Вы тут

Свята патрыётаў мастацтва


Ва ўмовах няпростай сітуацыі ў свеце нават самыя значныя для розных устаноў мерапрыемствы праходзяць у нязвыклых фарматах. У нечым гэтыя формы ўзаемадзеяння абмяжоўваюць, а ў нечым, наадварот, дазваляюць раскрыць новыя грані. Вялікі тэатр Беларусі хутка адаптаваўся да няпростай сітуацыі.


Марта Данусевіч і Тарас Прысяжнюк. Фота з сайта bolshoibelarus.by

З пачатку мая ў сацыяльных сетках праходзіць акцыя Белтэлерадыёкампаніі #ЗАЛАТЫФОНДБТ, у межах якой гледачам становяцца даступны не толькі мастацкія і дакументальныя фільмы з архіваў Белтэлерадыёфонду, але і легендарныя пастаноўкі мінулых гадоў Вялікага тэатра. Нядаўна, 25 мая,

Вялікі тэатр адзначыў чарговы дзень нараджэння. Хаця дата не юбілейная, калектыў не мог абмінуць гэтую падзею. Супрацоўнікі падрыхтавалі відэапраект, з якога гледачы могуць даведацца пра ўнутранае жыццё тэатра, убачыць унікальныя кадры з закулісся. У відэапраекце многія артысты дзеляцца думкамі і ўспамінамі пра тэатр, гавораць словы ўдзячнасці, выказваюць радасць ад таго, што звязалі жыццё з тэатрам. Гэта — Валянцін Елізар’еў, Ніна Казлова, Ніна Ламановіч, Юрый Траян, Аксана Волкава, Таццяна Шамятовец і іншыя.

«Я шчаслівы, што звязаў сваё жыццё з Вялікім тэатрам Беларусі. Тут жывуць неверагодныя людзі, сапраўдныя патрыёты мастацтва. У кабінетах, калідорах і найперш на сцэне пануе творчасць. Я прыходжу сюды кожны дзень, адчуваю гэты тэатр кожнай клеткай, — дзеліцца пачуццямі мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар’еў. — І я думаю, што кожны, хто ўваходзіць сюды праз службовы ўваход, мае магчымасць прысвяціць сябе вялікаму мастацтву, а кожны, хто ўваходзіць праз парадны, — спрычыніцца да мастацтва. Усё, што нараджаецца паміж сцэнай і глядацкай залай, — вялікае шчасце сутворчасці, якое і ёсць сапраўднае мастацтва».

Дадаткам да відэапраекта, своеасаблівым падарункам і для тэатра, і для гледачоў стаў невялікі святочны канцэрт, які запісалі артысты. Анастасія Масквіна выканала бардаўскія песні пад гітару, Анастасія Малашкевіч — арыю «The summer time» з оперы Джорджа Гершвіна «Поргі і Бес». Саліст балета Іван Савенкаў прадэманстраваў свой музычны талент. Тарас Прысяжнюк і Марта Данусевіч разам выканалі песню «You are my miracle», а Анастасія Малашкевіч і Дзмітрый Шабеця — беларускую «Купалінку». Харэаграфічную імправізацыю ў добра вядомым гледачам фае тэатра прадставіла балерына Кацярына Алейнік. Напрыканцы канцэрта Андрэй Валенцій праспяваў частку песні «Дивлюсь я на небо та й думку гадаю…» Акампаніравалі салістам тэатра артысты аркестра Марыя Токар і Ларыса Церахава, а  духавыя сола выконвалі Дзмітрый Гарбачук і Дзяніс Парэчын.

Усе канцэрты і пастаноўкі ў тэатры адменены да верасня, але артысты ўжо пачалі падрыхтоўку да наступнага сезона. Цяпер у тэатры вядуцца рэпетыцыі двух новых спектакляў — балета «Пер Гюнт» на музыку Э. Грыга і оперы «Вілісы. Фатум» Дж. Пучыні. Гэтая опера стане рэжысёрскім дэбютам спявачкі Аксаны Волкавай.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?