага неўзабаве яшчэ вернемся, а зараз хачу патлумачыць, хто такі Фоер і пра што ён піша.

Джонатан Сафран Фоер нарадзіўся ў Вашынгтоне (у горадзе, не ў Штаце) у 1977 годзе ў сям’і яўрэйска-ўкраінскага паходжання. Дзядуля і бабуля па лініі маці былі бежанцамі з Украіны: выратаваліся ад Халакосту эміграваўшы ў ЗША. Свой літаратурны шлях Фоер пачаў у Прынстанскім універсітэце дзякуючы сваёй навуковай кіраўніцы (таксама пісьменніцы) Джойс Кэрал Оўтс, якая заўважыла талент хлопца і падштурхнула яго пісаць «неяк сур’ёзна». Дыпломная работа Фоера ўяўляла сабой кароткую навелу пра жыццё яго дзеда, Луіса Сафрана, і перарасла ў першы раман пісьменніка пасля яго паездкі ва Украіну. Гаворка ідзе менавіта пра «Поўнае асвятленне». Дэбютаваўшы з ім, Фоер атрымаў славу і некалькі прэмій: Нацыянальную прэмію за найлепшую кнігу яўрэйскай тэматыкі, Дэбютную прэмію газеты The Guardian і прэмію імя Роберта Бінгама ад міжнароднага ПЭНа. Галоўнае, натуральна, не тое, што ён быў удастоены ўзнагарод, а тое, што яны былі заслужаныя і паспрыялі знаёмству шырокага кола людзей з кнігай. А гэта даволі складана на вялікіх літаратурных рынках, у тым ліку ў ЗША.

Дэбютны раман Джонатана Сафрана Фоера паказвае тры асноўныя рысы, якія, на маю думку, з’яўляюцца самымі галоўнымі ў яго творчасці. Найперш гэта здольнасць гарманічна сумяшчаць розныя перспектывы. «Поўнае асвятленне» мае двух наратараў: з аднаго боку, ёсць амерыканец Джонатан (альтэр-эга аўтара), які піша кнігу пра сваіх продкаў, з іншага боку — украінец Аляксандр (Саша) Перцаў, які дапамагае дзеду ў сямейным бізнесе. Саша і яго дзед дапамагаюць «заможным яўрэям знайсці сваіх мёртвых сваякоў на Украіне». Так яны і знаёмяцца з Джонатанам. У выніку разам пішуць (паводле сюжэта) «Поўнае асвятленне». Кожны наратар мае свой стыль і ўласную версію англійскай мовы, а таксама тэмы, якія канкрэтна хвалююць. Другі раман Фоера, «Страшэнна гучна і неверагодна блізка», сумяшчае пункт гледжання дзевяцігадовага хлопчыка-аўтыста з поглядам амаль стогадовага дзядулі, які дапамагае малому ў яго пошуках у Нью-Ёрку.

Яшчэ адна асаблівая рыса творчасці Фоера — арганічная сумесь камічных і трагічных элементаў. Па-першае, Саша піша на неверагодна вясёлай (дзякуючы шматлікім памылкам) англійскай мове. Яна нават не перадаецца ўсімі перакладамі твора, што выклікае шкадаванне. Культурны шок Джонатана ва Украіне канца 1990-х гадоў апісаны па-майстэрску, сітуацыі, якія перажываюць галоўныя героі, даволі смешныя, але камедыя хутка ператвараецца ў трагедыю, і Фоер апісвае пакуты чалавека, глыбокія пачуцці і сумныя старонкі сусветнай гісторыі. Здзіўляюць і філасофская глыбіня аўтарскіх думак, і лірычнасць іх падачы.

Трэцяя рыса — (амаль) магічны рэалізм. На фоне вельмі рэалістычных сюжэтаў. Джонатан Сафран Фоер умее будаваць самыя нерэальныя наратыўныя лініі, і робіць гэта так, што яны працягваюць здавацца верагоднымі. У «Поўным асвятленні» зліваюцца сон і ява, мінулае і сучаснае, сутыкаюцца процілеглыя сусветы. Гэтая рыса асабліва заўважная ў рамане «Страшэнна гучна і неверагодна блізка». Фоер ужывае кантэкст тэракта 11 верасня 2001 года (падчас якога памірае бацька галоўнага героя), каб увесці амаль фантастычную нарацыю: хлопчык знайшоў між рэчаў бацькі-нябожчыка ключ і шукае замок, які можна ім адчыніць, па ўсім горадзе.

Хоць выбраць толькі адзін урывак выдатнай прозы неймаверна адоранага Фоера даволі цяжка, падзялюся з вамі фрагментам «Поўнага асвятлення», які адлюстроўвае тонкі лірызм пяра і глыбокія развагі аўтара.


— А ці сумуе Бог ?

— А Ён павінен існаваць, каб сумаваць, не?

— Я ведаю, — сказала яна і злёгку ляпнула яго па плячы. — Таму я і спытала, каб нарэшце даведацца, ці верыш!

— Ну, скажам так: калі Бог сапраўды існуе, то ў Яго безліч прычын сумаваць. А калі не існуе, то гэта, пэўна, Яго засмучае. На тваё пытанне адкажу, што Бог мусіць сумаваць.

— Янкель! — Яна абняла яго за шыю, быццам старалася ўцягнуць сябе ў яго або яго ў сябе.

Брод вынайшла 613 тыпаў суму. Кожны з іх быў унікальным, кожны — асобнай эмоцыяй, падобнай на іншыя сумы не больш, чым на гнеў, экстаз, віну ці фрустрацыі. Сум Люстэрка. Сум Прыручаных Птушак. Сум Сумаваць Перад Сваімі Бацькамі. Сум Гумару. Сум Немагчымасці Выпусціць Любоў.

Яна была падобнай на тапельца, білася, шукала, за што трымацца. Яе жыццё было пільнай, адчайнай барацьбой за апраўданне сябе самой . Яна вывучала неймаверна складаныя песні на скрыпцы, больш складаныя, чым яна думала, што адолее, і кожным разам плакала і казала Янкелю: «Я і гэтую навучылася граць. Гэта жудасна! Мушу напісаць нешта такое, каб сама была не ў стане выканаць!»

Яна цэлымі днямі цягала кнігі пра мастацтва, якія Янкель набыў для яе ў Луцку, і кожную раніцу змрочна наракала падчас снядання: «Яны былі добрымі і файнымі, але непрыгожымі. Калі шчыра, то не. Яны толькі найлепшыя з таго, што існуе».

Аднойчы яна цэлы вечар глядзела на ўваходныя дзверы.

— Ты кагосьці чакаеш? — спытаў Янкель.

— Якога колеру вось гэта?

Ён наблізіўся да дзвярэй настолькі, што яго нос закрануў вочка. Палізаў дрэўка і пажартаваў:

— Ну дакладна смак чырвонага.

— Так, яны чырвоныя, праўда?

— Здаецца, так.

Яна прыкрыла твар рукамі.

— А чаму не могуць быць крыху чырванейшымі?

Жыццё Брод было паступовым разуменнем таго, што свет — не для яе, і, невядома з якой прычыны, яна ніколі не будзе шчаслівай і шчырай адначасова. Брод адчувала, што яна поўная, і ўнутры яе пастаянна ствараецца любоў, але яе немагчыма выпусціць.


 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».